Даўжыня цела 16—25 см, зрэдку болей (да 32 см)[1]. Маса да 25—40 г, часам болей. Цела спераду амаль цыліндрычнае, затым крыху сціснутае з бакоў. Галава невялікая. Вакол рота 5 пар вусікаў (2 пары на верхняй сківіцы, 1 пара ў вуглах рота і 2 пары на ніжняй сківіцы). Вочы невялікія, жоўтага або карычневага колеру. Плаўнікі закругленыя, з цёмнымі плямамі. Луска дробная. Бакавая лінія непрыкметная. Афарбоўка залежыць ад месца жыхарства. Звычайна спіна бурая з цёмнымі плямінамі, бакі жаўтаватыя, бруха жоўтае або чырванаватае. Па баках працягваюцца 3 цёмныя палоскі (сярэдняя цягнецца ад вока да хваставога плаўніка).
Уюны — аселыя рыбы, толькі ў час паводкі могуць пераадольваць значныя адлегласці. У месцах жыхарства трымаюцца каля дна або закапаўшыся ў іл. Пры перасыханні вадаёма закопваюцца ў вільготны іл і упадаюць у спячку. Уюны вельмі не патрабавальныя да колькасці кіслароду ў вадзе.
Дарослыя ўюны кормяцца дновымі беспазваночнымі: казуркамі і іх лічынкамі, малюскамі, дробнымі ракападобнымі, а таксама дэтрытам.
Палавой спеласці дасягаюць у трохгадовым узросце. Нераст звычайна ў красавіку — маі. Уюны нерастуюць ў прыбярэжнай зоне, у густых зарасніках (у перыяд паводкі — на поймах вадаёмаў). Ікра дыяметрам 1,7—1,9 мм. Колькасць адкладваемых ікрынак можа дасягаць 150 тысяч.
Перыяд інкубацыі 5-7 сутак, пасля чаго лічынка з дапамогай ніткападобных вырастаў на галаве прымацоўваецца да раслін і вісіць у тоўшчы вады да поўнага расходавання запасу жаўтка. Развіццё лічынак адбываецца ва ўмовах дэфіцыту кіслароду, таму ў іх развіваюцца дадатковыя лічынкавыя органы дыхання ў выглядзе сістэмы крывяносных сасудаў жоўцевага мяшка, затым развіваюцца вонкавыя жабры, якія ў працэсе росту і развіцця лічынкі рэдукуюцца.
↑Рыбы: Попул. энцикл. справочник/Белорус. Сов. Энцикл., Ин-т зоологии АН БССР; Под ред. П. И. Жукова.— М.: БелСЭ, 1989.— С.69—72.— 311с.— 100000 экз.— ISBN 5-85700-016-5.
Рыбы: Попул. энцикл. справочник/Белорус. Сов. Энцикл., Ин-т зоологии АН БССР; Под ред. П. И. Жукова.— М.: БелСЭ, 1989.— С.69—72.— 311с.— 100000 экз.— ISBN 5-85700-016-5.