Успенскі сабор і манастыр базыльян (Віцебск)
Праваслаўны храм | |
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы | |
---|---|
| |
55°11′45″ пн. ш. 30°12′09″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Віцебск |
Канфесія | Руская праваслаўная царква, у мінулым уніяцтва |
Епархія | Віцебская і Аршанская епархія |
Архітэктурны стыль | барока |
Архітэктар | Іосіф Фантана III |
Заснавальнік | Мірон Галуза |
Першае згадванне | 1406 |
Будаўніцтва | 1715—1743 гады |
Дата скасавання | 1937 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000062 |
Стан | адноўлена, дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Успенскі сабор у Віцебску — храм у Віцебску, помнік архітэктуры віленскага барока. Пры пабудове за ўзор узяты храм Сан-Карла-аль-Корса ў Рыме. Архітэктар — І. Фантана. Стаіць на Успенскай горцы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першыя звесткі пра царкву, якая існавала на Успенскай горцы з манастыром адносяцца да 1406 года. Пасля забойства уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча храм быў разбураны ў 1630 г.[1]
У 1682 г. па загаду Антонія Сялявы збудаваны новы драўляны храм, фундатарам якога з’яўляўся віцебскі падкаморы Я. Кісель. У тым жа годзе пры храме быў заснаваны базыльянскі манастыр. Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гг., якую вяла Расія са Швецыяй за выхад да Балтыйскага мора, у 1708 г. рускі цар Пётр I загадаў падпаліць Віцебск з чатырох бакоў, як помста за тое, што жыхары горада тайна паслалі 7000 талераў каралю Станіславу Ляшчынскаму, якому дапамог узысці на трон шведскі кароль Карл XII[1].
У 1715—1743 гадах па фундацыі Мірона Галузы ўзведзены паводле праекта Іосіфа Фантана каменны храм у стылі позняга барока з трохпавярховым манастырскім корпусам. Пры манастыры дзейнічала свецкая школа і філасофская студыя для манахаў, дзе вывучалі логіку, фізіку і іншыя навукі[1]. Па загаду імператара Паўла I 18 ліпеня 1799 г. царква была перададзена праваслаўным. У 1804 г. над алтарнай часткай быў пастаўлены масіўны купал на драўляным светлавым барабане, а развітыя барочныя франтоны фасадаў заменены строгія трохвугольныя[1].
У 1861 г. у будынак былога манастырскага корпуса пераехала пераведзеная сюды з Полацка духоўная семінарыя[1].
У 1913 г. Імператарская археалагічная камісія дала дазвол на рэстаўрацыю храма, палічыўшы яго каштоўным культурна-гістарычным помнікам[1].
Узарваны ў 1937 г. сапёрнай брыгадай пад камандаваннем Пятра Грыгарэнкі[1].
26 верасня 1998 г. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II заклаў першы камень і капсулу з памятнай граматай на месцы аднаўлення Успенскага сабора. У чэрвені 2000 г. пачаліся аднаўленчыя працы, якія скончыліся ў 2010 г.[1] Выгляд адноўленага храма паводле словаў аднаго са стваральнікаў праекта рэстаўрацыі Аляксандра Міхайлюкова быў прадыктаваны заказчыкамі[2]:
Заказ на рэстаўрацыю прыйшоў супольны – ад дзяржавы і праваслаўнай царквы. Сабор быў пабудаваны як барочны – позняе барока. Ён быў унікальны. Але нам навязвалі пераробку сабора, які ўзвёў знакаміты Іосіф Фантана: перавага аддавалася варыянту з купалам. Вядома ж, зацікаўленасць заказчыкаў. Зніклі барочныя франтоны, стромкі дах быў заменены на больш просты. І гэта, мякка кажучы, крыўдна. |
-
Паштоўка пачатку XX ст.
-
Алтар храма, фота Пракудзіна-Горскага, 1911.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Сабор
[правіць | правіць зыходнік]Царква мае надзвычай развітую аб’ёмна-прасторавую структуру пяцінефнай крыжова-купальнай базілікі з дзвюма вежамі на галоўным фасадзе. Паўкруглая апсіда цэнтральнага нефа абкружана абходнай галерэяй — працягам бакавых. Крайнія нефы падзяляюцца на шэраг капэл, якія разам з крыламі трансепта і сакрысціямі ўкампанаваны ў агульны прамавугольны план. Галоўны фасад мае пяцічасткавае чляненне, падкрэсленае групоўкай пілястраў. Цэнтральная частка, выгнутая ўперад, завяршаецца трохвугольным франтонам, а чатырох’ярусныя вежы — фігурнымі купалкамі. Сяродкрыжжа ўвенчвае магутны светлавы васьмігранны барабан са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны філёнгавыя рамы, разнастайныя абрамленні праёмаў і інш. Цэнтральны неф і трансепт перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкай, бакавыя нефы — крыжовымі, капэлы — сферычнымі купаламі[3].
Манастыр
[правіць | правіць зыходнік]Трохпавярховы манастырскі будынак (вул. Політэхнічная, 2) вырашаны па схеме, уласцівай збудаванням гэтага тыпу. Вакол вузкага аднабаковага калідора, арыентаванага ў бок двара, размяшчаліся манаскія келлі і службовыя памяшканні, арыентаваныя да Заходняй Дзвіны. З боку дваровага фасада да выцягнутага прамавугольнага будынка перпендыкулярна далучалася двухпавярховае крыло, дзе на першым паверсе знаходзілася трапезная, на другім — бібліятэка. Галоўны фасад вырашаны ў простых архітэктурных формах. Яго сцяна прарэзана прамавугольнымі аконнымі праёмамі, акаймаванымі дэкаратыўнымі ліштвамі. Паміж праёмамі плоскія пілястры на вышыню ўсіх трох паверхаў, пастаўленыя на шырокі цокаль. Пад кожным аконным праёмам размешчана плоская прамавугольная ніша. Будынак завершаны шырокім карнізам, мае манументальны выгляд[3][4].
Двухпавярховы Г-падобны ў плане манастырскі будынак (вул. Крылова, 7) таксама мае калідорную планіроўку. Плоскасць галоўнага фасада падзелена міжпаверхавым паяском, мае прамавугольныя аконныя праёмы і завершана па цэнтры трохвугольным франтонам. У закругленай вуглавой частцы лучковыя аконныя праёмы ўпрыгожаны з ліштвамі і простымі сандрыкамі. Цокаль дэкарыраваны філёнгамі з прамавугольнымі аконнымі праёмамі[3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё ж УСПЕНСКИЙ СОБОР Архівавана 5 лістапада 2011.
- ↑ Фрэскі, знойдзеныя ў Віцебску, схаваюць пад столь(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 ліпеня 2023. Праверана 9 ліпеня 2023.
- ↑ а б в Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Успенскі сабор і манастыр базыльян (Віцебск)
- Успенскі сабор і манастыр базыльян (Віцебск) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Успенскі сабор і манастыр базыльян (Віцебск) на сайце Radzima.org
- Успенскі сабор і манастыр базыльян (Віцебск) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Успенскі сабор і манастыр базыльян (Віцебск) на сайце «Архіварта»
- Храмы паводле алфавіта
- З’явіліся ў 1743 годзе
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
- Колішнія ўніяцкія храмы Віцебскай вобласці
- Праваслаўныя храмы Віцебска
- Колішнія манастыры Беларусі
- Адноўленыя будынкі і збудаванні Беларусі
- Збудаванні Віцебска ў стылі барока
- Базыльянскія манастыры Беларусі
- Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай
- Узарваныя будынкі і збудаванні
- Вуліца Камісара Крылова (Віцебск)
- 1743 год у Беларусі
- XVIII стагоддзе ў Віцебску
- Храмы Віцебскай і Аршанскай епархіі