Фелікс Станіслававіч Ягмін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фелікс Станіслававіч Ягмін
Пелікан
Пелікан
Нараджэнне 1834
Смерць
Род Ягміны[d]
Бацька Станіслаў Ягмін
Маці Паўліна з Валовічаў[d]
Бітвы

Фелікс Станіслававіч Ягмін (нар. 1834, Корсуны, Кобрынскі павет) — вайсковы дзеяч, удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў са шляхецкага роду Ягмінаў герба «Пелікан». Нарадзіўся ў 1834 годзе ў радавым маёнтку Корсуны Кобрынскага павета ў сям’і Станіслава Ягміна, камер-юнкера імператарскага Двара і былога павятовага маршалка, і Паўліны з Валовічаў[1].

Пасля заканчэння аднаго з прыватных пансіёнаў, Фелікс у 1852 годзе паступіў на ваенную службу ў лейб-грэнадзёрскі Курляндскі полк. У 1854—1855 гадах Фелікс у чыне прапаршчыка ўдзельнічаў у Крымскай вайне, паступова падымаючыся па кар’ернай лесвіцы. За спагаду польскаму руху ў сакавіку 1862 года штабс-ротмістр Ягмін быў пераведзены з гвардыі ва Узнясенскі ўланскі полк[ru]. Аднак, ужо ў ліпені таго ж года ён падаў прашэнне аб адстаўцы і са жніўня пасяліўся ў сваім маёнтку Стэфанты Кобрынскага павета (104 «душы» часоваабавязаных сялян)[1].

З пачаткам паўстання 1863—1864 гадоў Фелікс Ягмін актыўна ўключыўся ва ўзброеную барацьбу спачатку ў складзе атрада Рамуальда Траўгута, затым перайшоў да Казіміра Нарбута. Як былы кавалерыйскі афіцэр рускай арміі, Ягмін у абодвух атрадах узначальваў асобныя конныя падраздзяленні. Падчас разгрому атрада Траўгута 14 мая 1863 года ў Кобрынскім павеце Ягмін у сілу непраходнай мясцовасці не змог выкарыстоўваць кавалерыю для дапамогі паўстанцам. Як затым адзначаў на следстве Пётр Радавіцкі, «13 мая падчас перапраўкі Ягмін вывеў кавалерыю за вярсту на балоты, але калі ўбачыў як бягуць урассыпную з поля бітвы, то пайшоў балотам, трымаючы коней у руках, да процілеглага лесу і, дачакаўшыся там некалькіх пехацінцаў, загадаў коней пусціць на волю, а сам амаль праз непраходныя балоты ў колькасці да 50 чалавек пераправіўся ў лес. У гэтым лесе прабыўшы два дні, Ягмін накіраваўся да Траўгута, адкуль сам не вярнуўся, а даслаў да нас загад з подпісам Траўгута, каб, не рухаючыся з месца, пачакаць дні тры да яго прыбыцця з падмацаваннем з Царства Польскага». У гэтай бітве сам Ягмін атрымаў раненне і, калі выйшаў з акружэння, вярнуўся ў радавы маёнтак залечваць раны. Там ён і быў арыштаваны 21 мая[1].

Улічваючы гучнае прозвішча арыштанта і ўплыў гэтага арыстакратычнага роду, Ягмінам займаўся асабіста гродзенскі губернатар граф У. А. Бабрынскі, які і зацвердзіў прысуд ваеннага трыбунала. Адстаўны штабс-ротмістр Фелікс Ягмін быў прысуджаны да пажыццёвай катаргі ў Сібіры. У красавіку 1864 года ён памёр на этапе каля Казані[1].

Зноскі