Перайсці да зместу

Факультэт права і гаспадаркі БДУ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Факультэт права і гаспадаркі БДУ
БДУ
Заснаваны 1925[1]
Закрыты 1930[1]

Факультэт права і гаспадаркі БДУ (Праўгас)[2] — колішні факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які існаваў у 1925—1930 гадах. Створаны на базе факультэта грамадскіх навук БДУ. Рэарганізаваны ў факультэт савецкага будаўніцтва і права БДУ і ў факультэт народнай гаспадаркі БДУ.

У 1924 годзе было прынята рашэнне аб закрыцці факультэта грамадскіх навук.[3] 25 жніўня 1925 года факультэт грамадскіх навук быў рэарганізаваны ў факультэт права і гаспадаркі (прававое і эканамічнае аддзяленні).[4] Дэканам новага факультэта быў прызначаны праф. Сямён Якаўлевіч Вальфсон.[2]

Вядома пра існаванне кафедр: гісторыі народнай гаспадаркі; палітычнай эканоміі; статыстыкі; прыкладной эканомікі; рахункавых навук; кааперацыі; фінансавых навук; таваразнаўства і тэхналогіі; гісторыі права; дзяржаўнага права СССР і БССР; грамадзянскага права; карнага права; адміністрацыйнага права.[5]

У 1927 годзе адкрываецца аспірантура па эканоміцы. [6] У адпаведнасці з пастановай СНК БССР ад 08.06.1927 БДУ было дадзена права прымаць да абароны доктарскія дысертацыі (вучоная ступень кандыдата навук была ўведзена толькі ў 1934 годзе).[7]

Тэмы навуковых пошукаў у значнай ступені насілі міждысцыплінарны характар: тэорыя дзяржавы, тэорыя класаў і дыктатуры пралетарыяту, адносіны з сялянствам, тэорыя прадукцыйных сіл і адносін, паняцце ўласнасці.[6]

На факультэце існавалі наступныя навукова-дапаможныя ўстановы:

  • Кабінет марксізму і ленінізму
  • Кабінет права і эканомікі
  • Кабінет статыстыкі[2]
  • Беларускі кабінет па вывучэнню злачынцы і злачыннасці[7]

У 1930 (паводле некаторых звестак — у 1929[6]) факультэт гаспадаркі і права быў падзелены на факультэт савецкага будаўніцтва і права[8] (савецкага права і будаўніцтва[7]) і факультэт народнай гаспадаркі БДУ.[6]