Францішак Віславух

З пляцоўкі Вікіпедыя
Францішак Віславух
Нараджэнне 24 верасня 1896(1896-09-24)
Смерць 23 сакавіка 1978(1978-03-23) (81 год)
Месца пахавання
Бацька Антоні Ісідар Віславух[d]
Маці Севярына са Скаржынскіх[d]
Адукацыя
Дзейнасць афіцэр
Званне маёр
Бітвы
Узнагароды
Medal of Independence залаты крыж Заслугі сярэбраны крыж Заслугі Крыж Храбрых сярэбраны крыж ордэна Virtuti Militari
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Францішак Марыян Віславух (Выславух) (нар. 24 верасня 1896, в. Пярковічы, Кобрынскі павет, Гродзенская губерня — 23 сакавіка 1978, Лондан) — польскі вайсковец, пісьменнік.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 24 верасня 1896 года ў радавой сядзібе ў Пярковічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у заможнай шляхецкай сям’і. Род Віславухаў вядомы з пачатку ХVІ ст. Бацька, Антоній Віславух (1864—1940), быў гісторыкам, бібліяфілам, настаўнікам Брэсцкай гімназіі. У сям’і было дзевяць дзяцей. Малодшы брат Севярын (1900—1968) стаў даследчыкам па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай[1].

У Пярковічах прайшло дзяцінства Францішка Віславуха. У Варшаве ён скончыў сярэднюю школу і паступіў у Акадэмію мастацтваў. У 1914 годзе царскія ўлады маладога вольналюбівага чалавека саслалі ў Вятку. Праўда, прабыў там нядоўга — уцёк на радзіму[1].

У час Грамадзянскай вайны ён уступіў у Польскі легіён, удзельнічаў у савецка-польскай вайне 1919—1921 гадоў. Потым быў выкладчыкам вышэйшага вайсковага каледжа. У канцы 1920-х гадоў яго накіроўваюць у корпус памежнай аховы. Праходзячы ў ім службу, ён аб’ездзіў усю Заходнюю Беларусь[1].

Другую сусветную вайну Ф. Віславух сустрэў у чыне маёра ў Гродне. Польская Рэспубліка не вытрымала маланкавага ўдару немцаў і неўзабаве капітулявала. Разам з рэшткамі польскай арміі Францішак Віславух праз Швецыю накіроўваецца ў Францыю. Тут ён уступае ў Польскі армейскі корпус і прымае ўдзел у вайне Францыі з фашысцкай Германіяй. Але і гэтая барацьба хутка скончылася паражэннем французаў[1].

Ф. Віславух апынуўся ў Англіі. Неўзабаве саюзнікі распачалі баявыя дзеянні ў Афрыцы. Францішка Віславуха прызначылі начальнікам штаба цэнтра падрыхтоўкі запасу корпуса генерала Андэрса. Калі пачаліся цяжкія баі ў Італіі пад Монтэ-Касіна, генерал Андэрс кінуў у гэтае пекла ўсе рэзервы. Разам са сваімі жаўнерамі Ф. Віславух прайшоў франтавымі дарогамі Італіі да самай Перамогі[1].

Пасля вайны Ф. Віславух пасяліўся ў Англіі. Некаторы час быў палкоўнікам Брытанскіх Узброеных Сіл. Пасля выхаду на пенсію займаўся сваёй любімай справай — маляваў карціны і пісаў апавяданні[1].

Магіла Францішка Віславуха

23 сакавіка 1978 года сэрца пісьменніка спынілася. Пахавалі яго на могілках Патні-Вейл у Лондане[1].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Скразным вобразам усіх мастацкіх твораў Францішка Віславуха з’яўляецца Палессе. У Лондане падрыхтаваў да выдання тры зборнікі сваёй лірычнай прозы: «Opowiadania poleskie» («Палескія апавяданні», 1968), «Na śceżkach Polesia» («На сцежках Палесся», 1976) і «Echa Polesia» («Рэха Палесся», 1979)[1].

Мемуарны аповед Францішка Віславуха грунтаваны на асабістых уражаннях і ўласным досведзе. Аўтар звяртаецца да тэмы, якая складае любоў ягонага жыцця — да Палесся. У сваіх аўтабіяграфічных апавяданнях ён апісвае маляўнічыя вобразы гэтага рэгіёна і ягоных жыхароў з міжваеннага перыяду, рысы іх характару, побыт і звычаі. Асноўнымі рысамі палешукоў аўтар называе асцярожнасць, да якой змушае навакольная прырода, звязаны з ёю недавер і нелюбоў да змен, а таксама схільнасць замыкацца ў сабе. Шматвекавая барацьба за існаванне сярод пушчаў і дрыгвы выпрацавала ў гэтых людзей такія рысы характару, як кемлівасць, самадастатковасць, адвага. Трапнасцю вызначаюцца назіранні і апісанні Ф. Віславуха, якія тычацца земляробства на Палессі, стаўлення насельніцтва да ўлад і чужых людзей, адносін да прыроды[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з 24 верасня 2016 года — 120 гадоў з дня нараджэння Францішка Віславуха (1896—1978), польскага вайсковага дзеяча, пісьменніка, мастака. Паўлюковіч Святлана Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]