Уручча (жылы раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уручча
53°56′45″ пн. ш. 27°41′23″ у. д.HGЯO
Краіна
Горад Мінск
Адміністрацыйны раён горада Першамайскі раён
Дата заснавання 1980
Ранейшы статус пасёлак
Год уключэння ў межы горада другая палова 1970-х
Паштовыя індэксы 220056, 220141, 220125
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Парк Уручча

Уручча — жылы раён ва ўсходняй частцы Мінска. Забудоўваўся з пачатку 1980-х, першапачаткова як мікрараён Усход 3. Складаецца з шасці мікрараёнаў, размешчаных абапал праспекта Незалежнасці паміж МКАД і жылым раёнам Вялікі Лес (былым ваенным гарадком). Названы ў гонар вёскі Уручча, на месцы якой пабудаваны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Назва Уручча звязана з яго размяшчэннем паблізу воднага аб'екта. На заходняй ускраіне былой вёскі калісьці брала выток Сляпянка, прыток Свіслачы. Там сама знаходзілася цяжкапраходнае балота, вясной яно ператваралася ў шырокае возера. Ручай ішоў па сучасным яры ўздоўж вуліцы Шугаева, далей па парку Уручча і на Копішча. Сляды ракі бачны і дагэтуль. На карце Мінскай губерні 1800 года называецца «Улучча», што ў агульнаўсходнеславянскай мове "выгін ракі".

У 1620-1669 гадах уладальнікам зямель (цяперашні мікрараён «Уручча») быў князь Багуслаў Радзівіл, сын Януша. Затым маёнткам кіравалі дачка Багуслава (1669—1744) і дзве дачкі князёўны Караліны (1744—1762). Далей зямлі перайшлі ў рукі князя Міхаіла Казіміра Рыбанькі (што прыйшлося на 1762—1790 гады). Наступным уладальнікам у 1790-1812 гадах быў Караль Станіслаў (Пане Каханку). У 1800 годзе вёска Урэчча (руск.: Уречье), 2 двары, 19 жыхароў. З 1812 года тут уладарылі князь Дамінік Радзівіл і яго жонка Тэафілія Мараўская. У 1815 годзе ў арэндзе А. Ваньковіча.

Вялікая частка парафіян апошняй уніяцкай Уваскрэсенскай парафіі Мінска знаходзілася ва Уруччы.

У 1858 годзе вёска Уруча (руск.: Уруче), уласнасць князя Пятра Львовіча Вітгенштэйна. Па перапісу 1870 года ва Уруччы было 12 двароў. Сярод жыхароў было 5 адстаўных салдат. У 1897 годзе вёска Уручча Астрашыцка-Гарадзецкай воласці мела 16 двароў, 119 жыхароў; таксама аднаселле Шафарня-Урэчча, двор, 7 жыхароў. У 1909 годзе было 14 двароў і 118 жыхароў. У 1917 годзе вёска ў Астрашыцка-Гарадоцкай воласці Мінскага павета; 19 двароў, 151 жыхар.

У савецкі час

Пасля рэвалюцыі вёска была аднесена да Сляпянскага сельсавета, з 1959 года — да Зяленалужскага.

Да пачатку 1980-х гадоў тэрыторыя будучага жылога раёна Уручча ўяўляла сабой пагорыстую, часткова забалочаную мясцовасць, з усходу абмежаваную комплексам ваенных гарадкоў, першы з якіх з’явіўся тут яшчэ да Другой сусветнай вайны. У раёне сучаснага скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліц Шафарнянскай і Русіянава размяшчалася вёска Уручча (з поўначы ад праспекта) і пасёлак Уручча (на поўдзень ад яго), тады ў гарадскую рысу яшчэ не ўваходзілі. У 1940 праводзілася прымусовае перасяленне хутароў у наноў створаныя населеныя пункты. Хутары ва ўрочышчы Уручча перасялілі на новае месца, насупраць старой вёскі Уручча, якое размяшчалася на другім баку Маскоўскай шашы. На новым месцы стварылі дзве вуліцы. Адну вуліцу назвалі Прагрэсіўнай і на ёй сялілі хутаран, якія ўступілі ў калгас, якім калгас дапамагаў з перасяленнем. Іншую вуліцу назвалі Фізкультурнай. На ёй сялілі хутаранцаў, якія адмовіліся ўступіць у калгас. Ім калгас не аказваў ніякай дапамогі з пераездам на новае месца жыхарства, а калгасныя актывісты ўсялякімі спосабамі прымушалі хутаран паскорыць перасяленне.

У 1941 годзе 40 двароў, 150 жыхароў.

У гады акупацыі ў вёсцы было раскватаравана невялікае нямецкае падраздзяленне. У вёсцы было шмат жыхароў, якія дапамагалі партызанам. У 1944 годзе іх выдаў здраднік, усіх звязаных з партызанамі арыштавалі і затым знішчылі ў Трасцянцы.

У 1978 годзе ўключаная ў межы горада Мінска, перад уваходжаннем была ў складзе Бараўлянскага сельсавета. Па ўключэнні ў склад горада вясковыя вуліцы займелі назвы вуліца і завулак Футбалістаў. Вёска цалкам знішчаная пры будаўніцтве мікрараёна Уручча ў 1980-я гады.

Забудова[правіць | правіць зыходнік]

Забудова пачалася ў канцы 1970-х годзe. Тады ж рашэннем Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў пасёлак «Уручча» Зяленалугскага Савета ўвайшоў у рысу гораду. Будаўніцтва першых дамоў у мікрараёне Уручча-1 пачалося ў 1984 годзе. Забудова першых трох мікрараёнаў Уручча прадстаўлена ў асноўным крывалінейнымі ў плане 9-павярховымі будынкамі. Дашкольныя ўстановы размешчаны ў большасці выпадкаў у дварах, школы выходзяць на асноўныя раённыя магістралі, гандлёва-бытавыя ўстановы запраектаваныя каля найважнейшых скрыжаванняў. Большую частку жыхароў былой вёскі Уручча пасялілі ў шматпавярховым доме (№ 13 на вул. Русіянава, каля ўніверсама Першамайскі). У гэтым доме і цяпер пражываюць былыя жыхары вёскі Уручча і іх нашчадкі. З пераехаўшымі на новае месца жыхарства былымі аднавяскоўцамі яны цяпер сустракаюцца на захаванай часткі (каля станцыі метро Уручча) вясковых могілак на Радаўніцу.

Адзін з першых універсамаў у раёне — «Першамайскі», пабудаваны па тыпавым праекце Маскоўскага інстытута «Гіпраторг». Узнік на месцы вёскі Уручча на пачатку 1980-х гадах. Мікрараён дзеліцца на шэсць частак з адпаведнымі нумарамі. У пачатку 1990-х гадоў на вуліцы Шугаева паспелі пабудаваць тры 21-павярховыя маналітныя вежы-блізняты (архітэктар А. Фрыдман), якія дадалі дарэчныя вертыкалі ў куце Уручча-2, прынамсі з боку горада. Ва Уруччы меркавалася і стварэнне ўрачыстага архітэктурнага ансамбля на чырвонай лініі Ленінскага праспекта (прасп. Незалежнасці), які стаў бы парадным фасадам жылога раёна і годна аформіў бы ўезд у сталіцу БССР з боку Масквы і галоўнага гарадскога аэрапорта. На жаль, невядома, што канкрэтна меркавалі ўзвесці тут у савецкі час, творчая задача апынулася занадта адказнай, і да распаду Саюза рэалізаваць яе не паспелі. Зарэзерваваныя пад ансамбль пусткі забудавалі ўжо ў гады незалежнасці. Адзінага суцэльнага комплексу будынкаў тут, вядома, не атрымалася, хоць спробы яго стварэння ўсё ж былі зробленыя.

Могілкі[правіць | правіць зыходнік]

Ад былой вёскі захаваўся могілкавы пагорак. На сённяшні дзень могілкі «Уручча» ў Мінску абмежавана дзеючыя, што дае магчымасць рабіць толькі падхаванні блізкіх сваякоў. Час з'яўлення кладаў пэўна не вызначаны, але вядома, што колькасць пахаваных тут людзей набліжаецца да тысячы чалавек. Самі ж могілкі «Уручча» захавалі некаторыя помнікі пазамінулага стагоддзя. Так, самыя старыя магілы, знойдзеныя на гэтым цвінтары, датаваны 1878, 1884, 1898, 1899 і 1904 гадамі. На надмагіллях змешчаны наступныя імёны і прозвішчы: "Прасковья Ширинская", "Григорий Ширинский", "Фома Ширинский", "Феликс Марковский" і "Алена Марковская". Ёсць таксама драўляны крыж з сучасным надпісам "Шалимо Иван жил 25 лет ум. 1840 г.". Мова помнікаў руская, але адчуваецца ўплыў беларускай: "Ширынская" (замест "Ширинская"), "Екотерына" (замест "Екатерина"), "Елена Грыгорьевна" (замест Григорьевна), жыла (замест "жила") і інш.

Асноўныя прозвішчы на могілках — Шаліма, Шырынскі, Сандовіч, Клімовіч, Ерахавец, Раманоўскі, якія сустракаюцца на надмагіллях ад 19 — пачатку 20 ст. да нашага часу. Па некаторых звестках, у часы сталінскіх рэпрэсій каля магільнага пагорка адбываліся расстрэлы.

Асноўныя вуліцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Русіянава (Русіянаў І. Н. — генерал-лейтэнант, Герой Савецкага Саюза.),
  • Акадэміка Купрэвіча (Купрэвіч В. Ф. — беларускі біёлаг і міколаг, акадэмік АН БССР),
  • Шугаева (Шугаеў М. А. — мінскі падпольшчык, загінуў у 1943 г.),
  • Нікіфарава (Нікіфараў В. К. — мінскі падпольшчык, загінуў у 1943 г.),
  • Шафарнянская (па назве яру),
  • Гарадзецкая (па назве яру),
  • Гінтаўта (Гінтаўт В. М. — камандзір танка Т-34, танкавы ас, Герой Савецкага Саюза),
  • Ложынская (па назве яру),
  • Астрашыцкая (па назве яру),
  • Уруцкая,
  • Старынаўская (па назве яру).

Таксама праз Уручча праходзіць праспект Незалежнасці (раней Францыска Скарыны).

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Грамадская інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

У жылым раёне даволі развітая гарадская інфраструктура. У кожным з шасці мікрараёнаў ёсць развітая сетка гандлёвых аб’ектаў, аптэк і іншых спадарожных аб’ектаў грамадскага абслугоўвання. У мікрараёнах Уручча-1, Уручча-2 і Уручча-6 размешчаны аддзяленні паштовай сувязі РУП «Белпошта». Раён абслугоўвае дзве дарослыя (№ 8, № 28) і адна дзіцячая (№ 11) паліклініка, а таксама плавальны басейн. У кожным мікрараёне размешчаны ўстановы дашкольнай і сярэдняй адукацыі.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Праз раён праходзяць аўтобусныя і тралейбусныя маршруты. Раён абслугоўваюць ДС Уручча-2 і ДС Уручча-4, будуецца тралейбусны парк № 1 КУП «Мінсктранс». 7 лістапада 2007 года была адкрыта станцыя метро Уручча.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

У мікрараёне Уручча-2 размешчаны ўнікальны парк-музей камянёў, вядомы як «Музей валуноў». Паміж праспектам Незалежнасці і мікрараёнам Уручча-6 размешчаны парк Уручча.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Ю.Тамковіч «Як беларуская гаворка ўплывала на пахавальны правапіс» (НГ № 2(19)-2020)