Усебеларускі народны сход

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Памятная пячатка, прымеркаваная да Трэцяга Усебеларускага сходу

Усебеларускі народны сход — агульны сход прадстаўнікоў беларускага ўрада, кіраўнікоў прадпрыемстваў і прадстаўнікоў іншых галін гаспадаркі. З 1996 да 2021 года адбываўся кожныя пяць гадоў перад альбо пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў у мінскім Палацы Рэспублікі. На сходы вылучаліся дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Урад складаў каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзенне сходаў, ажыццяўляў іх фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Пачынаючы з другога сходу колькасць удзельнікаў дасягала 2500 чалавек, у тым ліку ад Мінска — 400, ад кожнай вобласці — па 350. Дзеючая ўлада ацэньвала сходы як «найвышэйшую форму дэмакратыі», прызначаную для абмеркавання найістотнейшых пытанняў жыцця дзяржавы, і параўноўвала іх з народным вечам.

Версія Канстытуцыі Беларусі, зацверджаная на рэферэндуме 2022 г., прадугледжвае рэгулярнае скліканне Усебеларускага народнага сходу (УНС), які атрымаў новыя паўнамоцтвы. Пасяджэнні УНС маюць праводзіцца не радзей за адзін раз на год, памер яго абмежаваны 1200 дэлегатамі (прадстаўнікамі ўсіх галін улады і «грамадзянскай супольнасці»). Першае скліканне УНС паводле новых правілаў запланаванае на 2024 год.

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаючы з 1996 г. актывісты беларускай апазіцыі крытыкавалі сходы за тое, што яны з'яўляліся прапагандысцкімі мерапрыемствамі, арганізаванымі з мэтай дэманстрацыі адзінадушнай падтрымкі аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі[1]. Членам апазіцыі рэгулярна адмаўлялі ў доступе на сходы альбо забаранялі выступаць на іх[1]. У 2006 годзе кандыдат у прэзідэнты, былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін быў збіты і затрыманы міліцыяй пасля спробы прайсці на Усебеларускі народны сход (Казуліна абвінавацілі ў хуліганстве)[2].

Апазіцыйныя партыі ў 2016 г. характарызавалі сход як «антыканстытуцыйны орган», мэтай якога была «дэлегітымізацыя інстытута парламента ў Беларусі» і «дэманстрацыя агульнанацыянальнай падтрымкі (Аляксандра Лукашэнкі) напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў»[3].

Паводле доктара юрыдычных навук Міхаіла Пастухова, працэдура адбору дэлегатаў на сходы ў 1990-х — 2010-х гадах была непразрыстая[4]. Недэмакратычная працэдура прызначэння дэлегатаў апазіцыйнымі палітыкамі параўноўваецца з падборам удзельнікаў на з’езды КПСС у савецкія часы, які ажыццяўляўся аналагічна[1]. Пастухоў таксама адзначаў, што сход, сфарміраваны па загадах выканаўчых органаў, не з’яўляўся прадстаўнічым дэмакратычным органам і не мог быць прыняты як законны выказнік волі народу[3].

Увядзенне Усебеларускага народнага сходу ў Канстытуцыю Беларусі выклікала хвалю крытыкі. Большасць заўваг зводзілася да таго, што орган, які наўпрост не выбіраецца народам, набыў велізарныя паўнамоцтвы, а да таго ж цяпер ён дублюе палаты парламента (напрыклад, у тым, што тычыцца заканадаўчай ініцыятывы). «Абмяркоўваць планы яго склікання мае сэнс для таго, каб (паспрабаваць) мінімізаваць магчымую шкоду, у прыватнасці, фінансавую», — заўважыў у лістападзе 2022 года палітолаг Вольф Рубінчык[5].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в Вайтовіч і Ганчарык: Усебеларускі сход — фігавы лісток для ўлады Архівавана 28 студзеня 2021. - TUT.BY, 03.12.2010
  2. Zarakhovich, Yuri (2006-03-25). "Belarus: 'They Knocked My Husband Down and Dragged Him Away'" [англійская]. Time. Архівавана з арыгінала 10 сакавіка 2007. Праверана 2008-08-20. {{cite news}}: Невядомы параметр |deadurl= ігнараваны (прапануецца |url-status=) (даведка) Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 сакавіка 2007. Праверана 12 лютага 2022.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 сакавіка 2007. Праверана 12 лютага 2022.
  3. а б Беларусам патрэбны сапраўдны парлямэнт, а не імітацыйны ‘усенародны сход’ Архівавана 7 жніўня 2016. - Партыя БНФ, 18.06.2016
  4. Михаил Пастухов: О легитимности и пользе собрания Архівавана 25 чэрвеня 2021. - Аб’яднаная грамадзянская партыя, 12.07.2016
  5. https://belisrael.info/?p=32061