Уладзімір Пракопавіч Някляеў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Уладзімір Пракопавіч Някляеў
Уладзімір Пракопавіч Някляеў
Niakliaew2.jpg
17 мая 2010
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні:

Уладзімір Пракопавіч Някляеў

Дата нараджэння:

11 ліпеня 1946(1946-07-11) (71 год)

Месца нараджэння:

Смаргонь, Гродзенская вобласць, БССР

Грамадзянства:

СССР, Беларусь

Альма-матар:

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка
Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага

Літаратурная дзейнасць
Род дзейнасці:

паэт, празаік, грамадскі дзеяч

Гады творчасці:

1969[1] — наш час

Кірунак:

лірыка

Жанр:

вершы, паэмы, аповесці, раманы

Мова твораў:

беларуская

Дэбют:

у 1970

Прэміі:

Прэмія Ленінскага камсамола (1979) Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1998)

Узнагароды:
Ордэн Пашаны, Беларусь
nekliaev.by
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Уладзі́мір Прако́павіч Някля́еў (11 ліпеня 1946, Смаргонь, Гродзенская вобласць) — беларускі паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч, лаўрэат шэрагу прафесійных і дзяржаўных узнагарод за літаратурную дзейнасць. Намінант на Нобелеўскую прэмію (2011).

Ад 25 лютага 2010 года ён стаў лідарам грамадскай кампаніі «Гавары праўду!», а 2 верасня заявіў, што плануе вылучыць сваю кандыдатуру ў прэзідэнты Беларусі на найбліжэйшых выбарах[2]. 18 лістапада 2010 года Цэнтрвыбаркам Беларусі зарэгістраваў Някляева кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Палітычны зняволены, вязень сумлення[3].

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці. Бацька — Някляеў Пракоп Міхайлавіч, рускі, па прафесіі механік. Маці — Магер Анастасія Іванаўна, беларуска. Пракоп Някляеў, ураджэнец месца Дубоўка Валгаградскай (Сталінградскай) вобл., па сканчэнні вайны быў накіраваны ў Заходнюю Беларусь. У мястэчку Крэва (Смаргонскі раён) пазнаёміўся з маці Уладзіміра і пабраўся з ёю шлюбам. Працаваў у Крэве старшынёй сельсавету.

Дзіцячыя гады пражыў у Крэве. У 1962—1966 г. вучыўся ў Мінскім тэхнікуме сувязі. Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Займаўся на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Завочна скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973). У 1972—1975 — літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Знамя юности», у 1975—1978 — рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск». З 1978 — старшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1987 — галоўны рэдактар часопіса «Крыніца» («Родник»), штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1978). Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). З 1998 па 2001 — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1999 г. выехаў у Польшчу.

З 2010 г. узначальвае грамадзянскую кампанію «Гавары праўду». 18 мая 2010 г. адбыліся обшукі ў актывістаў кампаніі «Гавары праўду» па ўсёй Беларусі, Уладзімір Някляеў быў затрыманы.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Дэбютаваў вершамі ў 1970 г. Аўтар кніг паэзіі «Адкрыццё» (Мн., 1976), «Вынаходцы вятроў» (Мн., 1979), «Знак аховы» (Мн., 1983), «Местное время» (М., 1983), «Наскрозь» (вершы і паэмы, 1985), «Дерево боли» (М., 1986), «Галубіная пошта» (Мн., 1987), «Вежа» (Мн., 1989), «Прошча» (Мн., 1996), «Выбранае» (Мн., 1998), «Так» (Мн., 2004), «Окно» (М., 2010), «Лісты да Волі» (Вільня, 2011), «Толькі вершы» (Мн., 2016). Аўтар драмы «Армагедон» (часопіс «Полымя», 2010).

Апошнім часам выступае пераважна як празаік (апавяданні «Хайбах», «Чмель і вандроўнік», «Залатая Арда», аповесці «Прага», «Няхай жыве 1 Мая» і інш.). Паводле аповесці «Вежа», часопіс «Полымя», 1988, А. Дударавым была напісана фантасмагарычная камедыя «Вавілон», пастаўленая Мікалаем Мацкевічам (1990). 

Аўтар рамана «Лабух» (Мн., 2003), кнігі прозы «Цэнтр Еўропы» (Мн., 2008), рамана «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (Мн., 2012), кнігі літаратурных эсэ «Знакі прыпынку» (Мн., 2013). У перакладзе на замежныя мовы выйшлі кнігі "Галубіная пошта" (Польшча), "Паланэз" (Літва), "Чырвоны захад" (Фінляндыя), "Лісты да свабоды" (Швецыя) ды інш.


Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

Філосаф і культуролаг Валянцін Акудовіч лічыць, што Некляеў разбурыў стэрэатып, што найлепшыя вершы паэт піша ў маладосці, паколькі эмоцыі ў чалавека больш моцныя ў маладыя гады. Акудовіч мяркуе, што напісаная Някляевым у сталым узросце паэма «Ложак для пчалы» — «найлепшае, што ён калі-небудзь напісаў, і адна з самых лепшых ува ўсёй беларускай літаратуры. Калі не найлепшая».

Адкрыццё творчасці Уладзіміра Някляева — гэта і праца, якая патрабуе натхнення, і палёт у захмар'е думкі і пачуцця. Бо аўтар акрылена працавіты, плён яго відзён.

Грамадска-палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

З'яўляўся сябрам Савета творчай і навуковай моладзі пры ЦК ЛКСМБ, сябрам Беларускага тэатральнага аб'яднання, Саюза журналістаў Беларусі. З 1998 года — старшыня Саюза беларусках пісьменнікаў, які ўзначальваў па 2001 год. Пасля абрання старшынёй Саюза пісьменнікаў у Някляева ўскладніліся адносіны з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які ўспрымаў кіраўніка творчага саюза як «начальніка над пісьменнікамі». У той час Лукашэнкам было падпісана пагадненне аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, да якога многія беларускія літаратары паставіліся адмоўна і публічна выказваліся супраць гэтага рашэння. Някляеў падпісаў Заяву Рады СБП, дзе пагадненне аб Саюзнай дзяржаве разглядалася як не адпаведнае Канстытуцыі, што стала пачаткам канфлікту паміж Лукашэнкам і Някляевым, у выніку якога Уладзімір Някляеў быў вымушаны на некалькі гадоў з'ехаць з краіны.

На 13-м пазачарговым з'ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі ў 2001 годзе Някляеў прапанаваў рэзалюцыю ў падтрымку кандыдата ад апазіцыі (прапанаваўшы вылучыць З.Пазьняка), у якой сцвярджалася, што Аляксандр Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу і не мае права вылучаццца кандыдатам у прэзідэнты, што яшчэ больш ускладніла ягоныя адносіны з кіраўніком краіны .

У 2005 годзе быў абраны на пасаду старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра, 10 красавіка 2009 года заявіў, што пакідае гэтую пасаду. Пераемнікам Някляева стаў Андрэй Хадановіч.

Кампанія «Гавары праўду»[правіць | правіць зыходнік]

25 лютага 2010 года Някляеў становіцца ініцыятарам і кіраўніком грамадскай кампаніі «Гавары праўду». Ён мяркуе, што ў беларускім грамадстве наспеў попыт на праўдзівую інфармацыю пра сітуацыю ў краіне, што ўлады хаваюць праўду альбо наўпрост хлусяць. Занавальнікамі кампаніі "Гавары праўду" сталі разам з Някляевым Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Генадзь Грушавы ды іншыя.

18 мая 2010 года Някляеў быў затрыманы праваахоўнымі органамі Беларусі разам з дзвюма дзясяткамі актывістаў кампаніі «Гавары праўду!», вызвалены 21 мая. З пратэстам супраць пераследу Някляева і яго паплечнікаў выступіў шэраг беларускіх і міжнародных арганізацый, палітыкаў і дзеячаў культуры.

27 жніўня быў падведзены прамежкавы вынік дзейнасці кампаніі. На прэс-канферэнцыі арганізатары паведамілі журналістам, што за перыяд ад пачатку кампаніі было праведзена каля 80 акцый у 33 гарадах і вёсках краіны. У выніку сабрана 55 тысяч подпісаў пад патрабаваннямі вырашыць шэраг мясцовых праблем. Уладзімір Някляеў заявіў, што актывісты здолелі дайсці са сваімі ініцыятывамі да грамадзян Беларусі, і сацыяльная накіраванасць кампаніі дапамагла людзям больш востра адчуць, што вырашаць праблемы неабходна на глабальным узроўні, у маштабах краіны. Ён сцвярджаў, што шэраг мясцовых чыноўнікаў спагадліва ставяцца да кампаніі «Гавары праўду».

Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.

8 красавіка 2015 года Уладзімір Някляеў заявіў пра свой выхад з усіх апазіцыйных структур. Ён патлумачыў гэта «няздольнасцю апазіцыі»[4].

Удзел у прэзідэнцкіх выбарах[правіць | правіць зыходнік]

Пасля старту кампаніі «Гавары праўду» шэраг аглядальнікаў выказалі меркаванні пра тое, што яна можа стаць трамплінам для кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі. Някляеў адмаўляў меркаванні аб вылучэнні яго кандыдатуры да верасня 2010 года.

19 ліпеня на сустрэчы з беларускімі прадпрымальнікамі Някляеў абвясціў, што плануе стаць дэлегатам 4-га Усебеларускага народнага схода[51], які меркавана адбудзецца ўвосень 2010 года. Ён лічыць, што для гэтага дастаткова сабраць 20 тысяч подпісаў грамадзян. У інтэрв'ю газеце «Белорусы и рынок» Някляеў пагадзіўся з тым, што гэты крок азначае пераход кампаніі ад выключна грамадскай дзейнасці ў палітычным полі. Паводле яго ўласнага сцвярджэння, сабраў 25 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне.

2 верасня 2010 года ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» Уладзімір Някляеў абвясціў пра свой намер вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах, што маюць адбыцца ў снежні 2010 года.

У той жа час на тэрыторыі Украіны на трасе Чарнігаў-Гомель на адлегласці аднаго кіламетра адно ад аднаго былі змешчаны тры білборды з партрэтам Някляева. Адзін з рэкламных плакатаў быў пашкоджаны невядомымі вандаламі. 27 верасня 2010 года Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні Уладзіміра Някляева кандыдатам у прэзідэнты. Колькасць ініцыятыўнай групы склала 3 275 чалавек, было сабрана 193 829 подпісаў.

Увечары 19 снежня 2010 г. ў раёне Нямігі па дарозе на Кастрычніцкую плошчу адбыўся ўзброены напад сілавікоў у масках на групу кандыдата ў прэзідэнты У.Някляева. Былі выкарыстаны света-шумавыя гранаты, канфіскавана гукаўзмацняльная апаратура. Сам кандыдат быў моцна збіты, пасля чаго дастаўлены ў шпіталь хуткай дапамогі з дыягназам чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені цяжкасці[5].

Ноччу з 19 на 20 снежня са шпітальнага ложка быў гвалтоўна забраны і вывезены супрацоўнікамі праваахоўных органаў[6].

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле «Масавыя беспарадкі». З моманту збіцця 19 снежня 2010 г. да свайго пераводу пад хатні арышт 29 студзеня 2011 г. перанёс чатыры гіпертанічныя крызы, ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам[7].

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Някляева вязнем сумлення[3].

30 сакавіка 2011 г. абвінавачванне было перафармуляванае на ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць гарамадскі парадак, ці ўдзел у іх).

20 мая 2011 г. ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

23 ліпеня 2013 г. рашэннем суда Ленінскага раёна Мінска вызвалены ад далейшага адбыцця пакарання. Суд адбыўся без удзелу ў ім і Някляева, і ягонага адваката, якіх запрасілі на дадзены працэс на 2 дні пазней, 25 ліпеня[8].

У 2011 г. Някляеў выдаў новую кнігу «Лісты да Волі» [9], у яе ўвайшлі творы, напісаныя падчас зняволення ў СІЗА КДБ − вершы і паэма «Турма». Кніга таксама ўтрымлівае прадмову аўтара і апошняе слова палітыка на судовым працэсе[10].

Пасля вызвалення[правіць | правіць зыходнік]

У маі 2015 года заснаваў рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі»[11].

Уладзімір Някляеў уваходзуў у склад Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які ўзяў на сябе адказнасць за правядзенне Дня Волі 25 сакавіка 2017 г. ў Мінску[12] . 24 сакавіка 2017 г. ён вяртаўся з Варшавы, каб узяць удзел у Дні Волі.

У у ноч з 24 на 25 сакавіка 2017 г. па дарозе з Варшавы ў Мінск Уладзімір Някляеў быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП на чыгуначным вакзале ў Брэсце і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС. Там у яго здарыўся гіпертанічны крыз, і хуткая дапамога даставіла хворага ў бальніцу[13]. У Варшаве, Някляеў быў у складзе дэлегацыі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці і сустракаўся з польскімі палітыкамі, 23-га сакавіка была праведзеная дыскусія ў Сейме Польшчы[14].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • Ордэн «Знак Пашаны».
  • Лаўрэат усесаюзнай прэміі Ленінскага камсамола (1979) за кнігу «Вынаходцы вятроў» і паэму «Дарога дарог».
  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1998) за кнігу «Прошча».
  • Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2008).
  • Лаўрэат Першай прэміі Міжнароднага фестывалю славянскай паэзіі «Спяваючыя пісьмёны» (2009, Расія).
  • Лаўрэат міжнароднай прэміі імя Курта Тухольскага (2011, Швецыя).
  • Лаўрэат міжнароднай прэміі імя Браніслава Герэмека (2011, Польшча).
  • Лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца (2013) за раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без».
  • Лаўрэат міжнароднай прэміі імя Міхая Эменеску (2015, Румынія)

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Някляеў Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Біяграфія // Афіцыйны сайт У. Някляева — Эл.рэсурс nekliaev.by

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Wikiquote-logo.svg
У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Уладзімер Някляеў