Перайсці да зместу

Уладзіслаў Сталыгва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзіслаў Сталыгва
Род дзейнасці грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 1874
Месца нараджэння
Дата смерці невядома
Жонка Марыя Сталыгва[d]
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладзіслаў Сталыгва (1874 — ?) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч пачатку XX стагоддзя.

Беларускі гурток у Варшаве, 1912 г. На ім стаяць злева направа: Віктар Галаўня, Вітольд Віславух, Рамуальд Зямкевіч, Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Францішак Віславух, Альбін Яхандовіч, Людвік Славінскі, Гальяш Леўчык. Сядзяць злева направа: Ванда Кандрацкая, Марыя Сталыгва, Марыя Залеская, Уладзіслаў Сталыгва, Язэп Гапановіч. На падлозе сядзяць дзеці Уладзіслава і Марыі Сталыгваў — Паўлінак, Маня і Геня. Подпіс беларускай лацінкай: Biełaruski hurtok u Waršawi.

Быў родам з Віцебшчыны. Сям’я захоўвала беларускія традыцыі. Так, напрыклад, як прыгадвала Зоська Верас, на запускі іх частавалі беларускімі нацыянальнымі стравамі, такімі як верашчака, стояны кісель і іншымі. Гэта былі 1912—1915 гады.

У маі 1906 года ў Санкт-Пецярбургу была створана выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца»[1], дзе Уладзіслаў Сталыгва быў сакратаром. Але ўжо ў 1910 годзе яго сям’я пакінула Санкт-Пецярбург і пераехала ў Варшаву.

На лецішча сям’і Сталыгаў, якое было недалёка ад Варшавы ў Ажарове, амаль штотыдзень прыязджалі беларусы, якія вучыліся і жылі ў горадзе. Свае сустрэчы ў Сталыгваў яны называлі гуртком беларускай моладзі. Фактычна, гэта і быў першы гурток беларусаў у Варшаве ў XX стагоддзі. Лецішча ў Ажарове Сталыгам праектаваў беларускі архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі.

Адтуль Сталыгвы перабраліся ў Вільню. А ў сакавіку 1915 года Віленская губернская ўправа ў справах аб’яднанняў зацвердзіла статут Беларускага таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, і таварыства пачало працаваць. Старшынёй стаў Вацлаў Іваноўскі, Уладзіслаў Сталыгва быў адным з сяброў таварыства.

Пасля 1918 года быў сябрам Беларускага навуковага таварыства ў Вільні[2].

У 1920-х гадах, як прыгадвае Зоська Верас, сям’я Сталыгваў жыла ў Вільні. Але ад беларускасці яны адышлі, таму «спатыкацца з імі не было ахвоты».