Уцёкі ў Егіпет (фрэска Джота)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Уцёкі ў Егіпет»

«Уцёкі ў Егіпет» — фрэска працы Джота дзі Бандонэ, намаляваная каля 1305 года для капэлы Скравеньі ў Падуі. Знаходзіцца на паўднёвай сцяне капэлы, пад фрэскамі, прысвечанымі гісторыі Ганны і Іаакіма, у праёмах паміж вокнамі напісаны пяць сцэн з дзяцінства Ісуса. Да іх адносіцца і сцэна ўцёкаў Святой сям'і ў Егіпет, адна з самых знакамітых сцэн капэлы[1].

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Фрэска нагадвае пра ўцёкі Святой Сям'і, што стала следствам пераследу Ірада. Эпізод быў апісаны, галоўным чынам, у Евангеллі паводле Матфея:

« Калі ж яны адышлі, - вось, анёл Гасподні яўляецца ў сне Іосіфу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет, і быў там да Ірадавай смерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго».
»

Шмат іншых эпізодаў, звязаных з уцёкамі было апісана ў апакрыфічных тэкстах, напрыклад ў «Евангеллі Псеўда-Матфея». Менавіта гэтымі апісаннямі і натхніў сябе Джота.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Дзеянне адбываецца на фоне голага скалістага пейзажу, як і сцэна Стыгматызацыі Святога Францыска ў Асізі і Луўрская карціна, але напісана ў мякчэйшай манеры[1].

Святы Іосіф

Сцэна ўцёкаў Святой Сям'і ў Егіпет убачана мастаком як акт антычнай трагедыі. Бяда і пагроза няздольныя зламаць дух, не могуць прынізіць яго герояў[2]. Джота намаляваў уцёкі велічнай працэсіяй, якая паважна і павольна ідзе праз камяністую пустыню. Група падарожнікаў накіроўваецца туды, куды паказвае анёл, які лунае над імі. Наперадзе ідзе Іосіф у вохрыста-жоўтым плашчы, ён размаўляе з хлопчыкам, які вядзе за аброць асла, таму погляд яго звернуты назад, у прастору карціны.

У цэнтры кампазіцыі намалявана поўная годнасці Марыя з немаўлём, якая сядзіць на асле, дзіўна адчужаная і вылучаная прасторава[1]. Асёл крочыць нетаропка і мерна, як і праз гады, калі Збаўца будзе здзяйсняць свой Уваход у Іерусалім[2]. Цяжкія складкі чырвонага адзення і сіняга (цяпер фарбы збляклі, сцерліся) плашча, прамая пасадка і высокі трохвугольны маналіт скалы на заднім плане падкрэсліваюць замкнёнасць цэнтральнай фігуры. Віртуозна разроблены складкамі шырокі плашч, які ахутвае Марыю, надае ёй асаблівую ўрачыстасць: гэта яшчэ адзін фрагмент, яки адрозніваецца выключнай рэалістычна[1].

Мадонна з дзіцем на фоне камяністага ўзгорка
Анёл

Галава Марыі, паказаная дакладна ў профіль, напісана значна больш рэалістычна, чым падобная выява ў Асізі — гэта сведчыць пра большую свабоду мастака ад сярэдневяковай традыцыі. У процівагу статычнасці гэтай фігуры выява осліка, напісанага не меней майстэрскі, чым фігуры людзей, якая прытрымліваецца антычнай традыцыі перадачы руху коней, надае карціне пэўную дынаміку. Яе ўзмацняе таксама жывая жэстыкуляцыя трох юнакоў, якія суправаджаюць Святую сям'ю. Іх фігуры ўраўнаважваюць кампазіцыю злева. Драматызм сцэны адчуваецца ў выразным профілі заклапочанага твару Марыі, у бясплодным асяроддзі, ва ўсёй яе фігуры, напісанай жорсткімі лініямі. Аднак аліўкавыя дрэвы, якія зазелянелі нават на схіле голай скалы, і фігура анёла з'яўляюцца сімваламі надзеі[1].

Цёмная скала

Кампазіцыя карціны мае пірамідальную форму, асновай якой з'яўляецца ослік, а вяршыняй — фігуры Багародзіцы і Немаўля Ісуса, нібы «ўлітыя» ў абрысы камяністага ўзгорка[1]. Скала на фоне магутна паўтарае і замацоўвае гэтую кампазіцыйную мадэль, аднак ясную гармонію выратавання імкнецца разбурыць кампазіцыйны і каларыстычны антыпод — злева ад светлай скалы змрочным ценем адколваецца і засціць неба цёмны сілуэт горнай вяршыні. Сімволіка колеру і формаў глыбока ўкаранёная ў мастацкім мысленні Джота[2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]