Уладзімір Іванавіч Самойла
| Уладзімір Іванавіч Самойла | |
|---|---|
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | 29 студзеня 1878 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 1941[1] |
| Грамадзянства | |
| Бацька | Іван Іванавіч Самойла[d] |
| Альма-матар | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | публіцыст, літаратуразнавец, літаратурны крытык, філосаф |
| Мова твораў | беларуская |
| Грамадская дзейнасць | |
| Член у | |
Уладзі́мір Іва́навіч Само́йла (17 (29) студзеня 1878, Мінск — 1941) — беларускі публіцыст, літаратурны крытык, філосаф.
Біяграфічны нарыс
[правіць | правіць зыходнік]Паводле даных польскай палітычнай паліцыі (1924), паходзіў з заможнай сям’і. Вывучаў старажытнарымскую літаратуру і філасофію[2]. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, скончыў Петраградскі ўніверсітэт (1916). Доўгі час быў актыўным у палітычным жыцці: належаў да расійскай партыі кадэтаў (заставаўся ў ёй да апошняга) і быў вялікім прыхільнікам яе лідара Паўла Мілюкова, партрэт якога нават вісеў у яго кватэры[2].
Удзельнічаў у беларускім літаратурна-грамадскім руху ў Мінску, адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук» (1906). З 1908 года супрацоўнічаў у мінскіх і віленскіх перыядычных выданнях («Минский курьер», «Наша ніва»). Пісаў пра асвету народных мас, неабходнасць беларускай школы. Адзін з першых высока ацаніў літаратурную творчасць Янкі Купалы. Аўтар артыкулаў, эсэ прысвечаных творчасці расійскіх і замежных пісьменнікаў. У пачатку 1910-х гадоў ад літаратурна-публіцыстычнай дзейнасці адышоў. Узначальваў хімічную лабараторыю ў Мінску, быў членам гарадской думы.
З 1918 года жыў у Вільні. Выкладаў лацінскую мову ў гімназіі Велера, але быў звольнены адтуль па абвінавачванні ў пляценні інтрыг[2]. Быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта. У 1920 годзе працаваў галоўным рэдактарам рускамоўнай газеты «Виленская речь» (бел. «Віленская мова»), якая субсідавалася Мейтыкам і Калтыновічам, але праз высокія выдаткі і нізкія даходы выданне было спынена прыкладна пасля сотні нумароў[2]; таксама публікаваўся ў газеце «Виленские новости» (бел. «Віленскія навіны») ды інш. Выступіў з серыяй артыкулаў пра гаротнае становішча людзей на Віленшчыне, у якіх паказваў імперыялістычны характар палітыкі Польшчы; займаўся літаратуразнаўчай працай.
Падчас выбараў у польскі Сойм у 1922 годзе выконваў абавязкі сакратара Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта, адыгрываючы значную ролю ў беларускім руху[2]. Цікава, што свае артыкулы Самойла часта пісаў па-руску, а потым іх перакладалі на беларускую мову іншыя дзеячы (напрыклад, Касцевіч або Сялешка)[2]. У 1923—1927 гадах адзін з вядучых публіцыстаў заходнебеларускага друку вызваленчага кірунку[3]. У філасофскіх эсэ, нарысах сцвярджаў гістарычную заканамернасць нацыянальна-вызваленчага руху працоўных у Заходняй Беларусі і яго аб’ектыўную непераможнасць. Паводле ацэнак польскай палітычнай паліцыі (1924), Самойла адрозніваўся пыхай, а з’яўленне ў яго публіцыстыцы адкрыта камуністычных матываў у гэты час тлумачылася цяжкім матэрыяльным становішчам[2].
Пасля разгрому БСРГ ад актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці адышоў. У 1928—1929 гадах выступіў у друку з рэцэнзіямі на выданні Інбелкульта і Беларускай Акадэміі Навук. У газетах «Kurier Wileński» i «Przegląd Wileński» апублікаваў артыкулы пра абрады, звычаі, нацыянальную ідэалогію беларусаў, нацыянальна-вызваленчы рух.

На пачатку 1930-х гадоў працаваў бібліятэкарам Беларускага музея імя І. Луцкевіча. Асноўныя публікацыі гэтага перыяду (пераважна ў часопісе «Калоссе») датычылі культуралагічнай тэматыкі, помнікаў старажытнай літаратуры, пытанняў гісторыі мастацтва, музыкі. Разглядаў творчасць асобных дзеячаў рускай і сусветнай культуры ў кантэксце з задачамі культурнага развіцця Беларусі.
Пасля ўваходу савецкіх войскаў у Вільню восенню 1939 года Самойла быў арыштаваны органамі НКУС у кастрычніку 1939 года ў ліку іншых ключавых беларускіх дзеячаў, яшчэ да афіцыйнай перадачы горада Літве[4]. Вывезены органамі НКУС з Вільні, некаторы час знаходзіўся ў турме ў Беластоку. Паводле аднаго з вязняў, які сядзеў з ім у камеры беластоцкай турмы, «Самойла, беларус, хварэў на страўнік. Быў змучаны частымі допытамі. Седзячы ў камеры, увесь час пісаў. Энкавэдысты вымагалі ад яго падрабязнага апісання беларускага руху»[5]. Этапаваны ў Мінск ці Вілейку, дзе быў расстраляны[6].
Знаёмства з Янкам Купалам
[правіць | правіць зыходнік]Летам У. Самойла прыязджаў у бацькоўскі фальварак Казіміраўка пад Мінскам. Непадалёк знаходзіўся хутар Мачаны, куды да сваякоў прыходзіў юны Іван Луцэвіч, сын беднага шляхціца-аднадворца. Падлетак марыў вучыцца ў Мінскім рэальным вучылішчы, а Уладзіміра Самойлу, бацька якога быў там дырэктарам, папрасілі падрыхтаваць будучага пісьменніка да паступлення[7].
Ідэя з вучылішчам здзейснілася, аднак маладыя людзі пачалі сябраваць. А галоўнае, Уладзімір Самойла разгледзеў ў маладзейшым сябру — розніца паміж імі была чатыры гады — вялікі паэтычны талент[7].
Самойла адыграў значную ролю ў творчым стаўленні Янкі Купалы, падтрымліваючы яго ў друку, заклікаючы да настойлівай працы над сваім талентам. Праз Самойлу Янка Купала пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, надрукаванай па-беларуску (у пераважнай большасці адозвамі і пракламацыямі БСГ). У мінскай газеце «Северо-Западный край», будучы яе супрацоўнікам, Уладзімір Самойла 13 мая 1905 года змясціў верш Івана Луцэвіча «Мужык», якім аўтар дэбютаваў у літаратуры, ён быў падпісаны псеўданімам Янка Купала[7]. Адзін з першых рэцэнзентаў і даследчыкаў купалаўскай паэзіі. У сваіх газетных водгуках на выхад у свет «Жалейкі» і «Адвечнай песні» У. Самойла акцэнтаваў увагу на значнасць гэтых падзей для беларускага нацыянальнага адраджэння[8].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Уладзімір Самойла пакінуў вялікую спадчыну, якая не поўнасцю вядомая (асабліва гэта датычыцца публікацый у расійскай і нямецкай перыёдыцы). Першыя літаратуразнаўчыя артыкулы датуюцца 1908 годам[8].
Аўтар артыкулаў, прысвечаных творчасці прадстаўнікоў расійскага мадэрнізму Вячаслава Іванава, Д. Меражкоўскага, С. Гарадзецкага. Даў бліскучы аналіз мастацкім пошукам Г. Ібсена і М. Метэрлінка, сцэнічнай дзейнасці У. Меерхольда. У зборніку «Туманы» (Мінск, 1909) змясціў вялікі крытычны артыкул-нарыс «Аляксандр Блок. Асноўныя матывы паэзіі»; збіраў матэрыял для кнігі, прысвечанай яго творчасці[8].
У. Самойла быў ініцыятарам дыскусіі, распачатай на старонках газеты «Минский курьер» (1 красавіка 1908) у абарону беларускай мовы і культуры, выступіў у ёй з сур’ёзным абгрунтаваннем выкладання ў школах Беларусі на роднай мове, без якой лічыў немагчымым свабоднае выяўленне творчых сіл народа. У 1923—1927 гадах актыўна выступаў у жанры палітычнай публіцыстыкі ў выданнях Беларускага пасольскага клуба і Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выкрываючы захопніцкія намеры польскага буржуазнага ўрада ў адносінах да нацыянальных меншасцяў (артыкулы «Што такое „Wyzwolenie“»; «Які „Самаўрад“ гатуе Беларускаму народу Польская рэспубліка» і інш.)[8].
Займаўся гісторыяй беларускай культурнай спадчыны, рыхтаваў публікацыі па праблемах этнаграфіі, літаратуры, фалькларыстыкі, мастацтва («Вялікі скарб нашай старасветчыны», «Над калыскай беларускай музыкі» і інш.). У артыкулах і рэцэнзіях, прысвечаных заходнебеларускай літаратуры, даследаваў жанравую і ідэйную разнастайнасць творчасці асобных пісьменнікаў, выявіў непаўторнасць мастацкага аблічча беларускага паэта К. Сваяка. У публіцыстычна-філасофскіх нататках («Трыумфуе Беларусь», «Гэтым пераможаш!») паказаў аб’ектыўную заканамернасць барацьбы працоўных Заходняй Беларусі за сваё нацыянальнае вызваленне[8].
Даследаваў расійскую літаратуру, напісаў параўнальна-аналітычны артыкул «Блок і Дастаеўскі». Творчыя партрэты М. Рэрыха, Ф. Шаляпіна, А. Грачанінава падаў на фоне праблем культурна-мастацкага жыцця Беларусі. У брашуры «Праф. М. Здзяхоўскі пра беларускую душу» сцвярджаў веліч і непераможнасць народнага генія, гістарычнай паўнацэннасці беларускай нацыі[8].
Творы
[правіць | правіць зыходнік]- Праф. Здзяхоўскі аб беларускай душы. Вільня, 1924;
- Які «Самаўрад» гатуе Беларускаму народу Польская рэспубліка? Вільня, 1924;
- Рэц.: Беларускі архіў. Т. 1 // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. Bd. 7, H. 2 (1931). S. 211—212.
- Ein Bericht über die zehnjährige Tätigkeit des ersten weissrussischen Staatstheaters // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. Bd. 7, H. 4 (1931). S. 396—398.
- Рэц.: Iljaševič M. Belorus a Belorusove // Ibid. S. 461—463.
- «Nowy» i «najnowszy» kurs polityki polskiej w sprawie biaіoruskiej. Wilno, 1932;
- Die Weissruthenische Akademie der Wissenschaften am Vorabend des zweiten Fünfjahresplanes // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. Bd. 10, H. 3/4 (1934). S. 463—476.
- Рэц.: Gadavik Belaruskaga Navukovaga T — va u Wilni // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. Bd. 11, H. 1 (1935). S. 161—167.
- У кн.: Александровіч С. Х., Александровіч В. С. Беларуская літаратура ХІХ — пачатку ХХ ст.: Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў. Мн., 1978.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Uladzìmìr Ìvanavìč Samojla // Biblioteka Narodowa
- 1 2 3 4 5 6 7 Gierowska-Kałłaur 2016, с. 67.
- ↑ ЭГБ, т.6, ч.1, с.218
- ↑ Błaszczak 2017, с. 165.
- ↑ Goniec Codzienny, Nr. 38, 02.09.1941 Архівавана 11 мая 2021.
- ↑ Маракоў…
- 1 2 3 Легенды учителя Купалы (руск.)
- 1 2 3 4 5 6 Уладзімір Самойла // Расстраляная літаратура : творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / [уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі]. — Мінск: Кнігазбор, 2008. — С. 36-37. — 692 с. — (Беларускі кнігазбор).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бас І. Уладак з Казіміраўкі // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. — Мн., 1971;
- Калинкович Н. Как дань глубокого уважения… // Нёман. 1979, № 11;
- Александровіч С. Х. Уладзімір Самойла — даследчык паэзіі Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. — Мн., 1981;
- Конан У. Прарок у сваёй Айчыне: Ул. Самойла, 1878—1941 // Вяртання маўклівая споведзь: постаці творцаў беларускай гісторыі ў кантэксце часу. — Мн., 1994;
- БП, т. 5;
- Самойла Уладзімір Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Ліс А. С. Самойла Уладзімір Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 139—140. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Само́йла Уладзімір Іванавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 645. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Gierowska-Kałłaur J. The biographies of leading Belarusian activists in the light of information gathered by the Polish Governmental Commissioner for the City of Vilnius in 1924(англ.) // Studia z Dziejów Rosji i Europy Środkowo-Wschodniej. — 2016. — Т. LI-SI (2). — С. 31—71. — ISSN 2353-6403. — DOI:10.12775/SDR.2016.EN2.02
- Błaszczak T. Autumn 1939 – The Vilnius Question and the Case of Lithuanian Belarusians(англ.) // Lietuvos istorijos metraštis. — 2017. — № 67. — С. 163—178. — ISSN 1392-0588. — DOI:10.7220/2335-8769.67.8
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]| Уладзімір Іванавіч Самойла ў Вікікрыніцах | |
| Уладзімір Іванавіч Самойла на Вікісховішчы |
- САМОЙЛА Уладзімір Іванавіч
- Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк). Крытык і філёзаф, ахвяра Сталіна. 20 фактаў пра Ўладзімера Самойлу // Радыё Свабода, 29 студзеня 2018
- Нарадзіліся 29 студзеня
- Нарадзіліся ў 1878 годзе
- Нарадзіліся ў Мінску
- Памерлі ў 1941 годзе
- Выпускнікі МДУ
- Выпускнікі СПбДУ
- Члены Беларускага навуковага таварыства (1918)
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Літаратурныя крытыкі Беларусі
- Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
- Літаратуразнаўцы Беларусі
- Філосафы Беларусі
- Публіцысты Беларусі
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Расстраляныя ў СССР
- Кадэты