Да 2016 года горад на рэспубліканскай арэне быў прадстаўлены клубам «Рэчыца-2014», які ў 1980—1991 гадах меў назву «Спадарожнік». Па выніках сезона 2015 «Рэчыца-2014» страціла месца ў Першай лізе і спыніла існаванне. У другой палове 2016 года каманда Рэчыцкага раёна (фактычна пераемнік «Рэчыцы-2014») прымала ўдзел у чэмпіянаце Гомельскай вобласці.
У красавіку 2017 года ў Рэчыцы была заснаваная новая каманда — «Спадарожнік» — якая заявілася ў Другую лігу чэмпіянату Беларусі[1]. Аснову каманды склалі ігракі гомельскага клуба ДЮСШ-ДБК, які ў 2016 годзе выступаў у Другой лізе, а галоўным трэнерам «Спадарожніка» стаў настаўнік ДЮСШ-ДБК Канстанцін Чахаў. Пачтак сезону для клуба атрымаўся няўдалым, але пазней каманду папоўнілі больш вопытныя ігракі, і вынікі «Спадарожніка» сталі паляпшацца. Сезон 2017 каманда скончыла на 5 месцы ў Другой лізе.
У сезоне 2018 «Спадарожнік» з пачатку разглядаўся як адзін з фаварытаў лігі, аднак першую палову чэмпіянату правёў няўпэўнена і значна адстаў ад лідараў. У ліпені замест Канстанціна Чахава новым трэнерам быў прызначаны Вячаслаў Ляўчук. Значна змяніўся склад каманды, яе шарэгі папоўніла шмат ігракоў «Асіповічаў». Добра правёўшы другую палову сезону, «Спадарожнік» заняў выніковае тряцяе месца.
У сезоне 2019 «Спадарожнік» павінен быў выступаць у Другой лізе, аднак у сувязі з аб’яднаннем магілёўскага «Дняпра» і мінскага «Промня» з’явілася вакантнае месца ў Першай лізе, якое і заняў рэчыцкі клуб. Добра ўзмацніўшыся для Першай лігі, каманда трапіла ў шэраг фаварытаў лігі, пазней доўгі час знаходзілася ў верхняй палове табліцы і прэтэндавала на высокія месцы, аднак скончыла сезон на шостым месцы.
У сезоне 2020 у каманду былі запрошаны ігракі з вопытам гульні ў Вышэйшай лізе. «Спадарожнік» хутка апынуўся ўверсе табліцы, надзейна ўтрымліваў першы радок і за некалькі тураў да фінішу забяспечыў выхад у Вышэйшую лігу.