Усходнепалеская школа дойлідства

Усходнепале́ская, або Прыпя́цкая шко́ла до́йлідства — самабытная архітэктурная школа, якая сфармавалася, як і заходнепалеская школа, у XVII—XVIII стагоддзях у драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве Беларускага Палесся, і бесперапынна развівалася да пачатку XX стагоддзя. Склалася ў Прыпяцкім Палессі і верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, усходу Брэсцкай і поўдні Мінскай абласцей). На раннім этапе заўважалася сувязь школы з Бойкаўшчынай (Украінскія Карпаты), на познім пэўны ўплыў зрабіла манументальнае дойлідства Левабярэжнай Украіны[1].
Народнае жыллё
[правіць | правіць зыходнік]Для асноўнай часткі гэтай тэрыторыі характэрныя вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары і дзвюх-, трохкамерныя хаты. Жыллё і гаспадарчыя пабудовы вылучаліся тэхнікай складання сцен з бярвён (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвён «астатку» счэсваліся на шэсць граней), выкарыстаннем двухсхільных дранічных дахаў на зволаках[1]. Нізкі зруб (звычайна 13—15 вянкоў) ставіўся на падрубу на зямлю, каменне або драўляныя штандары і абносіўся ўцяпляльнай прызбай. Два верхнія бервяны падоўжных сцен рабіліся даўжэйшымі за астатнія і складалі трывалую аснову прычолка. На тарцовых сценах рубіўся закот з 7—8 бярвенняў, куды запускаліся падоўжныя жэрдкі-свалокі, па якіх укладвалася драніца, замацаваная знізу латакамі на круччах. Такі дах мог завяршацца збітым з дзвюх дошак «ваўком»[2].
У паўднёвай частцы зоны сустракаліся цэнтрычныя пабудовы жылога і гаспадарчага прызначэння з вянковым пірамідальным перакрыццем[1]. Такія шматвугольныя ў плане пабудовы — «курэні» — захоўвалі верхнюю адтуліну для выхаду дыму ад ачага, што з'яўляецца рэліктавай рысай часоў ранняга жалезнага веку[3]. На паўднёвым усходзе многія жылыя будынкі мелі квадратны план і вальмавы каркасны дах[1].
Гаспадарчае і грамадзянскае дойлідства
[правіць | правіць зыходнік]Сярод гаспадарчых пабудоў манументальнасцю вылучаліся будынкі для абмалоту і захоўвання збожжа: гумны, стадолы, клуні. Надзвычай архаічны выгляд мелі паліганальныя ў плане стадолы з пірамідальным перакрыццём «у рэж», якія будаваліся ў вёсках Старое Сяло і Грычынавічы Столінскага раёна. Цэнтральнапалескія гумны і стадолы з прамавугольным планам часта завяршаліся двух- ці чатырохсхільнымі дахамі традыцыйнай вянковай канструкцыі, што зафіксавана ў вёсках Вайткевічы, Грабава Петрыкаўскага, Валасовічы, Пухавічы, Дзякавічы Жыткавіцкага раёнаў[4].
Масавымі вытворчымі збудаваннямі з'яўляліся млыны. Найбольш старажытнымі лічыліся вадзяныя млыны («вешнякі»), якія будаваліся на рэках і балотах у комплексе з плацінай. Сярод ветракоў дамінаваў старажытны тып — «козлаўка». Ён асноўваўся на дубовым стрыжні, меў каркасныя ашаляваныя сцены і завяршаўся двухсхільным дахам з паўвальмай з боку крылаў. Вялізныя манументальныя шатровыя млыны-васьмерыкі з'явіліся на Палессі толькі каля сярэдзіны XIX стагоддзя[5].
Развіццё манументальнага грамадзянскага дойлідства было шчыльна звязана з эвалюцыяй замкаў у замкава-палацавыя ансамблі. У Мазырскім замку ў XVIII стагоддзі існаваў вялікі палац пад ламаным гонтавым дахам з дзвюма сенцамі, параднай залай і «сеймікавай хатай». Замак у Давыд-Гарадку страціў абарончыя функцыі да канца XVIII стагоддзя, калі на яго тэрыторыі быў узведзены палац з пяццю жылымі пакоямі, сталовай і характэрнымі алькежамі[6].
Культавае дойлідства
[правіць | правіць зыходнік]
У культавым дойлідстве, разам з храмамі падоўжна-восевай кампазіцыі, былі пашыраныя храмы глыбінна-прасторавай і крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі з яруснымі вярхамі. Фарміраванне ярусных вярхоў генетычна звязана са старажытнай традыцыяй завяршаць кожны зруб скляпеністым перакрыццём, што назіралася яшчэ ў архаічных палескіх хатах і стадолах[7].


На ранняй стадыі развіцця школы, у XVII — 1-й палове XVIII стагоддзяў, вярхі былі чацверыковымі пірамідальнымі, як у Сінкевіцкай Георгіеўскай царкве. Пазней, пад моцным уплывам стылю барока, расла колькасць заломаў (як у Слуцкай Міхайлаўскай царкве), а вярхі станавіліся васьмерыковымі (як у Старабеліцкай Мікалаеўскай царкве)[1].

У другой палове XVIII — пачатку XIX стагоддзя ўсходнепалескай школай выпрацаваны арыгінальны прыём узмацнення кантрасту кампазіцыі цэнтральнага храмавага аб’ёму ў выніку пастаноўкі паміж двума васьмерыкамі чацверыка. Гэты смелы і спецыфічны прыём выкарыстаны ў Рубельскай Міхайлаўскай царкве (1796), царкве Нараджэння Багародзіцы ў в. Ленін Жыткавіцкага раёна (1788), Кажан-Гарадоцкай Мікалаеўскай царкве (1818)[1][8]. Для гэтых помнікаў таксама характэрна надзвычай кампактная планіроўка, сціснутая да цэнтра, і спецыфічныя прапорцыі, дзе вышыня цэнтральнага верху рабілася роўнай падвоенай даўжыні нефа.

Такі прыём характэрны і для званіц. Яны эвалюцыянавалі ад простых слупавых пабудоў да складаных двух- і трох'ярусных кампазіцый, якія часта ўключалі ў сябе рытмічныя аркады і адкрытыя галасніковыя праёмы. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі са званіцамі на галоўным фасадзе (Гомельская Ільінская царква)[1][9].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 Якімовіч Ю. А. Палескія школы дойлідства // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 380. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Якімовіч 1978, с. 39.
- ↑ Якімовіч 1978, с. 36.
- ↑ Якімовіч 1978, с. 44.
- ↑ Якімовіч 1978, с. 80.
- ↑ Якімовіч 1978, с. 61-63.
- ↑ Якімовіч 1978, с. 106.
- ↑ Якімовіч 1978, с. 122-128.
- ↑ Якімовіч 1978, с. 138-142.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Якімовіч Ю. А. Палескія школы дойлідства // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 380. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Якімовіч Ю. А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. — Мінск: Навука і тэхніка, 1978. — 152 с.