Уладзімір Аляксандравіч Калач
Уладзімір Калач | |
---|---|
Поўнае імя | Уладзімір Аляксандравіч Калач |
Дата нараджэння | 31 жніўня 19(?) |
Краіна |
![]() |
Жонка | Надзея Робертаўна Калач |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | музыкант, вакаліст, інструменталіст, палітычны вязень |
Гады актыўнасці | 2009 — цяперашні час |
Інструменты | варган, беларуская дуда, дзіджэрыду[d], раўшпфайф[d] і вакал[d] |
Жанр | Народная музыка, фэнтэзі фолк, Музыка Сярэдневякоўя |
Псеўданімы | Уладзімір Ірдарат |
Калектыў | Irdorath |
Уладзімір Аляксандравіч Калач (нар. 31 жніўня19(?)) — беларускі вакаліст і музыка, заснавальнік (разам з жонкай Надзеяй), удзельнік і менеджар фэнтэзі фолк гурта Irdorath. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Як удзельнік гурта Irdorath удзельнічаў ў шматлікіх музычных фэстах у розных краінах Еўропы: Wacken Open Air, WOMEX, Дикая Мята, Kilkim Žaibu, Celtic Transilvania, Festiwal Mitologii Słowiańskiej, Folkest, Na Fir Bolg, Hradecký slunovrat і іншых.
Мае трох родных братоў і сястру.
Палітычны пераслед 2020—2022[правіць | правіць зыходнік]
У лістападзе 2020 Уладзімір і яго жонка Надзея былі звольнены з цэнтра для дзяцей і моладзі «Вікторыя», дзе яны выкладалі традыцыйную, народную ды сярэднявечную музыку, а таксама стварылі рэпетыцыйную пляцоўку, якой карыстаўся іх гурт Irdorath. Надзея апісала сітуацыю наступным чынам: «Нас звольнілі, бо мы адкрыта удзельнічалі ў маршах, гралі ў дварах, рабілі відэа, каб падтрымаць народ. Гэта ўсё замінала нашаму цэнтру захоўваць нейтралітэт у гэтай сітуацыі. Мы ж лічым, што нейтралітэт — гэта маўклівая згода. Нас звольнілі адразу ж пасля серыі дваровых канцэртаў. Падчас апошняга канцэрту ў мяне ўжо званіў тэлефон: кіраўніцтва бачыла нашыя выступы, у тым ліку і на плошчы Пераменаў»[2].
Уладзімір Калач быў затрыманы ўвечары 2 жніўня 2021 у Мінску на лецішчы пад Мінскам падчас святкавання дня народзінаў сваёй жонкі разам з іншымі музыкамі і гасцямі свята. Агулам было затрымана 16 чалавек, дзесяць з іх пазней атрымалі суткі арышту і штрафы ў межах адміністрацыйных спраў аб непадпарадкаванні міліцыі. Шэсць чалавек, у тым ліку Уладзімір і Надзея, былі затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па сведчанні адной з прысутных на святкаванні, Аляксандры Грахоўскай, затрыманне было падобна на спецаперацыю: прысутныя сабраліся на лецішчы, дзе збіраліся адзначыць дзень народзінаў Надзеі, але перад пачаткам святкавання заўважылі людзей у вайсковай форме без апазнавальных знакаў, якія беглі з розных бакоў і стралялі. «Было так шмат выстралаў, што не зразумела, чаму пакуль усе жывыя» — сведчыла Аляксандра пазней. Для запісу затрымання выкарыстоўваўся дрон, здымкі з якога пасля былі паказаны МУС у тлумачальным відэа па затрыманні. Прысутных паклалі на зямлю, адабралі тэлефоны, пазней жанчынам дазволілі сесці на канапу. Сама Аляксандра праз два дні атрымала штраф ў межах адміністрацыйнай справы за тое, што не адчыніла зламаную брамку, якая не была зачынена (таксама за гэта ж былі асуджаны яшчэ дзевяць чалавек)[3].
10 жніўня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, Уладзімір Калач быў прызнаны палітычным зняволенным[4].
29 верасня 2021 сімвалічным «хросным» Надзеі і Уладзіміра Калачоў стаў дэпутат Еўрапарламента Гельмут Шольц, які з гэтай нагоды зазначыў наступнае: «Я падтрымліваю Надзею і Уладзіміра Калачоў, вакалістку і дудара фолк-рок-гурта Irdorath, і заклікаю неадкладна іх вызваліць. Яны былі затрыманыя за ўдзел у групавых акцыях, якія груба парушаюць грамадскі парадак за забеспячэнне музычнага суправаджэння мірных маршаў пратэсту. Неверагодны факт для трэцяга дзесяцігоддзя 21-га стагоддзя. Але гэта глыбокая рана для ўсеагульных правоў чалавека, прызнаных амаль усімі дзяржавамі свету, у тым ліку і ў Беларусі, калі выканаўцы затрымліваюцца зусім неабгрунтавана падчас рэалізацыі сваёй страсці і права на свабоду слова, выказвання меркаванняў і сходаў»[5][6].
9 снежня 2021 у судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы Уладзіміра і Надзеі Калачоў. Ад пачатку справа Калачоў уключала ў сябе, у тым ліку, і «навучанне ці іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць парадак, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці», але падчас следства гэтая частка была знята праз адсутнасць доказаў. Музыкаў абвінавацілі ў грубым парушэнні грамадскага парадку, яўным непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, перашкодзе руху грамадскага транспарту, здейсненымі групай асоб па папярэдняй змове. Падставай нібыта стаў удзел музыкаў у маршах пратэсту 16 жніўня, 6 верасня і 25 кастрычніка 2020 года. Уладзімір на гэты конт патлумачыў наступнае: «Агрэсіі ніякай не было, атмасфера святочная, усе вакол усміхаліся. Усе разам прайшліся праспектам Незалежнасці да плошчы Перамогі, потым па Пераможцаў калона пайшла да Стэлы. Патрабаванняў і папярэджанняў аб незаконнасці акцыі не чуў, бо гучала музыка. Далей шлях быў перакрыты і людзі павярнулі ў адваротны бок. Некалькі разоў выконвалі кампазіцыю Цоя „Перамен!“, а потым разыйшліся»[7].
14 снежня 2021 суддзя Аляксандр Анатольевіч Якунчыхін вынес прысуд. Ён пагадзіўся з пазіцыяй памочніцы пракурора Вольгі Емельянчанкі і прызначыў Надзеі і Уладзіміру па два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму[8]
У пачатку лютага 2022 стала вядома аб пераводзе Уладзіміра з СІЗА-1 у СІЗА-2. 25 сакавіка 2022 Уладзіміра этапавалі ў папраўчую калонію № 3 (Віцьба).
Зноскі
- ↑ УЛАДЗІМІР КАЛАЧ (бел.)
- ↑ Музыкі Irdorath пра сваё звальненне: «Падчас апошняга дваровага канцэрту ў мяне ўжо званіў тэлефон» (бел.)
- ↑ Пераслед гурта IRDORATH і іх сяброў: 12 чалавек арыштаваныя па крымінальных і адміністрацыйных справах, чатыры — аштрафаваныя (бел.)
- ↑ Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 10 новых палітвязняў (бел.)
- ↑ «Уся мая салідарнасць і прызнанне з імі». У яшчэ 10 палітвязняў з’явіліся еўрапейскія «хросныя» (бел.)
- ↑ Members of Parliament adopt political prisoners Uladzimir and Nadzeya Kalach, Dzmitry Panko and Uladzislau Makavetski (англ.)
- ↑ У Мінску пачаўся суд над салістамі фолк-гурта IRDORATH Уладзімірам і Надзеяй Калачамі (бел.)
- ↑ Удзельнікам гурта Irdorath Уладзіміру і Надзеі Калачам — па два гады пазбаўлення волі (бел.)