Францыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Французская Рэспубліка
фр.: République française
Flag of France.svg Герб Францыі
Сцяг Францыі Герб Францыі
EU-France.svg
Размяшчэнне Францыі (цёмна-зялёны):
— у Еўропе (светла-зялёны і цёмна-шэры)
— у Еўрапейскім саюзе (светла-зялёны)
Дэвіз: «Liberté, Égalité, Fraternité»
«Свабода, роўнасць, братэрства»
Гімн: «Марсельеза»
Заснавана 843 (Вердэнскі дагавор)
1958 (Пятая рэспубліка)
Афіцыйная мова Французская
Сталіца Парыж
Найбуйнейшыя гарады Парыж, Марсель, Ліён, Тулуза, Бардо, Ліль
Форма кіравання Прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Старшыня Сената
Старшыня Нацыянальнай Асамблеі
Эмануэль Макрон
Эдуар Філіп
Жэрар Ларшэ
Клод Барталон
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
47-я ў свеце
674 843[1] км²/547 030[2] км²
0,26 %
Насельніцтва
• Ацэнка (2019)
Шчыльнасць

66 963 [3] чал. (20-я)
116 чал./км²
ВУП
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$3,081  (10-ы)
$47,113
ІРЧП (2017) 0,901 (вельмі высокі) (24-ы)
Этнахаронім француз, францужанка, французы
Валюта Еўра[4], ціхаакіянскі франк[5]
Інтэрнэт-дамен .fr, .eu[6]
Тэлефонны код +33
Часавыя паясы -10..+12
  1. Для ўсёй Францыі.
  2. Для еўрапейскай часткі Францыі.
  3. https://www.insee.fr/en/statistiques/serie/001641607?idbank=001641607
  4. У метраполіі
  5. У заморскіх тэрыторыях
  6. Як член Еўрасаюза
  7. Journal officiel de la République française — 1979. — ISSN 0242-6773

Фра́нцыя (фр.: France, МФА(фр.) : [fʁɑ̃s]), Францу́зская Рэспу́бліка (фр.: République française, МФА(фр.) : [ʁe.py.blik fʁɑ̃.sɛz]) — краіна ў Заходняй Еўропе, што ўключае ў сябе таксама некалькі заморскіх рэгіёнаў і тэрыторый. Метрапольная тэрыторыя Францыі распасціраецца ад Міжземнага мора да Ла-Манша і Паўночнага мора, і ад Рэйна да Атлантычнага акіяна. Гэта адна з трох краін, разам з Марока і Іспаніяй, якая мае выхад да Атлантыкі і Міжземнага мора адначасова. Францыя мяжуе з Бельгіяй, Люксембургам, Германіяй, Швейцарыяй, Італіяй і Манака на ўсходзе, Андорай і Іспаніяй на поўдні, і аддзеленая пралівам Ла-Манш ад Вялікабрытаніі на поўначы. Таксама ў Францыю ўваходзяць тэрыторыі, размешчаныя ў розных частках свету.

Па памерах тэрыторыі Францыя з’яўляецца 42-й краінай у свеце, пры тым самай вялікай у Заходняй Еўропе і Еўрапейскім саюзе і трэцяй у Еўропе ў цэлым. Насельніцтва краіны складае 67 млн чалавек, гэта 20-ы паказчык паводле колькасці насельніцтва ў свеце і 2-і ў ЕС. Францыя з’яўляецца ўнітарнай паўпрэзідэнцкай рэспублікай са сталіцай у Парыжы, найбуйнейшым горадзе краіны і галоўным культурным і эканамічным цэнтры. Падзяляецца на 18 рэгіёнаў, 5 з якіх адносяцца да заморскіх.[1]

Увесь жалезны век тэрыторыю сучаснай Францыі насялялі кельцкія плямёны галаў. Пад уладу Рыму Галія трапіла ў 51 годзе да н.э. У 476 — 843 з'яўлялася асновай дзяржавы Франкаў, з заходняга кавалка якой — Заходне-Франкскага каралеўства — у 987 годзе паўстала каралеўства Францыя. Усё наступнае Сярэднявечча, асабліва пасля перамогі ў Стогадовай вайне, Францыя была магутнай рэгіянальнай сілай. Эпоха Адраджэння прынесла росквіт французскай культуры, а таксама падаравала дзяржаве багатыя калоніі па ўсім свеце. Падчас праўлення караля-сонца Людовіка ХVI Францыя была самай магутнай дзяржавай Еўропы. Рэвалюцыя канца ХVIII стагоддзя зрынула абсалютную манархію і ўпершыню ў свеце дэкларавала правы чалавека і грамадзяніна на дзяржаўным узроўні.

Францыя застаецца вялікай дзяржавай са значным культурным, эканамічным, ваенным і палітычным уплывам як у Еўропе, гэтак і ва ўсім свеце[2]. Дзяржава мае пяты ў свеце па велічыні ваенны бюджэт[3], трэці арсенал ядзернай зброі[4], і другі па велічыні дыпламатычны корпус[5]. Францыя з’яўляецца развітай краінай і мае сёмую па аб’ёме эканоміку ў свеце паводле намінальнага ВУПу і дзясятую паводле велічыні па парытэце пакупніцкай здольнасці.[6]

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Назва Францыя (Francia) пайшла з лаціны, дзе з ІІІ ст. н.э. ужывалася для абазначэння тэрыторыі, населенай франкамі, і літаральна азначала «зямля франкаў». Пасля распаду Рымскай імперыі тэрыторыя, у дачыненні да якой прымянялася назва, пашыралася разам з дзяржавай Франкаў. У першаснай форме тапонім захаваўся у італьянскай і іспанскай мовах, амаль нязменным быў пераняты славянскімі.

Што тычыцца паходжання імя племені, то паводле Гібана, слова франк таго ж кораня, што і слова frank (free) у англійскай мове — абодва азначаюць «свабодны». Гібан тлумачыць такую этымалогію тым, што франкі — адзіныя сярод скоранай рымлянамі Галіі — былі вызваленыя ад падаткаў. Паводле іншай версіі, франкі абавязаны сваім імем протагерманскаму frankon (дзіда). Цяпер гэтая версія прызнаная даследчыкамі няслушнай, паколькі даказана, што слова francisca, якім пазначалі кідальнікаў дзіды, пайшло ад франкаў, а не наадварот.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Да заморскіх тэрыторый адносіцца Французская Гвіяна і шэраг астравоў у Карыбскім моры, Індыйскім і Ціхім акіянах.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

У Францыі прадстаўлены тры розных тыпу рэльефу — высокія горы, старажытныя плато і раўніны. Асаблівасці будовы паверхні краіны такія, што наяўнасць некалькіх узнятых тэрыторый не з’яўляецца перашкодай для сувязяў паміж раўнінамі. Пірэнеі, Альпы і Юра — горы альпійскай сістэмы. Цэнтральны Французскі масіў, Армарыканскі масіў, Вагезы і Ардэны — разбураныя рэшткі старажытных герцынскіх гор. Парыжскі басейн (Паўночна-Французская нізіна), Гаронская нізіна (Аквітанскі басейн) і грабен Роны і Соны — раўніны з малымі амплітудамі вышынь.

На поўначы і захадзе краіны размешчаны раўніны і нізкагор’е. Раўніны складаюць 2/3 ад усёй тэрыторыі. Асноўныя горныя масівы: Альпы, Пірэнеі, Юра, Ардэны, Цэнтральны масіў і Вагезы. Парыжскі басейн знаходзіцца ў атачэнні Армарыканскага масіва, Цэнтральнага масіва, Вагезаў і Ардэн. Вакол Парыжа размешчана сістэма канцэнтрычных уступаў град, якія раздзелены вузкімі палоскамі раўнін. Гаронская нізіна, размешчаная на паўднёвым захадзе Францыі ля падножжа Пірэней, — раўнінны раён з урадлівымі глебамі. Ланды, трохкутная клінаватая пляцоўка на паўднёвым захадзе ад ніжняй плыні Гароны, вылучаецца меней урадлівымі глебамі і засаджана хваёвымі лясамі.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Над тэрыторыяй Францыі адбываецца бесперапыннае барацьба паміж масамі акіянічнага паветра з захаду, кантынентальнага — з усходу і міжземнаморскага — з поўдню. Клімат любой часткі краіны залежыць ад перавагі той або іншай тэндэнцыі, хоць адбіваецца таксама ўплыў вышыні і мясцовых умоў.

Акіянічны ўплыў выяўляецца ва ўсталяванні цёплага вільготнага надвор’я. Заходнія паветраныя масы, праходзячы над цёплымі водамі Паўночна-Атлантычнага цячэння (працяг Гальфстрыму), насычаюцца вільгаццю. Над акіянам гэтае паветра ўлетку астуджаецца, а ўзімку награваецца. У выніку пры распаўсюджванні заходніх паветраных мас рэдка назіраюцца экстрэмальныя тэмпературы. Напрыклад, у Брэсце сярэдняя тэмпература студзеня 7 °C, ліпеня — 17 °C. Тут вільготна, за год налічаецца 185 дзён з ападкамі, а агульная сума ападкаў дасягае 840 мм. Бoльшая частка ападкаў выпадае ў выглядзе зацяжнога дробнага дажджу. Неба звычайна зацягнута аблокамі, але снегапады і маразы бываюць рэдка.

Кантынентальны ўплыў суправаджаецца сухім надвор’ем з больш рэзкімі тэмпературнымі кантрастамі. Паветраныя масы, якія паступаюць з усходу з шырокіх унутраных частак Еўразіі, прыносяць мала вільгаці. Пры гэтым узімку ўсталёўваецца халоднае надвор’е, а ўлетку — гарачае. Напрыклад, у Страсбургу сярэдняя тэмпература студзеня −1 °C, і ўзімку перыяд з тэмпературамі ніжэй 0 °C звычайна складае 80 дзён, уключаючы не менш 20 дзён са снегам. Аднак лета ў Страсбургу гарачае і часта душнае, характэрныя моцныя дажджы.

Міжземнаморскі ўплыў распаўсюджваецца на прыморскую зону шырынёй 160 км на поўдні Францыі. Зімы тут мяккія і вільготныя, хоць бoльшая частка ападкаў выпадае ў выглядзе непрацяглых ліўняў, а ў прамежках паміж імі стаіць яснае надвор’е. Лета гарачае і сухое. Напрыклад, у Марселі сярэдняя тэмпература студзеня 7 °C, а ліпеня 22 °C, хоць днём тэмпература часам павышаецца да 38 °C. Сярэдняя гадавая сума ападкаў складае 580 мм, за год налічаецца 95 дзён з ападкамі. Містраль, халодны вецер, які часам дзме з поўначы, асабліва ўзімку, прыносіць незвычайна халоднае надвор’е на міжземнаморскае ўзбярэжжа Францыі.

Месцамі клімат істотна змяняецца з вышынёй — у такіх горных раёнах, як Вагезы, Юра, Цэнтральны масіў, Пірэнеі і Альпы. У цэлым з вышынёй тэмпература паніжаецца, а колькасць ападкаў павялічваецца. У гарах нават у разгар лета днём бываюць нізкія тэмпературы і моцныя снегапады. Бoльшая частка снега ўвесну і ўлетку растае, але на вялікіх вышынях снег захоўваецца, там развітыя ледавікі. Манблан пакрыты снегам круглы год.

Унутраныя воды[правіць | правіць зыходнік]

У Францыі чатыры вялікіх ракі — Сена, Луара, Гарона і Рона, сярод іх найбольшай даўжынёй (1000 км) адрозніваецца Луара. Буйныя марскія парты Гаўр, Нант, Бардо і Марсель размешчаныя ў вусцях гэтых рэк. Сена дрэнуе Парыжскі басейн і ўпадае ў Атлантычны акіян паблізу Гаўра. Яна адрозніваецца раўнамерным размеркаваннем сцёку на працягу года, што спрыяе суднаходству, і злучаная каналамі з іншымі рэкамі. Луара бярэ пачатак у Цэнтральным Французскім масіве, перасякае паўднёвую частку Парыжскага басейна і ўпадае ў Атлантычны акіян каля Нанта. Узровень вады ў гэтай рацэ моцна вагаецца, таму часта бываюць паводкі. Гэта характэрна і для Гаронны, якая пачынаецца ў Пірэнеях, перасякае Гароннскую нізіну і ўпадае ў Атлантычны акіян каля Бардо. Рона бярэ пачатак у Швейцарыі і, выцякаючы з Жэнеўскага возера, трапляе на тэрыторыю Францыі. Яна злучаецца з Соной паблізу Ліёна і ўпадае ў Міжземнае мора каля Марселя. Рона адрозніваецца хуткай плынню і валодае вялікім гідраэнергетычным патэнцыялам. На гэтай рацэ збудаваны шэраг гідраэлектрастанцый.

Сістэма каналаў злучае паміж сабой асноўныя рэкі краіны, уключаючы раку Рэйн, па якой збольшага праходзіць усходняя мяжа краіны і якая з’яўляецца адным з найважных унутраных шляхоў зносін у Еўропе. Рэкі і каналы маюць вялікае значэнне для эканомікі Францыі.

Расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

У Францыі захаваліся толькі рэшткі велічных лясоў, якія некалі пакрывалі раўніны і нізкія горы. Бoльшая частка раўнін разараная, а ўчасткі лесу прымеркаваныя да бяднейшых глеб. Аднак раўнінныя раёны Францыі зусім не пазбаўленыя дрэў: уздоўж дарог і каналаў звычайна цягнуцца лесапасадкі. Яны асабліва тыповыя для краявідаў Нармандыі і Брэтані.

У гарах каля снеговой лініі распаўсюджаныя аголеныя скальныя субстраты з імхамі і лішайнікаў. Далей уніз па схілах, але ўсё жа вышэй верхняй мяжы лясы альпійскія лугі выкарыстоўваюцца для пашы авечак і буйной рагатай жывёлы. Ніжэй верхняй мяжы лесу больш высокі пояс прадстаўлены хвойнымі лясамі з хвоі, лістоўніцы, піхты і елкі, ля самай межы іх рост тармозіцца і пераважае крывалессе, але з паніжэннем вышыні дрэвы становяцца вышэй і зграбней. Хвойныя лясы змяняюцца шыракалістымі з дуба, бука і каштана.

Найбольш своеасаблівая расліннасць міжземнаморскага ўзбярэжжа, дзе могуць існаваць толькі расліны, здольныя пераносіць працяглую летнюю засуху. Замест лясоў тут растуць ізаляваныя невысокія дрэвы і хмызнякі, паміж якімі сустракаюцца выхады карэнных парод. Самыя характэрныя дрэвы — масліна, коркавы дуб і алеппская хвоя.

Жывёльны свет[правіць | правіць зыходнік]

Жывёльны свет Францыі моцна збеднены ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека. Тым не менш тут дзікая фаўна захавалася лепш, чым у суседніх краінах. Сустракаюцца сярэднееўрапейскія, міжземнаморскія і альпійскія віды жывёл, асабліва шмат іх у запаведніках і нацыянальных парках. Напрыклад, у Заходне-Пірэнейскім парку жывуць бурыя мядзведзі і сарны, у Нацыянальным парку Вануаз у Савоі — горныя казлы.

З драпежных жывёл на тэрыторыі Францыі распаўсюджаныя лісіца, барсук, выдра, а на поўдні — генета. З грызуноў характэрныя вавёркі, пацукі і мышы. У паўднёвых раёнах шмат кажаноў. Месцамі захаваліся зайцы, а з капытных у асобных буйных лясных масівах сустракаюцца высакародны алень, казуля, дзік і бабёр. На в. Корсіка ў гарах водзяцца муфлоны, або дзікія бараны (ад якіх, верагодна, утварыліся хатнія авечкі).

Вельмі багаты і разнастайны свет птушак. У гарах Францыі захаваліся буйныя птушыныя драпежнікі. Выключным багаццем вадаплаўных і іншых птушак адрозніваецца раён Камарг у дэльце Роны.

Рыбныя рэсурсы Францыі моцна збяднелыя. Бoльшую частка ўлову ў рэках і азёрах складае стронга, якую разводзяць штучна. У Біскайскім заліве вядзецца здабыча сардзін, камбалы і селядцоў, а таксама амараў, крэветак і малюскаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старжытнасць[правіць | правіць зыходнік]

Францыя ў дагістарычны перыяд была месцам старажытных стаянак неандартальцаў і краманьёнцаў. У эпоху неаліту на тэрыторыі Францыі існавала некалькі багатых помнікамі дагістарычных культур. Дагістарычная Брэтань была культурна звязана з суседняй Брытаніяй, на яе тэрыторыі выяўлена вялікая колькасць мегалітаў. У перыяд позняга бронзавага і ранняга жалезнага веку тэрыторыю Францыі засялялі кельцкія плямёны галаў, паўднёвы захад сучаснай Францыі — іберы, плямёны невядомага паходжання. У выніку паэтапнага заваявання, якое было завершана ў 1 стагоддзі да н.э. у выніку Гальскай вайны Юлія Цэзара, сучасная тэрыторыя Францыі ўвайшла ў склад Рымскай імперыі як правінцыя Галія. Насельніцтва было раманізавана і да 5 стагоддзя размаўляла на народнай латыні, якая стала асновай сучаснай французскага мовы.

Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]

Карл Вялікі (768—814), спачатку кароль франкаў, потым каранаваны як імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі

У 486 Галія была заваявана франкамі пад кіраўніцтвам Хлодвіга. Тым самым была створана Франкская дзяржава, а Хлодвіг стаў першым каралём дынастыі Меравінгаў. У 7 стагоддзі ўлада караля істотна аслабла, а рэальнай сілай у дзяржаве завалодалі мажардомы, аднаму з якіх, Карлу Мартэлу, удалося ў 732 у бітве пры Пуацье разбіць арабскае войска і прадухіліць заваяванне арабамі Заходняй Еўропы. Сын Карла Мартэла, Піпін Кароткі, стаў першым каралём дынастыі Каралінгаў, а пры сыне Піпіна, Карле Вялікім, франкская дзяржава дасягнула найвышэйшага росквіту за ўсю гісторыю і займала большую частку тэрыторыі цяперашняй Заходняй і Паўднёвай Еўропы. Пасля смерці сына Карла Вялікага — Людовіка Пабожнага — яго імперыя была падзелена на тры часткі. У 843 паводле Вярдэнскага дагавора было створана Заходне-Франкскае каралеўства на чале з Карлам Лысым. Яно займала прыблізна тэрыторыю сучаснай Францыі. У 10 стагоддзі краіна стала называцца Францыяй.

Змяненне межаў Францыі з 985 па 1947 гады

Пазней цэнтральная ўлада істотна аслабла. У 9 стагоддзі Францыя рэгулярна падвяргалася набегам вікінгаў, у 886 апошнія асаджвалі Парыж. У 911 вікінгі заснавалі герцагства Нармандыя на поўначы Францыі. Да канца 10 стагоддзя краіна была практычна цалкам раздробленая, а каралі не мелі рэальнай улады за межамі сваіх феадальных уладанняў (Парыж і Арлеан). Дынастыю Каралінгаў у 987 змяніла дынастыя Капетынгаў, па імені першага яе караля Гуго Капета. Праўленне Капетынгаў характэрнае крыжовымі паходамі, рэлігійнымі войнамі ў самой Францыі (спачатку ў 1170 г. рух вальденсаў, а ў 1209—1229 — Альбігойскія войны), скліканнем парламента — Генеральных штатаў — упершыню ў 1302, а таксама Авіньёнскім палонам пап, калі папа Рымскі быў арыштаваны ў 1303 каралём Філіпам IV Прыгожым, і папы вымушаныя былі заставацца ў Авіньёне да 1378. У 1328 Капетынгаў змяніла бакавая галіна дынастыі, вядомая як дынастыя Валуа. У 1337 пачалася Стагадовая вайна з Англіяй, у якой спачатку поспех спадарожнічаў англічанам, якія здолелі захапіць істотную частку тэрыторыі Францыі, але ў рэшце рэшт, асабліва пасля з’яўлення Жаны д’Арк, у вайне наступіў пералом, і ў 1453 англічане капітулявалі.

Новы час[правіць | правіць зыходнік]

Людовік XIV, «кароль-сонца», які зрабіў Францыю лідарам сусветнай палітыкі

Да перыяду праўлення Людовіка XI (1461—1483) адносіцца фактычная ліквідацыя феадальнай раздробненасці Францыі і ператварэнне краіны ў абсалютную манархію. У далейшым Францыя пастаянна імкнулася іграць прыкметную ролю ў Еўропе. Так, з 1494 па 1559 яна вяла Італьянскія войны з Іспаніяй за кантроль над Італіяй. У канцы 16 стагоддзя ў пераважна каталіцкай Францыі атрымаў распаўсюджанне пратэстантызм кальвінісцкага толку (пратэстанты ў Францыі называліся гугеноты). Гэта выклікала рэлігійныя войны паміж католікамі і пратэстантамі, пікам якіх у 1572 стала Варфаламееўская ноч у Парыжы — масавае забойства пратэстантаў. У 1589 дынастыя Валуа перасеклася, і Генрых IV стаў заснавальнікам новай дынастыі Бурбонаў.

Французская манархія дасягнула свайго росквіту ў XVII стагоддзі за часам панавання Людовіка XIV. Удзельнічаючы ў шматлікіх войнах, Францыя стала вядучай еўрапейскай сілай. Да таго ж у Францыі пражывала найбольшая ў Еўропе колькасць насельніцтва і дзяржава мела вялікі ўплыў на еўрапейскую палітыку, эканоміку і культуру. Французская мова стала найбольш выкарыстоўваемай мовай у дыпламатыі, навуцы, літаратуры і міжнародных справах, і заставалася такой да XX стагоддзя[7]. Францыя значна пашырыла сваю тэрыторыю, дзякуючы заморскім уладанням у Амерыцы, Афрыцы і Азіі. Людовік XIV адмяніў Нанцкі эдыкт змусіўшы тысячы гугенотаў адправіцца ў выгнанне.

Пры Людовіку XV Францыя страціла Новую Францыю і большасць сваіх індыйскіх уладанняў пасля паражэнні ў Сямігадовай вайне, якая скончылася ў 1763 годзе, аднак яе кантынентальная тэрыторыя працягвала расці, дзякуючы далучэнню да краіны Латарынгіі (1766) і на Корсікі (1770). Непапулярны кароль Людовік XV, сваімі неабдуманым фінансавымі, палітычнымі і ваеннымі рашэннямі, дыскрэдытаваў манархію і, магчыма, прывёў дзяржаву да французскай рэвалюцыі праз 15 гадоў пасля сваёй сверці[8].

Людовік XVI, унук Людовіка XV, актыўна падтрымліваў высілкі амерыканцаў да незалежнасці ад Вялікабрытаніі, што было рэалізавана Парыжскай дамовай 1783 года. Прыклад Амерыканскай рэвалюцыі, а таксама фінансавы крызіс, які пачаўся ў Францыі, сталі адным з прычын пачатку французскай рэвалюцыі.

Пасля рэвалюцыі[правіць | правіць зыходнік]

Напалеон Банапарт, імператар Францыі, і яго войска

Пасля ўзяцця Бастыліі 14 ліпеня 1789 года абсалютная манархія была скасавана і Францыя стала канстытуцыйнай манархіяй. Праз Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна Францыя аб’явіла пра знішчэнне арыстакратычных прывілеяў і абвясціла свабоду і роўныя правы для ўсіх мужчын, а таксама доступ да дзяржаўнай службы на аснове таленту і здольнасцей, а не нараджэння. Улада караля была абмежавана, і Людовік XVI паспрабаваў здзейсніць контрарэвалюцыю пры падрымцы еўрапейскіх манархаў. Аднак спроба не ўдалася, аўтарытэт караля быў падарваны, ён быў катаваны і Францыя стала рэспублікай 22 верасня 1792 года.

Маючы ціск з боку іншых еўрапейскіх манархій, унутраных партызанскіх войнаў і контрарэвалюцыі, як Вандэйскае паўстанне, у маладой рэспубліцы пачаўся тэрор. Паміж 1793 і 1794 гадамі было пакарана смерцю ад 16 тысяч да 40 тысяч. У Заходняй Францыі грамадзянская вайна доўжылася з 1793 па 1796 гады, у гэты перыяд загінула ад 200 тысяч да 450 тысяч чалавек[9]. Аднак рэспубліка здолела выжыць і разграміць контрарэвалюцыю. У выніку Тэрмадарыянскага перавароту быў пакладзены канец панаванню Рабесп’ера і тэрору. Адмена рабства і мужчынскае ўсеагульнае выбарчае права, што было прынятыя за часам радыкальнай фазы рэвалюцыі, былі адменены наступнымі ўрадамі.

Пасля нядоўгага часу кіравання ўрада, Напалеон Банапарт захапіў кантроль над рэспублікай, у 1799 годзе стаўшы першым консулам, а затым у 1804 годзе імператарам Французскай імперыі. Наступны перыяд гісторыі мае назва Напалеонаўскія войны, калі Францыя ваявала адразу з кааліцыяй еўрапейскіх манархій. Пры гэтым напалеонаўскія войскі захапілі большую частку кантынентальнай Еўропы, а члены сям’і Банапартаў былі прызначаны манархамі ў некаторых ізноў створаных каралеўствах[10].

Гэтыя перамогі прывялі да сусветнай экспансіі французскіх рэвалюцыйных ідэалаў і рэформ, як усталяванне метрычнай сістэмы, Кодэкса Напалеона і Дэкларацыі правоў чалавека. Пасля катастрафічнай расійскай кампаніі, Напалеон пацярпеў паражэнне і манархія Бурбонаў была адноўлена. Каля мільёна французаў загінулі падчас напалеонаўскіх войнаў[10].

Парыжане вітаюць саюзнікаў на Елісейскіх Палях, 26 жніўня 1944 года

Пятая рэспубліка[правіць | правіць зыходнік]

У 1958 годзе прынята канстытуцыя Пятай рэспублікі, якая пашырыла правы выканаўчай ўлады. Прэзідэнтам Францыі быў абраны Шарль дэ Голь, генерад Супраціву, герой Першай і Другой сусветных войн. На 1960 год, у сітуацыі распаду каланіяльнай сістэмы большасць французскіх калоній адваявала незалежнасць. У 1962 годзе, пасля крывавай вайны набыў незалежнасць Алжыр. Прафранцузскія алжырцы перасяліліся ў Францыю, дзе склалі мусульманскую меньшасць, якая імкліва расла.

Масавыя хваляванні моладзі і студэнтаў у 1968 годзе, якія выклікала абвастрэнне эканамічных і сацыяльных супярэчнасцяў, а таксама ўсеагульная забастоўна прывялі да вострага палітычнага крызісу; прэзідэнт Шарль дэ Голь, заснавальнік Пятай рэспублікі, сышоў у адстаўку ў 1969 годзе і 9 лістапада 1970 года, праз год, памёр.

Палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Сістэма палітычных устаноў сучаснай Францыі вызначана Канстытуцыяй V Рэспублікі, прынятай 4 кастрычніка 1958. Некаторыя асобныя пункты Канстытуцыі пазней пераглядаліся.

Канстытуцыйны савет[правіць | правіць зыходнік]

Канстытуцыйны савет Французскай Рэспублікі складаецца з дзевяці членаў. Яго функцыя — сачыць за правільным правядзеннем выбараў і за адпаведнасцю Канстытуцыі арганічных законаў, а таксама падканстытуцыйных законаў.

Прэзідэнт Французскай Рэспублікі[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўнік дзяржавы абіраецца на пяць гадоў шляхам прамога ўсеагульнага галасавання (пяцігадовы тэрмін прэзідэнцкага мандату быў вызначаны рэферэндумам 27 верасня 2000).

На сёння прэзідэнтам Францыі з’яўляецца Эмануэль Макрон ад цэнтрысцкага руху «Наперад!». Гэта сёмы па ліку французскі прэзідэнт. Яго папярэднікам быў Франсуа Аланд ад Сацыялістычнай партыі.

Адпаведна Артыкулу 8 Канстытуцыі, прэзідэнт прызначае прэм'ер-міністра і, па прапанове апошняга, членаў урада.

Адпаведна Артыкулу 16 Канстытуцыі, прэзідэнт кіруе Нарадай міністраў, ратыфікуе законы, а таксама выконвае абавязкі галоўнага кіраўніка арміі. Прэзідэнт мае права распусціць Нацыянальны сход Французскай рэспублікі і, у выпадку сур’ёзнага палітычнага крызісу, узяць надзвычайныя паўнамоцтвы.

Прэм’ер-міністр і ўрад[правіць | правіць зыходнік]

Пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра ўрад вызначае і праводзіць палітыку французскай нацыі.

Урад адказвае за сваю дзейнасць перад Парламентам (артыкул 20 Канстытуцыі).

Прэм’ер-міністр ажыццяўляе кіраванне дзейнасцю ўрада і забяспечвае выкананне законаў (артыкул 21 Канстытуцыі). 16 мая 2017 года прэм’ер-міністрам Францыі быў прызначаны Эдуар Філіп.

Парламент[правіць | правіць зыходнік]

Парламент Французскай Рэспублікі мае дзвюхпалатную структуру і складаецца з Сенату і Нацыянальнага сходу. Акрамя кантролю над урадам, абедзве палаты распрацоўваюць і галасуюць за тыя ці іншыя законы. У выпадку нязгоды палат адна з адной канчатковае рашэнне выносіць Нацыянальны сход.

  • Сенат

Сенатары абіраюцца на ўскосных усеагульных выбарах на 6 гадоў (раней Сенат абіраўся на 9-гадовы тэрмін). Кожныя тры гады Сенат напалову абнаўляецца.

  • Нацыянальны сход

Нацыянальны сход складаецца з дэпутатаў, якія абіраюцца на прамых усеагульных выбарах на 5 гадоў па мажарытарнай сістэме.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Францыя — суверэнная ўнітарная дэмакратычная рэспубліка. Дзейная канстытуцыя, прынятая 4 кастрычніка 1958 года, усталёўвае рэспубліканскую прэзідэнцка-парламенцкую форму кіравання (Канстытуцыя Французскай Рэспаблікі, разд. 2). Галава дзяржавы — прэзідэнт, якія абіраецца на 5 год. Галава ўраду — прэм’ер-міністр. Рада міністраў прызначаецца прэзідэнтам па ўзгадненні з прэм’ер-міністрам. Заканадаўчая ўлада належыць дзвюхпалатнаму парламенту, які абіраецца ўсеагульным галасаваннем.

Заканадаўчая ўлада[правіць | правіць зыходнік]

Заканадаўчая ўлада ў Францыі належыць парламенту, які ўключае ў сябе дзве палаты — Сенат і Нацыянальны сход. Сенат Рэспублікі складаецца з 321 сентараў (з 2011 года іх будзе 348), 305 з якіх прадстаўляюць метраполію, 9 — заморскія тэрыторыі, 5 — тэрыторыі Французскай супольнасці і 12 — французскіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой. Сенатары абіраюцца на дзевяцігадовы тэрмін калегіяй выбаршчыкаў, якая складаецца з дэпутатаў Нацыянальнага сходу, генеральных саветнікаў і дэлегатаў ад муніцыпальных саветаў, пры гэтым Сенат абнаўляецца на адну траціну кожныя тры гады.

Нацыянальны сход складаецца з 577 дэпутатаў, 555 з якіх прадстаўляюць метраполію, а 22 — заморскія тэрыторыі. Дэпутаты Нацыянальнага сходу абіраюцца наўпроставым галасаваннем на пяцігадовы тэрмін.

Выканаўчая ўлада[правіць | правіць зыходнік]

У Пятай рэспубліцы прэм’ер-міністр адказвае за бягучую ўнутраную і эканамічную палітыку, а таксама мае права выдаваць указы гальунага характару. Ён лічыцца адказным асабіста за палітыку дзяржавы.

Прэм’ер-міністр прызначаецца прэзідэнтам рэспублікі. Зацвярджэнне ягок андыдатуры Нацыянальным сходам не патрабуецца, але праз тое, што Нацыянальна сход мае права ў любы момант аб’явіць ураду вотум-недаверу. Звычайна прэм’ер прадстаўле адну партыю, якая мае большасць месцаў у НС. Прэм’ер-міністр складае спіс міністраў свайго кабінета і прадстаўляе яго на зацвярджэнне прэзідэнту.

Мясцовае самакіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Сістэма мясцовых органаў самакіравання ў Францыі будуецца ў адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам. Яны прадстаўленыя камунамі, дэпартаментамі і рэгіёнамі, дзе з’яўляюцца выбранымі органамі.

Камуна налічвае каля 36 тыс. чалавек, кіруецца муніцыпальным саветам і мэрам, які з’яўляецца органам выканаўчай улады. Савет кіруе справамі камуны, прымае рашэнні па пытаннях, якія закранаюць інтарэсы яе грамадзян па ўсіх сацыяльных праблемах: распараджацца маёмасцю, ствараць неабходныя службы.

Дэпартамент з’яўляецца асноўнай адзінкай адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Францыі. Яны прадстаўленыя ў ліку 96 унутраных і, так званых, заморскіх дэпартаментаў. Да ўвядзення дэпартаменцкага савета адносіцца прыняцце мясцовага бюджэту і кантроль за яго выкананнем, арганізацыя дэпартаменцкіх службаў, кіраванне маёмасцю. Выканаўчым ораганам дэпартамента з’яўляецца старшыня генеральнага савета.

Найбуйнейшай адзнкай у адміністрацыйным падзеле краіны з’яўляецца рэгіён. У кожным рэгіёне заснаваныя эканамічныя і сацыяльныя камітэты і рэгіянальны камітэт па займах. У рэгіёне дзейнічае свая рахункавая палата. Рэгіянальны савет абірае свайго старшыню, які з’яўляецца выканаўчай уладай у рэгіёне.

Узброеныя сілы і паліцыя[правіць | правіць зыходнік]

Віды французскіх войскаў

У цэлым Францыя з’яўляецца адной з нешматлікіх краін, у складзе ўзброеных сіл якой ёсць амаль поўны спектр сучаснай зброі і ваеннай тэхнікі ўласнай вытворчасці — ад стралковай зброі да ўдарных атамных авіяносцаў.

Францыя таксама з’яўляецца краінай-уладальніцай ядзернай зброі. Афіцыйна пазіцыяй французскага ўрада было стварэнне «абмежаванага ядзернага арсеналу на мінімальна неабходным узроўні». На сённяшні дзень гэты ўзровень складае чатыры атамных падводных лодкі і каля ста самалётаў з ядзернымм ракетамі.

У рэспубліке дзейнічае кантрактная сістэма прахаджэння службы і адсутнічае воінская павіннасць. Ваенны персанал, якія ўключае ў сябе ўсе падраздзяленні, складае каля 270 тыс. чалавек. Пры гэтым паводле рэформы, распачатай прэзідэнтам рэспублікі Нікаля Сарказі, з арміі павінна быць звольнена 24 % служачых, у асноўным на адміністрацыйных пасадах.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Рэгіёны Францыі, 2016

Францыя падзяляецца на 18 рэгіёнаў (фр.: régions), з якіх 22 знаходзяцца ў Еўропе (21 — кантынентальная Францыя, і 1 — востраў Корсіка) і 4 з’яўляюцца заморскімі тэрыторыямі. Рэгіён уяўляе сабой пэўную тэрыторыю, якая характарызуецца ўласнай культурай ці сацыяльнай ідэнтычнасцю. Краіна да 2016 года была падзелена на 26 рэгіёнаў (21 + Корсіка + 4 заморскіх). У 2014 быў зацверджаны новы адміністрацыйны падзел, які ўступіў у сілу ў пачатку 2016. Адміністрацыйныя адзінкі былі ўзбуйнены і цяпер метрапольная Францыя дзеліцца на 13 рэгіёнаў (разам з Корсікай). Да 4-х заморскіх рэгіёнаў быў дададзены пяты — Маёта.[11]

Французскія рэгіёны падзяляюцца на 100 дэпартаментаў. Усяго ў Францыі існуе 5 узроўняў адміністрацыйнага падзелу: за дэпартаментамі ідуць акругі, кантоны і камуны.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

З насельніцтвам у 67 мільёнаў чалавек паводле звестак на студзень 2019 года Францыя з’яўляецца 21-й у свеце краінай паводле колькасці насельніцтва і трэцяй паводле колькасці насельніцтва ў Еўропе[12]. Нізкі, але станоўчы (і адзін з найвышэйшых у Еўропе!) каэфіцыент натуральнага прыросту насельніцтва (3—4 на 1000) абумоўлены высокай нараджальнасцю сярод шматлікіх імігрантаў з былых калоній. Удзельная вага асоб замежнага паходжання, якія не з’яўляліся грамадзянамі Францыі на момант нараджэння, перавышае 10 %.

Афіцыйнай этнічнай статыстыкі ў Францыі не існуе. Па розных ацэнках, каля 80 % насельніцтва складаюць французы. У французскім народзе гістарычна перапляліся кельцкія, лацінскія, аквітанскія і германскія карані. Астатнія 20 % — гэта нацыянальныя меншасці (брэтонцы, карсіканцы, эльзасцы) і імігранты. Увогуле сёння этнічны склад Франціі стаў надзвычай стракатым, галоўным чынам дзякуючы буйнамаштабнай іміграцыяй за апошнія паўстагоддзі.

Абсалютная большасць веруючых у Францыі — каталікі.

Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва па еўрапейскіх мерках невысокая — 116 чал/км². Для краіны характэрны высокі ўзровень урбанізацыі. Гараджане складаюць 77 % насельніцтва краіны. У Францыі налічваецца 73 агламерацыі, у кожнай з якіх жывуць больш за 100 тысяч чалавек. Найбольш буйнымі агламерацыямі з’яўляюцца Парыж, Марсель, Ліён і Ліль. У Вялікім Парыжы пражываюць каля 12,4 млн чал. (18,5 % насельніцтва краіны).

Дахі Ліёна
Найбуйнейшыя агламерацыі Насельніцтва ў 2012 годзе[13]
Парыж 12,4 мільёны
Ліён 2,2 мільёны
Марсель 1,8 мільёны
Ліль 1,4 мільёны
Тулуза 1 мільён

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Гаспадарка краіны мае постындустрыяльную галіновую структуру. На сферу паслуг прыходзіцца 78,8 % ВУП краіны, тут працуе больш за 77 % занятага насельніцтва.[14] У шматгаліновай прамысловасці вядучую ролю адыгрываюць машынабудаванне і хімічная прамысловасць.

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Энергетыка Францыі функцыянуе ва ўмовах вострага недахопу ўласных паліўных рэсурсаў. Аднак наяўнасць буйных запасаў уранавай сыравіны спрыяла развіццю атамнай электраэнергіі, па маштабах якой Францыя саступае толькі ЗША. На АЭС выпрацоўваецца 77 % электраэнергіі.

Металургія, якая некалі адыгрывала вырашальную ролю ў структуры прамысловасці, сѐння страціла сваѐ вызначальнае значэнне. Выкарыстанне пераважна імпартнай сыравіны абумовіла зрух вытворчасці ў прыморскія раѐны. Буйныя металургічныя камбінаты працуюць у партовых цэнтрах Дзюнкерк і Фос (раѐн Марселя).

Машынабудаванне забяспечвае каля 40 % кошту прадукцыі апрацоўчай прамысловасці. Вядучую ролю ў ім адыгрывае транспартнае машынабудаванне, якое спецыялізуецца на вытворчасці аўтамабіляў, авіяцыйнай і ракетнай тэхнікі, у меншай ступені — суднаў. Найбуйнейшыя цэнтры размешчаны ў Ліѐнскай і Парыжскай агламерацыі. Па вытворчасці прадукцыі авіяракетнай прамысловасці (цэнтры Тулуза, Бардо, Буржэ) Францыя лідзіруе ў Еўропе. Развіта вытворчасць электронікі і электратэхнікі.

У лік найбольш развітых галін уваходзіць хімічная прамысловасць. Францыя — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў хімічнай і нафтахімічнай прадукцыі, у тым ліку каўстычнай соды, сінтэтычнага каўчуку, пластмас, мінеральных угнаенняў, фармацэўтычных тавараў. Вялікай папулярнасцю на сусветным рынку карыстаюцца французская парфумерыя і касметыка.

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Францыя — адзін з найбуйнейшых у Еўропе вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Яна ўваходзіць у групу сусветных лідараў па пагалоўі буйной рагатай жывёлы, свіней, птушкі, вытворчасці малака, яек, мяса. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае прыкладна 4 % ВУП. У структуры сельскай гаспадаркі Францыі суадносіны раслінаводства і жывѐлагадоўлі прыкладна роўныя. У раслінаводстве вядучай з’яўляецца збожжавая гаспадарка. Занальны характар размяшчэння ўласцівы для пасеваў пшаніцы, кукурузы і ячменю. Значныя пасевы бульбы і цукровых буракоў, па вытворчасці якіх Францыя — сусветны лідар. Асноўны раѐн іх вытворчасці — Паўночна-Французская нізіна, тут жа размяшчаецца і большасць цукровых заводаў. Паўсюдна развіта агародніцтва і пладаводства. Францыі належыць 2-е месца ў свеце па вытворчасці вінаграду. Галоўны раён вінаградарства — Лангедок. Асноўная частка ўраджаю выкарыстоўваецца ў вінаробстве. Марачныя віны вырабляюцца ў раёне Бардо, у Шампані, даліне ракі Луары. Галоўная галіна жывѐлагадоўлі — развядзенне буйной рагатай жывѐлы мяса-малочнага напрамку. Развіты птушкагадоўля, свінагадоўля і конегадоўля.

Банкаўскі сектар[правіць | правіць зыходнік]

Найбольшае значэнне ў сферы паслуг краіны мае фінансавая дзейнасць. Банкі Францыі яшчэ з сярэдзіны XIX ст. займалі вядучыя пазіцыі не толькі ў эканоміцы краіны, але і ў свеце. Па ўзроўні канцэнтрацыі банкаўскай дзейнасці Францыя ўваходзіць у лік вядучых сусветных дзяржаў. З 50 найбуйнейшых банкаў свету шэсць з’яўляюцца французскімі.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Адной з найбольш развітых і збалансаваных у свеце з’яўляецца транспартная сістэма Францыі. Найбуйнейшым транспартным вузлом краіны з’яўляецца Парыж. Ад яго ў радыяльным напрамку разыходзяцца найважнейшыя аўтамабільныя і чыгуначныя шляхі, якія злучаюць сталіцу з найбуйнейшымі гарадамі Францыі і сталіцамі іншых еўрапейскіх дзяржаў. У Парыжы знаходзяцца і найбуйнейшыя міжнародныя аэрапорты.

Ва ўнутраных пасажыра- і грузаперавозках лідзіруюць аўтамабільны і чыгуначны транспарт. Большасць гарадоў звязаны паміж сабой сеткай высакахуткасных магістралей. Імпарт вялікіх аб’ѐмаў нафты і газу абумовіў развіццѐ разгалінаванай сістэмы трубаправодаў. Марскі і авіятранспарт абслугоўваюць пераважна знешнія сувязі. Галоўныя марскія парты — Гаўр, Бардо, Марсель.

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

Францыя — сусветны лідар па развіцці турызму. Маючы мноства прывабных прыродных ландшафтаў і шмат помнікаў культуры, Францыя ператварыла турызм у адну з найважнейшых галін сваѐй гаспадаркі, якая дае не менш за 2 % ВУП і забяспечвае больш за 1,5 млн працоўных месцаў. Штогод краіну наведваюць больш за 80 млн замежных турыстаў, якія накіроўваюцца на Французскае Міжземнамор’е, Французскія Альпы і ў Парыж — найбуйнейшы цэнтр не толькі замежнага, але і ўнутранага турызму. Галоўны міжземнаморскі турысцка-рэкрэацыйны раён Францыі — Французская Рыўера, або Блакітны бераг (участак узбярэжжа, які працягнуўся на 2300 км ад Тулона да Ментоны ў франка-італьянскай мяжы). «Сталіца» Французскай Рыўеры — курортны горад Ніца, у якім турызм дае працу палове насельніцтва

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Выяўленчае мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

«Арэлі», карціна Франагора (1767 год), якая лічыцца адным з сімвалаў стылю ракако
Эдуард Манэ, «Снеданне на траве» (1863 год). З гэтай карціны фактычна пачаўся французскі імпрэсіянізм

Хаця Францыя стварылі выбітныя ўзоры сярэднявечнага мастацтва (скульптуры гатычных сабораў, жывапіс Жана Фуке), кніжнай мініацюры, і мастацтва Адраджэння Франсуа Клуэ, Клода Ларэна, французскае мастацтва доўгі час знаходзілася ў цені іншых краін, найперш Італіі і Нідэрландаў. У XVII найбуйнейшыя французскія майстры (Нікаля Пусэн, Клод Ларэн), скульптары Пьер Пюжэ значную частку жыцця праводзілі ў Італіі, якая ў той час лічылася цэнтрам сусветнага мастацтва. Першым стылем, які ўзнік у Францыі, быў ракако, найбуйнейшыя прадстаўнікі якога — Антуан Вато і Франсуа Бушэ.

Філасофія[правіць | правіць зыходнік]

У Сярэднявеччы і да канца XIV стагоддзя французская філасофія была вядучай у Еўропе, таму што амаль усе выдатныя філосафы навучаліся або выкладалі, па меншай меры некаторы час, у Палаціне ў Парыжы або Парыжскім універсітэце, які быў заснаваны ў 1206 годзе. Французская філасофія вядомая ва ўсім свеце дзякуючы свайму арыгінальнаму стылю і тэматыцы. Для яе характэрна яснасць мыслення, майстэрскае вар’іраванне выразаў і ўражлівыя вобразы, якія спалучаюцца з незвычайнай філасофскай сур’ёзнасцю і вастрынёй, цесная сувязь з грамадскім і палітычным жыццём нацыі[15]. Спецыфіка французскай філасофіі абумоўлена яе мовай, надае ёй паэтычнасць і мастацкасць.

Музыка[правіць | правіць зыходнік]

Французская музыка вядомая з часоў Карла Вялікага, але кампазітары сусветнага маштабу: Жан-Батыст Люлі, Луі Куперэн, Жан-Філіп Рамо — з’явіліся толькі ў эпоху барока. Росквіт французскай класічнай музыкі наступіў у XIX стагоддзі. Эпоха рамантызму прадстаўленая ў Францыі творамі Гектара Берліёза. У XX стагоддзі класічная музыка Францыі развіваецца ў агульным рэчышчы сусветнай музыкі. У 1920-х гадах у Францыі распаўсюдзіўся джаз, найбуйнейшым прадстаўніком якога стаў Стэфан Грапэлі. У другой палове XX стагоддзя ў Францыі атрымала распаўсюджанне звычайная эстрадная музыка, выканаўцамі якой былі, напрыклад, Мірэй Мацьё, Даліда, Джо Дасэн, Патрысія Каас, Мілен Фармер, Лара Фабіян, Грэгары Лемаршаль.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]