Устаўнае пісьмо

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Устаў «Астрамірава евангелля», 1057 г.

Уста́ў, ці ўста́ўнае пісьмо́ — самы старажытны тып кірылічнага пісьма.

Узнік на аснове візантыйскага ўстава. Выкарыстоўваўся ў раннім славянскім пісьменстве, у старабеларускім пісьменстве — да канца 14 ст., зрэдку ў 15 ст. пераважна ў дзелавых граматах на пергаменце.

Вызначаўся стройным і выразным абрысам літар. Словы ва ўставе звычайна не аддзялялі адно ад аднаго, літары пісаліся асобна, амаль перпендыкулярна ў радку і мелі формы, блізкія да геаметрычных. Скарачэнне слоў і напісанне літар пад радком практыкавалася рэдка. У якасці знакаў прыпынку былі кропка і двукроп'е, падрадковых знакаў — цітлы, спалучэнні кропак і знак, які нагадвае знак кароткасці. Знак для абазначэння тысячы (҂) ставіўся не перад літарай-лічбай, а пасля яе.

Уставам пісалі і кнігі: Псалтыр (1296), Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае (14 ст.) евангеллі. Да ўстаўнага пісьма адносяць і пісьмо берасцяных грамат. Найбольш доўга і трывала ўстаў ужываўся ў полацкіх граматах. Беларускія граматы 2-й палавіны 14 ст., напісаныя ў іншых мясцовасцях, характарызуюцца меншай акуратнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і наяўнасцю ў асобных літарах паўустаўных і нават скарапісных элементаў.

У канцы 14 ст. устаў быў заменены паўуставам і скорапісам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]