Уільям Самуэль Шварц

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Уільям Самуэль Шварц
Дата нараджэння 23 лютага 1896(1896-02-23)[1][2][3]
Месца нараджэння
Дата смерці 10 лютага 1977(1977-02-10)[3] (80 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, дзеяч мастацтваў
Вучоба

Уільям Самуэль Шварц (англ.: William S. Schwartz, 23 лютага 1896, Смаргонь — 10 лютага 1977, Чыкага, ЗША) — жывапісец, графік і скульптар.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў шматдзетнай яўрэйскай сям’і Шмуэля Шварца.

Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у віленскай Мастацкай школе, дзе вучыўся ў 1908—1912 гадах.

У 1914 годзе эміграваў у ЗША. На працягу некалькіх месяцаў ён жыў у сваякоў, працаваў маляром. У 1915 годзе пераехаў у Чыкага, працягнуўшы сваё навучанне да 1917 года ў Чыкагскім інстытуце мастацтваў. Шварц займаўся пад кіраўніцтвам жывапісца Карла Альберта Буэра, яркага прадстаўніка імпрэсіянізму ў амерыканскім мастацтве пачатку ХХ стагоддзя.

Пераважна працуючы ў галіне станковага жывапісу, паспяхова спрабаваў сябе ў графіцы і скульптуры. Паралельна браў урокі опернага вакалу (тэнар), выступаў у мюзіклах, оперных пастаноўках, на радыё, атрымаў спрыяльныя водгукі, але палічыў за лепшае заняткі выяўленчым мастацтвам.

У 1920—1930 гады актыўна ўдзельнічаў у групавых выставах і правёў тры персанальныя выставы ў Чыкагскім інстытуце мастацтваў. Першая з іх адбылася ў 1926 годзе. Яна стала пачаткам яго паспяховай кар’еры. Творы рэгулярна адзначаліся ўзнагародамі Чыкагскага інстытута мастацтваў (1927, 1928, 1930, 1936, 1945).

Карціны розных гадоў дэманструюць уважлівае вывучэнне мастаком канцэпцый шэрагу плыняў у мастацтве канца XIX — першай палове ХХ стагоддзя: сімвалізму, фавізму, кубізму, сюррэалізму, абстракцыянізму, і, да пэўнай ступені, прытрымліванне ім.

Удзельнічаў у афармленні павільёнаў Сусветнага кірмашу ў Чыкага (1933), стварыў фрэску «Чыкага» ў бальніцы ў Кук Каўнці (1935), роспісу ў паштовых аддзяленнях у гарадах Фейрфілд, Эльдарада, Пітсфілд. Напісаў серыю жывапісных твораў «Амерыкана» (1930-я), якую склалі групавыя партрэты выбітных амерыканскіх кампазітараў, мастакоў, паэтаў, навукоўцаў.

Пейзажы і жанравыя творы 1930-х гадоў, на якіх мастак у рэалістычнай манеры адлюстроўваў віды і эпізоды з жыцця маленькіх амерыканскіх гарадоў, стылістычна блізкія рыджыяналізму — уласна амерыканскаму кірунку ў мастацтве часу Вялікай дэпрэсіі, прадстаўнікоў якога натхнялі вобразы і сюжэты амерыканскай правінцыі. Сярод работ такога роду «Ускраіна горада Мічыган» (1930); «Брыгсвіл», «Вісконсін», (1936), «Ускраіна Галены» (1938) і іншыя.

У 1930 гадах перадаў некалькі сваіх твораў у СССР для музея ў горадзе Бірабіджан, які з 1934 года стаў адміністрацыйным цэнтрам Яўрэйскай аўтаномнай вобласці.

З канца 1940 гадоў амаль выключна працаваў у абстрактнай манеры. Верагодна, пад уплывам ідэй Васіля Кандзінскага, выдатнага майстра лірычнага абстракцыянізму і аднаго з заснавальнікаў гэтага накірунку, звярнуўся да пытанняў узаемадзеяння музыкі, колеру і формы, а таксама займаўся распрацоўкай уласнай тэорыі.

Памёр мастак 10 лютага 1977 года ў Чыкага[4].

Зноскі

  1. https://rkd.nl/explore/artists/97364 Праверана 23 жніўня 2017.
  2. William S. Schwartz
  3. 3,0 3,1 William S. Schwartz // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Шварц Уільям Самуэль