Перайсці да зместу

Усерасійскі перапіс насельніцтва 1897 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Перапісны ліст.

Усерасійскі перапіс насельніцтва 1897 года — адзіны ўсеагульны перапіс, праведзены ў Расійскай імперыі 28 студзеня (9 лютага) 1897 года.

Падрыхтоўка і правядзенне

[правіць | правіць зыходнік]

Палажэнне аб правядзенні перапісу распрацавана ў 1893—1894 статыстычным саветам МУС на чале з П. П. Сямёнавым-Цян-Шанскім[ru] і зацверджана імператарам Мікалаем II у 1895.

Палажэнне прадугледжвала перыядычнасць правядзення перапісаў, хаця і не вызначала інтэрвалы паміж імі. У адрозненне ад рэвізій 1719—1857 гадоў, дзе ўлічваліся галоўным чынам мужчыны падатных саслоўяў, Усерасійскі перапіс павінен быў ахопліваць усё насельніцтва, акрамя «фінляндскіх ураджэнцаў» у Вялікім княстве Фінляндскім.

Правядзеннем перапісу кіраваў галоўны перапісны камітэі пры МУС, яму падпарадкоўваліся камісіі — губернскія (абласныя), павятовыя (акруговыя), а таксама ў гарадах Керч, Кіеў, Масква, Мікалаеў, Адэса, Пецярбург.

Перапісчыкі пачыналі абыходзіць свой участак не пазней, чым за 2 тыдні да афіцыйнага дня правядзення перапісу 28 студзеня (9 лютага), калі яны ўдакладнялі атрыманыя раней звесткі. Апрацоўку і публікацыю матэрыялаў выканаў у 1899—1905 гадах Цэнтральны статыстычны камітэт МУС, які прызнаў перапіс «цалкам удалым».

Атрыманыя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле вынікаў перапісу, у Расіі пражывалі або часова знаходзіліся 125,640 млн чалавек (мужчыны — 49,74 %). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва ў дзяржаве складала 5,9 чал. на 1 км². Пры гэтым у Прывіслінскіх губернях — 74,06 чал. на 1 км², у Еўрапейскай Расіі — 14,42, а ў Сібіры — 0,46. Большасць насельніцтва (77,12 %) па саслоўнай прыналежнасці адносілася да сялян (частка з іх жыла ў гарадах, складаючы 38,8 % наяўнага гарадскога насельніцтва), 10,66 — да мяшчан, 6,61 — да «іншародцаў», 2,33 — да дваран спадчынных, 0,97 — да дваран асабістых і чыноўнікаў, 0,47 — да духавенства, 0,27 — да ганаровых грамадзян, 0,22 — да купцоў, 0,85 % — да іншых саслоўяў, а таксама да замежнікаў.

Перапіс удакладніў колькасць населеных пунктаў — 728157. Сярод іх было 6376 сельскіх паселішчаў з лікам жыхароў 2—41 тыс. чал. (многія фактычна з’ўляліся невялікімі гарадамі) і 932 уласна гарадскія паселішчы. У першых пражывалі або часова знаходзіліся 18,3 % усяго насельніцтва, у другіх — 13,4 % (у Прывіслінскіх губернях — 23 % ад насельніцтва рэгіёну, у сярэднеазіяцкіх абласцях — 6,3 % ад насельніцтва абласцей). На долю Пецярбурга, Масквы, Варшавы і Адэсы прыходзілася 20,1 % усіх гараджан. Пераважнымі крыніцамі атрымання асноўнага даходу былі: сельская гаспадарка, пчалярства, рыбалоўства і паляванне (74,58 %), прамысловасць, рамёствы, будаўніцтва (9,78), гандаль (3,47), транспарт і сувязь (1,46), ваенная справа (0,99), адукацыя, навука, літаратура і мастацтва (0,38), богаслужэнне (0,27), ахова здароўя (0,2 % насельніцтва).

Па канфесійнай прыналежнасці пераважалі праваслаўныя — 69,34 % (а таксама 1,76 % — стараверы), сярод прадстаўнікоў іншых канфесій: мусульмане (11,07 %), каталікі (9,16), іўдзеі (4,15), пратэстанты (3,0), армяна-грыгарыяне (0,94), будысты і ламаісты (0,35 %). У якасці роднай мовы 44,3 % назвалі рускую, 17,81 — украінскую, 6,3 — польскую, 4,68 — беларускую, 4,03 % — яўрэйскую (ідыш і іўрыт). Пісьменнымі (пісьменнасць вызначалася пытаннем аб уменні чытаць) былі 29,3 % мужчын і 13,1 % жанчын (у цэлым 21,2 %), сярод якіх знаходзіліся ў гарадах 54,0 % і 35,6 % адпаведна. Узровень пісьменнасці істотна адрозніваўся паміж прадстаўнікамі асобных канфесій (у пратэстантаў ён складаў 70,4 %, у іўдзеяў — 39,0, у праваслаўных — 19,0 % і г. д.) і, адпаведна, паміж рэгіёнамі імперыі (у Прывіслінскіх губернях — 30,5 %, у Еўрапейскай Расіі — 22,9, на Каўказе — 12,4). У сярэдніх і вышэйшых навучальных установах вучыліся (на момант правядзення перапісу ці раней) 1,364 млн чал. (1,1 % насельніцтва).

Аб стане ў шлюбе заявілі 64,3 % мужчын ад 15 гадоў, 64,0 % жанчын таго ж узросту. Колькасць сем’яў склала 20,94 млн, у сярэднім у сям’і было 5,8 чалавек. Наёмных работнікаў або прыслугу мелі 8,5 % сем’яў. Сярэдні ўзрост насельніцтва складаў 25 гадоў.