Усход (антарктычная станцыя)
Усход (руск.: Восток) — расійская антарктычная станцыя ва Усходняй Антарктыдзе на Зямлі Прынцэсы Елізаветы. Знаходзіцца ў адным з самых суровых месцаў планеты на вышыні 3500 м над у.м., адначасова на Полюсе холаду і адным з Полюсаў недасяжнасці. Да асноўных лімітуючых фактараў адносяцца тэмпература і амаль нулявая вільготнасць паветра, недахоп кіслароду. Менавіта на станцыі Ўсход 21 ліпеня 1983 года была зафіксавана самая нізкая на Зямлі тэмпература — -89,2°С. Назву атрымала ў гонар судна «Усход», якім камандваў Ф.Ф.Белінсгаузен, — флагмана Расійскай Імператарскай Антарктычнай экспедыцыі. Асноўныя напрамкі навуковых даследванняў — вывучэнне ледавіковага шчыта, падлёднага возера Усход пад ім, а таксама магнітасферы Зямлі.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Да сярэдзіны 1950-х ў глыбіні Антарктыды не мелася сталых навуковых базаў. Станцыя Усход была ўзведзена савецкімі палярнікамі 16 снежня 1957 годзе падчас Міжнароднага геафізічнага года . З таго часу станцыя не спыняе сваёй працы больш за 60 гадоў, за выняткам лютага — лістапада 1994.
Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]
Адна з першых палярных станцый у глыбіні мацерыка і адна з самых ізаляваных палярных станцый. Самая паўднёвая круглагадовая станцыя пасля амерыканскай Амундсен-Скот. Станцыя знаходзіцца на высокім Антарктычным плато на вышыні 3489 м над узроўнем мора ў 1300 км ад Паўднёвага геаграфічнага полюса. Сувязь са знешнім светам ажыццяўляецца паветраным транспартам праз станцыю Мірны.
Прыродныя ўмовы[правіць | правіць зыходнік]
На станцыі палярны дзень і палярная ноч доўжацца па 4 месяцы. У плане пораў году палярны дзень тут супадае з "летам", у снежні-студзені сярэдняя тэмпература складае каля -27°С (абсалютны максімум — -14°С). Цягам 4 месяцаў палярнай ночы-зімы сярэднія тэмпературы складаюць -61 — -64°С. Абсалютны мінімум -89,2°С, зафіксаваны на станцыі 21 ліпеня 1983 года, дае ёй права звацца Полюсам холаду Зямлі[1]. У 1974 годзе брытанскія навукоўцы праводзілі паветраную радарную здымку і выявілі пад ледавіковым шчытом вялізную вадкую масу, аднак існаванне падлёднага возера было даказана толькі ў 1991, а ў 1996 расійскія і брытанскія навукоўцы акрэслілі ягоныя межы.
Чалавек на станцыі[правіць | правіць зыходнік]
Насельніцтва станцыі як правіла складае 25 чалавек летам і 13 — зімой. Геаграфічнае становішча станцыі робіць яе найбольш зручным месцам для даследвання змяненняў стану магнітасферы. Іншыя напрамкі даследванняў: актынаметрыя, кліматалогія, гляцыялогія, медыцына. Цяжкасці, з якімі прырода накідваецца на чалавека на Усходзе, апісаны палярнікам Уладзімірам Саніным у кнігах «72°С ніжэй за нуль» і «Пачатковец у Антарктыдзе».
Побач са станцыяй размешчаны два гістарычныя манументы, што адлюстроўваюць мінулае палярных даследванняў: гэта "ўдзельнік" экспедыцыі 1957 года трактар АТТ 11 і свідравальны комплекс прафесара Кудрашова.