Форбс Бэрнхам

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ліндэн Форбс Сэмпсан Бэрнхам
Linden Forbes Sampson Burnham
Сцяг1-ы прэзідэнт Гаяны
6 кастрычніка 1980 — 6 жніўня 1985
Пераемнік Дэсманд Хойт
2-і прэм'ер-міністр Гаяны
14 снежня 1964 — 6 кастрычніка 1980
Папярэднік Чэддзі Джаган

Нараджэнне 20 лютага 1923(1923-02-20)[1][2]
Смерць 6 жніўня 1985(1985-08-06)[1][2] (62 гады)
Бацька Джэймс Этэльберт Бэрнхам
Маці Рэйчэл Эбігэйл Сэмпсан
Жонка Берніс Латэйст, Віола Бэрнхам
Веравызнанне Пратэстанцтва
Партыя Народны Нацыянальны Кангрэс
Адукацыя
Дзейнасць палітык
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Лі́ндэн Форбс Сэ́мпсан Бэ́рнхам (англ.: Linden Forbes Sampson Burnham; 20 лютага 1923, Джорджтаўн — 6 жніўня 1985, Джорджтаўн) — палітычны дзеяч Лацінскай Амерыкі і краін Карыбскага басейна, першы прэзідэнт Гаяны.

Станаўленне палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Форбс Бэрнхам нарадзіўся ў прыгарадзе Джорджтаўна ў сям’і настаўніка пачатковай школы. У 1942 г. як лепшы студэнт Брытанскай Гвіяны быў накіраваны ў Лонданскі ўніверсітэт, дзе ў 1944 г. атрымаў ступень бакалаўра мастацтваў і ў 1948 г. стаў дыпламаваным юрыстам. Яшчэ ў студэнцкія гады зацікавіўся палітыкай, узначальваў аб’яднанне студэнтаў краін Карыбскага басейна. У якасці дэлегата студэнцкага саюза наведваў Парыж і Прагу.

Пасля вяртання ў Брытанскую Гвіяну ўдзельнічаў у стварэнні першай палітычнай Народнай Прагрэсіўнай Партыі (НПП), стаў лідарам чальцоў-афрагаянцаў. На першых агульнанацыянальных выбарах 1953 г. быў абраны прадстаўніком у парламент, разам з Чэддзі Джаганам адкрыў першае паседжанне. Аднак парламент і ўрад, у якіх чальцы НПП атрымалі большасць, былі распушчаны каланіяльнай адміністрацыяй. Чэддзі Джаган і Форбс Бэрнхам наведалі Вялікабрытанію, а потым Індыю, дзе вялі перагаворы ў спадзяванні адтрымаць падтрымку ад мясцовага ўрада. У лютым 1955 г. паміж лідарамі НПП адбыўся раскол. Форбс Бэрнхам і яго прыхільнікі стварылі асобную фракцыю, што дзейнічала як самастойная партыя. Аднак на выбарах 1957 г. фракцыя атрымала ў каланіяльным парламенце толькі 3 месца з 14. Таму ў 1958 г. на аснове фракцыі і Аб’яднанай Дэмакратычнай Партыі, што прадстаўляла інтарэсы сярэдняга класа афрагаянскай абшчыны, быў створаны Народны Нацыянальны Кангрэс (ННК). Форбс Бэрнхам стаў яго старшынёй.

Увесну 1964 г. з-за канфлікта паміж НПП і прафсаюзамі ў Брытанскай Гвіяне адбыўся выбух гвалту. Форбс Бэрнхам звярнуўся да каланіяльнай адміністрацыі з прапановай змяніць выбарчы закон на карысць прапарцыянальнага прадстаўніцтва ад розных этнічных абшчын. Ён узначаліў кааліцыю палітыкаў, нязгодных з НПП, і дзякуючы зменам ў заканадаўстве дасягнуў перамогі на выбарах. 14 снежня 1964 г. быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале Форбса Бэрнхама.

Пэм’ер-міністр і прэзідэнт[правіць | правіць зыходнік]

Форбс Бэрнхам беспарапынна займаў пасаду прэм'ер-міністра Гаяны з 14 снежня 1964 г. да 6 кастрычніка 1980 г. 26 мая 1966 г. падчас канферэнцыі ў Лондане было заключана пагадненне з Вялікабрытаніяй аб наданні незалежнасці Гаяны.

Доўгажыхарства Форбса Бэрнхама на палітычным алімпе Гаяны яго апаненты тлумачылі падтрымкай з боку ЦРУ ЗША ў першыя гады кіравання, а потым махлярствам на выбарах. Ва ўнутранай палітыцы Форбс Бэрнхам абапіраўся на сілавыя структуры. Выдаткі на сілы самааховы і паліцыю павялічыліся з 1973 г. да 1976 г. на 500 %. Лідар НКК і яго блізкія паплечнікі абвінавачваліся ў карупцыі. Сам Бэрнхам тлумачыў свой поспех імкненнем да згуртавання нацыі

23 лютага 1970 г. Гаяна была абвешчана рэспублікай. Такім чынам, перарываліся канстытуцыйныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Прэм’ер-міністр стаў лічыцца главой дзяржавы (да гэтага главой дзяржавы фармальна была Елізавета II). У 1978 г. Форбс Бэрнхам ініцыяваў рэферэндум па ўнясенню змен у асноўны закон. Новая Канстытуцыя ўступіла ў сілу 20 лютага 1980 г. Яна ўводзіла пасаду прэзідэнта, які выбіраўся ўсеагульным галасаваннем і меў вельмі шырокія паўнамоцтвы. 6 кастрычніка 1985 г. Форбс Бэрнхам быў абраны прэзідэнтам. На гэтай пасадзе ён заставаўся да дня сваёй смерці 6 жніўня 1985 г.

Кааператыўны сацыялізм[правіць | правіць зыходнік]

У 1970-ыя гг. асновай эканамічнага ладу Гаяны стаў так званы «кааператыўны сацыялізм». Слова «кааператыўная» была ўнесена ў назву дзяржавы. Форбс Бэрнхам тлумачыў яго наступным чынам: «Гэта значыць, што мы верым у сацыялізм як ідэалогію і імкнемся да ўсталявання сацыялістычнай сістэмы ў Гаяне і, па-другое, збіраемся выкарыстоўваць кааператывы для дасягнення сваёй мэты». Да 1976 г. было створана 1350 кааператываў, што аб’ядналі каля 120 тысяч рабочых. Акрамя таго, праводзілася нацыяналізацыя прамысловасці, фінансавай сферы і буйных плантацый. Да канца 1976 г. урад нацыяналізаваў 36 іншаземных кампаній. Яшчэ з 1966 г. складаўся план эканамічнага развіцця краіны. Аднак нацыяналізацыя суправаджалася выплатамі вялікіх кампенсацый былым уладальнікам, значнымі замежнымі запазычаннасцямі, а нацыяналізаваныя прадпрыемствы і кааператывы хутка згубілі сваю эфектыўнасць. Зацверджаныя ўрадам планы ніколі цалкам не выконваліся. Форбс Бэрнхам прызнаваў гэта і абвінавачваў суайчыннікаў у адстутнасці дысцыпліны. Спад коштаў на сыравіну на знешнім рынку ў пачатку 1980-ых гг. вымусіў Форбса Бэрнхама звярнуцца да замежных інвестараў. Канчаткова ад палітыкі кааператыўнага сацыялізму адмовіўся толькі пераемнік Бэрнхама, Дэсманд Хойт.

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

У знешняй палітыцы Форбс Бэрнхам арыентаваўся на англамоўныя краіны Вест-Індыі. Гаяна актыўна ўдзельнічала ў рэгіянальных палітычных дыялогах і эканамічных задзіночаннях. Былі ўсталяваны міжнародныя сувязі з Кубай і Кітаем. У сярэдзіне 1970-ых гг. Куба выкарыстоўвала порты Гаяны для перавозкі сваіх войск у Анголу. На канферэнцыі міністраў іншаземных спраў краін руху недалучэння ў Джорджтаўне ў 1972 г. Форбс Бэрнхам адкрыта крытыкаваў імперыялізм. Аднак канфлікт з суседняй Венесуэлай, якая прэтэндавала на значную частку тэрыторый Гаяны, вымушаў Форбса Бэрнхама захоўваць шчыльныя сувязі з Вялікабрытаніяй, якая гарантавала бяспеку і цэласнасць Гаяны, а таксама весці палітычны дыялог з ЗША.

Зноскі

  1. а б Forbes Burnham
  2. а б Forbes Burnham // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]