Уладзімір Адамавіч Жылка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Уладзімір Адамавіч Жылка
Uladzimier Žylka — Уладзімер Жылка.jpg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 27 мая 1900(1900-05-27)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 1 сакавіка 1933(1933-03-01) (32 гады)
Месца смерці:
Пахаванне:
Грамадзянства:
Літаратурная дзейнасць
Род дзейнасці: мовазнавец, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык, паэт
Жанр: паэзія
Мова твораў: беларуская
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

Уладзімір Адамавіч Жылка (27 мая 1900, в. Макашы, Навагрудскі павет, Мінская губерня, цяпер Нясвіжскі раён, Мінская вобласць — 1 сакавіка 1933, Уржум, Кіраўская вобласць, РСФСР; Псеўданімы: Вл. Ж.; Вал. Жыл.; Вл. Ж.; І.Жылка; Л.Макашэвіч; Макашэвіч; Л.Макашэвіч; У. Ж.; Ул. Ж.) — беларускі паэт, перакладчык, крытык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў гарадское вучылішча ў Міры (1914) разам з бацькамі пераехаў у Мінск. Падчас Першай сусветнай вайны сям'я была ў бежанцах у Тульскай губерні. Скончыў 3 класы Багародзіцкага агранамічнага вучылішча (1915—17), у сакавіку 1917 вярнуўся разам з бацькам у прыфрантавы Мінск, вучыўся ў сельскагаспадарчай школе.

У кастрычніку 1919 — сакавіку 1920 працаваў настаўнікам у 21-й мінскай беларускай пачатковай школе, зблізіўся з беларускім вызваленчым і культурна-асветным рухам, наведваў клуб «Беларуская хатка», пазнаёміўся са старшынёй Беларускага тэатральнага таварыства Ядвігіным Ш., а таксама з Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам, Л. Родзевічам. У 1919 уступіў у партыю беларускіх эсэраў. Надзяляў панскай зямлёй сялян, працаваў аграномам нацыяналізаванага маёнтка пад Мінскам, якім загадваў М. Чарот (1918—19), прымаў удзел у антыпольскім падполлі. Друкаваўся ў мінскіх выданнях.

Восенню 1920 захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў в. Падлессе Навагрудскага пав. Пасля Рыжскага дагавора 1921 апынуўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Зблізіўся з паўстанцкай групай І. Мікуліча, якая дзейнічала на Нясвіжчыне, пазнаёміўся з былымі членам паўстанцкага ўрада на Случчыне У. Пракулевічам, пісаў для падпольшчыкаў лістоўкі, адозвы, закліковыя вершы («Каваль», «Дзед», «Гімн беларускіх паўстанцаў»), устанавіў сувязь з беларускімі газетамі «Беларускія ведамасці», «Наша думка», якія выдаваў М. Гарэцкі, сябраваў з лідарамі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыіцыі (БРА) Л. Родзевічам, I. Канчэўскім, А. Канчэўскім, прымаў удзел у падрыхтоўцы легальных выданняў БРА (арыштоўваўся як рэдактар аднаго з іх). Пасля няўдачы паўстання, рыхтаванага на Віленшчыне, Гродзеншчыне і Беласточчыне ўрадам БНР з тэрыторыі Літвы ў пач. 1920-х г., рэвалюцыйная сітуацыя ў Заходняй Беларусі паслабела. У. Жылка сустрэў адыход ад узброенага змагання з прыкрасцю, нават адчаем.

Працаваў у Вільні ў беларускай кнігарні. Апекаваў разам з Л. Родзевічам створаную ў Віленскай беларускай гімназіі тэатральную майстроўню. Каб пазбегнуць прызыву ў войска генерала Л. Жалігоўскага, летам 1922 выехаў у Літву (Коўна), потым пераехаў у Латвію, стаў наведваць выпускны клас Беларускай гімназіі ў Дзвінску. Выконваў ролю сувязнога паміж віленскім і ковенскім цэнтрамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і беларускімі зямляцтвамі ў Прыбалтыцы. У канцы 1922 нелегальна вярнуўся ў Вільню, дапамагаў Л. Родзевічу ў апрацоўцы матэрыялаў для газет «Наша будучыня» і «Новае жыццё».

У лютым 1923 выехаў на вучобу ў Чэхаславакію. Паводле рэкамендацыі Л. Родзевіча стаў стыпендыятам Чэхаславацкага ўрада, у 1923 паступіў на філалагічнае аддзяленне філасофскага факультэта Карлавага ўніверсітэта. Адзін з ініцыятараў стварэння Арганізацыі беларускага прагрэсіўнага студэнцтва (АБПС), сябраваў з яе старшынёй І. Дварчаніным, дапамагаў у выданні органа гэтай арганізацыі — часопіса «Перавясла». У сярэдзіне 1920-х г. зблізіўся з «Саюзам студэнтаў грамадзян БССР», рэдагаваў часопіс «Прамень» (пазней «Новы прамень»). Да 1926 жыў у Празе.

У 1926 прыехаў у Мінск на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу. Вырашыў прыняць савецкае грамадзянства (Л. Родзевіч раіў яму вяртацца ў БССР і «смакаваць марксізм», А. Луцкевіч лічыў, што ў Мінску больш прастору для асветніка, чым у Вільні). У. Жылка застаўся ў БССР. Загадзя атрымаў пасведчанне аб здачы экзамена за курс гісторыі філасофіі. Выйшаў з партыі эсэраў. У Савецкай Беларусі У. Жылка спачатку працаваў у Інбелкульце, потым у газеце «Беларуская вёска». 3 1927 загадчык аддзела літаратуры газеты «Звязда», выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме. Быў членам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». У 1928 быў выключаны з «Маладняка» за тое, што не набліжаецца да пралетарскай літаратуры, працягваў друкавацца ва «Узвышшы»; з прычыны контрбеларусізацыйнай хвалі вымушаны пакінуць «Звязду». Працаваў перакладчыкам у Белдзяржкіно, працягваў выкладаць замежную літаратуру ў музычным тэхнікуме. Здружыўся з Я. Пушчам, У. Дубоўкам, А. Бабарэкам.

19.07.1930 арыштаваны пад Мінскам ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пры вобыску на кватэры ў яго забралі 27 кніг, шмат пісьмаў і рукапісаў. Не прызнаў сябе вінаватым. Пастановай калегіі АДПУ ад 10.04.1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Уржуме Кіраўскай вобл., дзе працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме. Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках. Хацеў быць пахаваным у Вільні, горадзе, які вельмі любіў. Рэабілітаваны ў 19.9.1960 Судовай калегіяй Вярхоўнага Суда БССР.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1918 напісаў свой першы беларускі верш «Покліч» (надрукаваны ў газеце «Беларусь», 25.1.1920). Друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях «Беларускія ведамасці», «Наша думка», «Наша будучыня», «Новае жыццё». У вершах пач. 1920-х г. «Беларусь», «Замчышча», «Мы любім даўнія паданні», «Палімпсест» паэт вылучае дзве супрацьлеглыя сілы, якія спакон вякоў твораць гісторыю: наканаванасць, лёс, «напасці» і свядомая барацьба грамады, што можа павярнуць ход падзей да свабоды, нацыянальнай годнасці і сацыяльнай справядлівасці. Лічыць, што і «мамэнты заняпаду... распазнаць нас вучаць здраду» і цаніць вернасць.

У артыкуле «У справе ацэнкі беларускага адраджэння» (1923) У. Жылка называе асновай беларускай вызваленчай ідэі спалучэнне нацыянальнага з сацыяльным. Ён адхіляе адначасна псеўдапатрыятычны тэзіс аб выключнасці нацыі і марксісцкі пастулат аб буржуазнасці нацыянальнай справы. У рэцэнзіі на збор твораў Л. Родзевіча «Беларусь» ухваляе паэзію аўтара, які не апісваў абшар ці «гаспадарскі лад», а паказваў духоўныя каштоўнасці Беларусі.

Рукапісны гісторыка-філасофскі эцюд У. Жылкі «Беларусь-Крыўя» пачынаецца з пастулата, што тэма бацькаўшчыны «можа быць вырашана толькі ў плоскасці сэрца і волі». Беларусь для яго нешта матэрыяльнае, а «Крыўя — гэта творчасць і форма, сутнасць якое — нацыя. Змест — кожнае дасягненне: новы верш, новы навуковы твор... ёсць Крыўя». Суадносіны паміж дзяржавай зямной і дзяржавай Духа — складаная непазбежнасць, паэт дапускае, што адроджаная Беларусь павінна стаць сінтэзам дзяржавы мяча і плуга з дзяржавай Духа.

Аўтар паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зборніка вершаў «На ростані» (Вільня, 1924). У цыкле «Вершы аб Вільні» (1926) называе гэты гістарычны цэнтр дзяржаўнасці і вызваленчага руху «беларускай Меккай», а беларускіх патрыётаў прыраўноўвае да ісламскіх вернікаў. У альтэрнатыўным віленскаму цыклу вершы «Альбігоец» перадае трагедыю зняверанай душы, жах ваяўнічага адступніцтва верніка, яго здзек над ідэаламі і святасцямі, якім нядаўна верыў, а тыя не здзейсніліся. Верш гучыць злавесна і прароча, ён стаў у беларускай літаратуры першым сігналам прадчування глабальнай катастрофы, набліжэння ідэалогіі катастрафізму, што неўзабаве прыгняце песімізм маладых мадэрністаў, зламаных крызісам і захопам палітычнай арэны фашысцкімі вандаламі.

У. Жылка выйшаў на прасторы еўрапейскай палітыкі і літаратуры. Яго ўлюбёнымі паэтамі былі старыя рамантыкі Персі Шэлі, М. Лермантаў, А. Міцкевіч, Г. Ібсен, Ф. Цютчаў, неарамантыкі Ш. Бадлер, А. Блок. Неўзабаве У. Жылка пачынае прызнаваць інтуіцыю, але над усім ставіць шчырасць, балючую і страшную, нават апакаліптычную праўду. Ён працягвае верыць у збавіцельную адраджальную моц красы і любові. 3 гэтай супярэчлівасці паўстаў у 2-й пал. 1920-х г. выдатны цыкл інтымна-філасофскіх «Вершаў спадзявання», дзе пераадольвае песімізм неарамантычных і дэкадэнцкіх плыняў еўрапейскай паэзіі, вылучае і шануе з постмадэрнісцкіх кірункаў авангардныя, што імкнуліся падняць масы і ўтрымаць веру ў сябе і весці на барацьбу за хараство супраць цемры, хаосу. Пра аптымізм яго светаспасцігання сведчаць вершы «Не складаць мне болей песняў», «Хвораму» і інш.

Падчас сваёй дзейнасці ў БССР працягваў плённа працаваць. Публікаваў артыкулы пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзію на паэму У. Дубоўкі «Наля», велічальны верш «Антону Навіне» і інш. Супрацоўнічаў з музыказнаўцам Ю. Дрэйзіным, дапамагаў у перакладзе лібрэта і пастаноўцы сіламі студэнтаў оперы «Фауст». Апошні яго зборнік «З палёў Заходняй Беларусі» (Мінск, 1927) стаў прычынай сутыкнення паміж артадаксальна-сектанцкай групоўкай «Маладняка» і беларускімі літаратарамі, зарыентаванымі на сусветную класіку і эстэтычную суверэннасць.

У ссылцы перакладаў еўрапейскіх паэтаў, пісаў уласныя творы (усё напісанае забрана органамі НКУС Уржума і Вяткі). Захавалася дзякуючы Я. Кіпелю паэма «Тэстамент» — філасофска-публіцыстычны твор, грамадзянская споведзь і апраўданне сябе і сяброў, беларускіх патрыётаў, якія без віны сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій. Пражытае ён лічыў пяснярскай доляй, з беларуска-мужыцкім гартам і адраджэнскай барацьбой. Маральны імператыў паэтавага развітання з жыццём — велікадушнасць, якая ідзе ад мудрасці народнай і ад еўрапейскай філасофіі. У. Жылка адштурхоўваўся ад еўрапейскага рамантызму, выкарыстоўваў здабыткі авангардысцкай паэзіі Чэхаславакіі і Польшчы, прадаўжаў распрацоўваць патрыятычна-вызваленчую легенду беларусаў, арыентуючыся на Я. Купалу і М. Багдановіча, станоўча ацэньваючы вопыт маладых паэтаў У. Дубоўкі, Я. Пушчы.

Пераклаў «Слова пра Якуба Шэлю» Б. Ясенскага (1932), асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсена, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Уяўленне: Паэма. Вільня, 1923;
  • На ростані: Вершы. Вільня, 1924;
  • З палёў Заходняй Беларусі. Мінск, 1927;
  • Вершы. Мн., 1970;
  • Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы. Мн., 1986;
  • Лісты Уладзіміра Жылкі да Антона Луцкевіча // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1994;
  • Творы. Мн., 1996;
  • Выбраныя творы. МФ «Беларускі кнігазбор». Мн., 1998.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Жылка Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995., т. 2.
  • Калеснік У. Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі. Мн., 1977.
  • Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993.
  • Калеснік У. Жылка // ЭГБ у 6 т. Т. 3. Мн., 1996.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9