Уладзімір Рыгоравіч Плешчанка
Уладзімір Рыгоравіч Плешчанка | |
---|---|
Дата нараджэння | 26 ліпеня 1948 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 мая 2006 (57 гадоў) |
Месца смерці | |
Адукацыя | |
Партыя | |
Род дзейнасці | палітычны актывіст |
Жонка | Яўгенія Плешчанка |
Дзеці | Наталля |
Узнагароды | Нацыянальная прэмія Хартыі’97 за асабістую мужнасць (2008) |
Уладзімір Рыгоравіч Плешчанка (26 ліпеня 1948, вёска Вароны, Віцебскі раён, Беларусь — 20 мая 2006, Вароны) — сябра Сойму Партыі БНФ, кіраўнік Віцебскай арганізацыі КХП БНФ, пад час прэзідэнцкай кампаніі 2006 года — удзельнік ініцыятыўнай групы па вылучэнні Зянона Пазняка кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, палітвязень Беларусі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы служыў ў ракетных войсках. Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Працаваў інжынерам-канструктарам на віцебскім вытворчым аб’яднанні «Маналіт», быў вядомым рацыяналізатарам у вытворчасці радыёпрыбораў.
У канцы 1980-х гадоў стварыў у сваім працоўным калектыве суполку БНФ. З’яўляўся членам рэдакцыйнай рады віцебскай недзяржаўнай газеты «Выбар», старшынёй Віцебскай рады БНФ, узначаліў абласную арганізацыю КХП БНФ.
Кіраўніцтва «Маналіта» некалькі разоў спрабавала звольніць У. Плешчанку за апазыцыйныя погляды. Двойчы ён аднаўляўся на працы праз суд і спаганяў з адміністрацыі грошы за маральны ды матэрыяльны ўрон. У 1998 г., пасля чарговага звальнення, У. Плешчанка стаў афіцыйна беспрацоўным, далей займаўся выключна грамадска-палітычнай дзейнасцю.
У 1990 годзе стварыў у Віцебску (разам з Барысам Хамайдам, Уладзімірам Падголам, Сяргеем Навумчыкам) клуб «За дэмакратычныя выбары» і газету «Выбар».
Быў адным з арганізатараў супраціву дзейнасці ГКЧП ў Віцебску ў жніўні 1991 г. Падчас путчу У. Плешчанка, Б. Хамайда ды яшчэ некалькі актывістаў стаялі на галоўнай плошчы Віцебска з плакатамі, пратэставалі супраць дзяржаўнага перавароту. Вёў перамовы з кіраўніцтвам аблвыканкаму, з камандаваннем віцебскай дэсантнай дывізіі пра непадтрыманне імі путчыстаў. Пасля путчу ўзяў пад ахову ад разрабавання будынак віцебскага абкаму партыі.
Быў адным з арганізатараў тысячнага мітынгу на стадыёне «Дынама» ў Віцебску, на якім прынялі рэзалюцыю ад клуба «За дэмакратычныя выбары». У ёй патрабавалі забараніць КПСС, забраць у дзяржаўную ўласнасць партыйную маёмасць, дэмантаваць камуністычныя помнікі, перайменаваць вуліцы.
У. Плешчанка быў адным з удзельнікаў групы актывістаў, якія ў канцы 90-х, напачатку 2000-х гадоў бралі ўдзел у шматлікіх непублічных акцыях ў Віцебску і вобласці па вывешванні бела-чырвона-белых сцягоў ды лозунгаў з палітычным зместам. Такім чынам стварыўся вобраз легендарнага Мірона, ад імя якога на месцы акцыяў пакідаліся палітычныя паведамленні.
У. Плешчанка да 2006 г. працягваў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Неаднаразова разам з Барысам Хамайдам ды іншымі грамадскімі актывістамі браў удзел у пікетах у Віцебску каля так званага «сіняга дома» (вул. Леніна, д. 28). Напачатку 2000-х гадоў такія пікеты ладзіліся кожны панядзелак і чацвер, а то і штодзень.
20 мая 2006 г. раптоўна памёр на 58-м годзе жыцця на падворку бацькоўскай хаты ў Варонах ад сардэчнай хваробы. Пахаваны на могілках у Друкава.[1]
Сям’я — жонка Яўгенія, дачка Наталля.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Раніцай 27 чэрвеня 2006 года над Лёзна ўзняты бел-чырвона-белы сцяг з чорнай стужкай[2], ён быў прымацаваны да вяршыні апоры ЛЭП на гары каля шашы пры ўездзе ў Лёзна з боку Віцебска. Да сцяга была прышпіленая запіска з тэкстам: «Сьветлай памяці слаўнага сына зямлі беларускай Уладзіміра Рыгоравіча Плешчанкі. Пакуль на зямлі жывуць такія людзі, як ён, Беларусь жыла, жыве і будзе жыць вечна. Мірон».
Храналогія пераследу
[правіць | правіць зыходнік]У студзені 1996 года ў газеце «Выбар» быў надрукаваны верш Славаміра Адамовіча «Убей прэзидента». Рэдактар газеты Б. Хамайда, член рэдакцыйнай рады У. Плешченка і паэт С. Адамовіч былі абвінавачаныя ў закліках да здзяйсненя тэрарыстычнага акта (арт. 67 ч. 1 КК РБ). 6 красавіка 1996 г. С. Адамовіч быў арыштаваны КГБ. Затым абвінавачванне перакваліфікавалі ў «абразу прэзідэнта». Славамір Адамовіч адседзеў 10 месяцаў у СІЗА. Спачатку ў «амерыканцы» у Мінску, затым у Віцебску. Быў асуджаны на тэрмін зняволення, які прабыў у СІЗА. У. Плешченка і Б. Хамайда падчас крымінальнай справы былі пад падпіскай аб нявыездзе, затым былі пераведзеныя ў стан сведкаў.
04 лютага 1998 годзе Уладзімір Плешчанка за ўдзел у пікеце ў падтрымку адміністрацыйна арыштаваных Б. Хамайды і Ю. Мароза быў асуджаны на 10 сутак арышту.
У сакавіку 1998 г., да дня незалежнасці Беларусі, віцебскія актывісты У. Плешчанка, Б. Хамайда, Ю. Мароз і Ю. Карпаў усклалі да будынка адміністрацыі прэзідэнта ў Мінску двух бел-чырвона-белых буслоў. За несанкцыянаваны мітынг і супраціўленне супрацоўнікам міліцыі былі асуджаныя кожны на дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту.
У ліпені 1998 г. У. Плешчанка, Б. Хамайда і Ю. Карпаў, падчас правядзення «Славянскага базару», на якім выступаў А. Лукашэнка, тройчы затрымліваліся супрацоўнікамі міліцыі. Падчас аднаго з затрыманняў іх абвінавацілі ў згвалтаванні непаўнагадовай, тры гадзіны пратрымалі ў міліцэйскім участку і адпусцілі без складання пратаколаў.
31 жніўня 1998 г. з пастамента, каля Віцебскага гарадскога ваенкамата, знік бюст Суворава. Вартаўнік патэлефанаваў у міліцыю, пачаліся пошукі. Праз дзень бюст знайшлі кінутым у суседнім двары. Была заведзеная крымінальная справа. 2 верасня 1998 г. па гэтай справе былі затрыманыя У. Плешчанка, Б. Хамайда і Ю. Карпаў. У РАУСе Кастрычніцкага раёна г. Віцебска іх пратрымалі больш за сем гадзін. Пасля допыту У. Плешчанка быў арыштаваны і змешчаны ў следчы ізалятар г. Віцебска. Крымінальная справа была ўзбуджаная па двух артыкулах: арт. 225 КК РБ — «знішчэнне гісторыка-культурных каштоўнасцяў» і па арт. 201, ч. 2 — «злоснае хуліганства». Вінаватым сябе У. Плешчанка не прызнаў. Паказанні даваць адмаўляўся. У следчым ізалятары ў У. Плешчанкі здарыўся сардэчны прыступ, у яго было хворае сэрца, тым не менш яго не выпусцілі з-пад варты і амаль сем месяцаў падчас следства і суда ён знаходзіўся ў СІЗА.
Падчас зняволення А. Плешчанкі ў Віцебску праходзілі пікеты з патрабаваннем яго вызвалення. 26 студзеня 1999 года Барыс Хамайда выйшаў у пікет з плакатам: «Свабоду Плешчанку!». Ён быў асуджаны на 15 сутак арышту. 12 сакавіка 1999 г., падчас суда над Уладзімірам Плешчанкам, у Лёзна на высокавольтнай апоры перадачы быў вывешаны бела-чырвона-белы сцяг з цыдулкай: «Наяўнасць палітвязьняў на маёй Радзіме лішні раз пацьвярджае антыбеларускі курс рэжыму. Свабоду Уладзіміру Плешчанку! Мірон».
16 сакавіка 1999 г. прайшло першае паседжанне суда. У судовым працэсе ў якасці грамадскіх абаронцаў бралі ўдзел старшыня праваабарончага цэнтру
«Вясна-96» Алесь Бяляцкі і юрыст «Вясны-96» Валянцін Стэфановіч. У. Плешчанка распавёў, што насамрэч у ноч на 31 жніўня 1998 г. быў недалёка ад гарваенкамату, але помнік Суворава не чапаў, толькі распаўсюджваў улёткі. Ён заявіў, што яго судзяць за палітычныя погляды і актыўную грамадскую дзейнасць.
Судовы працэс доўжыўся да 29 сакавіка 1999 г. Падчас працэсу высветлілася, што гіпсавы бюст Суворава не меў мастацкай каштоўнасці. Суддзя Аляксандр Абашын запатрабаваў вывучэння рэчавых доказаў. У якасці аднаго з іх выступаў гумовы бот У. Плешчанкі, канфіскаваны з хаты ў вёсцы Вароны. Па патрабаванні адваката ягоны след параўналі з адбіткам, пакінутым на зямлі меркаваным злачынцам. Існавала розніца ў 5 сантыметраў. Галоўны аргумент следства быў абвергнуты. Хадайніцтва адваката У. Шайкевіча і грамадскіх абаронцаў было задаволенае. Судовая справа была адпраўленая на дарасследаванне, а У. Плешчанку была змененая мера стрымання — арышт на падпіску аб нявыездзе. Затым крымінальная справа была спыненая.
За ўдзел у пікетах у цэнтры Віцебска шматразова затрымліваўся міліцыяй, арыштоўваўся, быў аштрафаваны. Прынцыпова не плаціў штрафы. Каб не канфіскавалі маёмасць у гарадской кватэры, дзе жыў разам з жонкаю і дачкой, быў вымушаны пераехаць жыць у в. Вароны Віцебскага раёна ў бацькоўскую хату.
10 снежня 1999 г. ў дзень Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека У. Плешчанка, Раман Салаўян, Б. Хамайда у пікеце каля «сіняга дома» трымалі плакаты: «Сёння — Дзень правоў чалавека», «Мы — бяспраўныя людзі», «Саюзная дамова з Расіяй адбірае ў беларускай нацыі права на самавызначэнне». Былі затрыманыя міліцыяй. На іх за несанкцыянаваны пікет былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.
Затрыманы 25 сакавіка 2000 г. на Дзень Волі ў Віцебску разам с дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га склікання Валерыем Шчукіным і Р. Салаўянам. 27 сакавіка 2000 г. судом Чыгуначнага раёна г. Віцебска, суддзя — Святлана Туфан, асуджаны на10 сутак адміністрацыйнага арышту.[3]
06 лютага 2003 г. У. Плешчанка судом Чыгуначнага раёна г. Віцебска, суддзя — Святлана Туфан аштрафаваны на 150 базавых велічынь (1 850 000 рублёў) за ўдзел у пікеце 20 студзеня 2003 г., падчас візіту ў Беларусь Уладзіміра Пуціна. Ён разам з Б.Хамайдам і Аляксандрам Салаўянам выйшаў з плакатам: «Збор сродкаў супраць расійскай агрэсіі». Быў прызнаны вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага пікетавання.[4]
22 снежня 2003 г. У. Плешчанка і А. Салаўян былі затрыманыя ў Віцебску, падчас збору подпісаў пад заявай аб адмене дзеяння «саюзнай дамовы» паміж Беларуссю і Расіяй. Суд Чыгуначнага раёна г. Віцебска абвінаваціў іх у правядзенні несанкцыянаванага пікета і аштрафаваў У. Плешчанку — на 150 базавых велічынь (2 млн. 475 тыс. рублёў), А. Салаўяна — на 160 базавых велічынь (2 млн. 640 тыс. рублёў).[5]
За першых тры месяцы 2004 г. У. Плешчанка быў асуджаны за пікетаванне ў Віцебску 5 разоў.[6]
Апошні раз быў затрыманы з Б. Хамайдам 25 сакавіка 2006 г. за пікет на Дзень Волі ў Віцебску. Асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Лаўрэат нацыянальнай прэміі «Хартыі-97» за асабістую мужнасьць за 1998 год.[7]
Зноскі
- ↑ Памёр Уладзімер Плешчанка, старшыня Віцебскай абласной рады КХП БНФ . nashaniva.com.
- ↑ Свабода, Радыё. Лёзна: “Мірон” узьняў бел-чырвона-белы сьцяг з чорнай стужкай . Радыё Свабода (7 снежня 2007). Праверана 27 лістапада 2023.
- ↑ Навіны 27 сакавіка 2000 г. . Радыё Свабода.
- ↑ ВІЦЕБСКАГА АПАЗЫЦЫЯНЭРА ЎЛАДЗІМЕРА ПЛЕШЧАНКУ АШТРАФАВАЛІ НА 1850000 РУБЛЁЎ . www.svaboda.org.
- ↑ В Витебске оштрафованы члены КХП БНФ. . spring96.org.
- ↑ ЧЫГУНАЧНЫ РАЁННЫ СУД ВІЦЕБСКУ ПАПЯРЭДЗІЎ У.ПЛЕШЧАНКУ ДЫ А.САЛАЎЯНА . www.svaboda.org.
- ↑ Навіны 07 студзеня 1999 г. . www.svaboda.org.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Адзін дзень палітвязьня — 2009 — С. 126—134.
- Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 1999 годзе — Мінск. 2000 — С. 5-6.
- Ракіцкі В. Сто адрасоў свабоды — 2011. — С. 206—207, 232—234.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- https://docs.rferl.org/be-BY/2010/03/22/adzin_dzen_palitviaznia.pdf
- Імёны Свабоды: Уладзімір Плешчанка
- Владимир Плешченко
- vovansystems: Уладзімір Рыгоравіч Плешчанка (26.07.1948 — 20.05.2006)
- Друкаваць старонку — Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org Архівавана 9 студзеня 2023.
- Крок да свабоды Ўладзіміра Плешчанкі і Барыса Хамайды
- http://mobiusz.livejournal.com/20251.html?#cutid1
- REVIEW OF HUMAN RIGHTS VIOLATIONS IN BELARUS FOR SEPTEMBER 2004
- http://naviny.by/rubrics/society/2007/01/03/ic_news_116_264921
- Списки лиц, преследуемых по политическим мотивам
- Президентские выборы в Белоруссии (2006) — это… Что такое Президентские выборы в Белоруссии (2006)?