Перайсці да зместу

Уладзімір Мікалаевіч Карват

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Уладзімір Карват)
Уладзімір Мікалаевіч Карват
Род дзейнасці ваенны
Дата нараджэння 28 лістапада 1958(1958-11-28)
Месца нараджэння
Дата смерці 23 мая 1996(1996-05-23) (37 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Прыналежнасць СССР
Узнагароды і прэміі
ордэн «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені юбілейны медаль «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» медаль «За бездакорную службу» III ступені
Герой Беларусі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладзі́мір Мікала́евіч Карва́т, часам памылкова Ко́рват (28 лістапада 1958, Брэст — 23 мая 1996, раён вёскі Арабаўшчына, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі ваенны лётчык першага класа, падпалкоўнік, начальнік паветрана-агнявой падрыхтоўкі 61-й авіябазы, дыслацыраванай у горадзе Баранавічы.

Загінуў 23 мая 1996 года пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне і падаў, ад населенага пункта. 21 лістапада 1996 года быў пасмяротна ўдастоены звання «Герой Беларусі»[1] (Карват стаў першым Героем Беларусі).

Нарадзіўся ў Брэсце. Вучыўся ў сярэдняй школе № 8. У 1981 годзе скончыў Армавірскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, пасля чаго быў накіраваны для праходжання службы на Далёкі Ўсход, дзе прайшоў шлях ад лётчыка да намесніка камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. Лятаў на самалёце МіГ-23.

Пасля роспуску СССР, у жніўні 1994 года па ўласным жаданні прыбыў для праходжання службы ва Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. 11 верасня 1994 года прыняў прысягу на вернасць народу Беларусі. Быў прызначаны начальнікам паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й авіябазы.

23 мая 1996 года Карват рабіў навучальна-трэніровачны палёт па практыкаванню 314 «Курса баявой падрыхтоўкі знішчальнай авіяцыі» на самалёце Су-27 з нумарам 29. У практыкаванне быў уключаны палёт у аблоках з вялікімі вугламі крэну з адпрацоўкай тактычных прыёмаў паветранага бою ў аблоках на малой вышыні ў складаных метэаўмовах уначы.

Палёт пачаўся ў 22:44:31. У 22:52, калі самалёт знаходзіўся на вышыні 900 метраў, на хуткасці 540 км/г, Карват паведаміў, што загарэлася табло падзення ціску ў першай гідрасістэме. З зямлі загадалі неадкладна вяртацца на базу. Праз 29 секунд паведамленне пра непаладкі ў першай гідрасістэме знікла, але амаль адразу пачалі з’яўляцца паведамленні пра іншыя паломкі. На вышыні 600 м і хуткасці 440 км/г перастала працаваць сістэма кіравання.

Лётчык атрымаў загад катапультавацца, але ў гэты час самалёт знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча, і Карват да апошняга спрабаваў адвесці самалёт у старану. У 22:54, праз 14 секунд пасля паведамлення пра тое, што самалёт стаў некіруемым, СУ-27 разбіўся за кіламетр ад Арабаўшчыны.

У фільме «Звычайны герой» (2004) пра Уладзіміра Карвата, Аляксандр Марфіцкі (з 2003 года — камандзір 61-й знішчальнай авіябазы) распавядаў пра тую катастрофу: «Ён сапраўды здзейсніў гераічны ўчынак. Адвёў самалёт. Усё ж такі 24 тоны, 4 тоны паліва, калі б ён упаў недзе на населены пункт, там не адзін дом бы згарэў. Вельмі шмат было б ахвяр, тым больш, што гэта было ўначы, усе людзі знаходзіліся ў хатах, наступствы былі б самымі сумнымі»[2].

Сведкамі катастрофы сталі многія мясцовыя жыхары, якія адразу паспяшаліся на дапамогу. Самалёт загарэўся, мясцовыя жыхары спрабавалі выцягнуць цела з кабіны. Сякерай перасек рамяні, але выцягнуць пілота не здолеў. Праз 20 хвілін прыбылі пажарныя з Гарадзішча, якія здолелі не дапусціць узгарання кабіны пілота, а пасля і затушыць полымя, але Карват загінуў пры падзенні. Цела пілота выцягнулі толькі наступным днём.

Паводле высноў камісіі, якая займалася расследаваннем прычын, катастрофа адбылася з-за пажару ў левым абцякальніку хваставой часткі. У гідрасістэме ўзнікла цеча, перагарэлі электрычныя кабелі і самалёт страціў кіраванне.

З Карватам развітваліся ў Баранавічах. Пахаваны 26 мая 1996 года ў Брэсце.

Мемарыяльны знак на месцы гібелі Уладзіміра Карвата ў Баранавіцкім раёне

У Брэсце ў гонар Карвата названая вуліца. У 1997 годзе, у дзень нараджэння Карвата, на будынку школы № 8, дзе ён вучыўся, усталявана памятная дошка. 10 сакавіка 1997 года Савет Міністраў Беларусі пастановаю № 179 надаў гэтай школе імя У. М. Карвата. На скрыжаванні бульвару Касманаўтаў і вуліцы Гогаля 5 мая 2000 года ўсталяваны помнік герою. Зацверджана іменная стыпендыя Героя Беларусі, якая надаецца найлепшым курсантам авіяцыйнага факультэту Ваеннай Акадэміі Беларусі, заснаваны Міжнародны турнір па міні-футболе на прыз Уладзіміра Карвата[3]. Загадам міністра абароны № 263 ад 22 мая 1997 года падпалкоўнік Карват назаўсёды залічаны ў спісы 1-й авіяцыйнай эскадрыллі 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах[4]. Брэсцкая абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Саюз афіцэраў запасу» носіць імя У. М. Карвата.

Мемарыяльны знак у гонар У.Карвата ў в.Арабаўшчына Баранавіцкага раёна

Іншыя месцы: На месцы гібелі У. М. Карвата ў Баранавіцкім раёне пастаўлены мемарыяльны знак. У маі 2009 года ў Баранавічах на базе 61-й авіябазы адкрыты музей Карвата.[5] У Баранавічах ёсць сквер імя Карвата. У Мінску імем Карвата названа вуліца і сярэдняя школа № 182.

  • Герой Беларусі (1996, пасмяротна)
  • Ордэн «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені (1990)
  • Медаль «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1988)

Зноскі