Свята-Успенская царква (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Успенская царква, Магілёў)
Славутасць
Свята-Успенская царква
Успенская царква ў Магілёве. Фота 1910 года.
Успенская царква ў Магілёве. Фота 1910 года.
53°53′32″ пн. ш. 30°19′17″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Праваслаўе
Архітэктурны стыль Магілёўская школа дойлідства
Дата заснавання 1670
Дата пабудовы 1670 год
Дата скасавання 1950-я
Стан Знішчана
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Успенская царква — праваслаўная царква у Магілёве. Існавала ў XVII — пачатку XX стст.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Успенская царква на панараме горада, каля 1840 г.

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы (Успення Прасвятой Багародзіцы ці Прачыстай Маці Божай, адкуль яе другая назва Прачысценская, якую часцей згадваюць памылкова асобнай царквой) альбо Найсвяцейшай Панны Марыі вядома з 1552 года, спачатку была драўлянай і знаходзілася ў месцы ўпадзення Дубравенкі ў Дняпро, бліжэй да Быхаўскай шашы. Захавалася некалькі дакументаў, у асноўным лісты з пацвярджэннем прызначэння на царкоўныя пасады, а таксама аб будаўніцтве новай мураванай царквы і іншыя матэрыялы[1].

У 1563 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІ Аўгуст дараваў пажыццёвае права святару Васілю Карпавічу на царкву Успення Божай Маці, а таксама на грунты, валокі, моргі і сенажаці. У лісце таксама было згадана, што калі «яго патомкі на то годныя, от тое царквы аддалены быці не маюць». Ягоны сын Трафім (Атрахім) стаў святаром. Пасля смерці бацькі ён звярнуўся да караля Жыгімонта ІІІ Вазы, праз пратапопа Кузьму Раманавіча, за дазволам быць святаром Успенскай царквы. Кароль выдаў прывілей, у якім дазваляў Атрахіму Васілевічу служыць у царкве Успення Прасвятой Багародзіцы і валодаць усімі правамі, як і яго бацька[1].

Тамбур, 1939

У 1673 годзе кароль Міхал Вішнявецкі выдаў прывілей на новую Успенскую царкву ў тым месцы, дзе быў шпіталь за ракой Дуброўнай у сотні Каскоўскай Задубравенскага пасада на вуліцы Вялікай на шляху да Быхава. Месца царквы межавала з зямельнымі надзеламі войта Цімафея Севярыновіча, бурмістра Міхала Пусяты і райцы Мікалая Скарботы. У дакуменце згадана, што царква пабудавана дзякуючы намаганням шляхетных Мікалая Скарботы і Цімафея Макоўні — парафіян царквы Найсвяцейшай Панны Марыі. У «Хроніцы Магілёва», «Запісках ігумена Арэста», у многіх літаратурных выданнях прыводзіцца 1670 год, як дата пачатку будаўніцтва Успенскай царквы. Магчыма ў гэты год адбывалася спроба распачаць будаўніцтва ці абмяркоўвалася гэта пытанне[1].

Здымак 1944 года

Пацярпела ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1950-я гады царкву зруйнавалі савецкія ўлады.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Комплекс Успенскай царквы ў 1935 годзе

Царква ў стылі барока, была размешчана на паўднёва-ўсходняй ускраіне непадалёку ад Дняпра, у комплексе з невялікай «цёплай» царквой і званіцай[2]. У храме выявіліся рысы Магілёўскай школы дойлідства. У 18631866 гадах перабудавана ў стылі класіцызму.

Пётр Яўсеевіч. Нараджэнне Маці Божай з Успенскай царквы, 1649 г.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Мураваны трохапсідны крыжова-купальны храм (у плане лацінскі крыж). Асноўныя аб’ёмы былі пакрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. На сяродкрыжжы на масіўным шматгранным барабане купал з галоўкай. Невялікія паўцыркульныя апсіды, бакавыя ўваходныя тамбуры, якія прылягалі да крылаў трансепта, і гранёны тамбур галоўнага ўваходу дапаўнялі кампазіцыю і падкрэслівалі яе крыжова-цэнтрычны характар. Сцены былі расчлянёныя пілястрамі і прарэзаныя паўцыркульнымі аконнымі праёмамі ў арачных нішах. Асноўны неф быў перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, крылы трансепта — крыжовымі скляпеннямі[2].

Зноскі

  1. а б в М. У. Шымукенус. ПРАВАСЛАЎНЫЯ ЦЭРКВЫ ЗАДУБРАВЕНСКАГА ПАСАДА ГОРАДА МАГІЛЁВА Ў ХVІ–ХVІІІ СТАГОДДЗЯХ. // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць : зборнік навуковых прац удзельнікаў ІХ Міжнар. навук. канф., 25–26 чэрвеня 2015 г., г. Магілёў / уклад. А. М. Бацюкоў, І. А. Пушкін. – Магілёў: МДУХ, 2015. – 539 с. ISBN 978-985-6985-35-8.
  2. а б Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]