Фердынанд Рушчыц

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Фердынанд Рушчыц
Фатаграфія
Дата нараджэння 10 снежня 1870(1870-12-10)
Месца нараджэння Багданава пад Ашмянамі цяпер Валожынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці 30 кастрычніка 1936(1936-10-30) (65 гадоў)
Месца смерці Багданава пад Ашмянамі цяпер Валожынскі раён, Мінская вобласць, Беларусь
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Эдвард Рушчыц[d]
Жонка Рэгіна Рушчыц[d]
Дзеці Яніна з Рушчыцаў[d], Эдвард Рушчыц[d] і Оскар Рушчыц[d]
Род дзейнасці мастак, выкладчык універсітэта
Месца працы
Жанр мастак-пейзажыст
Вучоба
Мастацкі кірунак сімвалізм
Узнагароды
Кавалер ордэна Ганаровага легіёна
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

Ферды́нанд Ру́шчыц (Фердынанд Эдуардавіч Рушчыц; польск.: Ferdynand Ruszczyc; 10 снежня 1870, маёнтак Багданава Ашмянскага павета, цяпер Валожынскі раён — 29 кастрычніка 1936, там жа) — мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. Яскравы прадстаўнік культурных супярэчнасцей сваёй эпохі. Наследваў традыцыі беларускага, рускага, польскага, французскага мастацтва, у некаторых творах адметны ўплыў мадэрну.

Аказаў пэўны ўплыў на далейшае развіццё жанру пейзажу ў польскім мастацтве. Матэрыялізаваў магутны нацыянальна-патрыятычны імпульс, характэрны для польскага мастацтва ў цэлым і для мастацтва мяжы ХІХXX стагоддзяў у прыватнасці. Яго вельмі суцэльная па духу творчасць мела непасрэднае дачыненне да фарміравання польскага нацыянальна-рамантычнага пейзажу канца ХІХ — пачатку XX стагоддзя і найбольш ярка адлюстроўвала яго мастацкую праблематыку.[1]

У яго творчасці знайшлі адлюстраванне жыццё і побыт беларускага народа, пераламіліся традыцыі беларускага рэалістычнага жывапісу. Дачка мастака Яніна Рушчыц сцвяржае, што яе бацька заўсёды лічыў сябе «тутэйшым», г. зн. беларусам[2].

Продкі[правіць | правіць зыходнік]

Фердынанд з бацькам Эдвардам Рушчыцам. 1881

Радзінным гняздом Рушчыцаў быў маёнтак Збірагі на Берасцейшчыне. Дзед мастака, Фердынанд, быў адкаватам, абараняў інтарэсы Радзівілаў і жыў пераважна ў Вільні. Пасля шлюбу з Ганнай Чаховіч атрымаў у пасаг маёнтак Вайгяны ля Багданава. У 1836 г. дзед набывае на аўкцыёне маёнтак Багданава.

Дзядуля і бабуля, Фердынанд і Ганна з Чаховічаў, мелі 9 дзяцей. Бацька, Эдвард, капітан царскай арміі, абсальвент брэсцкага Кадэцкага корпуса. Маці, Альвіна з дому Мюнхаў, была датчанкай. Нарадзілася ў Нексё на востраве Борнхальм. Яе бацька Маркус Мюнх быў уладальнікам гандлёвага карабля. Бацькі Фердынанда сустрэліся ў Лібаве (Латвія), дзе служыў Эдвард. У Рушчыцаў было пяцёра дзяцей, чатыры дачкі і малодшы сын Фердынанд. Адпаведна сямейным рэлігійным прынцыпам дачок хрысцілі і выхоўвалі згодна з веравызнаннем іх маці (у евангелісцкай веры), а сына - веравызнаннем бацькі (у рымска-каталіцкай)[3].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства і вучнёўства[правіць | правіць зыходнік]

Родавым гняздом Рушчыцаў быў маёнтак Багданаў, які яны былі вымушаны пакінуць на нейкі час у выніку паражэння паўстання Кастуся Каліноўскага, сядзібу і зямлю здалі ў арэнду. Месцам далейшага жыхарства Рушчыцаў стала Лібава, дзе бацька атрымаў пасаду ў будаўнічай канторы Лібава-Роменскай чыгункі. У 1870-я гады ён пераехаў з сям'ёй у Мінск, дзе стаў начальнікам рахункаводаў ва ўпраўленні будаўніцтвам чыгункі.

Дзяцінства і юнацтва будучага мастака прайшло ў Мінску. У 1883 годзе 13-гадовы Фердынанд паступіў у мінскую класічную гімназію, якую скончыў у 1890 годзе з залатым медалем. Тут жа ён атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю ў выкладчыка Кузьмы Якаўлевіча Ермакова, выхаванца Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў[4]. Менавіта Ермакоў прывіў Фердынаду любоў да малюнка і колеру, шмат распавядаў аб асновах рэалізма ў мастацтве. На працягу ўсяго жыцця мастак з павагай і ўдзячнасцю згадваў свайго першага настаўніка[3].

Бацька, Эдуард Рушчыц, не ўхваляў захапленне сына, лічачы, што маляваннем не заробіш на жыццё, і настойваў, каб той пайшоў па слядах дзеда. Увосень 1890 г. Фердынанд паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе на працягу двух гадоў старанна вучыўся і толькі ў 1891 годзе падаў прашэнне ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў з просьбай залічыць яго вольным слухачом на аддзеле жывапісу.[4]

Вясна

У 18921897 гг. навучаўся жывапісу ў Пецярбургскай імператарскай Акадэміі мастацтваў спачатку пад кіраўніцтвам Івана Шышкіна, а пасля таго, як той пакінуў акадэмію — у Архіпа Куінджы, вучнямі якога таксама былі Аркадзь Рылоў, Мікалай Рэрых, Вільгельм Пурвіт, Канстанцін Урублеўскі. У сваім дзённіку Рушчыц пісаў:

Я паказаў свае эцюды Куінджы. Напэўна, ён ведаў, што я вучань Шышкіна, ва ўсякім разе, судзіў ён іх далёка стражэй, чым працы іншых вучняў.

Па парадзе Шышкіна ў 1894-95 гг. выязджае ў Крым, дзе робіць шэраг жывапісных замалёвак алоўкам. Надалей было падарожжа праз Шчэцін і востраў Руген ў Паўднёвую Швецыю і Берлін, адкуль мастак прывёз жывапісныя эцюды ў зусім іншым, халодным каларыце.

Падчас вучобы Рушчыца як каларыста вельмі высока ацаніў Ілля Рэпін. У Акадэміі пасябраваў з А. Рыловым і іншымі вучнямі, якія вызнавалі рэалізм, узбагачаны вопытам французскіх імпрэсіяністаў. Падчас вучобы здзейсніў некалькі паездак у Крым і на Балтыку.[5] У 1897 годзе з поспехам дэбютаваў на дыпломнай выстаўцы, прадставіўшы тры вялікія карціны — «Вячэрняя зорка», «Трытоны» і «Вясна», апошнюю набыў мецэнат Павел Траццякоў.

Творчы шлях[правіць | правіць зыходнік]

4 лістапада 1897 года Рушчыц скончыў акадэмію і атрымаў званне мастака. У 1898 годзе, на вясновай выстаўцы ў Акадэміі маскоўскі калекцыянер і мецэнат Сава Марозаў купіў карціну «Зімовы млын», што дазволіла маладому мастаку здзейсніць працяглае вандраванне па Заходняй Еўропе. За два месяца ён наведаў Берлін, Дрэздэн, Кёльн, Парыж, Брусель, Мілан, Верону, Венецыю, Вену. Пасля доўгі час жыў у сядзібе Багданава, якую пасля шматгадовага заняпаду давёў да ладу яго бацька, зрэдку падарожнічаў па Беларусі і Расіі. У 1899 годзе прайшла першая выстаўка ў Вільні. Браў удзел у грамадскім і культурным жыцці горада, супрацоўнічаў з тэатрам.[4][6]

Прымаў эпізадычны ўдзел у аб’яднанні «Свет мастацтва» (між іншым, удзельнічаў у выстаўцы ў Маскве ў 1902 годзе). У 1900 годзе ў Кракаве ўвайшоў у кола ўдзельнікаў таварыства польскіх мастакоў мадэрнісцкай арыентацыі «Штука» („Sztuka“; «Мастацтва»).

Тым часам Рушчыц стварыў своеасаблівую эпічную сагу пра лёс простых людзей. Першым у гэтай серыі лічыца палатно «Зямля» (польск.: Ziemia; 1898), якую з-за выхаду за звыклыя рамкі не прынялі ў Пецярбургу.

Наступным творам — «Ля касцёла» (польск.: Koło kościoła; 1899), дзе сяляне, якія быццам вырастаюць з той самай зямлі, нясуць у храм свае нягоды і беды. Яшчэ адно палатно «У свет» (польск.: W świat) пра тых, хто вымушаны сыйсці з абжытых родных месцаў, шукаць працу ў далёкім краі, было створана ў 1901 годзе. Працягам і магутным завяршэннем тэмы нарэшце сталі «Эмігранты» (1902), дзе знясіленыя людзі пакідаюць радзіму ў пошуках лепшай долі. Тэма палатна, верагодна, была навеяная масавай эміграцыяй беларусаў у Амерыку напачатку XX стагоддзя. Карціны Рушчыца экспанаваліся ў Варшаве і Пецярбургу, крытыкі адразу заўважылі яго выключны дарунак каларыста.[7]

У 1902 годзе атрымаў узнагароду Акадэміі ведаў у Кракаве за карціну "Лясны ручэй". У 1903 упершыню арганізаваў выставу таварыства Sztuka у Вільні.

У 1903-04 гг. жыве ў невялічкім мястэчку Влохі пад Варшавай. Разам з мясцовымі мастакамі Каралем Ціхім, Эдвардам Траяноўскім, Конрадам Крыжакоўскім і Казімірам Стаброўскім бярэ актыўны ўдзел у адраджэнні Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве.

У 1907 годзе пасля смерці Яна Станіслаўскага Рушчыца запрасілі на пасаду загадчыка кафедрай пейзажнага жывапісу ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў, адначасова быў абраны старшынёй таварыства Sztuka. але інтрыгі ў акадэміі і разлады сярод кракаўскіх мастакоў вымусілі яго ўжо ў 1908 годзе адмовіцца ад яе. У тым жа годзе пераязджае з Кракава ў Вільню, каб у меру сваіх «сіл служыць справе ўздыму мастацкай культуры гэтай часткі края».[4]

У 1908 годзе ў знакамітага мастака з’явілася ідэя стварыць беларускі нацыянальны скансен, але планы перакрэсліла Першая сусветная вайна.[8]

З 1908 года актыўна працуе як тэатральны мастак і кніжны графік, робіць эскізы дэкарацый і касцюмаў, адказвае за афармленне юбілейнай пастаноўкі паэта Юліуша Славацкага (да 100-годдзя з дня нараджэння) "Ліла Венеда" Польскага тэатра Нуны Младзяеўскай. Наступнай тэатральнай пастаноўкай Рушчыца стаў спектакль "Нязломны князь" Ю. Славацкага, прымеркаваны да 80-годдзя Лістападаўскага паўстання 1830-31 гадоў і пастаўлены ў зале "Лютні" Віленскага архіва.

У тым жа 1910 годзе Ф. Рушчыц выдаў першы нумар "Віленскага штотыднёвіка", які быў прысвечаны мастацка-культурным падзеям краю[3].

У 1910 годзе ў Вільні памірае бацька мастака, Эдуард Рушчыц. Яго смерць усклала на мастака новыя абавязкі, звязаныя з апекай гаспадаркі ў Багданаве. Ён быў вымушаны дзяліць свой час паміж Вільняй і Багданавам.[4]

На пачатку 1911 года рыхтуе пастаноўку "У свеце казак і забавак", стварае для яе эскізы касцюмаў; афармляе вокладку і ілюструе шматлікімі малюнкамі часопіс "Літва і Русь" у памяць пра Уладзіслава Сыракомлю, выдае альбом "Вільня праз стагоддзі" з рэпрадукцыямі Францішка Смуглевіча і асабістымі малюнкамі. Акрамя таго, Рушчыцы збірае творы народных майстроў (тканіны, паясы), актыўна працуе над захаваннем помнікаў мінуўшчыны.

Пад кіраўніцтвам свайго сябра выдатнага фатографа Яна Булгака Рушчыц збірае фотаздымкі помнікаў архітэктуры для "Гарадскога архіва фатаграфій", які зацвярджае ў гарадской управе.

У 1912 годзе мастак пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Гінай Рэуцкай (Gina Rouck), якая была маладзейшай за мастака на 22 гады, і 25 лістапада 1913 года ажаніўся з ёй. У шлюбе з Гінай нарадзілася шасцёра дзяцей (Фердынанд, Яніна — 1914, Багдан — 1915, Оскар — 1917, Эва — 1922, Барбара — 1925). Ад вялікіх філасофскіх абагульненняў, якімі былі адзначаныя яго работы ранняга перыяду, пераходзіць да пошукаў каляровых і кампазіцыйных эфектаў. Піша інтэр’еры сваёй багданаўскай сядзібы, робіць замалёўкі і эцюды любімых куткоў прыроды.[4]

У 1914 годзе па замове дырэктара Польскага тэатра ў Варшаве Арнольда Шыфмана ён зрабіў эскізы дэкарацый і касцюмаў да пастаноўскі "Баладыны" Ю. Славацкага (у 2015 годзе "Белгазпрамбанк" набыў акварэльны эскіз "Залі Кіркора" для гэтай пастаноўкі)[9].

У канцы лета 1915 года мастак зноў пераехаў у Багданава, дзе і перажыў цяжкі перыяд ваеннага ліхалецця.

Віленскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

19 красавіка 1919 года вярнуўся ў Вільню, прыняў актыўны ўдзел у стварэнні Універсітэта Стэфана Баторыя. Рушчыца прызначаюць дэканам аддзялення прыгожых мастацтваў, што па словах самога мастака "сімвалізавала ўваскрэшанне даўніх традыцый мастацтва на тэрыторыі віленскай навучальнай установы"[10].

Актыўнасць Рушчыца праявілася ў самых розных сферах: творчай, педагагічнай, навуковай. Разам з педагогамі і студэнтамі ён займаўся інсцэніроўкамі, рабіў эскізы да сцягоў універсітэта, стварыў экспазіцыі мемарыяльных залаў выбітных дзеячоў гісторыі, навукі і культуры, афармляў кнігі, часопісы, дэкарацыі да ўрачыстасцей і шматлікіх тэатральных пастановак у Віленскім універсітэце.

У 1921 годзе стаў арганізатарам першай афіцыйнай выстаўкі польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы. У сувязі з гэтым быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна.

Рушчыц пастаянна збіраў і вывучаў беларускае народнае прыкладное мастацтва. Напрыклад, у 1925 годзе пры яго непасрэдным удзеле ў Варшаве выйшаў часопіс «Wieś ilustrowana», прысвечаны менавіта беларускай фальклорнай творчасці.[11]

Працаваў старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, наведваў руіны замкаў у Крэве, Міры, Лідзе і інш., збіраў звесткі гістарычныя звесткі пра іх, і рабіў замалёўкі, эцюды.

Сярод яго вучняў былі беларускія мастакі Пётра Сергіевіч і Міхаіл Сяўрук.

Апошнія гады жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Магіла Ф. Рушчыца ў Багданаве

У 1932 годзе цяжка захварэў, хвароба пазбавіла яго магчымасці гаварыць, а таксама пісаць правай рукой.

У 1935 годзе прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі ўдастоіў яго звання ганаровага прафесара УСБ.

Памёр 30 кастрычніка 1936 годзе ў Багданаве, пахаваны на мясцовых могілках[12].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Млын узімку, 1897
" Як я мару, перш за ўсё, быць добрым сынам сваёй Радзімы, для яе працаваць, араць. І калі штосьці вырасце, аддаць ёй у падарунак увесь плён, бо я люблю яе сэрцам і толькі ёй належу целам і душой... "

У сваёй творчасці Рушчыц аддаваў перавагу светлым матывам. Мастак любіў і любаваўся сваёй роднай зямлёй.

Майстра краявідаў, ён бачыў тэмы для сваіх прац у кожным фрагменце беларускай прыроды, так і называў свае карціны: «Млын», «Берагі Вілейкі», «Лясны ручай».[4] У пейзажах, такіх як «Пустка» і «Стары млын», адчуваюцца жывыя чалавечыя перажыванні. Шматлікія пейзажы Рушчыца адзначаны экспрэсіяй, драматызмам і манументальнасцю формаў, ім уласцівы лаканізм і прастата кампазіцыі, а таксама востра індывідуальная своеасаблівасць. Малюнак мастака заўсёды выразны, пластыка аб'ёмаў аголена.[11] Кампазіцыі палотнаў Рушчыца простыя і лаканічныя, аднак у іх заўсёды ёсць адчуванне рэальнай прасторы. Яны вельмі матэрыяльныя, паветраныя.[7] Стары драўляны млын недалёка ад Багданава, касцёлы ў Багданаве і Вішневе, роднае гняздо Рушчыцаў — упадабаныя матывы, да якіх Фердынанд ахвотна вяртаўся і пісаў у розны час дня і года, кожны раз адкрываючы ў іх штосьці новае. Любімай парой аўтара была ранняя вясна, калі прырода абуджалася ад зімовага сну. Сярод усёй творчасці вылучаецца т. з. багданаўскі цыкл.[4]

У такіх палотнах, як «Мост зімою», «З берагоў Вілейкі», «Зімовая казка», «Старыя яблыні», выразна адчуваецца свядомае прынцыповае жаданне мастака адысці ад празаічнага эмпірызму пейзажаў-эцюдаў.[11]

Крытыкі адзначалі выключны дарунак Фердынанда Рушчыца як каларыста, а мастацтвазнаўцы завуць мастака «майстрам чатырох стыхій».[5]

Працаваў над кніжнай графікай. Стварыў ілюстрацыі ці аформіў звыш пяцідзесяці кніг. Сярод іх — даведнік па Вільні („Przewodnik po Wilnie“) Юльюша Клоса.

У 1910—1932 супрацоўнічаў з тэатрамі, аформіў 15 спектакляў. Аўтар дэкарацый для пятнаццаці тэатральных пастановак, уключаючы «Баладзіна» Юльюша Славацкага (1914), «Вяселле» (1910) і «Лістападаўская ноч» (1930) Станіслава Выспяньскага; інсцэнаваў шэраг драматычных твораў (апроч пералічаных — Сід П'ера Карнеля ў віленскім тэатры, 1924). Пісаў артыкулы пра помнікі даўніны Вільны.

Палотны захоўваюцца ў музеях Польшчы, Літвы, Расіі, а таксама еўрапейскіх і амерыканскіх збораў, у тым ліку прыватных. У Беларусі да апошняга часу захоўвалася толькі адна карціна Фердынанда Рушчыца — «Ля касцёла».[5]. У 2015 годзе Белгазпрамбанк набыў у сваю карпаратыўныю калекцыю палотны «Пейзаж. Вілія» і «Пуня і азярод» (1899)[13]

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Мемарыяльная дошка ў двары Вільнюскай мастацкай акадэміі
Паштовая марка Беларусі, 1994 год
  • Імем Фердынанда Рушчыца названа вуліца ў Вялікай Сляпянцы ў Мінску, дзе 19 снежня 2002 года адбылося адкрыццё памятнага знака ў гонар жывапісца на доме №1[14].
  • У пасёлку Багданаў каля школы, дзе знаходзіцца музей мастака, стаіць помнік Ф. Рушчыцу, на на чорным граніце якога выбіта[15]:
У вёсцы Багданава жыў выдатны мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог

Фердынанд РУШЧЫЦ

1870 - 1936 гг.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • РУШЧЫЦ Фердынанд //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 147.
  • Архіў музея Ф. Рушчыца Багданаўскай сярэдняй школы (МФР). Цякучы архіў. Успаміны Я. Рушчыц
  • Аноп Л. Жыў на зямлі Мастак // ЛіМ. – 1989. - № 46. – С. 14-15.
  • Вітава Р. Вяртанне Ф. Рушчыца. // Культура. – 2000. - № 40. – С. 8-9.
  • Габрусь С. Памяць. Валожынскі раён. – Мн., 1996. – С. 139-143.
  • Грамыка А. У кожнага “свой” Рушчыц // Мастацтва. – 2001. - № 4. – С. 26-29
  • Дробаў Л.М. Гісторыя беларускага мастацтва. – Мн., 1989. – Т. 3. – С. 324-329.
  • Дробаў Л.М. . У пошуках Рушчыца // Культура. – 1998. - №30. – С.10-15.
  • Дробаў Л.М. . "Беларускія мастакі XIX стагоддзя". Мінск, 1971.
  • Інеўска Эльжбета. Фердынанд Рушчыц. Грамадзянін Незалежнай. Мінск: Галіяфы, 2019.
  • Палікарпаў В. “Ля касцёла” // Дыялог. – 2000. - № 6. – С. 16-17.Пракапцоў Уладзімір. Зямля і неба Фердынанда Рушчыца. Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2020.
  • Прускі А. Узнімаючыся да Рушчыца // Мастацтва. – 2004. - № 5. - С. 43-44.
  • Рушчыц Ф. Дзённік. Да Вільні. – Мн., 2002. - С. 5-26.
  • Трыгубовіч В. З Багданава – у вялікі свет // Мастацтва. – 2000. - № 5. – С. 37.
  • Шаранговіч Н. Дзедавы сцяжынкі, або Беларускія стыхіі Фердынанда Рушчыца // Мастацтва. – 2004 - № 10. – С. 22-25.
  • Шунейка Я. Непатапляльная каравела // Мастацтва. – 2001. - № 2. – С. 35-39.
  • Aleksandrowiczowa M. Dzieje teatru wileńskiego // Wilno i Ziemie Wileńska. - Wilno, 1937. - Tom 2. - S. 168-175.
  • Aleksandra Giełdoń-Paszek. Ferdynand Ruszczyc jako pedagog i pejzażysta Wileńszczyzny. — Dailės istorijos studijos. 1 tomas: XX amžiaus pradžios Vilnius: modernėjančios kultūros židinys = Wilno początku XX wieku: ognisko modernizującej się kultury. Straipsnių rinkinys lietuvių ir lenkų k., sudaryt. L. Laučkaite, Vilnius: Kultūros, filosofijos ir meno institutas, sp. “Sapnų sala”, 2004. ISBN 9986-638-48-8. S. 81—87.
  • Anna Bernat, Ferdynad Ruszczyc, Edipresse Polska, 2007, ISBN 978-83-7477-221-1.
  • Bułhak J., Dlaczego Ruszczyc przestał malować, Wilno 1936, s. 5
  • Bułhak J., Wiek męski Ferdynanda Ruszczyca, w: Ferdynand Ruszczyc. Życie i dzieło. Księga zbiorowa, Wilno 1935, s. 58
  • Hulewicz W. Artysta-obywatel. Z powodu jubileuszu Ferdydanda Ruszczyca // Kurier Wileński. - 1927. - № 122. – S. 2-7.
  • Jankowski C. Ruszczyc // Słowo. - 1927. - № 121. - S. 2-9.
  • Jankowski C. Powiat Oszmiański. - Petersburg, 1896. - Tom 1. - S. 228-248.
  • Morelowski M., Ferdynand Ruszczyc. Człowiek i dzieło. Wilno 1937, s. 13
  • Remer J. W służbie sztuki. U źródel twórczości Ferdynanda Ruszczyca. Alma Mater Vilnensis. -Wilno, 1927. - S. 28-31.
  • Ruszczys F. Wspomnienia Dni Mickiewiczowskich w Paryżu Liść wawrzynu i płatek róży.- Wilno, 1937. - S. 114-123.
  • Ruszczyc F., Dziennik, cz.I, Warszawa 1994.
  • Ruszczyc F., Dziennik, cz. II, Warszawa 1996.
  • Studnicki W. G. Rodowód Ferdynanda Ruszczyca // Ferdynand Ruszczyc – Życie i dzieło. - Wilno, 1939. - S. 349-360.
  • Tichy K. Wspomnienia o Ferdynandzie Ruszczycu // Ferdynand Ruszczyc – Życie i dzieło. - Wilno, 1939. - S. 3-7.
  • Widawski J. Ferdynand Ruszczyc wśród młodzieży uniwersyteckiej Wilno // Ferdynand Ruszczyc – Życie i dzieło. - Wilno, 1939. - S. 327-336.
  • Wileńskie środowisko artystyczne 1919-1945, Kazimierz Brakoniecki, Jan Kotłowski, Lech Lechowicz, Olsztyn 1989.

Зноскі

  1. Колесникова Татьяна Анатольевна. Национально-романтический пейзаж конца XIX - начала XX века в творчестве Фердинанда Рущица : Дис.... канд. искусствоведения : 17.00.09 СПб., 2004 308 с. РГБ ОД, 61:05-17/147
  2. У Менску прайшоў вечар памяці мастака Фэрдынанда Рушчыца.
  3. 3,0 3,1 3,2 Пракапцоў Уладзімір. Зямля і неба Фердынанда Рушчыца. Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2020.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 4,6 4,7 Каролина ДЯТЛИКОВИЧ Фердинанд Рущиц, художник из Воложина (руск.) . "Свободные новости" (11 красавіка 2002). Праверана 23 снежня 2011.
  5. 5,0 5,1 5,2 Фердинанд Рущиц (1870 – 1936). К 140-летию со дня рождения художника (руск.) . Нацыянальны мастацкі музей РБ. Праверана 23 снежня 2011.
  6. РУЩИЦ, Фердинанд (руск.) . Словарь терминов искусства. Праверана 23 снежня 2011.
  7. 7,0 7,1 Бoгдaнoв П.С., Бoгдaнoвa Г.Б. Рущиц Фердинанд (руск.) . Илья Клейнер. Праверана 23 снежня 2011.
  8. Антон СІДАРЭНКА Як прыцягнуць інвестара на 150 гектараў спадчыны? (бел.) . «Культура». Праверана 23 снежня 2011.
  9. https://artbelarus.by/ru/collection/5097.html
  10. Інеўска Эльжбета. Фердынанд Рушчыц. Грамадзянін Незалежнай. Мінск: Галіяфы, 2019.
  11. 11,0 11,1 11,2 Барыс КРЭПАК Богданаўская “святыня думання” Фердынанда Рушчыца (бел.) . «Культура». Праверана 23 снежня 2011.
  12. Месца пахавання Фердынанда Рушчыца ў мястэчку Багданава Валожынскага раёна
  13. Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка
  14. Мемарыяльная дошка на доме па вул. Ф. Рушчыца ў Мінску
  15. Музей Ф. Рушчыца ў Багданаўскай школе (бел.) . Праверана 23 снежня 2011.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]