Ураган у Беларусі (2025)
З вечара 9 па раніцу 10 ліпеня 2025 года на Беларусь абрынуўся ўраган. Найбольш пацярпеў горад Магілёў. Адзін чалавек загінуў.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Клімат Беларусі мяняецца ў сувязі з глабальным пацяпленнем. Улетку ўсё часцей і часцей насельніцтва сутыкаецца з хвалямі моцнай спякоты з ураганамі і штармамі[1][2] і трапічнымі ліўнямі[3]. У 2022 і 2024 гадах на Беларусь абрыналіся ўраганы. У апошнім выпадку галоўным чынам пацярпела Гомельская вобласць[4].
Лета 2025 года адзначылася кантрастамі: спякота змянялася прахалодай, ішлі моцныя дажджы, якія затым саступалі месца сухім сонечным дням. На тэрыторыі рэспублікі склалася спрыяльная сінаптычная сітуацыя для зрушэння цыкланічных утварэнняў, якія садзейнічалі паступленню цёплага і вільготнага паветра, а звязаныя з імі атмасферныя франты абумоўлівалі ў Беларусі няўстойлівы характар умоў надвор’я. На большай частцы краіны адзначаліся дажджы рознай інтэнсіўнасці, якія месцамі дасягалі крытэрыяў моцных і вельмі моцных[5].
На 9 ліпеня сіноптыкі прагназавалі спякоту да +40, моцныя залевы і вецер да 27 метраў за секунду.[6].
Уздзеянне стыхіі
[правіць | правіць зыходнік]9 і 10 ліпеня 2025 года па Беларусі прайшоў навальнічны фронт[7]. Спачатку ўраган з парывамі ветру да 23 метраў за секунду прайшоўся па поўначы краіны, бушуючы з 17.00 да 18.00 гадзін 9-га чысла ў Віцебскай вобласці. Сярод першых стыхія стукнула па вёсцы Вархі ў Гарадоцкім раёне. Вецер паваліў дзясяткі дрэў адзін на аднаго прама на трасу, у самой вёсцы знесены дахі і сцены. Усяго знесена 27 дахаў прыватных жылых дамоў і два дахі прыватных магазінаў. Цалкам перакрытая паваленымі дрэвамі траса Невель — Віцебск. Выданне «Камсамольская праўда» параўнала сітуацыю ў населеным пункце з апакаліпсісам[8].
Далей ураган рушыў на ўсход, у Магілёўскую вобласць. Толькі за адну ноч, з 9 на 10 ліпеня, у МНС на гарачыя лініі для аказання дапамогі паступіла 1,5 тыс. званкоў ад насельніцтва ў Магілёве і 4,5 тыс. зваротаў грамадзян у цэлым[7].
Найбольшая шкода прыпала на Магілёў, Гарадоцкі і Аршанскі раёны Віцебскай вобласці (электразабеспячэнне было парушана ў 58 населеных пунктах, парушылася праца 115 трансфарматарных падстанцый[8]), Смалявіцкі і часткова Барысаўскі раёны Мінскай вобласці. У першым выпадку абясточана 5 ліній электраперадачы напружаннем 110 кВт, выйшла са строю работа ЦЭЦ-2 і «Магілёўхімвалакно» (на тэрыторыі прадпрыемства ўпала металічная труба ўстаноўкі спальвання адходаў цэха, пашкоджана сцяна аднаго з будынкаў[9]), пацярпелі асобныя домабудаванні, парушана работа транспартнай інфраструктуры (раніцай 10 ліпеня на маршруты не выехалі тралейбусы з-за адключэння падстанцый і выхаду са строю абсталявання[9]). У сталічным Мінску ў асноўным зафіксаваны падтапленні на асобных участках[7].
Акрамя таго, у раёне рачнога порта Магілёва каля 2 гадзін ночы дрэва прыціснула да смерці жанчыну 1992 года нараджэння. Сярод пацярпелых ад стыхіі ў горадзе ноччу 10 ліпеня яшчэ чацвёра, у тым ліку 15-гадовы падлетак[9].
Ад стыхіі па краіне пацярпелі 3,5 тысячы гектараў лесу, у тым ліку 2,5 тысячы ў Магілёўскай вобласці (уключаючы 1500—1700 га лесу Магілёўскага лясніцтва), да 200 у Мінскай і 70 у Віцебскай[4]. У Магілёўскім рэгіёне пацярпелі шэсць аб’ектаў аховы здароўя, тры ФАПы засталіся без электрычнасці і вады. На раніцу 10 ліпеня без электрычнасці заставаліся 60 населеных пунктаў[9].
Аднаўленне
[правіць | правіць зыходнік]11 ліпеня міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі далажыў прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку аб ходзе работ па ліквідацыі наступстваў стыхіі і аднаўленні жыццядзейнасці ў найбольш пацярпелых рэгіёнах. Прэзідэнт, заслухаўшы грунтоўныя даклады міністра па сітуацыі ва ўсіх пацярпелых рэгіёнах, даў шэраг даручэнняў[7].
МНС сканцэнтравала асноўную ўвагу на аператыўным аказанні дапамогі насельніцтву, у прыватнасці, на расчыстцы вулічна-дарожнай сеткі, рашэнні задач, звязаных з ліквідацыяй наступстваў у населеных пунктах. Створана рабочая група ў Рэспубліканскім цэнтры кіравання. Наладжана міжведамаснае ўзаемадзеянне, работа з мясцовымі органамі ўлады і прадпрыемствамі. На ўзроўні аблвыканкамаў задзейнічаны камісіі па надзвычайных сітуацыях, якія ўпаўнаважаны прымаць у тым ліку фінансавыя і эканамічныя рашэнні. За райвыканкамамі замацаваны рашэнні па прыцягненню насельніцтва, тэхнікі, суб’ектаў гаспадарання для аператыўнага рашэння задач на месцах. Сілавыя і ваенізаваныя структуры выдзялялі дадатковыя сілы для аператыўнай ліквідацыі наступстваў стыхіі[7].
Толькі ў Магілёўскай вобласці было прыцягнута 700 работнікаў лясной гаспадаркі пры падтрымцы 300 адзінак спецыялізаванай тэхнікі, у тым ліку адзіны ў краіне форвардар новага пакалення. Рабочыя заняліся вызваленнем праездаў, аднаўленнем агародж і электразабеспячэння[4]. На расчыстку вуліц ад завалаў дрэў у Магілёў накіраваны вальшчыкі лесу і тэхніка з Бялыніцкага, Чавускага, Быхаўскага, Клічаўскага лясгасаў[9].
На дапамогу энергетыкам Магілёўшчыны накіравалі брыгады спецыялістаў з усіх абласцей краіны, у тым ліку «Мінскэнерга», «Гомельэнерга», «Бабруйскія электрычныя сеткі». Усяго задзейнічана 58 мясцовых брыгад, 48 з іншых абласцей, а таксама 54 адзінкі спецтэхнікі[9].
У Віцебскай вобласці ў аварыйна-аднаўленчых работах задзейнічалі 17 брыгад энергетыкаў, 76 чалавек, 18 адзінак спецтэхнікі і падключылі шэсць дызельных электрастанцый. У Вархі на ліквідацыю наступстваў выехалі 8 адзінак тэхнікі МНС[8].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Синоптик Рябов допустил ураганы и аномальную жару до конца лета 2024 в Беларуси
- ↑ Ураганы и смерчи могут повториться в этом году в Беларуси – академик НАН. Архівавана з першакрыніцы 21 ліпеня 2024. Праверана 21 ліпеня 2024.
- ↑ Алена Кравец Каб Мінск не ператвараўся ў Венецыю // Звязда : газета. — 2025. — 18 ліпеня — № 136 (30524). — С. 1, 10.
- ↑ а б в Нэлі Зігуля Наступствы трэба ліквідаваць якасна і аператыўна // Звязда : газета. — 2025. — 18 ліпеня — № 136 (30524). — С. 4-5.
- ↑ Сергей Грудницкий. Узнали, чем синоптики объясняют погодные контрасты лета 2025 года // СБ. Беларусь Сегодня, 21 августа 2025
- ↑ София Голуб. Жара до +40, а ветер до 27 метров в секунду. Синоптики рассказали о небывалых ливнях, жаре непогоде в Беларуси 9 июля // Комсомольская правда, 8 июля 2025
- ↑ а б в г д Евгения Кононович, Полина Коноша, Максим Осипов Устранение последствий стихии с акцентом на помощь людям. Глава МЧС рассказал о поручениях Лукашенко // Беларусь Сегодня. — 2025. — 12 июнь — С. 2-3.
- ↑ а б в София Голуб. «Снесло не только крыши, но и стены домов и деревья, полностью перекрыта трасса». Мощный ураган разворотил деревню в Витебской области 9 июля // Комсомольская правда, 9 июля 2025
- ↑ а б в г д е Алла Ветрова. Последствия урагана и грозы 10 июля в Могилевской области // Комсомольская правда, 10 июля 2025