Утыка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Разваліны Утыкі

Уты́ка — старажытны горад на паўночны захад ад Карфагена (тэрыторыя сучаснага Туніса), які традыцыйна лічыцца першай калоніяй, якую заснавалі фінікійцы ў Паўночнай Афрыцы.

Паводле Арыстоцеля, Утыка (ад фінікійскага слова «старая», ˁattiq) была заснавана прыблізна ў 1100 годзе да н.э. як порт на шляху да Гібралтара. З заснаваннем «новага горада», Карфагена, Утыка патрапіла ў залежнасць ад яго, аднак працягвала адыгрываць важную ролю ў фінікійскім гандлі.

У 308 ці 307 годзе да н.э. падчас вайны Сіракузаў з Карфагенам горад быў захоплены і разрабаваны войскамі Агафокла.

Пасля Трэцяй Пунічнай вайны Утыка стала адміністрацыйным цэнтрам рымскай правінцыі Афрыка. У 46 годзе да н.э. у абложанай цэзарыянцамі Утыцы скончыў жыццё самагубствам Катон Малодшы, які з-за гэтага атрымаў пасмяротную мянушку Утычнага.

У 439 годзе рымскі горад быў разрабаваны вандаламі, а ў 698 годзе канчаткова знішчаны арабскімі заваёўнікамі. Пачынаючы з XIX стагоддзя вядуцца археалагічныя раскопкі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]