ФК Смалявічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Смалявічы
ФК Смалявічы (2020).gif
Поўная назва ТАА «Футбольны клуб „Смалявічы“»
Заснаваны 2009
Горад Смалявічы, Беларусь
Стадыён «Азёрны»
Умяшчальнасць: 1600
2021 12 месца ў Мінскім дывізіёне Другой лігі
Сайт Афіцыйны сайт
Форма
Асноўная
форма
Форма
Гасцявая
форма

«Смалявічы»беларускі футбольны клуб з горада Смалявічы, заснаваны ў 2009 годзе. У 2018 і 2020 гадах выступаў у Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1996—1997 гадах клуб са Смалявічаў пад назвай «Крышталь» гуляў у Трэцяй лізе чэмпіянату Беларусі.

«Вігвам» (2009—2011)[правіць | правіць зыходнік]

У 2009 годзе быў створаны клуб «Вігвам» (назва ад фірмы-спонсара). Першы сезон клуб правёў у чэмпіянаце Мінскай вобласці, а на наступны год заявіўся ў Другую лігу. Але тады клуб поспехаў не меў, знаходзячыся пераважна ў ніжняй частцы табліцы.

Улетку 2011 года клуб быў перайменаваны ў «Смалявічы», а галоўным трэнерам клуба стаў Юрый Пунтус, нядаўна звольнены з брэсцкага «Дынама». На той момант каманда займала апошняе месца ў Другой лізе. Клуб здолеў выправіць сітуацыю, скончыўшы сезон на 12 месцы з 16.

Сезон 2012[правіць | правіць зыходнік]

У сезоне 2012 клуб, які атрымаў новую назву «Смалявічы-СТІ» (ад новага спонсара, фірмы СарматТэрмаІнжынірынг), стаў галоўным фаварытам Другой лігі. Узмацніўшыся перспектыўнімі маладымі ігракамі, «Смалявічы-СТІ» упэўнена ішлі да сваёй мэты — выхаду ў Першую лігу.

У кастрычніку 2012 года каманда правяла першы матч на новым стадыёне «Азёрны». Атрымаўшы перамогу над «Асіповічамі» (2:0), «Смалявічы-СТІ» датэрмінова аформілі выхад у Першую лігу.

Сезон 2013[правіць | правіць зыходнік]

У сезоне 2013 «Смалявічы-СТІ» дэбютавалі ў Першай лізе. Каманда працягвала выступаць маладымі ігракамі, толькі ўзмацнілася вопытным Алегам Страхановічам, які працаваў пад кіраўніцтвам Юрыя Пунтуса ў БАТЭ і МТЗ-РІПА.

Асаблівых поспехаў клуб са Смалявічаў не меў, чаргуючы перамогі з паражэннямі, і ў выніку апынуўся ў сярэдзіне турнірнай табліцы.

У кастрычніку 2013 года, пасля разгромнага паражэння да светлагорскага «Хіміка» (1:6), Юрый Пунтус падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнера[1]. Выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера стаў Альберт Рыбак, які да гэтага быў трэнерам брамнікаў.

Хутка пасля Пунтуса каманду пакінуў і адзін з лідараў Алег Страхановіч. Каманда скончыла сезон на 8 месцы.

Сезон 2014[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння сезона, у снежні 2013 года, Альберт Рыбак быў прызначаны галоўным трэнерам[2]. Каманда здолела захаваць большую частку ігракоў, хоць некаторыя ўслед за Юрыем Пунтусам перайшлі ў мазырскую «Славію».

Першую палову сезона 2014 каманда ішла ў сярэдзіне табліцы. У жніўні 2014 года «Смалявічы-СТІ» сталі навязваць барацьбу за трэцяе месца, якое давала права на стыкавыя матчы за месца ў Вышэйшай лізе. Але пасля трох паражэнняў запар у верасні 2014 каманда зноў апынулася ў сярэдзіне табліцы, з-за чаго быў звольнены галоўны трэнер Альберт Рыбак[3]. Новы трэнер, Дзмітрый Навіцкі, які раней узначальваў «Мінск-2», не здолеў выправіць сітуацыю. Атрымаўшы паражэнні ў пяці апошніх турах, «Смалявічы-СТІ» занялі выніковае дзясятае месца.

Сезон 2015[правіць | правіць зыходнік]

У сезоне 2015 значна абнавіўся склад каманды — больш чым напалову. Сезон пачаўся няўдала — пасля шэрагу паражэнняў каманда апынулася ў канцы табліцы. Нягледзячы на тое, што сітуацыя пазней пачала выпраўляцца, у жніўні 2015 года галоўны трэнер Дзмітрый Навіцкі быў звольнены[4]. Неўзабаве новым трэнерам быў прызначаны Аляксандр Бразевіч[5], вядомы па працы ў такіх клубах, як «Смаргонь», «Тарпеда-БелАЗ» і «Рэчыца-2014». Бразевіч здолеў падняць каманду з 10-га на 7-е месца, якое стала найлепшым у гісторыі клуба. Па заканчэнні сезона ў лістападзе 2015 года спецыяліст пакінуў Смалявічы[6].

Сезон 2016[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку сезона 2016 «Смалявічы-СТІ» падпісалі дамову з барысаўскім БАТЭ[7], тым самым сталі фарм-клубам барысаўчан. Галоўным трэнерам стаў былы трэнер дубля БАТЭ Віталь Рагожкін. Пачатак сезона атрымаўся для каманды не вельмі ўдалым, і ў чэрвені Рагожкін пакінуў сваю пасаду, на чале каманды стаў Дзмітрый Молаш. У другой палове сезона «Смалявічы-СТІ» знаходзіліся ў сярэдзіне табліцы і ў выніку занялі 8-е месца з 14.

Сезон 2017[правіць | правіць зыходнік]

У сезоне 2017 супрацоўніцтва з БАТЭ было спыненае, аднак галоўным трэнерам застаўся Дзмітрый Молаш. Склад каманды папоўніў шэраг вопытных выканаўцаў, такіх як Алег Шкабара, Сяргей Кавалюк, Ігар Трухаў, Ігар Варанкоў. З пачатку турніру «Смалявічы-СТІ» разглядаліся як адзін з фаварытаў, а каманда здолела хутка захапіць лідарства, пасля першай паловы чэмпіянату займала першае месца з адрывам у 7 ачкоў. Аднак, шэраг няўдач у другой палове сезона дазволіў сапернікам дагнаць смалявіцкі клуб. У выніку ўпартай барацьбы «Смалявічы-СТІ» занялы другое выніковае месца і атрымалі месца ў Вышэйшай лізе.

Сезон 2018[правіць | правіць зыходнік]

У сезон 2018 каманда ўвайшла з новым галоўным трэнерам — ім стаў Аляксандр Бразевіч, які раней ужо ўзначальваў каманду. У студзені 2018 года стала вядома, што «Смалявічы-СТІ» змянілі назву на «Смалявічы»[8]. Амаль поўнасцю змянілася каманда, з папярэднага сезона засталіся толькі тры ігракі — Іван Васілёнак, Павел Чыкіда і Валерый Гарбачык. Смалявіцкая каманда добра засвоілася ў элітным дывізіёне, на працягу большай часткі сезона ішла ў ніжняй часткі турнірнай табліцы, але не трапляла ў зону вылету. Аднак, няўдачы ў канцы сезона адклалі вырашэнне пытання аб месцы ў эліце на апошні тур, дзе «Смалявічам» была патрэбна перамога над мінскім «Промнем». Выйшаўшы наперад, смалявіцкая каманда прапусціла ў другім тайме, і выніковы лік 1:1 адправіў «Смалявічы» ў Першую лігу.

Сезон 2019[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на вылет у Першую лігу, «Смалявічы» захавалі перспектыўных маладых ігракоў, Аляксандр Бразевіч застаўся на пасадзе трэнера, таксама каманда ўмацавалася вядомымі для Першай лігі выканаўцамі. Смалявіцкі клуб хутка стаў адным з лідараў турніру, доўгі час змагаўся за першы радок з бабруйскай «Белшынай». За некалькі тураў да фінішу «Смалявічы» гарантавалі вяртанне ў элітны дывізіён, аднак у барацьбе з бабруйчанамі саступілі і занялі другі радок.

Сезон 2020[правіць | правіць зыходнік]

У сезоне 2020 «Смалявічы» працягваліся выступаць пераважна маладымі ігракамі, узмацніўшыся таксама некалькімі расіянамі. Выступленне ў чэмпіянаце, аднак, было няўдалым, каманда хутка апынулася ў ніжняй частцы табліцы. Неўзабаве ў клубе пачаліся фінансавыя праблемы, што ў многім было звязана з сыходам у пачатку 2020 года з пасады старшыні Смалявіцкага райвыканкама Міхаіла Загорцава, які доўгі час падтрымліваў клуб, у той час як новы старшыня Андрэй Ратамскі надзяляў футболу значна менш увагі. У выніку ў сярэдзіне сезона клуб прапанаваў ігракам значна скараціць заробкі, з-за чаго многія футбалісты пакінулі каманду, замест іх была набраная моладзь, у тым ліку у арэнду з іншых клубаў Вышэйшай лігі, амаль без вопыту гульні ў элтным дывізіёне. У апошніх 12 турах «Смалявічы» нязменна прайгравалі і задоўга да фінішу турніру страцілі месца ў элітным дывізіёне.

Сезон 2021[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ ў снежні 2020 года ўсе футбалісты па заканчэнні кантрактаў пакінулі клуб, як і трэнерскі штаб. У студзені 2021 года было абвешчана, што «Смалявічы» ў сезоне 2021 не будуць удзельнічаць у Першай лізе і спыняюць існаванне[9]. У лютым 2021 года стала вядома, што «Смалявічы» ўсё ж працягнуць існаванне і выступы ў Першай лізе, стаўшы фарм-клубам «Тарпеда-БелАЗ»[10]. У сакавіку 2021 года клуб афіцыйна абвясціў, што не выступіць у Першай лізе ў сезоне 2021, але заявіцца ў Другую лігу[11].

У Другой лізе каманда складалася пераважна з маладых ігракоў, галоўным трэнерам быў Аляксандр Ванюшкін, які раней працаваў з юнацкімі камандамі клуба. «Смалявічы» выступалі ў зоне «Поўнач» Мінскага дывізіёна, дзе былі серадняком і занялі выніковае шостае месца з 10. У стыкавым матчы «Смалявічы» адмовіліся прымаць стаўбцоўскі «Кронан», таму засталіся ў Мінскім дывізіёне на агульным 12-м месцы.

У сезоне 2022 клуб адмовіўся ад удзелу ў чэмпіянаце Беларусі.

Эмблемы[правіць | правіць зыходнік]

Папярэднія назвы[правіць | правіць зыходнік]

  • 1996—1997: «Крышталь»
  • 2009—2011: «Вігвам»
  • 2011: «Смалявічы»
  • 2012—2017: «Смалявічы-СТІ»
  • з 2018: «Смалявічы»

Дасягненні[правіць | правіць зыходнік]

Статыстыка выступленняў[правіць | правіць зыходнік]

Чэмпіянат і Кубак Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Сезон Ліга М Г В Н П Галы Ачкі Кубак Заўвагі
1996 Трэцяя — Б (Д3) 7 26 14 3 9 43–30 45 1/16 фіналу
1997 Трэцяя — А (Д3) 5 26 13 4 9 39–35 43
2010 Другая (Д3) 11 34 10 11 13 32–41 41 1/32 фіналу
2011 Другая (Д3) 12 30 8 8 14 45–48 32 1/32 фіналу
2012 Другая (Д3) 1 36 26 9 1 113–22 87 1/32 фіналу Выхад у Першую лігу
2013 Першая (Д2) 8 30 12 8 10 50–37 44 1/16 фіналу
2014 Першая (Д2) 10 30 12 4 14 37–41 40 1/32 фіналу
2015 Першая (Д2) 7 30 13 8 9 47–37 47 1/16 фіналу
2016 Першая (Д2) 8 26 9 7 10 38–29 34 1/16 фіналу
2017 Першая (Д2) 2 30 18 4 8 46–22 58 1/16 фіналу Выхад у Вышэйшую лігу
2018 Вышэйшая (Д1) 15 30 5 9 16 21–39 24 1/8 фіналу Вылет у Першую лігу
2019 Першая (Д2) 2 28 19 7 2 60–15 64 1/16 фіналу Выхад у Вышэйшую лігу
2020 Вышэйшая (Д1) 16 291 3 5 21 27–72 14 1/16 фіналу Вылет у Першую лігу, пераход у Другую лігу
2021 Другая — Мінскі дывізіён — Поўнач (Д3) 6 18 9 1 8 56–37 28 1/16 фіналу
Другая — Мінскі дывізіён — Стыкавыя матчы (Д3) 12 1 0 0 1 0–3
  • 1 Матч апошняга тура Вышэйшай лігі 2020 «Слуцк» — «Смалявічы» са згоды АБФФ так і не быў згуляны.

Галоўныя трэнеры[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Юрий Пунтус уволился из "Смолевичей-СТИ" (дополнено)
  2. Альберт Рыбак назначен главным тренером "Смолевичей-СТИ"
  3. «Смолевичи-СТИ» расторг контракт с Рыбаком
  4. "Смолевичи-СТИ" уволили Дмитрия Новицкого с поста главного тренера
  5. Александр Бразевич покинул могилевское "Торпедо" и возглавил "Смолевичи-СТИ"
  6. Александр Бразевич покинул пост главного тренера "Смолевичей-СТИ"
  7. "Смолевичи-СТИ" стали фарм-клубом БАТЭ
  8. «Смолевичи СТИ» сменили название. В новом сезоне клуб будет называться «Смолевичи»
  9. "Смолевичи" прекращают существование и не будут играть в первой лиге
  10. Футбол. "Смолевичи" станут фармом "Торпедо"-БелАЗа и сыграют в первой лиге
  11. Футбол. "Смолевичи": клуб не прекращает существование. Мы выступим во второй лиге-2021(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2021. Праверана 30 мая 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]