Уладзіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты
Уладзіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 23 красавіка (5 мая) 1831 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 сакавіка 1886 (54 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Адукацыя | |
Веравызнанне | каталік |
Асноўныя ідэі | ліберальна-дэмакратычныя |
Род дзейнасці | паўстанец, медык, мемуарыст |
Бацька | Канстанцін Борзабагаты[d] |
Маці | Юлія з Туганоўскіх[d] |
Узнагароды | адмаўляўся прымаць любыя медалі і ордэны |
Удзельнік | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Уладзіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты (23 красавіка (5 мая) 1831, вёска Рутка, Навагрудскі павет, Літоўска-Гродзенская губерня, Расійская Імперыя, — 28 сакавіка 1886, мястэчка Любяшова, Пінскі павет, Мінская губерня, Расійская Імперыя) — медык, кіраўнік Судзеньскага паўстання (1863—1864) у Навагрудскім павеце Мінскай губерні[1], мемуарыст[2].
Карыстаўся крыптанімам K.B.
Паходжанне і сям'я
[правіць | правіць зыходнік]Належаў да старажытнага шляхецкага роду Борзабагатых гербу «Яліта», які вядомы з пачатку XVII ст., а прадстаўнікі яго пачаткова былі праваслаўнымі і валодалі невялікімі маёнткамі ў Новагародскім ваяводстве ВКЛ — каля Навагрудка і Слуцка: вёскі Студзянец, Крымілавічы, Кулікова, Залюбеча, Залужжа і Быхаўшчына[3].
Уладзіслаў Борзабагаты нарадзіўся 23 красавіка (5 мая) 1831 г. у спадчынным маёнтку Рутка[4] ў Навагрудскім павеце (Гродзенская губерня, Расійская Імперыя) у сярэднезаможнай дваранскай каталіцкай сям'і Канстанціна Францавіча Борзабагатага (1811—1843) і яго жонкі Юлііі Янаўны Туганоўскай (1812—1880)[5]. Юлія Туганоўская была дачкой суседняга маянткоўца. У шлюбе Кастанціна і Юліі нарадзілася яшчэ 6 сыноў: Юзаф Канстанцінавіч Борзабагаты (1832—1865), вайсковы ўрач Баляслаў Канстанцінавіч Борзабагаты (1833—?), Станіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты (1834—?), паўстанец Антоній Канстанцінавіч Борзабагаты (1836—1900), Францішак Канстанцінавіч Борзабагаты і Ігнат Канстанцінавіч Борзабагаты (1835—?)[6]. Канстанцін Францавіч Борзабагаты служыў на выбарных дваранскіх пасадах — спачатку навагрудскім павятовым межавым суддзёй, а пасля гродзенскім губернскім межавым суддзёй[6].
Дзед Уладзіслава — Франц (Францішак) Андрэевіч Борзабагаты — быў навагрудскім павятовым суддзёй і ў спадчыну ад бабулі (Кацярыны са шляхецкага роду Іздзебскіх) атрымаў маёнткі Студзянец і Крымілавічы (Кржымілавічы)[3]. Прадзед Андрэй Вінцэнтавіч Борзабагаты атрымаў пасаду вознага Новагародскага ваяводства[3].
Спачатку Уладзіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты быў хрышчаны ў 1831 г. бацькамі ва ўніяцкай царкве ў вёсцы Сянежыцы Навагрудскага павета і атрымаў імя «Уладзіслаў»[7]. Пазней, у пяцігадовым узросце быў (па жаданні бацькоў) 11 жніўня 1836 г. хрышчаны ў Навагрудку ў каталіцтва і атрымаў імя «Уладзіслаў Марк», з якіх звычайна карыстаўся імем «Уладзіслаў»[7].
Маёнткі
[правіць | правіць зыходнік]Бацька Уладзіслава Канстанцін Францавіч Борзабагаты атрымаў у 1820 г. у спадчыну па тастаменту ад свайго пляменніка Людвіка Борзабагатага маёнтак Рутка з 70 прыгоннымі (34 мужчынскага полу і 36 жаночага), а ў 1829 г. у спадчыну ад свайго бацькі Франца частку маёнтка Студзянец[8].
Уладзіслаў нарадзіўся і вырас у Рутцы ў бацькоўскім новым драўляным палацыку плошчай 36x13,5 аршын[6].
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Пачатковую адукацыю і выхаванне атрымаў у бацькоўскім доме пад наглядам сваёй маці, што дазволіла Уладзіславу ў 1842 г. паступіць адразу ў трэці клас вучылішча ў Навагрудку, дзе быў 5-гадовы тэрмін навучання[9].
У 1846 г. Уладзіслаў стаў вучыцца ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, куды юнаку дапамог паступіць на навучанне даўні знаёмы яго маці — дваранін-кальвініст і маянтковец Павел Воўк, які быў мецэнатам і ахвяраваў значныя сродкі на ўтрыманне Слуцкай кальвінсцкай гімназіі. Менавіта па пратэкцыі Паўла Воўка Уладзіслава Борзабагатага прынялі ў гімназію як кальвініста, хоць у сапраўднасці Уладзіслаў ім не быў[10]. У 1848 г. Уладзіславу прышлося пакінуць гімназію за беспадстаўныя абвінавачанні з боку гімназічнай адміністрацыі ў нядобранадзейнасці, што з той пары, паводле ўласных успамінаў, настроіла юнака «супраць усяго рускага»[11].
У 1848 г. Уладзіслаў паступіў у Мінскую гімназію з умовай, што ён будзе жыць у інтэрнаце пад наглядам[12]. За ўдзел у мінскай секцыі тайнай арганізацыі «Братні саюз літоўскай моладзі», у 1849 г. Уладзіслаў быў выключаны з Мінскай гімназіі без права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы[1][13]. Пасля следства быў асуджаны на экзекуцыю, і 27 чэрвеня 1849 г. (у дзень сваіх імянін) у Мінску ў двары гімназіі пры прысутнасці іншых гімназістаў атрымаў на лаўцы замест 100 прысуджаных удараў лазовай палкай 101 удар, што дало Уладзіславу падставу называць сябе «кавалерам 101 рускай палкі»[14]. Публічны здзек абвастрыў яго нянавісць да расійскіх улад[14].
Пачаў займацца самаадукацыяй: філасофія, палітычная эканомія (эканамічная тэорыя)[14].
Пасля амністыі ў 1855 г., якую новы расійскі імператар Аляксандр II даў усім выключаным па палітычным матывам навучэнцам, Уладзіслаў паступіў у канцы 1855 г. на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта[15]. У час вучобы далучыўся да канспіратыўнай студэнцкай суполкі «Агул»[16].
Праца гувярнёрам і шлюб
[правіць | правіць зыходнік]Пасля выключэння з Мінскай гімназіі пачаў працаваць у Навагрудку ў навагрудскага павятовага ўрача П.Ф. Гнаінскага гувярнёрам яго дзяцей. У доме Гнаінскага пазнаёміўся з іншай гувярнанткай урача — Фані Штрудзель дэ Бельмон (Fanny Strudel de Belmont), якая нарадзілася ў Лазане (Швейцарыя) і была швейцаркай. 15 жніўня 1854 г. Уладзіслаў ажаніўся з Фані ў Навагрудку[14]. Яго жонка Фані пачала называцца на мясцовы манер як «Францішка». У шлюбе нарадзіліся 8 дзяцей, з якіх выжылі толькі дачка Вераніка (1859—1953) і сын Уладзіслаў (1862 г.нар.).
Працоўная дзейнасць на радзіме да Студзеньскага паўстання
[правіць | правіць зыходнік]Пасля атрымання 10 чэрвеня 1861 г. дыплома выпускніка Маскоўскага ўніверсітэта працаваў урачом у Навагрудку[1][2][17]. У красавіку 1861 г. Уладзіслаў Борзабагаты быў у ліку тых асоб, якія наладзілі ўрачыстую сустрэчу Уладзіславу Міцкевічу (сыну паэта Адама Міцкевіча), які наведаў Навагрудак[18].
Удзел у Студзеньскім паўстанні (1863—1864)
[правіць | правіць зыходнік]У 1862 г. стаў прадстаўніком Літоўскага правінцыйнага камітэта ў Навагрудскім павеце, а паўстанцкая арганізацыя дзякуючы Борзабагатаму ў канцы 1862 г. налічвала звыш 100 чалавек (у тым ліку брат жонкі — Рудольф Штрудзель)[19].
Падчас Судзеньскага паўстання (1863—1864) у студзені-лютым 1863 г. быў паўстанцкім камісарам Навагрудскага павета (Мінская губерня), аднадумцам Кастуся Каліноўскага і належаў да групоўкі «чырвоных», абараняў інтарэсы сялян, патрабаваў экспрапрыяцыі зямельнай маёмасці памешчыкаў[1]. Пасля перахопу ўлады групоўкай «белых» на пасаду паўстанцкага кіраўніка (камісара) Навагрудскага павета быў прызначаны замест Борзабагатага маянтковец Канстанцін Кашыц (каля 1822—1881), а Борзабагатага паўстанцкі Віленскі камітэт прызначыў на пасаду цывільнага начальніка Навагрудскага павета, каб Борзабагаты як добры хімік рабіў порах для паўстанцаў, аднак Борзабагаты адмовіўся стаць цывільным начальнікам[20]. Кашыц хацеў адцягнуць пачатак паўстання ў Навагрудскім павеце да мая 1863 г., бо лічыў, што павет яшчэ слаба падрыхтаваны для гэтага (мелася толькі 80 паўстанцаў)[20]. У красавіку 1863 г. (паводле планаў і загаду Зігмунта Серакоўскага) навагрудскі паўстанцкі атрад каля 130 чалавек рушыў дзвюма групамі ў месца збору — Налібоцкую пушчу да вёскі Налібакі[21]. Борзабагаты займаўся забеспячэннем зброяй, адзеннем і харчаванне атрада[22]. 7 красавіка 1863 г. адбыўся бой навагрудскага паўстанцкага атрада (каля 150 чалавек) з царскімі войскамі каля Налібакаў: паўстанцы адступілі, страціўшы па розным дадзеным 30-60 чалавек, але хутка да атрада далучыліся і новыя ахвотнікі, а атрад уступаў у дробныя сутычкі з праціўнікам[23]. Непасрэдна Уладзіслаў не прымаў удзел у бітвах, а толькі кіраваў і арганізоўваў, быў лекарам паўстанцаў; ваяваў непасрэдна толькі яго брат Антоній Канстанцінавіч Борзабагаты[22].
У сярэдзіне мая 1863 г. Борзабагаты атрымаў загад ад Кастуся Каліноўскага накіраваць навагрудскі атрад (дзе мелася ўжо каля 140 чалавек) пад Мілавіды ў Слонімскім павеце на злучэнне з іншымі атрадамі паўстанцаў[22]. 22 мая адбылася бітва пад Мілавідамі, якая стала адной з самых буйных бітваў паўстання ў Беларусі. Пасля бітвы рэшткі атрада вярнуліся ў чэрвені 1863 г. у Навагрудскі павет і, пасля невялікіх сутычак, у кастрычніку 1863 г. самараспусціліся[24].
Следства па справе арганізацыі паўстання ў Навагрудскім павеце прызнала ў верасні 1864 г. менавіта лекара Уладзіслава Борзабагатага самым галоўным і дзейсным арганізатарам паўстання ў павеце[24].
Пасля задушэння Студзеньскага паўстання Борзабагаты быў на нелегальным становішчы ў г. Гродна[25]. Завочна прыгавораны 8 снежня 1864 г. расійскай уладай да пакарання смерцю[1][26]. З Гродна пераежае таемна ў г. Каліш (Расійская Імперыя), а пасля праз аўстрыйскую мяжу едзе ў пачатку 1865 г. у Італію[25].
Жыццё ў эміграцыі
[правіць | правіць зыходнік]У чэрвені 1865 г. з Італіі пераязджае ў Францыю — у г. Марсель, са жніўня 1865 г. жыў у Парыжы, меў медыцынскую практыку[27]. Вясной 1866 г. едзе ў г. Бухарэст (Румынія), а пасля ў г. Мілан (Італія), адкуль піша ў Навагрудак ліст да жонкі прыслаць яму дыплом аб медыцынскай адукацыі[27].
У 1870 г. жонцы з дзецьмі ўдалося прыехаць у Парыж, бо дапамагло тое, што яна была грамадзянкай Швейцарыі[28]. Жыццё ў Парыжы было для сям'і цяжкім, бо, маючы расійскі дыплом, Уладзіслаў Борзабагаты мог лячыць толькі эмігрантаў з ліку грамадзян Расійскай Імперыі. Для атрымання больш шырокай кліентуры вырашыў прайсці перападрыхтоўку і засваенне самых новых метадаў лячэння ў парыжскіх клініках, што ўдалося дзякуючы здольнасцям і настойлівасці[28]. У Парыжы вылячыў графа Уладзіміра Пятровіча Буткова (ад псіхічнага захворвання — маніі вялікасці), які быў высокім расійскім саноўнікам, любімцам расійскага імператара Аляксандра II і беспаспяхова лячыўся датуль у Парыжы ў французскіх лекараў. Пра ход лячэння расійскае пасольства штодзённымі тэлеграмамі паведамляла расійскаму імператару[29]. Пасля выздараўлення ад расійскага цара граф Павел Андрэевіч Шувалаў прыехаў з праверкай у Парыж, выказаў Борзабагатаму падзяку і паабяцаў пратэкцыю Борзабагатаму ў выпадку вяртання ў Расійскую Імперыю[29]. Борзабагаты прасіў у графа Шувалава, які быў набліжанай і даверанай асобай расійскага імператара, каб яму дазволілі вярнуцца менавіта ў Навагрудак і каб дазволілі там выдаваць часопіс. На права выдаваць часопіс граф Шувалаў не згадзіўся. За паспяховае лячэнне жонка Буткова дала 700 рублёў, што Борзабагаты прыняў[29].
У Парыжы зноў сустрэўся з Уладзіславам Міцкевічам, стаў наведвальнікам яго парыжскай кнігарні і цесна пасябраваў з сынам паэта[29]. У Парыжы Уладзіслаў Борзабагаты таксама далучыўся да левага крыла шматлікіх пасляпаўстанцкіх эмігрантаў з зямель Польшчы, Беларусі і Літвы, якое групавалася вакол Аб'яднання польскай дэмакратыі[29]. Расійскае пасольства ў Францыі займалася шпіянажам за эмігрантамі з Расійскай Імперыі, у тым ліку за Борзабагатым[30].
Удзельнічаў у франка-прускай вайне (1870—1871) у складзе французскай арміі ў якасці лекара 4-га лятучага батальёна Луарскай арміі[30]. Сам непасрэдна не ваяваў, але жыццё яго не раз падвяргалася рызыцы, бо на працягу 4 месяцаў аказваў на полі бою медыцынскую дапамогу гвардзейцам, мёрз і галадаў з імі ў акопах[30]. У студзені 1871 г. (пасля заключэння міру) выйшаў у адстаўку — у званні капрала[30]. На ўрачыстыя провады Борзабагатага сабраўся ўвесь батальён. З-за сціпласці адмовіўся перад батальёнам ад прыняцця медалёў і крыжоў. Паколькі Борзабагаты вызначыўся ў час вайны, то мог атрымаць па праву французскае грамадзянства, але гэтую прывілею не выкарыстаў, хоць і працягваў жыць у Францыі, бо заўжды думаў аб вяртанні на радзіму[30].
У часы Парыжскай камуны (1871) уступіў у Нацыянальную гвардыю, у красавіку 1871 г. стаў паплечнікам і урачом пры штабе генерала Парыжскай камуны Валерыя Урублеўскага, які камандаваў войскамі левага фланга[31]. Быў галоўным медыкам Парыжскага шпіталя. У час баёў у Парыжы быў памылкова арыштаваны, бо зайшоў у булачную ў старой шапцы 4-га батальёна, таму яго прынялі за шпіёна і маглі расстраляць, але Урублеўскі хутка заступіўся за Борзабагатага[32].
Пасля падаўлення Парыжскай камуны Борзабагаты быў арыштаваны новай французскай уладай, яго адправілі за краты ў Версаль, дзе ён 7 тыдняў чакаў прысуду і зносіў здзек і допыты. Па прыгавору быў асуджаны на катаржныя работы на галеры, хоць пагражаў яму і расстрэл[33]. Аднак на галерах не быў, бо ўжо ў верасні 1871 г. быў вызвалены і прадоўжыў медыцынскую практыку[33]. У маі 1872 г. пераехаў сам у г. Кракаў, а жонка і дзеці засталіся ў Парыжы[2][33].
У Кракаве Борзабагаты жыў у падвале і зарабляў нелегальнай практыкай урача, за што 24 мая 1873 г. яго прыцягнулі да адказнасці за гэта, але справа была спынена[30]. У кастрычніку 1874 г. у Кракаў прыехала і жонка Фані з дзецьмі. У 1874 г. напісаў зварот да графа Паўла Андрэевіча Шувалава з просьбай вярнуцца ў Расійскую Імперыю, на што атрымаў станоўчы водгук[34].
Вяртанне ў Расійскую Імперыю
[правіць | правіць зыходнік]Заўпэўнены ў дапамозе, былы паўстанец 4 лістапада 1874 г. здаўся на заходняй мяжы Расійскай Імперыі афіцыйным уладам. Борзабагатага пад канвоем даставілі ў Вільню і размясцілі ў басціён №14 цытадэлі на вуліцы Антокалькай[35]. Пачаліся дні чакання; вязню дазволілі напісаць жонцы. Расійскімі ўладамі збіраліся звесткі, у тым ліку аб удзеле Борзабагатага ў Парыжскай камуне. Смерць яму не пагражала, бо дзейнічала пратэкцыя графа Паўла Шувалава, але лёс арыштанта быў неакрэсленым. 26 студзеня 1875 г. Борзабагаты напісаў прашэнне не высылаць яго ў паўночныя раёны Расійскай Імперыі, указваючы, што 6 дзяцей ужо памерлі ад сухотаў і ён непакоіцца аб здароўі двух астатніх (Уладзіслава і Веранікі)[36].
Ваенны суд 1 красавіка 1875 г. асудзіў Борзабагатага на 20 год катаргі на рудніках і пазбаўленне дваранскага звання, але замяніў на пазбаўленне статусу двараніна і пасяленне ў Томскай губерні з забаронай 2 гады адлучацца з губерні і забаронай на 4 гады заязджаць у іншыя губерні Сібіры. Выкананне прысуду зацгвалася. Нарэшце 26 чэрвеня 1875 г. расійскі імператар дазволіў выслаць арыштанта ў адну з губерняў цэнтральнай часткі Расіі — на выбар міністра ўнутраных спраў[37]. У выніку месцам ссылкі на 10 год стала Кастрамская губерня; у чэрвені 1875 г. Борзабагаты ў суправаджэнні двух жандараў адправіўся ў Кастраму, а пасля ў невялікае сяло Архангельск (Кастрамская губерня)[37]. Неўзабаве яму ўдалося дабіцца ад улад заняцца медыцынскай практыкай у якасці земскага ўрача ў г. Варнавіне[38].
У 1876 г. атрымаў дазвол на прыезд у Расійскую Імперыю сваёй жонкі і дзяцей, чаму зноў дапамагла пратэкцыя Шувалава. Па дарозе да мужа жонка і дзеці наведалі матку Уладзіслава ў маёнтку Вясёлы Двор (Слонімскі павет)[38]. За адданую службу і ліквідацыю эпідэміі тыфу атрымаў ад пацыентаў залаты гадзіннік з дарчым надпісам[38].
У 1884 г. скончыліся 10 год яго ссылкі. Борзабагаты адразу вырашыў вярнуцца ў родныя мясціны, наведаў Навагрудак, аднак улады не дазволілі яму там пасяліцца. У Мінскай губерні была вакантнай пасада сельскага ўрача ў мястэчку Любяшова Пінскага павета, дзе Борзабагаты пасяліўся з сям'ёй, працаваў урачом і памёр 28 сакавіка 1886 г.[39] Пахаваны ў Любяшове (цяпер гэта ўжо Валынская вобласць Украіны), магіла з цягам часу згубілася.
Напісаў успаміны пра Студзеньскае паўстанне[1].
Нашчадкі роду Борзабагатых
[правіць | правіць зыходнік]Пасля эміграцыі сына Уладзіслава, маці Юлія Борзабагатая (з роду Туганоўскіх) вымушана была прадаць маёнтак Рутка і пераехала з сынам Ігнатам Канстанцінавічам Борзабагатым у маёнтак Вясёлы Двор (Слонімскі павет). Ігнат валодаў маёнткам да 1939 г., калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР[40]. У міжваенны час у Заходняй Беларусі жыло шмат сваякоў Уладзіслава Борзабагатага, якія пасля Другой сусветнай вайны аселі ў Польшчы. У 1938 г. у Польшчы быў апублікаваны нарыс Канстанціна Канстанцінавіча Борзабагатага (1906—1936) аб сваім сваяку Уладзіславе Борзабагатым[41].
Дачка Уладзіслава Борзабагатага Вераніка памерла 17 ліпеня 1953 г. у Польшчы, а пры жыцці склала геналагічнае дрэва свайго роду ад XV ст.[41]
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]2 жніўня 1981 г. доктар медыцынскіх навук, прафесар Вітольд Часлававіч Бржэскі (1913—1984), які заснаваў і на працягу 20 год узначальваў у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце кафедру сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя, распачаў перапіску з Навагрудскім камітэтам Камуністычнай партыі Беларусі аб увекавечанні памяці ў г. Навагрудку ўрача і паўстанца Уладзіслава Борзабагатага. Да перапіскі дабаўляліся копіі дакументаў з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы і спіс літаратурных крыніц. У выніку пасля шматмесячнай перапіскі 15 верасня 1982 г. Навагрудскі камітэт Камуністычнай партыі Беларусі вырашыў перайменаваць у г. Навагрудку вуліцу Бальнічную ў вуліцу Уладзіслава Канстанцінавіча Борзабагатага[42]. Вуліца носіць яго імя і дагэтуль.
У 1991 г. у вёсцы Рутка 1 з нагоды 160-гадовага юбілея нараджэння Уладзіслава Борзабагатага быў устаноўлены памятны знак — прывезены з ваколіцы камень-валун, да якога прымацавалі мемарыяльную шыльду[43].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е Борзобогатый Владислав Константинович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 73. — 737 с.
- ↑ а б в Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- ↑ а б в Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 22.
- ↑ Зараз гэтая вёска ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі мае назву «Рутка 1».
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 21—23.
- ↑ а б в Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 24.
- ↑ а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 21.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 22, 23, 24.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 22, 27.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 28.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 29, 30.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 30.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 31.
- ↑ а б в г Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 32.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 33, 34.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 35.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 36.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 41.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 40, 43, 44.
- ↑ а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 48.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 51.
- ↑ а б в Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 53.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 52.
- ↑ а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 57.
- ↑ а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 59.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 58.
- ↑ а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 62.
- ↑ а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 63.
- ↑ а б в г д Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 64.
- ↑ а б в г д е Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 65.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 66.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 67.
- ↑ а б в Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 68.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 70, 71.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 71.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 71, 72.
- ↑ а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 72.
- ↑ а б в Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 73.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 74.
- ↑ Ігнатовіч, Ф. І. Уладзіслаў Борзабагаты… С. 75.
- ↑ а б Ігнатовіч, Ф. І. Уладзіслаў Борзабагаты… С. 76.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 76—78.
- ↑ Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 78.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Уладзіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты на Вікісховішчы |
- Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты / Ф.І. Ігнатовіч. — Мінск : Полымя, 1993. — 79 с.
- Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг. М., 1965
- Грицкевич В. П. С факелом Гиппократа. Мн., 1987
- ЭГБ, т. 2
- АЗБ.
- Нарадзіліся 5 мая
- Нарадзіліся ў 1831 годзе
- Нарадзіліся ў Навагрудскім павеце (Расійская імперыя)
- Памерлі 28 сакавіка
- Памерлі ў 1886 годзе
- Памерлі ў Мінскай губерні
- Выпускнікі Слуцкай гімназіі
- Асобы
- Палітыкі паводле алфавіта
- Выпускнікі Мінскай губернскай гімназіі
- Рэвалюцыянеры Беларусі
- Медыкі Францыі
- Медыкі Беларусі
- Медыкі Расіі
- Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў
- Удзельнікі франка-прускай вайны
- Парыжская камуна