Перайсці да зместу

Успаміны (Ян Хрызастом Пасак)

Неправераная
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Успаміны
Жанр мемуары[1]
Аўтар Ян Хрызастом Пасак
Мова арыгінала польская
Дата першай публікацыі 1836
Месца публікацыі Польшча
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Успаміны» (польск.: Pamiętniki) — знакаміты твор мемуарнай літаратуры XVII стагоддзя, напісаны польскім шляхціцам Янам Хрызастомам Паскам у канцы жыцця (прыблізна ў 1690—1695 гадах). Твор з’яўляецца каштоўным помнікам старапольскай літаратуры, важнай гістарычнай крыніцай і класічным узорам ментальнасці часоў сарматызму.

Гісторыя стварэння і публікацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Ян Хрызастом Пасак пісаў свае мемуары на схіле гадоў, апісваючы падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх ён быў. Рукапіс быў знойдзены толькі ў канцы XVIII стагоддзя. Упершыню твор быў выдадзены часткова ў 1821 годзе. Поўнае выданне пабачыла свет у Познані ў 1836 годзе дзякуючы намаганням Эдварда Рачынскага. Кніга мела велізарную папулярнасць у чытацкай публікі XIX стагоддзя, напрыклад, дзясятае выданне выйшла ў Санкт-Пецярбургу ў 1860 годзе[2].

Змест і структура

[правіць | правіць зыходнік]

Апавяданне ў мемуарах даведзена да часоў праўлення караля Яна Сабескага. Твор складаецца з дзвюх частак.

Першая частка ахоплівае перыяд з 1656 па 1666 год — гады ваеннай службы аўтара. Яна апісвае падзеі «Шведскага патопу», вайну са шведамі, рускімі, казакамі Хмяльніцкага і туркамі. Падрабязна апісваецца служба пад камандаваннем гетмана Стэфана Чарнецкага, у тым ліку выправа ў Данію, а таксама ўдзел у рокашы Любамірскага (1665)[2].

Другая частка ахоплівае перыяд з 1667 па 1688 год, калі аўтар асеў у сваім маёнтку недалёка ад Кракава. Гэтая частка прысвечана апісанню грамадзянскага жыцця, гаспадарчых спраў, удзелу ў сейміках і шматлікіх судовых працэсах[2].

Ілюстрацыя да «Успамінаў» Паска

Стыль і ідэалогія

[правіць | правіць зыходнік]

Мемуары напісаны простай штодзённай польскай мовай таго часу, з выкарыстаннем лацінскіх макаранізмаў і ненарматыўнай лексікі. У тэксце сустракаюцца народныя песні, анекдоты, панегірыкі, цытаты з афіцыйных прамоў і лістоў. Аўтар у значнай ступені бесстаронні ў апісанні фактаў (напрыклад, апісвае жорсткасць і пагарду да царкоўнай маёмасці польскіх салдат падчас вайны ў Даніі)[2].

Твор напісаны з пазіцый тыповага шляхціца-«сармата» XVII стагоддзя. Пасак выступае ў ім як эталонны прыгоннік і польскі шавініст. Прадстаўнікі іншых саслоўяў, апроч шляхты, і іншых народаў, апроч польскага, для яго адназначна з’яўляюцца істотамі ніжэйшага гатунку[2].

Знакамітыя эпізоды

[правіць | правіць зыходнік]

Мемуары Паска напоўнены каларытнымі гісторыямі, якія сталі хрэстаматыйнымі прыкладамі барочнай літаратуры.

«Маскаль-падушка»

[правіць | правіць зыходнік]

Пасак пакінуў маляўнічае апісанне ваеннага побыту на тэрыторыі ВКЛ у 1660 годзе. Ён апісвае выкарыстанне трупа забітага жаўнера-маскаля ў якасці падушкі пасля бітвы[2]:

" Закрапіліся тады па разу, па два, так што й галава трохі закруцілася, аж потым і спаць захацелася. Такі сякі, палажыўшыся на траве й сьпіць. Служыў з намі Качэўскі, радамянін, шэльма вялікая. Вось ён і кажа: «Пане Яне, чаго мусім кулак пад галаву класьці? Пакладземся замест падушкі на тым маскалі!» А ляжаў паблізу тлусты маскаль, пастрэляны. Я адказваю: «Добра, для кампаніі.» Ён тады з аднаго боку, а я з другога, палажылі мы галовы, ды так і заснулі, каней за цуглі да рук прыкруціўшы, і спалі гэтак гадзіны з тры. Аж калі ўжо дзень зачынаўся, так у ім штосьці грудукнула, што мы абодва падскочылі; падобна, што там яшчэ заставалася трохі духу.
Ян Хрызастом Пасак (пер. Вацлава Арэшкі)
"

Канфлікт у Вільні і верш пра бацвінне

[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар апісвае свой канфлікт з невядомым «літвінам» у карчме ў Вільні ў 1662 годзе. Пасак грэбліва выказваецца пра бацвінне — страву, якая ў эпоху сарматызму была своеасаблівым «мемам» і негатыўным стэрэатыпам Літвы (палякі высмейвалі літвінаў за любоў да бацвіння і параўноўвалі з гэтай прычыны са свіннямі). Выйшаўшы пераможцам у карчэмнай авантуры, Пасак накрэмзаў на сцяне карчмы пагардліва-трыумфальны верш[2]:

Za coś mię, kurwysynu, dudek, napastował?
Wszakżem boćwiny w Wilnie nic nie zakosztował,
Bo to świńska potrawa, jeść się jej nie godzi.
Widzę, Litwin a świnia w jednej sforze chodzi:
Świnia, chceli co zwąchać, to chodzi po nocy,
Litwin zaś na rabunek, jakby wybrał oczy .
Atoż masz, Litwoś geras: pamiętaj rabunek,
Gdyś wziął od polskiej szable po łbu podarunek.

У гэтым вершы аўтар выкарыстоўвае скажонае літоўскае выказванне «Litwoś geras», што падкрэслівае яго стаўленне да мясцовай культуры як да непаўнавартаснай[2].

Гісторыя з выдрай

[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з самых вядомых эпізодаў кнігі — гісторыя пра ручную выдру па мянушцы Чарвяк (Robak), якая адбылася каля 1680 года. Выдра спала з гаспадаром у адным ложку, выконваючы ролю вартаўніка і будзільніка (калі Пасак не мог сам працвярэзець і прачнуцца). «Чарвяк» імгненна разумеў усе каманды, кідаючыся пры патрэбе, як сабака, на зламысніка з візгам і ўкусамі. Калі гаспадар даваў каманду «Robak, гуль-гуль у ваду!», гадаванец пачынаў насіць яму рыбу з першай-лепшай сажалкі. Пасак браў выдру ў свае вандроўкі, заўжды маючы поўны стол рыбы і здзіўленне назіральнікаў[2].

Слава пра выдру дайшла да караля Яна III Сабескага, які любой цаной пажадаў мець гэтую жывёлу ў сваім палацы ў Вілянове. Пасак з цяжкім сэрцам мусіў расстацца з Робакам, напісаўшы: «Хацеў бы я хутчэй падзяліцца часткай свайго цела, чым гэтым гадаванцам, якога так кахаў». Але жывёла, сумная і прыгнечаная, не змагла знайсці сябе на новым месцы. Аднойчы, спрытна пазбавіўшыся ад надакучлівага ашыйніка са званочкамі, выдра кінулася на ўцёкі на віляноўскія палі, але была забітая выпадковым драгунам. «Цэлы дзень кароль не еў і ні з кім не размаўляў. Яны пазбавілі мяне такой любімай жывёлы, але і самі ёй не нацешыліся», — завяршае гэтае сумнае апавяданне аўтар. Адразу пасля першай публікацыі мемуараў гэтая гісторыя лічылася выдумкай, але пазней была знойдзена незалежная крыніца, якая пацвердзіла яе сапраўднасць[2].

Значэнне і ўплыў

[правіць | правіць зыходнік]

«Успаміны» Паска сталі родапачынальнікам гістарычнай прозы ў Польшчы (і ў пэўнай ступені ў іншых краінах — спадкаемцах Рэчы Паспалітай). Сюжэты, героі, псіхалагічныя рысы і гістарычныя рэаліі, апісаныя ў творы, аказалі каласальны ўплыў на польскамоўную гістарычную прозу (асабліва на жанр шляхецкай гавэнды) і рамантычную паэзію. Яны натхнялі такіх аўтараў, як Адам Міцкевіч, Юльюш Славацкі, Генрык Сянкевіч, Зыгмунт Красінскі, Юзаф Ігнацы Крашэўскі, Генрык Жавускі[2].

Адам Міцкевіч высока цаніў «Успаміны» і прысвяціў ім і іх аўтару некалькі лекцый у курсе славянскай літаратуры ў Калеж дэ Франс. «Пасак апісвае ўсё ў вясёлым і гуллівым тоне, які англічане называюць гумарам», — тлумачыў ён, дадаючы, што ў французскіх мемуарах дарэмна шукаць «забаўляльных дробязяў» і «гульні ў агульны побыт», якія ёсць у Паска. Міцкевіч раіў чытаць гэты твор як «прыгодніцкі раман»[2].

  1. ↑ https://wolnelektury.pl/katalog/lektura/pamietniki/
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Алесь Белы. Ян Хрызастом Пасэк (і яго выдра). Patreon (1 лютага 2023). Праверана 29 снежня 2025.