Украіна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Украіна
Україна
Flag of Ukraine.svg Герб Украіны
Сцяг Украіны Герб Украіны
Europe Ukraine.png
Гімн: «Ще не вмерла України і слава, і воля»
Дата незалежнасці 24 жніўня 1991 (ад СССР)
Афіцыйная мова Украінская[1]
Сталіца Кіеў
Найбуйнейшыя гарады Кіеў, Харкаў, Адэса, Дніпро, Данецк, Запарожжа, Львоў, Крывы Рог
Форма кіравання Парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Старшыня Вярхоўнай Рады
Пётр Парашэнка
Уладзімір Гройсман
Андрэй Парубій
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
44-я ў свеце
603 549 км²
7
Насельніцтва
• Ацэнка (2013)
• Перапіс (2001)
Шчыльнасць

45 553 000[2] чал. (30-я)
48 457 102 чал.
75,48 чал./км²  (90-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2012)
  • На душу насельніцтва

$ 344,727 млрд[3]  (39-ы)
$ 7598
ВУП (намінал)
  • Разам (2012)
  • На душу насельніцтва

$ 180,174 млрд  (52-ы)
$ 3971
ІРЧП (2012) 0,740[4] (высокі) (78-ы)
Этнахаронім Украінцы
Валюта Грыўна (₴, UAH)
Інтэрнэт-дамены .ua, .укр
Код ISO UA
Тэлефонны код +380
Часавыя паясы UTC+2
UTC+3 (летні час)

Украі́на (укр.: Україна [ukrɑˈjinɑ]) — краіна ва Усходняй Еўропе, мяжуе з Беларуссю на поўначы, Расіяй на ўсходзе, Венгрыяй, Польшчай і Славакіяй на захадзе, Румыніяй і Малдовай на паўднёвым захадзе. Абмываецца Чорным і Азоўскім морамі на поўдні. Беспарыўна дзяржаўнасць іcнуе з 1917 г. Незалежнасць адноўленая ў 1991 г. Сталіца — Кіеў (укр.: Київ).

Па плошчы Украіна займае 44-е месца ў свеце і першае месца — сярод краін, цалкам размешчаных у Еўропе (Расія, еўрапейская плошча якой значна большая, размешчаная ў Еўропе толькі часткова).

Геаграфія

Украіна знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Усходне-Еўрапейскай раўніне, на яе тэрыторыі знаходзяцца Карпацкія (часткова) і Крымскія горы. Навышэйшы пункт Украіны — гара Гаверла (Карпаты) — 2061 м над узроўнем мора. Найвышэйшая гара Крыму — Раман-Кош (1545 м).

Найважнейшымі мінеральнымі багаццямі Украіны з'яўляюцца вугаль (Данбас), жалезныя (Крывы Рог, Крамянчуг, Запарожжа, Керчанскі паўвостраў) і марганцавыя (Нікапаль) руды, а таксама руды каляровых металаў (Запарожская вобл.). На паўночным усходзе і ў Перадкарпацці ёсць радовішчы нафты і газу, а таксама калійных соляў. Хімічная сыравіна прадстаўлена солямі рознага паходжання (заліў Сіваш у Азоўскім моры) і прыроднай серай (Роздал у Львоўскай вобласці). На поўдні краіны ёсць вялікія радовішчы крэйды і кааліну.

У кліматычных адносінах раўнінную тэрыторыю Украіны падзяляецца на тры зоны. На поўначы, у Палессі, дзе размяшчаецца зона змяшаных лясоў, лета прахалоднае, зіма снежная і мяккая. Шырокая паласа лесастэпу, якая ляжыць у цэнтры краіны, адрозніваецца спрыяльным умерана кантынентальным кліматам з прахалоднай зімой і цёплым летам, што робіць гэты рэгіён найболей спрыяльным для пражывання людзей і вядзення гаспадаркі. Размешчаная на поўдні зона стэпу адрозніваецца найбольшай кантынентальнасцю, гарачым сухім летам і маласнежнай зімой.

Своеасаблівы клімат горных раёнаў Украіны. Паўднёвы бераг Крыму мае субтрапічны міжземнаморскі клімат з вільготнай зімой і засушлівым летам. Украінскія Карпаты адрозніваюцца ўмерана кантынентальным кліматам з вільготнай мяккай зімою і негарачым летам. Найбольшая колькасць ападкаў фіксуецца ў Карпатах (да 2000 мм у год), найменшае ў Заходнім Крыме (каля 300 мм у год).

Галоўная рака Украіны — Дняпро. Перасякаючы Украіну з поўначы на поўдзень, яна дзеліць краіну на дзве прыкладна роўныя часткі. Іншыя буйныя рэкі — Днестр і Паўднёвы Буг. Праз дэльту Дунаю праходзіць мяжа Украіны з Румыніяй.

На тэрыторыі Украіны знаходзіцца больш за 3 тысячы азёр, у асноўным дробных, плошчаю да 0,1 км². Большая іх частка размешчана ў Палессі, на поўначы краіны. У Адэскай вобласці, каля Дунаю, знаходзіцца група азёр, якія сфармаваліся як затопленыя вусця прытокаў Дунаю. Найбольшае возера Украіны — Сасык (Кундук) (210 м²) у Адэскай вобласці. Найглыбейшае возера краіны — Свіцязь (58 м), найбольшае з Шацкіх азёраў, што знаходзяцца ў Валынскай вобласці. На Дняпры створаны велізарныя вадасховішчы (Кіеўскае вадасховішча і інш.).

Нягледзячы на сваю шматлікасць, рэкі Украіны пераважна малаводныя, за выняткам Дняпра, таму краіна адчувае недахоп водных рэсурсаў. Асабліва бедныя воднымі рэсурсамі паўднёвы ўсход Украіны і Крымскі паўвостраў. На горных жа рэках у Карпатах часта здараюцца паводкі.

Дзве трэці тэрыторыі Украіны пакрыты ўрадлівымі чарназёмнымі глебамі. На поўначы краіны пераважаюць шэрыя лясныя ды дзярнова-падзолістыя глебы, у сухіх стэпах поўдню — каштанавыя.

На раўнінай частцы краіны выдзеляюцца тры прыродныя зоны: лясную (на поўначы), лесастэпавую (у сярэдняй частцы) і стэпавую (на поўдні).

Лясной зоне ўласцівыя мяшаныя і шыракалістыя лясы з белай піхтай, сасной, букам і дубам. У лесастэпах пераважае дуб. У стэпах найбольш пашыраныя злакавыя травы: тыпчак, кавыль, цімафееўка, пырнік. У Карпатах расце бук, дуб, елка, піхта, у Крымскіх гарах — бук, дуб, сасна, ядловец. На паўднёвым беразе Крыма шмат паркаў з рознымі відамі міжземнаморскай флоры: кедры, кіпарысы і інш.

Ва Украіне жывуць каля 28 тысяч розных відаў жывёл, у тым ліку 101 від млекакормячых, 350 відаў птушак, 21 від паўзуноў, 19 відаў земнаводных і больш за 200 відаў рыб. У лясах жывуць мядзведзі, зайцы, дзікі, лісіцы, рысі, цецярукі, арлы, ястрабы, совы. У лесастэпах сустракаюцца алені, дзікі, ваўкі, таксама грызуны. Для стэпаў найбольш характэрныя грызуны і палявыя птушкі.

Ва Украіне існуюць 16 запаведнікаў, у якіх захоўваецца прырода ўкраінскіх лясоў, стэпаў і гор. Найбольш вядомыя Асканія-Нова, Украінскі стэпавы, Крымскі.

Гісторыя

Даславянскі перыяд (да VIII ст.)

Тэрыторыя сучаснай Украіны пачала асвойвацца першабытнымі людзьмі яшчэ ў каменным веку — сама старажытнай стаянкай на сённяшні дзень лічыцца Каралёва ў Закарпацці. Адносна шчыльна былі заселены таксама сярэдняе Паднястроўе, раён дняпроўскіх парогаў і прадгор'і Крыму. У часы максімальнага зледзянення каля 100 тыс. гадоў таму паўночна-заходняя частка тэрыторыі Украіны была пакрыта ледавіковых шчытом. Падчас апошняга зледзянення паўднёвая мяжа ледавіка праходзіла па Палессі. Астатняя тэрыторыя была пакрыта тундра і халодным стэпам. Перыяд неаліту і энеаліту (медны век) прадстаўлены Трыпольскай культурай, помнікі і перыяды якой даследчыкі падзяляюць на тры этапы: ранні (4500-3500), сярэдні (3500-2750) і позні (2750—2000 да н.э.). Гэтая культура Правабярэжнай Украіны лічыцца адной з самых развітых раннеземляробчых археалагічных культур Усходняй Еўропы. Для перыяду бронзавага веку для тэрыторый паўднёва-заходняй часткі характэрная белагрудаўская культура.

Усяго на тэрыторыі Украіны вядома некалькі дзесяткаў дагістарычных археалагічных культур палеаліту, мезаліту, неаліту, бронзавага, меднага і жалезнага вякоў. Знаходкі археолагаў дазваляюць меркаваць, што менавіта на гэтых землях быў упершыню выкарыстаны конь для верхавой язды.

На ўзбярэжжы Крыму з 8 стагоддзя да н.э. ўзнікаюць грэчаскія калоніі, галоўныя з якіх — Херсанес (каля Севастопаля) і Пантыкапей — паступова сталі цэнтрамі дзяржаўных утварэнняў. Гэтыя землі з 1 стагоддзя да н.э. трапілі пад уплыў Рыму. На стэпавай частцы Украіны пануюць качавыя плямёны: кімерыйцы (9 ст. да н.э.— 7 ст. да н.э.), скіфы (7 — 3 стст. да н.э.), сарматы (3 ст. да н.э.— 3 ст. н.э.).

Перыяд Кіеўскай Русі і Візантыйскай імперыі (VIII—XIV стст.)

З IV ст. пачынаецца эпоха Вялікага Перасялення народаў. Праз украінскія стэпы праходзяць плямёны готаў, потым — гунаў, яшчэ пазней — аланаў. З VIII стагоддзя Паўночную і цэнтральную Украіну засяляюць усходнеславянскія плямёны, сярод якіх былі паляне, драўляне, севяране, валыняне ды інш. Паступова на гэтых землях фармуецца гэтак званая Кіеўская Русь — першае ўсходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэнне. З 862 г. Кіеўскай Руссю кіруе варажская дынастыя Рурыкавічаў. Найбольшы росквіт Кіеўскай Русі прыпадае на X ст., калі Кіеў пазбаўляецца ад хазарскай залежнасці, а потым і цалкам знішчае Хазарыю як дзяржаву. Зрабіўшы гэта, Кіеў, аднак, адкрыў прычарнаморскія стэпы для пранікнення качавых плямёнаў: печанегаў, торкаў ды полаўцаў (кіпчакоў), якія прынеслі старажытнарускай дзяржаве багата клопатаў. З XII ст. Кіеўская Русь распадаецца на асобныя княствы. На тэрыторыі Украіны галоўнымі княствамі былі Кіеўскае, Чарнігаўскае, Галіцкае ды Валынскае. У XIII ст. праз Кіеўскую Русь праходзяць орды мангола-татар. Карыстаючыся феадальнай раздробленасцю, яны досыць лёгка падаўляюць супраціў мясцовых князёў і абкладаюць рускія гарады данінай. Антычныя гарады чарнаморскага ўзбярэжжа пасля распаду Рымскай імперыі трапляюць пад палітычны і культурны ўплыў Візантыі. Найбуйнейшым горадам тут застаецца Херсанес (у сярэднявечча вядомы як Херсон). У XII ст. у горнай частцы Крыму ўзнікла дзяржава Феадора, на базе насельнікаў якой узнікла народнасць крымскіх грэкаў, або феадарытаў. Яе помнікамі з'яўляюцца пячорныя гарады Крыму — Чуфут-Кале, Эскі-Кермен ды інш. Стэпавы Крым з XIII ст. трапляе пад уладу татар.

Польска-літоўскі і турэцкі перыяд (XIV ст.— канец XVIII ст.)

З XIV стагоддзя мангола-татарская дзяржава, галоўным чынам праз міжусобіцы, аслабляецца. Затое Літоўскае княства, ўзнікшы ў XIII ст., істотна ўзмацняцца ад часоў княжання Гедзіміна (пачатак XIV ст.) Ён устанавіў пратэктарат над Кіеўскім княствам. У 1362 годзе літоўскі князь Альгерд разбіў татар у бітве на Сініх Водах і прыяднаў Кіеў да Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая падзея мела вялікае сімвалічнае значэнне, бо Літва, як і Масква, прэтэндавала на званне пераемніка Кіеўскай Русі, і на пачатку была бясспрэчным лідарам у «збіранні» рускіх земляў. З канца XIV ст. пачынаецца палітычная і культурная экспансія Польшчы. У 1387 годзе Польшча захоплівае Галічыну. З канца XV ст. узмацняецца Вялікае Княства Маскоўскае, якое ў канцы XV — пачатку XVI стст. захапіла ў Літвы частку земляў. З XV ст. на літоўска-крымскім памежжы ўзнікае казацтва, якое аказала вырашальны ўплыў на ўтварэнне ўкраінскага этнасу. Этнічная тэрыторыя Украіны, выцягнутая з захаду на ўсход, і цяпер прыкладна адпавядае былой мяжы між Літвою ды Крымскім ханствам. У 1569 годзе, карыстаючыся цяжкім становішчам Літвы, якая вяла вайну з Масквой, Польшча захоплівае Валынь, Падляшша, украінскае Палессе і Кіеўшчыну, г.зн. усе ўкраінскія землі, якія дагэтуль належалі Літве. У 1596 годзе Кіеўская мітраполія заключыла з Рымска-каталіцкаю царквой Берасцейскую царкоўную вунію, паводле якой перайшла пад уладу рымскага папы. Палітыка апалячвання ды акаталічвання прывяла да антыпольскіх паўстанняў на ўкраінскіх землях. Наймацнейшае з іх, пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, пачалося ў 1648 годзе. Пасля шэрагу паразаў гетман Хмяльніцкі быў вымушаны перайсці пад пратэктарат Масквы, што адбылося ў 1654 годзе на Пераяслаўскай Радзе. Гэтая падзея выклікала «руска-польскую вайну», у выніку якой да Маскоўскага царства адыйшлі значныя тэрыторыі, у тым ліку горад Кіеў. Крым з XV стагоддзя цалкам падпарадкоўваецца Крымскаму ханству, адной з рэштак Залатой Арды і пратэктарату Турцыі. На базе нашчадкаў мангола-татар, а таксама іншых народнасцей, тут утвараецца крымска-татарскі этнас, які складаў большасць на паўвостраве аж да дэпартацыі 1944. Акрамя ўласна Крыму, ханства займала тэрыторыі ўкраінскага Прычарнамор'я і Прыазоў'я, а таксама вялікую частку сённяшняга Краснадарскага края Расіі. У XVIII ст. як Польшча, так і Крымскае ханства аслаблі і сталі ахвярамі агрэсіўных суседзяў. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—1795 гг.) украінскія землі Польшчы адыйшлі да Расіі, акрамя Галічыны, якая адыйшла да Аўстрыі. У 1783 г. Расійская імперыя заваявала Крымскае ханства.

Перыяд Расійскай і Аўстрыйскай імперыяў (канец XVIII ст.— 1917)

З канца XVIII ст. і да Першай Сусветнай вайны ўкраінскімі землямі валодалі Расія і Аўстрыя. На ўкраінскіх землях з канца XVIII ст. пачынаецца рух украінскага адраджэння. Найбольш ён быў пашыраны на аўстрыйскіх тэрыторыях (Галіччына) — праз меншую жорсткасць тамтэйшага рэжыму — дзе дзейнічалі Іван Франко, Міхайла Грушэўскі і іншыя выбітныя дзеячы ўкраінскага адраджэння.

Да канца 18 — пачатку 19 стагоддзя Украіна была пераважна аграрным краем, а з сярэдзіны 19 стагоддзя цяперашнія ўсходнія рэгіёны Украіны, а затым і Кіеўшчына пачынаюць развівацца як прамысловыя. Вялікую ролю ў індустрыялізацыі Украіны сыграў еўрапейскі капітал, у тым ліку — знакаміты французскі «рускі заём» у мільярд франкаў. У наладжванні вытворчасці на поўдні Украіны таварнага збожжа, якое масава экспартавалася праз чарнаморскія парты, вялікую ролю адыгралі не толькі ўкраінскія сяляне, але і нямецкія каланісты, колькасць якіх ва Украіне складала каля паўмільёна.

Перыяд Цэнтральнай Рады (1917—1920)

Першая сусветная вайна прывяла да краху некалькіх імперый, у ліку якіх былі расійская і аўстрыйская і, такім чынам, дала падняволеным народам шанц на самавызначэнне. 17 сакавіка 1917, хутка пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі, была створаная Украінская Цэнтральная Рада. 20 лістапада 1917 была створаная Украінская Народная Рэспубліка, а 22 студзеня 1918 была абвешчаная яе Незалежнасць. На аўстрыйскай тэрыторыі была створаная Заходне-Украінская Народная Рэспубліка, якая прыядналася да УНР 22 студзеня 1919. У той жа час, 25 снежня 1917 у Харкаве бальшавікі старылі альтэрнатыўную УНР, якая ў 1919 была пераназваная ва Украінскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Пачалася барацьба паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі. УССР апіралася на бальшавікоў, а УНР — спачатку на немцаў, а пасля 1919 — на палякаў. У выніку Галічына і Валынь адыйшлі да Польшчы, Закарпацце — да Чэхаславакіі, Букавіна і Бесарабія — да Румыніі, а на большай частцы Украіны ўсталявалася савецкая ўлада.

Савецкі перыяд (1920—1991)

Тэрытарыяльнае развіццё Украіны
Украінская ССР на момант утварэння Савецкага Саюза

У 1922 УССР ўвайшла ў склад СССР. У 1934 сталіца УССР была перанесеная з Харкава ў Кіеў. У 1938 у выніку падзелу Чэхаславакіі Карпатьська Украіна абвясціла Незалежнасць 15 сакавіка 1939. Карпацкая Украіна была акупаваная Венгрыяй. У верасні 1939 украінскія землі, што належалі Польшчы, былі занятыя савецкай арміяй і прыяднаныя да УССР. У 1940 да УССР была далучаная Паўночная Буковіна і Паўднёвая Бесарабія.

У 1941—1942 тэрыторыя Украіны была акупаваная нямецкімі войскамі. Нацысцкія ўлады ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым. Нямецкія нацысты знішчылі сотні тысяч мірных жыхароў. У 1943—1944 Украіна была вызваленая ад нацыстаў.

Вайна прынесла Украіне каласальныя разбурэнні і мільённыя ахвяры. Насельніцтва скарацілася з 41,7 млн чалавек на чэрвень 1941 да 27,4 млн чалавек на пачатак 1945. Практычна ўся яе тэрыторыя была арэнай жорсткіх баёў. Пры адступленні абодва варожыя бакі выкарыстоўвалі тактыку «выпаленай зямлі». Прадпрыемствы былі эвакуіраваны ці разбураныя, некалькі мільёнаў украінцаў загінула на фронце ці ў акупацыі, каля трох мільёнаў немцы ўгналі ў Германію на прымусовыя работы. Чвэрць жыхароў апынулася да канца вайны без прытулку.

У 1960-я-1970-я чатыры гарады УССР былі ўдастоены звання Горад-герой: Кіеў, Адэса, Севастопаль і Керч.

Пасля Другой сусветнай вайны да Украіны было далучанае Закарпацце. Частка Галічыны была перададзеная Польшчы. У 1954 ў склад Украіны быў перададзены Крым.

У першыя пасляваенныя гады ў Савецкай Украіне актыўна ішло аднаўленне разбурана вайной гаспадаркі, адбудоўваўся буйнейшы ў свеце прамысловы рэгіён ва Усходняй Украіне. Пасля смерці Сталіна да ўлады ў СССР прыйшоў былы першы сакратар кампартыі Украіны М.Хрушчоў. Пасля яго змяшчэння з вышэйшай пасады ў дзяржаве кіраўніком СССР стаў другі выхадзец з Украіны — былы першы сакратар Днепрапятроўскага абкаму кампартыі Украіны Л.Брэжнеў. Колькасць украінцаў у складзе вышэйшага калегіяльнага органа ўлады ў СССР — Палітбюро ЦК КПСС дасягнула паловы штатнага складу. У афіцыйнай іерархіі саюзных рэспублік УССР займала ганаровае другое месца — пасля РСФСР і перад БССР. 16 ліпеня 1990 года абвешчана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце.

Сучасны (незалежны) перыяд (з 1991 г.)

24 жніўня 1991 года Вярхоўная Рада Украіны абвясціла незалежнасць Украіны, якая была пацвержаная на ўсеўкраінскім рэферэндуме 1 снежня 1991 г. У снежні гэтага ж года было падпісанае Белавежскае пагадненне аб скасаванні СССР і стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, да складу якой ўвайшла і Украіна. Першым прэзідэнтам незалежнай Украіны стаў Леанід Краўчук. Пасля развалу СССР былыя савецкія рэспублікі, у тым ліку і Украіна, трапілі ў глыбокі крызіс, які прывёў да збяднення насельніцтва, гіперінфляцыі, масаваму беcпрацоўю. У 1992 годзе адбыўся царкоўны раскол, калі былы мітрапаліт Украіны Філарэт абвясціў сябе Кіеўскім патрыярхам. Ніводны з іншых праваслаўных патрыярхатаў не вызнаў Кіеўскі патрыярхат, але яго падтрымаў украінскі ўрад, што паглыбіла раскол украінскага грамадства. У 1994 г. на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах перамогу атрымаў Леанід Кучма. Ён кіраваў краінай 10 гадоў. 28 чэрвеня 1996 года Вярхоўная Рада ўхваліла Канстытуцыю Украіны. У лістападзе 2004 г. адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамогу атрымаў Віктар Януковіч. Але яго супернік Віктар Юшчанка не вызнаў вынікі выбараў, заявіўшы аб іх фальсіфікацыі. Яго падтрымалі шырокія колы грамадства, асабліва на захадзе, а таксама ЗША і краіны Еўрасаюзу. Юшчанка пачаў кампанію грамадзянскага супраціву, вядомую як «Памаранчавая рэвалюцыя». Яе вынікам стала скасаванне вынікаў выбараў і правядзенне паўторнага галасавання, у якім перамог Юшчанка. Адначасна Вярхоўная Рада ўхваліла змены да Канстытуцыі, змяніўшы выбарчую сістэму і пазбавіўшы прэзідэнта шэрагу паўнамоцтваў, у тым ліку права ўтварэння ўраду. У сакавіку 2006 г. адбыліся парламенцкія выбары, на якіх найбольшую колькасць галасоў набрала Партыя рэгіёнаў Віктара Януковіча. Але партыі Віктара Юшчанкі («Наша Украіна») ды яго паплечніцы пад час «Памаранчавай рэвалюцыі» Юліі Цімашэнка разам набралі прыкладна такую ж колькасць галасоў. У выніку вырашальнаю стала пазіцыя больш дробных партыяў. Калі перагаворы аб стварэнні кааліцыі між «памаранчавымі» партыямі зайшлі ў глухі кут, Сацыялістычная партыя Аляксандра Мароза перайшла ад «памаранчавага» блоку да Партыі рэгіёнаў і разам з імі ды камуністамі стварыла Антыкрызісную кааліцыю. Прэм'ер-міністрам Украіны стаў Віктар Януковіч[1].

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 перамогу атрымаў Віктар Януковіч, які ў другім туры перамог Юлію Цімашэнка.

Дзяржаўны лад і палітыка

Украіна — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы, прэзідэнт, выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на пяцігадовы тэрмін.

Заканадаўчая галіна ўлады прадстаўлена 450-мясцовым парламентам, Вярхоўнай Радай. Парламент фарміруе ўрад, Кабінет міністраў, які ўзначальваецца прэм'ер-міністрам.

Вярхоўны суд — вышэйшы орган сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі. Канстытуцыйны кантроль ажыццяўляе Канстытуцыйны суд.

Адміністрацыйны падзел

У адміністрацыйных адносінах тэрыторыя дзеліцца на 24 вобласці і адну аўтаномную рэспубліку, Крым. Гарады Кіеў і Севастопаль маюць адмысловы прававы статус. 24 вобласці і Крым, у сваю чаргу, дзеляцца на 490 раёнаў. Сярэдняя плошча раёна 1200 км², насельніцтва — 52 000 чалавек.

Гарады (акрамя гарадоў цэнтральнага падпарадкавання Кіева і Севастопаля) могуць быць падпарадкаваны абласным ці раённым адміністрацыям, у залежнасці ад колькасці насельніцтва і сацыяльна-эканамічнага значэння.

Усяго ва Украіне налічваецца 457 гарадоў, з якіх 176 — абласнога значэння, 279 — раённага значэння і два маюць адмысловы статус. Таксама існуюць 866 пасёлкаў гарадскога тыпу і 28 552 вёскі.

Насельніцтва

Map of Ukraine political simple blank.png

Для абласцей дадзеныя назвы рэгіянальных цэнтраў

Колькасць, рассяленне

Тэмпы росту, узроставая і гендэрная структура

Украіна перажывае дэмаграфічны крызіс, выкліканы нізкай нараджальнасцю (9,55 народжаных на 1000 чалавек) і высокай смяротнасцю (15,93 памерлых на 1000 чалавек).

У перыяд 1991—2004 імігравала ва Украіну 2,2 млн чалавек, эмігравала 2,5 млн чалавек (у тым ліку 1,9 млн выехала ў іншыя былыя савецкія рэспублікі).

Гарады

Больш за 2/3 насельніцтва жыве ў гарадах. Буйнейшыя гарады: Кіеў, Харкаў, Днепрапятроўск, Адэса, Данецк, Львоў. Самая высокая шчыльнасць насельніцтва ў Данецкай і Днепрапятроўскай абласцях.

Месца Горад Вобласць Насельніцтва Месца Горад Вобласць Насельніцтва


Кіеў
Харкаўская плошча свабоды
Харкаў

1 Кіеў Кіеў 2 611 327 11 Луганск Луганская 463 097
2 Харкаў Харкаўская 1 470 902 12 Макееўка Данецкая 389 589
3 Дніпро Днепрапятроўская 1 065 008 13 Сімферопаль Крым 358 108
4 Адэса Адэская 1 029 049 14 Вінніца Вінніцкая 356 665
5 Данецк Данецкая 1 016 194 15 Севастопаль Севастопаль 342 451
6 Запарожжа Запарожская 815 256 16 Херсон Херсонская 328 360
7 Львоў Львоўская 732 818 17 Палтава Палтаўская 317 998
8 Крывы Рог Днепрапятроўская 668 980 18 Чарнігаў Чарнігаўская 304 994
9 Мікалаеў Мікалаеўская 514 136 19 Чаркасы Чаркаская 295,414
10 Марыупаль Данецкая 492 176 20 Сумы Сумская 293,141

Нацыянальны склад

Нацыянальны склад насельніцтва, % (паводле перапісаў):

Народы 2001 г. 1989 г.
Украінцы 77,8 72,7
Рускія 17,3 22,1
Беларусы 0,6 0,9
Малдаване 0,5 0,6
Крымскія татары 0,5 0,0
Балгары 0,4 0,5
Венгры 0,3 0,4
Румыны 0,3 0,3
Палякі 0,3 0,4
Яўрэі 0,2 0,9

Мовы

Украінскую мову ў 2001 г. назвалі роднаю 67,5 % насельніцтва, што на 2,8 працэнтных пунктаў больш, чым пад час перапісу 1989 г. Рускую мову вызначылі як родную 29,6 % насельніцтва, у параўнанні з мінулым перапісам гэты паказчык зменшыўся на 3,2 пункты. Частка іншых моваў склала 2,9 %, апошні паказчык вырас на 0,4 працэнтных пункты.

Рэлігійны склад

Дамінуючай рэлігіяй ва Украіне з'яўляецца Хрысціянства. Большасць вернікаў належыць да Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата (каля 26,1 %) і Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата (50 %). Да Украінскай грэка-каталіцкай царквы належаць 8 %, Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы — каля 7 %, да Рымска-каталіцкай царквы — 2,2 %.

Эканоміка

Украіна — індустрыяльна-аграрная краіна. Найбольш развітымі галінамі прамысловасці з'яўляюцца металургія, энергетыка (маюцца атамныя электрастанцыі і цэлы каскад гідраэлектрастанцый на рацэ Дняпро), машынабудаванне, харчовая, а таксама хімічная і горназдабыўная прамысловасць (здабыча вугалю, руды).

Найбольш развітыя ў эканамічным дачыненні рэгіёны — Данбас (Данецкая вобласць і Луганская вобласць), Прыдняпроўе (Днепрапятроўская вобласць і Запарожская вобласць), а таксама гарады Кіеў, Харкаў, Адэса і Львоў. Пасля распаду СССР эканоміка незалежнай Украіны апынулася ў стане крызісу ў выніку разбурэння кааперацыі паміж прадпрыемствамі розных рэспублік СССР. Вынікам стала дэіндустрыялізацыя, якая, у адрозненне ад заходніх краін, не мела постіндустрыяльнага характару і азначала гаспадарчы заняпад краіны. Заходняя Украіна традыцыйна больш аграрны і турыстычны рэгіён краіны. Член Сусветнай гандлёвай арганізацыі (з мая 2008).

Украіна валодае значнымі запасамі карысных выкапняў, у асноўным гэта вугаль, але ёсць таксама запасы газу і нафты — Прыкарпацце і Прычарнаморска-Крымская нафтагазавая вобласць, уключаючы чарнаморскі шэльф. (Уласныя рэсурсы нафты пакрываюць ўнутраныя патрэбнасці эканомікі на 15-20 %, газу — на 25 %). У цяперашні час нацыянальная вуглездабыўная прамысловасць знаходзіцца ў стане крызісу: амаль 70 % шахтаў падлягаюць закрыццю як стратныя.

Больш за палову тэрыторыі краіны займае ралля, шмат садоў. Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі: вырошчванне збожжа, цукровых буракоў, сланечніку, на поўдні — садавіны і вінаграду.

Украіна мае шырокія магчымасці для развіцця індустрыі адпачынку і турызму: курорты на ўзбярэжжы Чорнага і Азоўскага мораў, мінеральныя крыніцы Карпат і інш. Жамчужынай курортнай гаспадаркі з'яўляецца Паўднёвы бераг Крыму, дзе месцяцца вядомыя на ўвесь свет марскія і горныя курорты.

Культура

Для ўкраінскай нацыянальнай культуры асноватворнай і базіснай ёсць народная культура, на аснове якой паступова сфармаваліся прафесійныя навука, літаратура, мастацтва. Адметнасць ўкраінскай культуры вызначылі таксама геаграфічныя ўмовы, асаблівасці гістарычнага шляху, а таксама ўзаемадзеянне з іншымі этнакультурамі. Важным гістарычным этапам развіцця культуры стала прыняцце хрысціянства ў 10 стагоддзі.

З прычыны цяжкасцяў гістарычнага шляху Украіны (мангола-татарскае заваяванне ў 13 стагоддзі, польска-літоўская экспансія ў 14 — 16 стагоддзях, залежнасць ад Расійскай і Аўстрыйскай імперый ў 19 — пачатку 20 стагоддзя) народная культура адыграла выключную ролю. Гэта адбылося, таму што ў 16 стагоддзі, калі феадальна-баярская знаць успрыняла каталіцтва і польскую культуру, і да канца 18 стагоддзя, калі вярхушка казацкай старшыны была русіфікаванай, ўкраінскае грамадства развівалася ў значнай меры без паўнавартаснай нацыянальнай культурнай эліты.

Сапраўднымі творцамі і носьбітамі культуры працягвалі заставацца шырокія масы грамадства — сяляне, казакі, рамеснікі. Украінская культура на працягу працяглых перыядаў сваёй гісторыі развівалася як народная. У ёй вялікае месца займалі фальклор, народныя традыцыі, якія дабаўлялі ёй асаблівыя зачараванне і каларыт. Асабліва ярка гэта выявілася ў мастацтве — народных думах, песнях, танцах, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Менавіта дзякуючы захаванню і працягу традыцый, карані якіх паходзяць да культуры Кіеўскай Русі, сталі магчымымі ўздым ўкраінскай культуры ў 16 — 17 стагоддзях і культурнае адраджэнне ў 19 стагоддзі.

Развіццю нацыянальнай культуры сучаснай Украіны перашкаджаюць эканамічныя цяжкасці, якія краіна перажывае з самага пачатку свайго незалежнага існавання. Фінансавыя праблемы не дазваляюць павышаць тыражы ўкраінскіх выданняў, камерцыйная літаратура збольшага завозіцца з Расіі. З'явілася раздзяленне культуры на элітарную і масавую, краіна сутыкнулася з такой з'явай як амерыканізацыя культуры.

Кінематограф

Украіна аказала ўплыў на гісторыю кінематографа. Вядомыя ўкраінскія рэжысёры ўключаюць у сябе Аляксандра Даўжэнку і Сяргея Параджанава. Даўжэнка часта згадваецца як адзін з самых важных ранніх кінавытворцаў СССР, а таксама з'яўляецца піянерам тэорыі мантажу СССР і адным з заснавальнікаў Кінастудыі Даўжэнкі. Параджанаў быў армянскім рэжысёрам, які ўнёс значны ўклад ва ўкраінскае, армянскае і грузінскае кіно і вынайшаў свой уласны стыль, украінскі паэтычны кінематограф, які моцна адрозніваўся ад кіруючых прынцыпаў сацыялістычнага рэалізму.

Іншыя важныя рэжысёры Украіны ўключаюць Кіру Муратаву, Ларысу Шэпіцька, Сяргея Бандарчука, Леаніда Быкава, Юрыя Ілленку, Леаніда Асыку, Ігара Падальчака і Марыну Вроду. Многія ўкраінскія акцёры дамагліся міжнароднай вядомасці і прызнання кінакрытыкаў, у тым ліку Вера Халодная, Багдан Ступка, Міла Ёвавіч, Вольга Курыленка, Рэната Літвінава і Міла Куніс.

Нягледзячы на вялікі ўклад у сусветны кінематограф, украінская кінапрамысловасць часта характэрызуецца дэбатамі аб сваёй ідэнтычнасці і ўзроўню расійскага і еўрапейскага ўплыву. Украінскія дзеячы прымаюць актыўны ўдзел у той час, як украінскія акцёры і рэжысёры рэгулярна працуюць у расійскім (раней СССР) кіно. Шмат паспяховых фільмаў былі заснаваныя на ўкраінскіх падзеях і гісторыях, у тым ліку «Браняносец Пацёмкін», «Чалавек з кінаапаратам» і «Усё асветлена».

Дзяржаўнае агенцтва Украіны па пытаннях кіно валодае Нацыянальным цэнтрам Аляксандра Даўжэнкі, дзяржаўным кінаархівам і капіявальнай лабараторыяй, а таксама прымае ўдзел у правядзенні Адэскага міжнароднага кінафестывалю. Іншы фестываль, «Маладосць» у Кіеве, з'яўляецца адзіным міжнародным кінафестывалем ва Украіне, акрэдытаваным Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсераў (фр.: Fédération Internationale des Associations de Producteurs de Films (FIAPF)), і штогадова праходзіць у кастрычніку. Яго конкурсная праграма ўключае ў сябе секцыі студэнцкіх фільмаў, кароткаметражных фільмаў і поўнаметражных фільмаў з усяго свету.

Дачыненні з Беларуссю

17 ліпеня 1995 года прэзідэнты Беларусі і Украіны Аляксандр Лукашэнка і Леанід Кучма адпаведна падпісалі ў Мінску дамову аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве. У маі 1997 краіны падпісалі дагавор аб дзяржаўнай граніцы, ратыфікавалі яго, але не абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі. Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка ў 2005 і 2006 гады сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам ў рамках самітаў СНД

Гл. таксама

Зноскі

  1. Украіна// «Логойск online». Дата доступу: 7 снежня 2008