Перайсці да зместу

Уладзіслаў Галубок

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзіслаў Галубок
Уладзіслаў Галубок, 1929 г.
Уладзіслаў Галубок, 1929 г.
Дата нараджэння 3 (15) мая 1882
Месца нараджэння
Дата смерці 28 верасня 1937(1937-09-28)[1][2] (55 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Дзеці Людміла Галубок[d]
Прафесія драматург, мастак, пісьменнік, акцёр, тэатральны крытык, рэжысёр
Псеўданімы Уладзіслаў Галубок, Сымонка, Г-к; В. Г-к; Г-у-к
Член у
Узнагароды
Народны артыст Беларускай ССР
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладзісла́ў Галубо́к, сапр.: Уладзісла́ў Іо́сіфавіч Го́луб (Го́лубеў) (3 (15) мая 1882, станцыя Лясная, Навагрудскі павет, Мінская губерня, цяпер Баранавіцкі раён, Брэсцкай вобласці — 28 верасня 1937, Менск, НКУС) — беларускі драматург, празаік, тэатральны рэжысёр, акцёр, мастак. Народны артыст Беларусі (1928)[3]. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934).

Нарадзіўся ў сям’і рабочага-чыгуначніка Іосіфа Голуба. Дзед Уладзіслава — Тамаш Голуб, браў удзел у паўстанні 1863—1864 гадоў[4]. Вольнымі поглядамі вызначаўся і бацька Іосіф — памочнік паравознага машыніста, а потым слесар у дэпо, — які (магчыма за сваю рэвалюцыйную дзейнасць) быў забіты невядомым.

Пачатковую адукацыю Уладзіслаў атрымаў у царкоўна-парафіяльнай школе ў Мінску. Пазней, нягледзячы на матэрыяльныя нястачы ў шматлікай сям’і, бацькі ўладкавалі яго ў Мінскае гарадское вучылішча. Скончыць яго Уладзіславу не давялося: перашкодзіла трагічная смерць бацькі. На руках у маці, Галіны Уладзіславаўны, засталося шасцёра дзяцей. Уладзіслаў як старэйшы сын быў вымушаны зарабляць на хлеб, ён уладкоўваецца на працу спачатку грузчыкам на дрывяны склад пры чыгунцы, потым прыказчыкам у краму да купца Стараневіча. Але з-за канфліктаў з купцом Уладзіслаў быў вымушаны пакінуць працу ў яго краме. Неўзабаве Галубок уладкаваўся слесарам у Мінскае дэпо, а падчас Першай Сусветнай вайны стаў членам Сацыял-дэмакратычнага гуртка. Некаторыя даследчыкі лічаць[5], што менавіта багаты працоўны досвед пазнаёміў Галубка з рознымі тыпамі чалавечых характараў, што потым праявілася ў яго драматургічнай творчасці.

Тэатр прысутнічаў у жыцці Галубка з самага ранняга ўзросту: ужо з дзесяці гадоў Уладзіслаў не прапускаў, бадай, ніводнага спектакля, што паказвалі ў Мінску вандроўныя трупы. Нават часова працаваў у адным такім тэатры бутафорам і выконваў эпізадычныя ролі хлапчукоў у спектаклях. А ў 1896 годзе Уладзіслаў Галубок упершыню трапіў у сапраўдны тэатр.

Уладзіслаў Галубок успамінаў:

" Памятаю, у 1896 годзе за грошы, заробленыя ад выгрузкі дроў, я купіў білет на галёрку ў мінскі гарадскі тэатр… Мяне не цікавіла зала, увага мая была накіравана на занавес, за якім хавалася нешта новае, невядомае. Трэці сігнал. Занавес пайшоў угору. Перада мной артыст. Слова. Дзея. І тут у мяне ўзнікла думка стаць артыстам. "
Уладзіслаў Галубок

Юнацтва Уладзіслава Галубка было насычана вельмі разнастайнай дзейнасцю і шматлікімі захапленнямі: ён граў у аркестры добраахвотнага пажарнага таварыства на барытоне і трамбоне, вучыўся ўпраўляцца з гармонікам, браў урокі жывапісу ў вядомых мінскіх мастакоў.

Яшчэ ў юнацтве захапленне выяўленчым мастацтвам прывяло Уладзіслава Галубка да вядомага ў тыя гады мастака Пракоф’ева. Аднак Пракоф’еў часцей за ўсё даручаў Уладзіславу маляваць копіі карцін вядомых мастакоў[4]. Галубку даводзілася маляваць пейзажы, але яго самабытны талент звярнуў на сябе ўвагу маcтакоў, якія жылі ў Мінску. Як пейзажыст ён удзельнічаў у шматлікіх рэспубліканскіх выстаўках[3].

Мастацкая дзейнасць стала захапленнем на ўсё жыццё і адыграла асаблівую ролю ў час вандравання ўласнага тэатра: Уладзіслаў Іосіфавіч выступаў не толькі як рэжысёр і акцёр-выканаўца, але і як адзіны ў трупе мастак-дэкаратар.

А ў 1906 годзе на старонках «Нашай Нівы» з’явіліся яго першыя вершы і апавяданні, сярод якіх было і «Апошняе спатканне»[6].

Беларускія драматургі і тэатральныя дзеячы Францішак Аляхновіч і Уладзіслаў Галубок у 1918

Пачатак літаратурнай дзейнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Вялікі ўплыў на Галубка-пісьменніка зрабіла творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Альберта Паўловіча, іншых прадстаўнікоў беларускага культурна-асветніцкага руху, якія неўзабаве сталі яго сябрамі. Паводле ацэнкі Максіма Багдановіча Галубок «пісаў бойкія і вясёлыя апавяданні, да чаго мае праўдзівую здольнасць. Мова іх заўжды жывая, тэмы іншы раз даволі цікавыя».

Першым было надрукавана апавяданне «На вяселле», падпісанае псеўданімам «Сымонка». Пазней пісьменнік не карыстаўся гэтым псеўданімам, абраў ласкавае «Галубок». З гэтага часу імя маладога пісьменніка ўсё часцей і часцей з’яўлялася на старонках газет, часопісаў, альманахаў. Даследчыкі вылучаюць[4] у ранніх апавяданнях Галубка жывую народную мову, блізкія сялянству тэмы, спачуванне простаму люду, напрыклад у апавяданнях «Абмылка вучонага», «Навальніца», у навелах «Мінуўшчына», «Гонар», «Вясковыя астраномы» і многіх іншых. У 1913 годзе ў Пецярбургу выйшла першая кніжка Уладзіслава Галубка «Апавяданні».

У літаратурна-мастацкім і навукова-папулярным часопісе краязнаўчага кірунку «Лучынка» друкаваліся не толькі апавяданні У. Галубка (некаторыя пад крыптанімам Г-у-к), але і яго нарысы «Сляды старыны» пра старадаўнія замкі, прысвечаныя даследаванню гісторыі і культуры[7]. Нарысы Галубка друкаваліся таксама ў такім выданні, як «Беларускі шлях»[8].

Драматургічная творчасць

[правіць | правіць зыходнік]
Гэты фотапартрэт Уладзіслаў Галубок надпісаў на памяць Аркадзю Смолічу

Уладзіслаў Галубок не забыўся пра сваё дзіцячае захапленне тэатрам. У 1911 г. у Мінск завітала першая беларуская трупа на чале з Ігнатам Буйніцкім, якая паказала спектаклі «Модны шляхцюк» Каруся Каганца і «Па рэвізіі» Марка Крапіўніцкага, дзе шчодра гучалі беларускія песні, а заканчваўся паказ дэкламацыяй вершаў Цёткі і Янкі Купалы. Уладзіслаў Галубок упершыню пабачыў спектаклі на беларускай мове і потым шмат у чым пераняў спосаб арганізацыі падобных відовішчаў для сваёй практыкі.

У 1917 г. адроджана «Першае беларускае таварыства драмы і камедыі», раней забароненае ўладамі Расійскай Імперыі. Галубок уступае ў таварыства разам з жонкай і дзецьмі і робіць першыя спробы ў драматургіі[3]. За адну толькі восень 1917 г. Галубок піша тры п’есы, якія адразу ставіць яго трупа.

«Забыўся падпярэзацца»

[правіць | правіць зыходнік]

Першая п’еса, напісаная і пастаўленая драматургам-рэжысёрам у Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі, мела назву «Забыўся падпярэзацца» і апавядала пра недарэчнага дзяка. Пра гэты твор звестак да нас дайшло вельмі мала, а рукапіс яго, мусіць не захаваўся зусім[9]. Вядома толькі, што гэта аднаактавая п’еса была першай драматургічнай спробай Галубка.

«Пісаравы імяніны»

[правіць | правіць зыходнік]

Не без цікавасці публіка сустрэла і наступную камедыю драматурга «Пісаравы імяніны», пастаўленую на той жа сцэне ў снежні 1917. Сюжэт яе наступны. У першым акце прадстаўнікі валасной улады ў асобах старшыні, урадніка і іх саюзнікаў, а таксама дзяк збіраюцца на імяніны да пісара. Добра падпіўшы там, яны ўчыняюць бойку. У астатніх двух актах дзеянне разгортваецца вакол паспешлівага ад’езду пісара, які на самой справе нікуды не паехаў, а стаў ціхенька сачыць за жонкай. У гэты час да яе завітаў палюбоўнік — дзяк. Пісар застае жонку з дзякам і пабівае абодвух.

Даследчыкі[5] адзначаюць, што ў мастацкіх сродках у гэтай п’есе драматург арыентуецца на фальклорныя традыцыі (у беларускай народнай творчасці шырока распаўсюджаны сюжэты аб любоўных прыгодах царкоўных служкаў), а таксама на традыцыі беларускай рэвалюцыйна-дэмакратычнай літаратуры, і ў першую чаргу на апавяданне Якуба Коласа «Пісаравы імяніны».

У творы спалучыліся два напрамкі. Адзін — сатырычны, які грунтуецца на выкрыцці сапраўднага аблічча прадстаўнікоў царскай улады і значнай часткі тагачаснай вясковай інтэлігенцыі. Другі — фарсава-вадэвільны, заснаваны на любоўнай інтрызе. І хаця элементы апошняга займаюць значнае месца ў вобразна-сюжэтнай тканіне п’есы, гэта не дае падставы называць яе вадэвілем.

Тагачасная крытыка ад новай п’есы не была ў захапленні: ім падалося, што характарам і зместам яна нагадвала ўкраінскія вадэвілі і камедыі з іх смешнымі дзякамі, сядзельцамі, абдуранымі мужамі і нявернымі жонкамі. Акрамя таго, паводле крытыкаў, поўны змест камедыі не адпавядаў яе назве[10]. Аўтар улічыў усе крытычныя заўвагі і істотна перапрацаваў п’есу: у першым акце вывеў пазнавальныя сацыяльныя тыпы і даў некаторым з іх надзвычай выразныя прозвішчы. Напрыклад, валасны старшыня стаў звацца Бічом, старшы ўраднік — Набіносам, ураднікі — Абібокам і Лупадзёрам. Кожны з персанажаў меў не толькі вызначальную знешнасць (якую Уладзіслаў Галубок звычайна дакладна апісваў у пачатку п’ес), але і адметную мову, з даволі красамоўнымі слоўцамі і абаротамі.

У пастаноўцы п’есы як самому Галубку, так і іншым рэжысёрам не заўсёды ўдавалася дабіцца яе глыбокага ўвасаблення з-за таго, што двум апошнім актам у пэўнай ступені не ставала напружанага дзеяння[5]. Гэта, а таксама неабходнасць мець у рэпертуары свайго вандроўнага тэатра мабільныя кароткія п’есы прымусіла Галубка падзяліць «Пісаравы імяніны» на дзве часткі. У выніку — на аснове першага акта атрымалася аднаактовая п’еса «Пісаравы імяніны». Астатнія ж дзве дзеі таксама іграліся як самастойны твор пад назвай «Залёты дзяка».

«Апошняе спатканне»

[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 1917 года таварыства паставіла п’есу «Апошняе спатканне», напісаную Уладзіславам Галубком на аснове свайго апавядання. У п’есе гісторыя двух братоў-блізнят Рыгора і Якіма, што сустракаюцца ў турме пасля таго, як адзін з іх з’язджае вучыцца ў горад, а другі застаецца дома, дапоўнілася кранальнымі ўзаемаадносінамі з каханымі. Каханне надае Рыгору і Якіму асаблівую пераканальнасць. Гэта не пляскатыя рэвалюцыянеры — «змагары за народнае шчасце», паказваць якіх было ў традыцыі першых паслярэвалюцыйных гадоў, а звычайныя вясковыя хлопцы, хіба што выхаваныя занадта сумленным бацькам. Таму і шукаюць справядлівасці розным шляхам, і толькі з-за маладой гарачнасці трапляюць у турму. Апошняе спатканне братоў таксама пазбаўлена звычайнай у такіх выпадках меладраматычнасці і залішніх слоў — абодва гінуць, нават не паспеўшы павітацца.

«Бязвінная кроў»

[правіць | правіць зыходнік]

У лютым 1918 года замежная інтэрвенцыя перапыніла дзейнасць гэтага тэатра, але ў хуткім часе акупацыйныя ўлады далі згоду на адкрыццё ў Мінску клуба «Беларуская хатка», у стварэнні якога сябры таварыства прынялі актыўны ўдзел. У яго выкананні пабачыла свет новая п’еса Галубка «Бязвінная кроў», дзе адкрыта гучыць матыў: гаспадарамі беларускай зямлі з’яўляюцца тыя, хто на ёй працуе. У часы кайзераўскай акупацыі гэтая думка надавала п’есе асаблівую вастрыню.

«Ганка» («Ні тая, ні другая»)

[правіць | правіць зыходнік]

П’еса «Ні тая, ні другая» была створана ў 1918 годзе, ва ўдасканаленым варыянце 1920 года з’явілася пад назвай «Ганка». У ён апавядаецца трагічная гісторыя пра выхаванага ў багатай сям’і студэнта Васіля і сялянскую дзяўчыну Ганку, якія кахаюць адзін аднаго. Але апякунка Васіля, хітрая палкоўніца, паварочвае справу так, што Васіль жэніцца з дачкой багатай памешчыцы, папраўляючы тым самым разбураную палкоўніцкую гаспадарку. Ганка рэагуе на ўсё гэта знешне спакойна, ды толькі праз нейкі час нараджае дзіця і раптам канчае жыццё самагубствам. Васіль спрабуе выправіць становішча, але разумее, што ўжо позна.

І ў першым, і ў другім варыянце п’еса мела ўстойлівы поспех у гледачоў. Даследчыкі[11] адзначаюць, што гэта было абумоўлена не толькі «слёзнасцю» гісторыі, але і мноствам камічных сцэн з удзелам старой памешчыцы і яе палюбоўніка Альфонса, а таксама пранізлівых дзявочых мар і прыгожых узаемаадносін.

П’еса «Ліпавічок» заснавана на казачным матыве пераўтварэння персанажаў, якія з дапамогай цудадзейных сіл здабываюць сябе шчасце і волю. У п’есе, як і ў казках, персанажы не індывідуалізаваны. Яны размаўляюць на звычайнай гутарковай мове, іх дыялогі чыста вытрыманы ў духу жартоўных народных песень ці запазычаны з іх. У п’есе яскрава выявілася аптымістычнае народнае светаўспрыманне.

Афіша спектакля Трупы ў Беларускім рабочым клубе

У пачатку 1920-х гадоў Галубок разам са сваёй трупай працаваў у Беларускім рабочым клубе. Тут упершыню была пастаўлена яго аднаактовая камедыя «Суд». У гэтай п’есе на аснове традыцыйнага сюжэта выкрываўся бюракратызм судзейскіх чыноўнікаў.

На прэм’ерным спектаклі па п’есе «Суд» сам Галубок таленавіта выканаў ролю Авечкі. У ролі Гарбузіхі ўдала дэбютавала жонка драматурга Ядвіга Аляксандраўна.

«Белы вянок» («Акрываўлены падатак»)

[правіць | правіць зыходнік]

П’еса «Белы вянок» прысвечана жыццю сялян у Заходняй Беларусі. Твор апавядае пра трагічнае становішча беднай сялянскай сям’і. Гаспадар — арандатар Гарасім, даведзены да галечы, не можа заплаціць пану падатак. Жонка Гарасіма спакушае яго забіць разносчыцу тавараў і забраць яе грошы. Селянін доўга вагаецца і пасля пакутлівага роздуму згаджаецца, бо яму не дае спакою страшэнны прывід — яго маленькая дачка Аксіння стане жабрачкай. У першым варыянце п’есы фінал атрымаўся вельмі жахлівы — у выніку трагічнай памылкі Гарасім забіваў сякерай замест разносчыцы дачку. Але Галубок, які заўсёды крытычна ставіўся да сваёй творчасці, разумеў, што такі адкрыта меладраматычны фінал не ідзе на карысць твору. Таму пры выданні п’есы перарабіў яго. Гарасім узнімаў сякеру і раптам пазнаваў дачку[12]:

" Гарасім (схамянуўся). Жабраваць, маё дзіця… (Заплакаў.) Маё дзіцятка, не дапушчу… Згодны. (Узяў сякеру.) Няхай будзе спакой у палацах пана і ў беднай хаце. Выйдзі.

Жонка з лямпай выйшла.
Гарасім замахнуўся сякерай, але ў гэты час Аксіння хутка са сну ўсхапілася. Гарасім са страху дзіка ўскрыкнуў, кінуў сякеру, выбег на сярэдзіну сцэны, нервова заплакаў.

"

Трагедыя не адбылася, але п’еса прымушае задумацца над тым, што ж падштурхнула гэтых бедных, замучаных галечай людзей пайсці на забойства[5]. Ролю Гарасіма ў гэтай п’есе выконваў сам Галубок, яго жонка Ядвіга Аляксандраўна іграла жонку Гарасіма.

«Пінская мадонна»

[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш складанай па будове стала камедыя Галубка «Пінская мадонна». Драматург аб’яднаў у ён народныя анекдоты з уласнай фантазіяй і вырашыў не проста весяліць публіку, але і выкрыць ашуканства папоў і памешчыкаў. Па сюжэце ксёндз і памешчык з дапамогай бадзяжнага манаха ажыццявілі авантуру з быццам цудатворнай выявай Маці Боскай і наладзілі збор сродкаў на сваю карысць. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што мясцовы мастак піша тую мадонну з разгульнай дзеўкі Дзіяны, якую лёгка пазнаць у «святым партрэце». Сярод гараджан расце абурэнне, але «ў патрэбны момант» з’яўляецца гарадавы, які прымушае ўсіх маліцца «блуднай мадонне».

Сам Галубок у п’есе выконваў каларытную ролю юрлівага ксяндза.

«Пан Сурынта»

[правіць | правіць зыходнік]

Калісьці ў маладосці пан засек прыгоннага да смерці і гэта пацягнула за сабой ланцуг не проста трагічных, але жахлівых падзей. У Сурынты крадуць малую дачку, з якой праз шмат год ён будзе жыць як з жонкай, але пазнае ў ён страчаную малечу толькі падчас паўстання, паднятага каханым Касі — Віцькам.

У п’есе «Плытагоны» не проста паказваецца цяжкая праца плытагонаў, але і гаворыцца пра адказнасць чалавека, які ўласнаручна можа «выбудаваць» не толькі трагедыю свайго жыцця, але зрабіць няшчаснымі і нават справакаваць гібель блізкіх людзей[12].

" Плытагоны — людзі, горкай долі дзеці,

Катаржна працуюць, жывучы на свеце.
На вадзе і сонца першыя спаткаюць,
На вадзе і ночку яны каратаюць.
На вадзе часамі жаль душу агорне,
На вадзе і смерць іх да сабе прыгорне.
Год за годам мкнуцца, маладосць праходзіць,
А там, крадучыся, старасць надыходзіць.
За цяжкую працу доля пасмяецца.
Плытніка магіла вадой наліецца.
Жабрацкія косці вада апалошча,
А мяцежны вецер сцюжаю пахвошча.
Забушуе вецер, к зямлі дрэвы гнуцца,
Плытагон сумуе, самі слёзы льюцца.
А чаго сумуе, куды думкі мкнуцца,
Разгадайце, людзі, чаго слёзы льюцца…

"

Вольналюбівы плытагон Андрэй стаў першай значнай роляй для К. Ф. Быліча.

Дзейнасць Вандроўнага тэатра Галубка

[правіць | правіць зыходнік]
Акцёрскі склад Беларускага вандроўнага тэатра, 1926 г.

У розныя часы тэатр меў такія назвы: «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка» (Трупа Галубка), з 1924 — «Другая беларуская дзяржаўная трупа», з 1926 — «Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр»[13].

У 1920 годзе ў Мінску адчыніўся Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, у склад якога ўвайшла значная частка акцёраў Першага Беларускага таварыства драмы і камедыі. Неўзабаве ўзнік яшчэ адзін тэатр — Вандроўны, які мусіў абслугоўваць правінцыю. Кіраваць ім выпала Уладзіславу Галубку.

Рэпертуар новага тэатра складаўся пераважна з п’ес Уладзіслава Галубка, які асабіста адказваў за іх пастаноўку, музычнае аздабленне і дэкарацыі, што пісаліся ім уласнаручна, нярэдка проста на сценах будынкаў, дзе даводзілася выступаць. Сярод п’ес іншых аўтараў можна адзначыць камедыю-жарт «Чорт і баба» Ф. Аляхновіча пастаўленая трупай у 1921 годзе[14].

Спачатку трупа была невялікая: некалькі сяброў Галубка, яго жонка Ядвіга, іх сын, дочкі Багуся, Мілачка і Люся, для якіх пісаліся дзіцячыя ролі. З іншых выканаўцаў можна назваць такіх акцёраў пераважна маладога пакалення, як Андрэй Блажэвіч (Вангін) Б. Бусел (Райзман), Міхась Васілёк (Грынблат), Н. Клачко, І. Крыцкі, Л. Скжындзіеўская, Ю. Фляйто[15]. Працаваць акцёрамі актыўна ішлі і беларускія пісьменнікі — Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі, Алесь Дудар, Ілары Барашка.

Першапачаткова калектыў працаваў пры Беларускім рабочым клубе і іграў спектаклі для гледачоў ускраін Мінска. Пазней выступаў таксама ў мінскіх клубах імя Леніна, Луначарскага, Дзям’яна Беднага, «Камуна» і ў «Беларускай хатцы».

Пачаўшы працу ў сталіцы, Трупа беларускіх артыстаў выправілася ў падарожжы па Беларусі, такім чынам, стаўшы аб’язным тэатрам. Артысты не мелі ўласнага транспарту, таму часта на выпадковых павозках ці санях, а часта і пешшу пераходзілі паміж беларускімі мястэчкамі[16].

Дудар з трупы Уладзіслава Галубка — Сурма

У адным з такіх падарожжаў (хутчэй за ўсё ў 1926 годзе), падчас гастроляў на Барысаўшчыне, Уладзіслаў Галубок сустрэў старога дудара па прозвішчы Сурма. Працягваючы традыцыю, запачаткаваную Ігнатам Буйніцкім, Уладзіслаў Галубок прыняў дудара ў сваю трупу. Дудару на той час было 70 гадоў і ўдзельнічаў у дзейнасці тэатру ён нядоўга[17]. Пра гэта было напісана ў культурнай хроніцы 10-га нумару часопіса «Маладняк» за 1926 год.

" Зараз вярнулася ў Менск вандроўная трупа Галубка, якая правяла каля паўтара м-ца на Гомельшчыне, Барысаўшчыне і інш. мясцох. Трупа ставіла свае спэктаклі ў Рэчыцы, Гомлі, Нова Беліцы, Дуброўні, Новазыбкаве, Клінцах, Клімавічах, Барысаве і Нова-Барысаве. Усяго было пастаўлена 37 спэктакляў і 7 концэртаў. Усе пастаноўкі Галубка карысталіся вялікім посьпехам. У часе вандраваньня з тэатральнай трупай па Барысаўшчыне Ўл. Галубок спаткаў у адным кутку аматара-музыку, які грае нацыянальныя беларускія мотывы на дудзе. Дуда зьяўляецца беларускім нацыянальным музычным інструмантам, які зараз мала дзе захаваўся на Беларусі. 70-хгадовы музыка (па прозьвішчы Сурма) залічан у склад трупы Галубка. "

У 1921 годзе тэатру нечакана пашанцавала: Наркамасвет вырашыў узяць трупу на дзяржаўнае ўтрыманне, абавязаўшы акцёраў абслугоўваць рабочыя клубы і навакольныя вёскі. Але неўзабаве тэатры сталі пераводзіць на гаспразлік, і трупа была пазбаўлена датацыі.

У выніку мастацкае аздабленне для спектакляў рабілася літаральна з таго, што знаходзілася пад рукой. У рабоце тэатра актыўны ўдзел прымала публіка, яна дапамагала здабываць усё неабходнае для спектакля. Адны несці мэблю, другія, лаўкі, зэдлікі, лямпы і іншыя рэчы. Самі акцёры рамантавалі сцэну, малявалі дэкарацыі, і г. д., бо рабочых для абслугоўвання тэатра трупа не мела.

" З’яўляецца пытанне, як жа ставіліся спектаклі? А вось як: у дзень спектакля можна бачыць, як па вуліцах Менска цягнуцца артысты і артысткі, несучы на плячах у клуб належны к спектаклю рэквізіт, пазычаны у добрых суседзяў. Нясуць яны гэту паклажу і праклінаюць усё на свеце, а з другога боку праклінаюць артыстаў суседзі, каторым апрыкрала гэтая штодзённая пазычка.
Уладзіслаў Галубок. Год працы
"

Працаўнікі трупы сумяшчалі сваю акцёрскую працу з дзённай працай на фабрыцы ці ў школе, паколькі праца ў трупе не аплачвалася.

Працаваць прыходзілася ў зусім непрыстасаваных памяшканнях[18].

" Памятны спектакль у сараі, дзе побач, за сцэнай, быў яшчэ хлеў, у якім было многа кароў і авечак. Артыст на сцэну пападаў праз стойлы, ён павінен быў чакаць свайго выхаду ў кароўніку, дзе было зусім цесна, цёмна і душна. Тут ён ласкава размаўляе з прыгожымі цёлкамі, а то забаўляецца з ягнятамі. "

Свае п’есы Галубок перапрацоўваў па многа разоў, часта пасля іх паказу на сцэне. Калі драматург адчуваў фальш, ён вяртаўся да свайго твора, выпраўляў паасобныя сцэны разам са сваім калектывам, пакуль не атрымліваўся пажаданы вынік. Вядома, што некаторыя п’есы Галубка маюць да 40 чарнавікоў[19].

П’есы Галубка і іншых драматургаў карысталіся вялікім поспехам у гледачоў, асабліва не спакушаных мастацтвам тэатра ў мінулым. Напрыклад, «Ганку» вандроўны калектыў іграў 498 разоў[19].

Прызнанне савецкай уладай

[правіць | правіць зыходнік]
Афіша 1929 года

Летам 1920 года Уладзіслаў Галубок узначаліў Драматычную секцыю культурна-асветніцкай арганізацыі «Папараць-кветка» ў Слуцку. У 1920—1922 гадах працаваў загадчыкам мастацкага аддзела ў Народным камісарыяце асветы БССР. У 1920 годзе стварыў Трупу беларускіх артыстаў пры Беларускім рабочым клубе ў Мінску, з’яўляўся яе мастацкім кіраўніком.

У верасні 1924 года быў выдадзены загад Наркамата асветы аб ператварэнні трупы Галубка ў Беларускую дзяржаўную трупу.

Толькі за 1925 год трупа Галубка дала на Міншчыне звыш 150 спектакляў[4]. 20 снежня 1928 г. Уладзіславу Галубку было прысвоена званне народнага артыста рэспублікі. Галубок стаў першым беларускім народным артыстам.

" Вось бягу прасіць, каб перабілі на заслужанага. Ты разумееш, я заўсёды ў народзе, сярод простых людзей, а яны скажуць:"Народны артыст? Дык ён жа заўсёды быў ёсць і будзе народны. Ніякая гэта не заслуга." … Вось заслужаны, гэта іншая справа; кожнаму ясна — заслужаны чалавек, тут табе і пашана і аўтарытэт.
Рамановіч Яўген. Рэкі цякуць з ручаёў. Мінск, 1969. С. 70 — 73
"

Разам са званнем народнага артыста Галубку быў прызначаны аклад «у памеры стаўкі адказнага палітработніка». Такім чынам, яго талент прыроўніваўся да чыноўніцкай пасады[4].

Сцэна са спектаклю «Даходнае месца» Аляксандра Астроўскага, 1936 год
Партрэт Уладзіслава Галубка. Іван Ахрэмчык, 1930-я
Сцэна са спектаклю «Мой сябра» М. Пагодзіна, 1932 год
Сцэна са спектаклю «Сяржант Дроб» Э. Самуйлёнка, 1936 год

У 1931 годзе тэатр Галубка рэарганізуюць, яго называюць БДТ-3 (Беларускі трэці дзяржаўны тэатр) і «прапісваюць» у Гомелі. Гастролі па акругах, тым не менш, працягваліся.

" На карце БССР не было раёна, дзе б ні пабываў БДТ-3
"

Тэатр працягваў традыцыі Першай беларускай трупы І. Буйніцкага, шырока выкарыстоўваў песенна-музычную і харэаграфічную народную творчасць, быў адметны жанравай разнастайнасцю[3].

Паступова ад Галубка, як і ад іншых дзеячаў літаратуры і мастацтва, усё больш настойліва пачалі патрабаваць адлюстравання класавай барацьбы.

Папулярнасць тэатра шырылася вельмі інтэнсіўна, аднак у канцы 1920-х ідэалагічныя органы СССР пачалі звужаць кола яго дзейнасці, абвінавачваючы кіраўніцтва ў абмежаваным, нацыяналістычным рэпертуары і нізкім, прымітыўным узроўні яго сцэнічнага ўвасаблення. У пачатку 1930-х гг. Уладзіслава Галубка адхілілі ад мастацкага кіраўніцтва тэатру. У канцы 1931 года яго мастацкім кіраўніком быў прызначаны Канстанцін Саннікаў[15] За Галубком пакінулі адміністрацыйна-гаспадарчую працу і працу акцёра[16].

З гэтага часу ў тэатральным рэпертуары пачалі пераважаць сучасныя савецкія творы, якія ставіліся на многіх тагачасных сцэнах. Большасць спектакляў былі заідэялагізаваная, галоўная ўвага звярталася на паказ энтузіязму савецкіх людзей і іх барацьбу са шпіёнамі, дыверсантамі і «ворагамі народа»[15].

" Разбіваючы ушчэнт элементы аматарства, БДТ-3 павінен змагацца за бальшавістскае мастацтва
З рэцэнзіі ў газеце «ЛіМ», 19 снежня 1933 года
"

Галубок вымушаны рабіць усё, што ад яго патрабуюць, і ў 1933 г. яго БДТ-3 ставіць п’есу «Белая зброя». П’еса апавядае пра шкодніцкую дзейнасць «ворагаў народа» на адным з заводаў.

У 1934 годзе для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву, дзе выкладалі сістэму Станіслаўскага, знаёмілі з дасягненнямі расійскага і замежнага тэатраў. Тэатр Галубка ж пачалі пераводзіць у іншы кірунак — побытавы рэалістычна-псіхалагічны, у рэчышчы якога працавала абсалютная большасць сцэнічных калектываў таго часу[16].

У 1935 г. з’яўляецца п’еса «Сяржант Дроб», па аповесці Эдуарда Самуйлёнка «Тэорыя Каленбрун», якая была пастаўлена ў Гомелі ў канцы таго ж года. У творы ідзе гаворка пра барацьбу замежнага рабочага класа супраць фашызму, пра сімпатыі да Савецкай краіны.

У 1935 г. шырока адзначаўся 15-гадовы юбілей тэатра Уладзіслава Галубка, многія акцёры атрымалі ганаровыя званні, Галубок быў узнагароджаны аўтамабілем і творчай камандзіроўкай у Маскву і Ленінград.

Акцёрская дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Сцэна са спектаклю «Суд» (крайні справа — Уладзіслаў Галубок у ролі Авечкі)

Галубок быў яркім выканаўцам драматычных і характэрных роляў: Авечка («Суд»), Сурынта («Пан Сурынта»), Гусак («Дыктатура» І. К. Мікіценка  (руск.)), Андрон («Мой сябра» М. Ф. Пагодзіна), Палкоўнік («Ганка») і іншыя[3].

Арыштавалі Галубка ў 1937 г. «традыцыйным» спосабам, на досвітку. Хутка ў мінскай кватэры драматурга адбыўся вобыск. Забралі не толькі ўсе рукапісы, але нават прыватныя рэчы тэатра. Вельмі пацярпела сям’я: старэйшаму сыну Эдуарду, навуковаму супрацоўніку, не дазволілі абараніць дысертацыю па беларускай драматургіі, дачку Багуславу прымусілі ехаць на вёску — «перавыхоўвацца» ў калгасе, малодшых сыноў выключылі з камсамола, як дзяцей ворага народа. Жонка ў адчаі спрабавала скончыць жыццё самагубствам — яе ледзь выратавалі.

Пасля арышту Галубка ўсе яго карціны былі звезены ў НКУС, затым туды запрасілі гомельскага мастака Міхаіла Сімкоўскага і загадалі замаляваць на ўсіх палотнах подпіс аўтара. Сімкоўскі працаваў усю ноч, не спадзяючыся, што і сам выйдзе на волю. Аднак раніцай яго выпусцілі і нават дазволілі ўзяць што-нішто з твораў Галубка. Сімкоўскі змог вынесці толькі чатыры работы. Цяпер яны вісяць у адным з гомельскіх клубаў.

Пра далейшы лёс Галубка яго сям’я так нічога і не даведалася. У дакументах засведчана — памёр у 1942 г. ад гіпертаніі. Але дзе і як пахаваны — ні слова. Ёсць падставы лічыць, што гэтае паведамленне — фальшывая адпіска, якіх было шмат у той час[4].

Існуюць легенды пра лёс Галубка пасля арышту. Даследчык Замкавец апавядае, што, быццам, Галубок быў высланы ў Сібір і там стварыў тэатральную трупу са ссыльных. Выступленні іх нібыта бачылі на паромах вялікіх сібірскіх рэк.

Уладзіслаў Галубок рэабілітаваны пасмяротна 26 жніўня 1957 года Вярхоўным судом БССР.

Значэнне працы У. Галубка

[правіць | правіць зыходнік]

Драматургічная, рэжысёрская і акцёрская дзейнасць Галубка з’яўляецца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам. У драматургіі яго творчасць выяўлялася глыбокім веданнем народнага жыцця. П’есы адрозніваліся сцэнічнай вастрынёй канфлікту, многія з іх напісаны ў жанры меладрамы з кантрасным супрацьпастаўленнем дабра і зла. Камедыі насычаны каларытным народным гумарам, характарызуюцца вострымі сітуацыямі з сатырычнай афарбоўкай[3].

Галубок творча развіваў традыцыі старажытнага народнага тэатра: батлейкі, народнай драмы, інтэрмедый[3]. Акрамя акцёрскай і рэжысёрскай дзейнасці У. Галубок працаваў як мастак-дэкаратар, ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес[3].

У. Галубок выхаваў многіх беларускіх акцёраў: У. І. Дзядзюшка, К. Ф. Быліч, Андрэй Блажэвіч і іншых[6]. У трупе Галубка рабіла свае першыя крокі на сцэне адна з найбольш знакамітых беларускіх актрыс Стэфанія Станюта, музычнай часткай кіраваў Нестар Сакалоўскі — аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі; а на скрыпцы граў Міхаіл Лучанок, бацька вядомага кампазітара — Ігара Лучанка[20]. У трупе працавалі і некаторыя беларускія пісьменнікі і паэты, напрыклад, Міхась Васілёк, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі, Алесь Дудар і іншыя.

Некалькі партрэтаў У. Галубка ў розных тэхніках напісаў Яўген Мікалаевіч Ціхановіч, які быў яго зяцем, Медаль Камітэту Ушанавання «Уладзіслаў Галубок» зрабіў Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі[21], З. Азгур у 1936 г. стварыў бюст Галубка, які не захаваўся[22].

Спіс пастановак п’ес Уладзіслава Галубка

[правіць | правіць зыходнік]
  • «Апошняе спатканьне» (Вільня, 1917, пастаўлена ў 1919),
  • «Пісаравы імяніны» (1917, пастаўлена ў 1927),
  • «Бязьвінная кроў» (пастаўлена ў 1918),
  • «Залёты дзяка» (пастаўлена ў 1918),
  • «Бязродны» (пастаўленая ў 1919),
  • «Суд» (Вільня, 1920, пастаўлена ў 1924),
  • «Душагубы» (пастаўлена ў 1921),
  • «Ганка» (1920, пастаўлена ў 1929),
  • «Пан Сурынта» (1923, пастаўлена ў 1930),
  • «Плытагоны» (пастаўлена ў 1923),
  • «Фанатык» (пастаўлена ў 1922),
  • «Пінская мадонна» (пастаўлена ў 1927),
  • «Белы вянок» (1921, пастаўлена ў 1929),
  • «Ветрагоны» (1919, пастаўлена ў 1930),
  • «Ліпавічок» (1922) і інш.
  • «Бабы-ліхадзейкі» (1922)
  • «Краб» (1927, пастаўлена ў 1930),
  • «Белая зброя» (1933, пастаўлена пад назвай «Рыкашэт» у 1935),
Мемарыяльны знак у гонар У. Галубка на ст. Лясная

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]
  • Імем Уладзіслава Галубка названыя вуліца мінскага жылога раёна Дамброўка, вуліца ў Маладзечне[23], у вёсцы Лясная.
  • У Мінску адкрыта «Гасцёўня Уладзіслава Галубка» — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. У экспазіцыі музея прадстаўлены касцюмы з тэатра У. Галубка, фотаздымкі, дакументы, мастацкія творы, афішы тэатра першага народнага артыста Беларусі[24].
  • У 1982 годзе рэжысёр А. А. Салавей зняў фільм «Владислав Голубок»[25].
  1. Голубок Владислав Иосифович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  2. Uladzìslaŭ Galubok // MAK
  3. а б в г д е ё ж Голубок Владислав Иосифович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 156. — 737 с.
  4. а б в г д е Замкавец, У. (1993). "Жыццё, абарванае куляй". "Полымя" (№8): 138–145. {{cite journal}}: |issue= мае залішні тэкст (даведка)
  5. а б в г Яцухна, В. (1989). "Аднаактовыя п'есы Уладзіслава Галубка". Беларуская літаратура [зборнік артыкулаў]. (№17). Мінск: 84–91. {{cite journal}}: |issue= мае залішні тэкст (даведка)
  6. а б У. Галубок у Вялікай Савецкай Энцыклапедыі(недаступная спасылка)
  7. Конан У. Лучынка // ЭГБ у 6 т.. — Мн., 1997. — Т. 4.
  8. Конан У. Беларускі шлях // ЭГБ у 6 т.. — Мн., 1993. — Т. 1.
  9. Лаўшук, С. (1983). Рэвалюцыяй акрылены талент // Прадмова да кн.: Галубок У. Творы. Мінск. p. 16.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: месца без выдавецтва (спасылка)
  10. Карабанава, Л. (1982). Драматургія Уладзіслава Галубка. Мінск. p. 42.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: месца без выдавецтва (спасылка)
  11. Завадская, І. (2002). "Яму не было замены... : Пра Уладзіслава Галубка". Роднае слова (№15): 72–76. {{cite journal}}: |issue= мае залішні тэкст (даведка)
  12. а б Галубок, У. (1983). Творы. Мінск.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: месца без выдавецтва (спасылка)
  13. ГАЛУБОК Уладзіслаў // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  14. Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: У 3 т. Т. 1: Ад вытокаў — да пачатку XX стагоддзя / Бел. ун-т культуры; Укл., рэд. тэкстаў, уступ. арт. і камент. А.В.Сабалеўскага. — 2-е выд., пашыр. і ўдаклад.. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — С. 366—367. — 444 с. — ISBN 985-08-0064-X.
  15. а б в А. В. Сабалеўскі. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн., 2002. — Т. 1. — С. 140—143. — 568 с.
  16. а б в Анатоль Сабалеўскі Тэатр Уладзіслава Галубка // Роднае слова. — Мн.: 2007. — № 5.
  17. Воранаў 2020.
  18. Галубок, Уладзіслаў (1983). Драматургія, паэзія, проза, публіцыстыка. Мінск.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: месца без выдавецтва (спасылка)
  19. а б Звонак, Алесь (1967). Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мінск.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: месца без выдавецтва (спасылка)
  20. ВЛАДИСЛАВ ГОЛУБОК ИЗ БАРАНОВИЧЕЙ был первым Народным артистом БССР(недаступная спасылка) (руск.)
  21. ГАЛУБОК Уладзіслаў Іосіфавіч
  22. Довоенное творчество Архівавана 5 сакавіка 2016. (руск.)
  23. Вуліцы, што будуць добраўпарадкаваныя да «Дажынак» Архівавана 13 красавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
  24. Гостиная Владислава Голубка — филиал Государственного музея истории театральной и музыкальной культуры Беларуси Архівавана 23 студзеня 2013. (руск.)
  25. Соловей Александр Артемович Архівавана 6 сакавіка 2016. (руск.)
  • Воранаў В. Дудары Глыбоцкага краю. — Глыбокае: ТБМ, 2020.
  • Замкавец, У. Жыццё, абарванае куляй/Уладзімір Замкавец // Полымя. — 1993. — № 8. С. 138—145.
  • Завадская, І. Яму не было замены… : Пра Уладзіслава Галубка / Ірына Завадская // Роднае слова. — 2002. — № 5. — С. 72 — 76.
  • Яцухна, В. Аднаактовыя п’есы Уладзіслава Галубка / В. Яцухна // Беларуская літаратура [зборнік артыкулаў]. Вып. 17. — Мінск, 1989. — С. 84 — 91.
  • Адхінуўшы заслону часу…: Успаміны пра Уладзіслава Галубка.—Мн., 1979