Украінскі вольны ўніверсітэт

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Украінскі вольны ўніверсітэт
ням.: Ukrainische Freie Universität,
укр.: Український вільний університет
München Ukrainische Freie Universität.JPG
Арыгінальная назва ням.: Ukrainische Freie Universität,
укр.: Український вільний університет
Міжнародная назва англ.: Ukrainian Free University
Заснаваны 1921
Студэнты 210
Размяшчэнне Мюнхен
Сайт ufu-muenchen.de
Commons-logo.svg Выявы па тэме на Вікісховішчы

Украінскі вольны ўніверсітэт (ням.: Ukrainische Freie Universität, укр.: Український вільний університет) — вышэйшая навучальная ўстанова з украінскай мовай навучання і з сядзібай у горадзе Мюнхен.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Універсітэт быў заснаваны 17 студзеня 1921 года ў Вене па ініцыятыве ўкраінскіх інтэлектуальных колаў у складзе двух факультэтаў - філасофіі, а таксама права і грамадскіх навук. Ініцыятары яго стварэння - украінскія прафесары ўніверсітэтаў былой Аўстра-Венгерскай і Расійскай імперый, саюз пісьменнікаў і журналістаў, студэнты, якія пасля Першай сусветнай вайны і ўкраінскай вызваленчай барацьбы апынуліся ў эміграцыі. Ва ўніверсітэце першапачаткова працавала 12 прафесараў і 3 дацэнты, колькасць слухачоў - 90.

Аднак улічваючы тое, што Вена пераставала быць цэнтрам украінскага эміграцыйнага жыцця, то ўжо пасля заканчэння першага семестра восенню 1921 года ўніверсітэт пераехаў у Прагу, дзе кіпела палітычнае, культурнае і адукацыйнае жыццё ўкраінскай студэнцкай моладзі. У Празе ўніверсітэт атрымаў памяшканне і фінансавую падтрымку ад чэхаславацкага ўрада, які ўзначаліў прэзыдэнт Томаш Масарык, а таксама з боку навуковай грамадскасці рэспублікі, у прыватнасці кіраўніцтва Карлава ўніверсітэта, якім былі нададзены памяшканні для заняткаў. Менавіта тады на першы семестр паступіла больш за 700 слухачоў.

На працягу свайго існавання ў Празе ўніверсітэт разгарнуў шматгранную педагагічную, навукова-даследчую і выдавецкую дзейнасць, прызнаную ў тагачаснай Чэхаславацкай Рэспубліцы і за яе межамі. Універсітэт хутка стаў на шлях нармальнага функцыянавання як паўнавартасны і навукова здольны асяродак распаўсюджвання і паглыблення ведаў накшталт заходнееўрапейскіх універсітэтаў. У першыя гады існавання ўніверсітэт налічваў 500 студэнтаў. У сярэднім кожны семестр у ім навучалася больш за 250 студэнтаў, поўны курс навучання (4 або 8 семестраў) за перыяд 1921-1945 гадоў скончылі каля 3 тысяч чалавек, каля 150 з іх атрымалі ступені доктара права або філасофіі. Навучанне вялося толькі на двух факультэтах - філасофскім і юрыдычным. На канец пражскага перыяду дзейнасці ў яго прафесарска-выкладчыцкім складзе налічвалася 20 прафесараў, 10 дацэнтаў і 3 выкладчыкі.

Падчас Другой сусветнай вайны і нацыстскай акупацыі Чэхаславакіі ўніверсітэт быў значна абмежаваны ў правах і дзейнасці і падпарадкаваны назначанаму немцамі рэктару Карлава ўніверсітэта. Падчас баявых дзеянняў у памяшканне бібліятэкі і архіва трапіла бомба, але матэрыялы ацалелі і былі захаваныя. З уступленнем савецкіх войскаў у Прагу вясной 1945 года маёмасць, бібліятэка і архівы венскага і пражскага перыядаў універсітэта былі часткова знішчаныя, часткова, разам з матэрыяламі музея вызваленчай барацьбы Украіны, вывезеныя ў Савецкі Саюз. Каб захаваць універсітэт, тагачасны рэктар Андрэй Якаўлеў настойваў на пераездзе ў Заходнюю Германію, аднак Аўгусцін Валошын настойваў на тым, каб застацца ў Празе і знайсці агульную мову з камуністамі. Усё ж Якаўлеў з некаторымі прафесарамі пераехаў, а Валошын узяў на сябе паўнамоцтвы рэктара. У выніку яго і іншых супрацоўнікаў, якія засталіся ў Празе, арыштавалі савецкія спецслужбы.

У выніку ваенных падзей 1945 года большасць прафесараў і студэнтаў былі вымушаныя пакінуць Прагу і перасяліцца на Захад, у Баварыю. У Мюнхене восенню 1945 года пачынаецца трэці перыяд (пасля венскага і пражскага) існавання ўстановы. Першым рэктарам універсітэта ў Мюнхене стаў прафесар Вадзім Шчарбакоўскі, дэканамі філасофскага і юрыдычнага факультэтаў - адпаведна прафесары Івана Мірчук і Леў Акіншэвіч. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, ва ўніверсітэт паступалі як былыя пражскія студэнты, так і нямала моладзі з ваенных лагераў, якія не вярнуліся ў СССР. Універсітэт матэрыяльна абапіраўся выключна на ўласныя сілы. На абодвух факультэтах у 1947 годзе колькасць выкладчыкаў даходзіла да 80.

Пасля эміграцыі значнай колькасці прафесарска-выкладчыцкага складу ў канцы 1940-х гадоў універсітэт спазнаў крызіс. Аўдыторныя лекцыі былі заменены семінарамі з малымі групамі студэнтаў і кансультацыямі з імі. У 1950 годзе ўрад Баварыі прызнаў за ўкраінскім свабодным універсітэтам права надаваць навуковыя ступені магістра і доктара права. Дасягненні ўніверсітэта былі прызнаныя пры увядзенні новага закона ФРГ аб вышэйшай адукацыі, калі асобным дадаткам да яго ад 28 чэрвеня 1978 года пацверджана права прамоцый і хабілітацый Украінскага вольнага ўніверсітэта, гэта значыць права надаваць ступені магістра, доктара і хабілітаванага доктара.

Узмацнілася навуковая і выдавецкая дзейнасць універсітэта. У 1960-х гадах было створана Нямецкае таварыства садзейнічання ўкраінскай навуцы, якое ўзяло апеку над вучэльняй, было адноўлена аўдытарнае навучанне на працягу двух месяцаў летам, праграма лекцыйных заняткаў для дактарантаў. У 1970 годзе ўжо налічвалася 50 фактычных слухачоў, 12 чалавек атрымалі доктарскія ступені. На цяперашні час універсітэт прадаставіў больш за 50 ганаровых дактарантаў вядомым навукоўцам і грамадска-палітычным дзеячам свету.

Універсітэт падтрымлівае сёння навукова-адукацыйныя адносіны з многімі ВНУ Украіны і свету. 12 лістапада 1992 года Міністэрства адукацыі і навукі Украіны прызнала правамоцнасць дыпломаў універсітэта. У 2021 годзе Украінскі свабодны ўніверсітэт адзначыў 100-гадовы юбілей свайго існавання і 75-годдзе функцыянавання на тэрыторыі Германіі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]