Урал

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Уральскія горы
Уральскія горы
Тып

Горная сістэма

Размяшчэнне

Flag of Russia.svg Расія
Flag of Kazakhstan.svg Казахстан

Перыяд утварэння

Дэвон (410—360 млн гадоў назад) — Трыяс (251—199 млн гадоў назад)

Даўжыня

2500 км

Шырыня

40-150 км

Найвышэйшая вяршыня

Народная

Вышыня вяршыні

1895 м

Урал, Уральскія горы — горная сістэма на мяжы Еўропы і Азіі. Тэрыторыя паміж Усходне-Еўрапейскай і Заходне-Сібірскай раўнінамі, у Расіі. Даўжыня 2100 км. Найвышэйшы пункт — гара Нарадная.

Уральская горная сістэма цягнецца ад Карскага мора на поўначы да ракі Урал на поўдні больш як на 2 тыс. км, шырыня ад 40 да 150 км. Уздоўж усходняга падножжа Урала звычайна праводзяць граніцу паміж Еўропай і Азіяй. Складаецца з нізкагорных і сярэднягорных хрыбтоў, большасць якіх мае мерыдыянальны напрамак, часта парэзана шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі.

Прыпалярны Урал
Сярэдні Урал

Вылучаюць Палярны, Прыпалярны, Паўночны, Сярэдні і Паўднёвы Урал. Палярны Урал мае моцна расчлянёны рэльеф з вышынямі 1000—1300 м (гара Паер, 1499 м). Найбольш высокі Прыпалярны Урал ([гара Нарадная, 1895 м). На Палярным і Прыпалярным Урале ёсць сляды плейстацэнавых горна-далінных зледзяненняў (кары, трогі, марэна), развіта сучаснае зледзяненне (больш за 140 невялікіх ледавікоў, плошча 25 км²); шматгадовая мерзлата. Паўночны Урал мае сярэднія вышыні хрыбтоў (800—1000 м) з плоскімі вяршынямі; верхнія часткі найбольш высокіх гор (гара Тэльпасіз, 1617 м) расчлянёныя. Сярэдні Урал — самая нізкая частка горнай сістэмы (300—500 м, гара Сярэдні Басег, 994 м) са згладжаным рэльефам. Паўднёвы Урал — сярэднягорны раён (максімальная вышыня 1640 м, гара Ямантау) са шматлікімі хрыбтамі і глыбокімі міжгорнымі катлавінамі. Уздоўж заходніх схілаў Урала і ў Перадураллі пашыраны карст. Шмат пячор (Дзівава пячора, Капава пячора, Кунгурская пячора, Сумганская пячора), карставых варонак, правалаў, падземных рэчак.

Урал — эпіплатформавыя адроджаныя горы герцынскай складкавасці Урала-Мангольскага геасінклінальнага пояса. Складзены з дакембрыйскіх крышталічных (гнейсы, амфібаліты, кварцыты), палеазойскіх асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі, кангламераты) і разнастайных паводле ўзросту магматычных (граніты, дыябазы, габра, розныя эфузіўныя) парод.

Урал багаты карыснымі выкапнямі: медныя, нікелевыя, хромавыя, жалезныя руды, каменны і буры вугаль, нафта, газ, калійныя і каменная солі, азбест, золата, плаціна, каштоўныя і вырабныя камяні.

Сярэдняя тэмпература студзеня ад −22 °C на поўначы да −15 °C на поўдні, ліпеня адпаведна 9 °C і 20 °C. Ападкаў на заходніх схілах 600—840 мм (на Прыпалярным Урале да 1000 мм на ўсходзе 300—500 мм за год).

Рэкі басейна Паўночнага Ледавітага акіяна (Пячора, прытокі ракі Об — Табол, Ісець, Тура, Сосьва), Каспійскага мора (Кама з Чусавой і Белай; Урал). Шмат азёр, пераважна на ўсходніх схілах (Таватуй, Увільды, Аргазі і інш.).

Большая частка Урала пад лясамі на горна-падзолістых і шэрых лясных глебах (верхняя мяжа лесу ад 300 м на поўначы 1200 м на поўдні). Заходнія схілы ўкрыты цёмнахвойнымі (елка, піхта, кедр), усходнія — хваёвымі, месцамі лістоўнічнымі і бярозавымі лясамі. У перадгор’ях Паўднёвага Урала лесастэп з астраўнымі шыракалістымі лясамі (на захадзе) і бярозавымі гаямі (на ўсходзе) на чарназёмных і шэрых лясных глебах. На крайнім паўднёвым усходзе кавыльна-разнатраўныя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Палярным і Прыпалярным, часткова Паўночным і на вяршынях Паўднёвага Урала мохава-лішайнікая тундра і каменныя россыпы. Жывёльны свет: у тундры — паўночны алень, пясцы, лемінгі, белая і тундравая курапаткі; лясной — лось, буры мядзведзь, расамаха, лясная куніца; у стэпах — суслікі, хамякі, тушканчыкі і інш.

У межах Урала — Пячора-Ілыцкі запаведнік, Ільменскі, Башкірскі, Вісімскі запаведнікі.

Шаблон:Уральскія горы