Франкфурцкае заалагічнае таварыства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Франкфурцкае Заалагічнае Таварыства
Тып грамадская арганізацыя
Год заснавання 1858 г.
Размяшчэнне Франкфурт-на-Майне, Германія
Сфера дзейнасці ахова прыроды
Прыбытак
  • 16,3 млн € (2017)[1]
Колькасць супрацоўнікаў
  • 323 чал. (2017)[1]
Колькасць членаў 3 493[1] і 3 600[2]
Вэб-сайт fzs.org

Фра́нкфурцкае Заалагі́чнае Тавары́ства, скарочана ФЗТ — міжнародная прыродаахоўная недзяржаўная некамерцыйная грамадская арганізацыя, створаная ў 1858 г. у Франкфурце-на-Майне, дзе і дагэтуль знаходзіцца яе штаб-кватэра. ФЗТ у сваёй дзейнасці факусіруецца на захаванні біяразнастайнасці і кансервацыі дзікай прыроды і экасістэм як на тэрыторыях, дзе ўжо адбываецца ахова прыроды, гэтак і ў цяжкадаступных для людзей дзікіх мясцінах. Франкфурцкае Заалагічнае Таварыства распрацоўвае і фінансуе прыкладна 30 праектаў у 18 краінах, у якіх члены таварыства таксама прымаюць і непасрэдны ўдзел. Перыяд пачатку росквіту арганізацыі звычайна звязваюць з Бернхардам Гржымекам — вядомым нямецкім заолагам, пісьменнікам, дырэктарам Франкфурцкага заапарка, які кіраваў ФЗТ больш за 40 гадоў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

ФЗТ было заснаванае ў 1858 г. грамадзянамі Франкфурта для стварэння заапарка, якім ФЗТ кіравала да Першай сусветнай вайны. Затым заапарк перайшоў пад уладу горада да 1950 г., калі Франкфурцкае Заалагічнае Таварыства зноў узяло яго пад сваю апеку. У 1950-х гадах Таварыства ўключылася ў ахову Серэнгеці і стала падтрымліваць развіццё нацыянальных паркаў у Афрыцы. З таго часу ФЗТ стала актыўна ахоўваць прыроду.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

ФЗТ аказвае лагістычную падтрымку прыродаахоўным зонам планеты, спансіруе праекты па ахове жывёл, якія знаходзяцца ў небяспечным стане, арганізуе экалагічныя адукацыйныя праграмы для шырокіх колаў насельніцтва, кансультуе прыродаахоўныя арганізацыі. Франкфурцкае Заалагічнае Таварыства ўдзельнічае ў праграмах па захаванні і аднаўленні як асобных відаў, так і цэлых экасістэм.

Еўропа[правіць | правіць зыходнік]

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Домікі для рукакрылых дазваляюць спрасціць выжыванне гэтых уразлівых відаў.

У 2013 годзе ДПУ «Нацыянальны парк “Белавежская пушча”», грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкае Заалагічнае Таварыства аб’ядналі свае намаганні ў галіне аховы прыроды і падпісалі Мемарандум аб узаемаразуменні ў пытаннях ўмацавання запаведнасці ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча». Мэта Мемарандума – аднаўленне натуральных працэсаў, правядзенне даследаванняў для больш шырокага прасоўвання запаведнасці ў будучыні. Да Мемарандума дадаўся і План дзеянняў – дакумент, які апісваў, што і як трэба рабіць для дасягнення агульных мэтаў.

Трохбаковае супрацоўніцтва ажыццяўлялася у практычнай, навуковай і інфармацыйнай сферах. Акцэнты былі пастаўлены на тое, каб аднаўляць натуральныя працэсы ў прыродных экасістэмах; аднаўляць гідралагічны рэжым парушаных тэрыторый; вывучаць рэакцыю розных відаў жывёл на змяненне памераў запаведнай тэрыторыі; прасоўваць нацыянальны парк на міжнародным узроўні як значную прыродную тэрыторыю.

Праграма ў падтрымку запаведнасці стала адной з тэм дакументальнага фільма «Белавежская пушча. Некрануты лес» канала «AnimalPlanet (Europe) Discovery»[3].

Вывучэнне папуляцыйнай экалогіі воўка[правіць | правіць зыходнік]

У межах праекта восенню 2015 года ў Белавежскай пушчы адмысловымі ашыйнікамі з GPS-перадатчыкамі былі пазначаны пяць ваўкоў. Прылада дасылала SMS-паведамленні пра перамяшчэнні звера, і давала навукоўцам важныя дадзеныя: паводле якіх законаў жывуць ваўкі, у чым іх роля ў экалагічнай сістэме леса і што ў нашыя дні ўяўляе сабой жыццё гэтага драпежніка. Белавежская пушча — першая асабліва ахоўваемая прыродная тэрыторыя Беларусі, дзе для правядзення даследаванняў быў уведзены мараторый на паляванне на воўка. У падтрымку праекта з 2016 года працуе «Воўчы блог». Існуе магчымасць назіраць за перамяшчэннем ваўкоў анлайн.

У выніку эксперыменту было высветлена, што воўк — драпежнік верхняга ўзроўню: ён рэгулюе колькасць капытных у лесе, не дазваляе многім відам (напрыклад, бабрам) размножыцца празмерна[4].

Вывучэнне рукакрылых[правіць | правіць зыходнік]

У межах праекта ў Белавежскай пушчы ўпершыню для Беларусі былі ўкаранёныя новыя метады даследавання рукакрылых. За кажанамі сачылі з дапамогай высокатэхналагічных «бэт-кордараў». Адмысловымі міні-радыёдатчыкамі былі пазначаны 16 самак кажаноў. Прыборы вагой у траціну грама давалі важную інфармацыю пра калоніі рукакрылых. Усе знойдзеныя ў межах радыёсачэння калоніі месціліся ў старых або памерлых дрэвах, і толькі адна – у будынку. Грунтуючыся на гэтых дадзеных, была зроблена папярэдняя выснова, што для пашырэння распаўсюджвання рукакрылых мае значэнне захаванне стараўзроставых лясоў.

Маніторынг вялікага арляца[правіць | правіць зыходнік]

Вялікі арлец – від, які знаходзіцца пад пагрозай глабальнага знікнення. Колькасць вялікага арляца імкліва падае ва ўсёй Еўропе. У той жа час у Белавежскай пушчы колькасць гэтага віду паступова расце. Гэта кажа пра натуральнае аднаўленне экасістэм нацпарка.

У межах праекта выяўлялі месцы пражывання віду, збіралі рэшткі ежы, арнітолагі кальцавалі птушанят. Упершыню для пушчы прымянілі пазначэнне каляровымі кольцамі. Гэта дало свой вынік: зімой 2015 г. белавежскага арляца ў Ізраілі сфатаграфаваў мясцовы фатограф.

Барацьба з дубам чырвоным[правіць | правіць зыходнік]
Дуб чырвоны — амерыканскі інтрадуцэнт, які пагражае дубам Белавежскай пушчы.

Для экасістэмы Белавежскай пушчы дуб чырвоны з'яўляецца небяспечным амерыканскім інтрадуцэнтам, з якім змагаюцца на тэрыторыі ў 1300 га, дзе расце больш за 40 000 асобнікаў гэтай расліны: гэты від выцясняе натуральныя для Беларусі чарэшчаты і скальны дубы. Працы па выдаленні гэтага дуба пачаліся ў 2016 годзе[5].

Паўторнае забалочванне[правіць | правіць зыходнік]
Афіцыйныя асобы на ўрачыстым пачатку працы па паўторным забалочванні балота Дзікі Нікар.

Першапачаткова 30 % тэрыторыі Белавежскай пушчы складалі балоты[6]. Але 20 000 га (прыкладна палова ўсіх балот пушчы) былі меліяраваныя і асушаныя ў 1950-я1960-я гады[7]. У лістападзе 2016 г. стартавалі працы па паўторным забалочванні балота Дзікі Нікар[8]. Для паўторнага забалочвання былі абраныя 1163 га тэрыторый у Пружанскім раёне, юрыдычна далучаных да пушчы ў 2004 г. Дзікі Нікар быў абраны, бо знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Белавежскай пушчы і яго паўторнае забалочванне будзе мець вялікі ўплыў на ўсю пушчу, у тым ліку на яе польскую частку. У перспектыве плануецца паўторнае забалочванне і іншых пушчанскіх балот[9].

Азія[правіць | правіць зыходнік]

В'етнам[правіць | правіць зыходнік]

У В'етнаме ФЗТ працуе пераважна на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Кон-Ка-Кін», 42 000 га якога церпяць ад нелегальных высечак дрэў ды нелегальнай сельскагаспадарчай дзейнасці мясцовага насельніцтва, што пагражае існаванню самай вялікай у свеце (каля 500 асобін) папуляцыі шэраплюснага пігатрыкса. Галоўным чынам ФЗТ дапамагае Нацыянальнаму парку правядзеннем трэніровак для мясцовых рэйнджараў, што працуюць на 8 назіральных пляцоўках, і забеспячэннем іх адпаведнай экіпіроўкай (GPS-прыладамі, матацыкламі, камерамі і г. д.). Гэта дае пэўны плён: так, напрыклад, у 2013 г. рэйнджары знішчылі 17 нелегальных паляўнічых стаянак, арыштавалі 17 браканьераў і прыбралі больш за 300 пастак. ФЗТ падтрымлівае не толькі рэйнджараў, але і інвестуе ў асветніцкія праекты, скіраваныя на навучэнцаў найбліжэйшых да парку школ. З 2013 г. больш за 1200 вучняў былі ахоплены гэтымі адукацыйнымі праграмамі[10].

Інданезія[правіць | правіць зыходнік]

У Інданезіі ФЗТ канцэнтруе свае намаганні на захаванні прыроды трапічных лясоў Суматры. У Нацыянальным парку «Букіт-Цігапулу» Франкфурцкае Заалагічнае Таварыства спрыяе стабілізацыі і аднаўленню папуляцыі суматранскіх тыграў (колькасць якіх у дзікай прыродзе складае менш за 400 асобін), ахоўвае суматранскіх сланоў ды суматранскіх арангутанаў. У гэтым рэгіёне вялікімі выклікамі для прыродаахоўнікаў з'яўляюцца барацьба з легальнай ды нелегальнай высечкамі лесу, а таксама пошук узаемапаразумення з карэнным насельніцтвам Нацыянальнага парку[11].

Казахстан[правіць | правіць зыходнік]

У Казахстане ФЗТ судзейнічае ахове прыроды ў дзяржаўным прыродным рэзерваце «Алтын Дала». Міжнародны праект сканцэнтраваны на абароне казахстанскіх пустынь і стэпаў і іх ключавых відаў. Асаблівая ўвага надаецца сайгакам пустыні Бетпак-Дала, паколькі яны граюць вызначальную ролю ў экасістэмах стэпаў і паўпустынь. Таксама ажыццяўляюцца праекты ў партнёрстве з Асацыяцыяй Захавання Біяразнастайнасці Казахстана (АЗБК) і Каралеўскім Таварыствам Аховы Птушак (КТАП)[12].

Зноскі

  1. а б в Jahresbericht 2017 Праверана 21 снежня 2019.
  2. Bundestag Lobby Register / Hrsg.: Deutscher Bundestag — 2022.
  3. Беловежская пуща. Первозданный лес
  4. Воўчы блог. Як жывуць ваўкі ў Белавежскай пушчы Архівавана 30 лістапада 2021.
  5. Дали дуба Архівавана 25 красавіка 2017.
  6. 1163 гектара Беловежской пущи снова станут болотом Архівавана 2 снежня 2016. — ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
  7. Работа над ошибками. Зачем в Беловежской пуще заболачивают болото, осушенное в 50-х годах Архівавана 30 лістапада 2016.TUT.BY
  8. В Беловежской пуще стартовал уникальный проект по заболачиванию ранее осушенного болотаСоветская Белоруссия
  9. 1163 гектара Беловежской пущи снова станут болотом Архівавана 2 снежня 2016.
  10. Forest conservation in the central highlands of Vietnam(недаступная спасылка)
  11. The Bukit Tigapuluh Landscape Conservation Programme
  12. A future for the «Serengeti of the North»