Унія (часопіс)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Унія»
Арыгінальная
назва
альтэрн.: Унія
Тып часопіс

Выдавец Суполка «Унія»
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Галоўны рэдактар Ірына Дубянецкая
Заснавана 1990 год
Спыненне публікацый 1995
Мова Беларуская, украінская
Перыядычнасць Неперыядычны
Аб'ём 32-48 стар.
Кошт 2 рублі (1990 год)
Тыраж 2000-10000

«Унія» — неперыядычны рэлігійны часопіс, які выдаваўся ў Мінску ў 1990—1995 гадах. Першапачаткова ставіў сваёй задачай даследваць беларускую духоўнасць і ініцыяваць адраджэнне Грэка-каталіцкай (Уніяцкай) Царквы ў Беларусі. Выйшла чатыры нумары на беларускай мове класічным правапісам, адзін з якіх таксама быў выдадзены па-ўкраінску.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ініцыятыва нарадзілася ў асяродку нефармальных моладзевых суполак, аб’яднаных вакол ідэі нацыянальнага адраджэння і дэмакратычных пераўтварэнняў напрыканцы 1980-х гадоў, калі Беларусь была ў складзе СССР. Першапачатковая ідэя старонкі пра рэлігійныя пошукі і Унію ў газеце «Супольнасьць» Канфедэрацыі беларускіх моладзевых суполак пераўтварылася ў часопіс «Унія» дзеля вывучэння беларускай духоўнасці праз гісторыю і культуралогію.[1]

Першы нумар часопіса меў падзагаловак «Выданьне беларускае ўніяцкае моладзі». У ім паведамлялася, што 13 ліпеня 1990 года ў Мінску ўтварылася суполка «Унія», якая будзе выдаўцом часопіса. 6 жніўня 1990 года ў Доме літаратара адбылася вечарына, на якой часопіс быў упершыню прадстаўлены. Ён быў надрукаваны ў друкарні «Liesma» (Рыга, Латвія) накладам 10 тыс. асобнікаў.[2] У яго падрыхтоўцы бралі ўдзел Ірына Дубянецкая, Караліна Мацкевіч і Міхал Анемпадыстаў[3]. Часопіс прадаваўся распаўсюднікамі непадцэнзурных выданняў на мітынгах, вечарынах, з’ездах і пад.

Другі нумар выйшаў у канцы 1990 года з новым падзагалоўкам — «Часопіс хрысьціянскага сумоўя». Сябры рэдакцыі: Сяржук Абламейка (заснавальнік), Ігар Бабкоў, Юрась Быкаў, Сяржук Вітушка, Галіна Дубянецкая, Ірына Дубянецкая (галоўны рэдактар), Галіна Жарко, Генадзь Лойка (мастацкі рэдактар), Караліна Мацкевіч (тэхнічны рэдактар) і Алена Ткачова[4].

Трэці нумар выйшаў у 1991 годзе. Паралельна часопіс быў выдадзены на ўкраінскай мове для распаўсюду ва Украіне. Часопіс атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю (заснавальнік — Сяргей Абламейка) і мог распаўсюджвацца праз дзяржаўную сетку распаўсюду. У складзе рэдакцыі пазначаны Ірына Дубянецкая (галоўны рэдактар), Караліна Мацкевіч (адказны рэдактар), Алена Ткачова (мастацкі рэдактар), Галіна Дубянецкая, Генадзь Лойка, Адрусь Пазняк і Эдвард Тарлецкі. У ліку фундатараў нумара: Уладзімір Арлоў, Юрась Беленькі, Галіна Дубянецкая, айцец Аляксандр Надсан (Вялікабрытанія), Алесь Палескі (Канада), Лія Салавей, Наталля і Зміцер Санько і Эдвард Тарлецкі[5].

Чацвёрты нумар выйшаў у 1995 годзе, калі стваральнікі часопіса — Сяргей Абламейка, Ірына Дубянецкая і Караліна Мацкевіч — працавалі ці вучыліся за мяжой. Яго рыхтавалі Наталя Альхова, Галіна Дубянецкая, Ірына Дубянецкая (рэдактар), Ігар Іваноў, Сяржук Няхамес і Алена Ткачова (мастацкі рэдактар)[6].

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Першы нумар адкрываўся зваротам ад выдаўцоў «Мілы браце!», які сфармуляваў першапачатковую задачу выдання: «Называецца вера нашая Грэка-Каталіцкая, або Уніяцкая […] Мы паспрабуем расказаць у гэтым выданьні, што самі ведаем пра нашую Унію». Тры гістарычныя матэрыялы склалі асноўны аб’ём гэтага нумара: «Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі» Міхаліны (Ірына Дубянецкая), «Апалёгія Вуніі» Сяржука Мамчыца (Сяргей Абламейка) і выступ Адама Мальдзіса на канферэнцыі ТБМ «Мы павінны зьмяніць свае адносіны да Уніі…» Адзін з цэнтральных матэрыялаў — інтэрв’ю з а. Аляксандрам Надсанам, запісанае падчас першага прыезда святара ў Беларусь у сакавіку 1990 года. Багаслоўе прадстаўлена кароткім нарысам Казіміра Сваяка, а паэзія — вершамі Уладзіміра Жылкі і Алеся Разанава. З першага нумара пачаўся раздзел «Хвалу Богу пяём, пяём», прысвечаны беларускім царкоўным спевам. Першы нумар пачаў таксама публікаваць хроніку адраджэння Грэка-Каталіцкай Царквы.

Багатае графічнае аздабленне часопіса зрабіла яго адметным сярод пазацэнзурных выданняў у тагачасной Беларусі. На вокладцы першага і другога нумароў — цярновы вянок, выкананы Міхалам Анемпадыставым.

Другі нумар меў новы падзагаловак — «Часопіс хрысціянскага сумоўя» — які адлюстроўваў і новы інтарэс рэдакцыі: у раздзеле «Шляхі да сумоўя» паэт Зніч (праваслаўны) і паэтка Данута Бічэль-Загнетава (рыма-каталічка) разважалі пра сутнасць і змест хрысціянскага адзінства для Беларусі. А грэка-каталіцкі погляд быў прадстаўлены перадрукам артыкула Льва Гарошкі «Няўміручая ідэя» з часопіса «Божым шляхам», які гэты святар выдаваў у Парыжы і Лондане. Сучаснае багаслоўе было прадстаўлена трыма тэкстамі на тэму святарскага паклікання, пачаткам «Катэхізма айца Пётры» (працяг якога з’явіўся ў трэцім нумары, але не атрымаў далейшага працягу) і артыкулам «Таямніцы Ружанцу» Яна Лук’яновіча. З літаратурных твораў — творы Трыпутніка (Галіна Дубянецкая), Ігара Бабкова, Наталлі Арсенневай і Вольгі Куртаніч. Сяргей Горбік напісаў гісторыю Петрапаўлаўскай царквы ў Мінску, а Караліна Мацкевіч і Сяржук Вітушка — пра традыцыі святкавання Калядаў. У гэтым нумары з’яўляецца першы артыкул у раздзеле «Беларускія абразы», які вёў знаўца ўніяцкага іканапісу Юрый Хадыка. З’яўляецца першы артыкул-агляд адраджэння Грэка-Каталіцкай Царквы Паўла Богдана (Сяржук Абламейка). Асобныя малюнкі багата-ілюстраванага нумара падпісаны: А. Жыгоцкая, Г. Лойка, А. Ткачова.

У трэцім нумары заўважаецца прысутнасць рыма-каталіцкіх аўтараў: Міхал Сапель (тады — пробашч першай у Мінску беларускамоўнай рыма-каталіцкай парафіі св. Роха), Тамаш Кемпійскі (уступ да ўрыўка з яго «Следам за Хрыстом» стварыў Эдвард Тарлецкі) і Казімір Сваяк. Пётра Смык і Алег Дзярновіч разважаюць пра перспектыву адзінства царкоўнага календара ў Беларусі. Таццяна Шамякіна апублікавала першы тэкст у раздзеле «У культурнай традыцыі свету», якія меўся ствараць дыскурс пра беларускую духоўную традыцыю ў сусветным кантэксце. У малітоўнай прозе «Дазволь прыйсці» Міхаліна (Ірына Дубянецкая) распавядае пра першую грэка-каталіцкую пілігрымку, а ў канцы нумара — рэпартаж пра першую паездку беларускай моладзі на экуменічную сустрэчу, арганізаваную супольнасцю Тэзэ. Літаратура прадстаўлена творамі Алеся Гаруна і Галіны Дубянецкай, а раздзел «Шляхі да сумоўя» — рэфлексіяй пастара Эрнста Сабілы.

Адной з тэм чацвёртага нумара стала свята Перамянення. Яму прысвечана казанне а. Аляксандра Надсана, біблейскае эсэ Ірыны Дубянецкай і артыкул Ю. Хадыкі ў раздзеле «Беларускія абразы». Другая тэма — імёны любові і Бога, якой прысвечаны пераклад з Максіма Вызнаўцы, эсэ Караліны Мацкевіч пра традыцыю Божага Імя ў старажытна-яўрэйскай і старажытна-хрысціянскай традыцыях і артыкул-інструкцыя а. Віктара Данілава пра Ісусаву малітву. Гісторыя Грэка-Каталіцкай Царквы разглядаецца ў артыкулах Сяржука Абламейкі і Казіміра Сваяка. Літаратура прадстаўлена творамі Якуба Коласа, Лукаша Трыпутніка (Галіна Дубянецкая) і Людкі Сільновай. У раздзеле «Шляхі да сумоўя» — інтэрв’ю з Ёзафам Марыя дэ Вольфам, сакратаром дабрачыннай арганізацыя «Царква ў патрэбе». У нумары — пачатак цыкла пра ўсходнія каталіцкія абрады Алеся Ліцвіна, а ў раздзеле «Раздарожжа» — малітоўная проза Міхаліны (Ірына Дубянецкая) на тэму кнігі Псалмоў. Агляд «Царква» ў апошнім нумары часопіса занатоўвае і аналізуе грэка-каталіцкае жыццё за 1991—1995 гады: рэгістрацыю першых парафій, складаныя стасункі з дзяржаўнымі ўладамі, заснаванне манастыра ў Полацку, безвыніковыя просьбы да Ватыкана аб прызначэнні біскупа.

Зноскі

  1. Лаўнікевіч, Дзяніс Гісторыя беларускага самвыдату: часопіс “Унія”. Mediakritika.by (20 мая 2015). — Інтэрв'ю з Ірынай Дубянецкай. Праверана 2 ліпеня 2020.
  2. Унія № 1, 1990, стар. 32 (выходныя дадзеныя)
  3. Лаўрык, Ю. і Андросік, л. Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971-1990). Каталёг. — Мн.: БГАКЦ, 1998. — С. 143. — ISBN 985-6012-58-9.
  4. Унія № 2, 1990, стар. 32 (выходныя дадзеныя)
  5. Унія № 1(3), 1991, стар. 32 (выходныя дадзеныя)
  6. Унія № 4, 1995, стар. 48 (выходныя дадзеныя)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]