Перайсці да зместу

Францішак Пяткевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Францішак Пяткевіч
Род дзейнасці урач
Дата нараджэння 6 лютага 1899(1899-02-06)
Месца нараджэння
Дата смерці 8 ліпеня 1980(1980-07-08) (81 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Франці́шак Пятке́віч (псеўданім Франук Маркотны; 6 лютага 1899, Лепель8 ліпеня 1980, Крынкі) — беларускі нацыянальны дзеяч, урач.

Раннія гады і пачатак дзейнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў са шматдзетнай каталіцкай сям’і Станіслава Пяткевіча. Яго брат Язэп Пяткевіч вывучыўся на ксяндза ў Пецярбургу (у 1937 годзе быў расстраляны савецкімі ўладамі). У 1912 годзе ў Пецярбург пераехаў і Францішак, дзе паступіў у школу для сялянскіх дзяцей.

Яшчэ падлеткам ён далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. У студзені 1913 года пад псеўданімам Маркотны апублікаваў у газеце «Biełarus» допіс, у якім выказваў глыбокую любоў да роднага краю, беларускай вёскі і мовы, заклікаючы не саромецца свайго паходжання і не шукаць лепшай долі ў чужых гарадах[1]. Увосень 1913 года на старонках таго ж выдання ён апісаў беларускую вечарыну ў Пецярбургу, адзначыўшы вялікую радасць ад таго, што родная мова гучыць са сцэны і збірае шмат людзей, але адначасова з жалем канстатаваў, што многія беларусы ў сталіцы ўсё яшчэ саромеюцца сваёй гаворкі[1].

Навесну 1914 года вярнуўся ў Беларусь. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны ў 1916 годзе працаваў на пошце ў Полацку.

Студэнцкія гады і эміграцыя

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння ў 1921 годзе Віленскай беларускай гімназіі паступіў на медыцынскі факультэт Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Паводле звестак польскай палітычнай паліцыі за 1924 год, падчас жыцця ў Вільні Пяткевіч быў вельмі энергічным чалавекам, меў рэпутацыю «гарачага беларуса» і знаходзіўся пад моцным уплывам выбітных беларускіх каталіцкіх дзеячаў, у прыватнасці ксяндза Адама Станкевіча[2].

Пяткевіч быў адным з заснавальнікаў і намеснікам старшыні (з 1922 года) Беларускага студэнцкага саюза (БСС). У снежні 1921 года ён выступаў ад імя студэнтаў на перадвыбарчым з’ездзе прадстаўнікоў Заходняй Беларусі ў Вільні. У сваёй прамове ён падкрэсліваў, што галоўная мэта беларускага студэнцтва — несці асвету свайму народу, які застаецца ў цемры, і будзіць яго да нацыянальнага жыцця. Аднак яго спроба ўзняць аграрнае і школьнае пытанні была перапынена старшынёй сходу[3][4].

16 сакавіка 1922 года разам з іншым актывістам БСС Антонам Абрамовічам Пяткевіч прысутнічаў на аўдыенцыі ў начальніка Польскай дзяржавы Юзафа Пілсудскага. Варта адзначыць, што яны былі знаёмыя раней: у свой час Пяткевіч карчаваў лес у маёнтку Пілсудскага, зарабляючы грошы на вучобу[1]. Актыўна друкаваўся ў часопісе «Наш шлях» пад псеўданімам Франук Маркотны[5].

Увосень 1923 года, каб пазбегнуць арышту з боку польскіх улад за палітычную агітацыю, Пяткевіч быў вымушаны кінуць Віленскі ўніверсітэт і нелегальна перабрацца ў Прагу. Там ён паступіў на медыцынскі факультэт і атрымаў стыпендыю. Нягледзячы на ўгаворы сяброў застацца ў Чэхаславакіі (пра што згадваў у сваіх лістах Янка Станкевіч), Пяткевіч моцна тужыў па радзіме і мэтанакіравана шукаў шляхі пераезду ў БССР, дзе жылі яго бацькі[6].

Рэпрэсіі ў СССР і вяртанне ў Польшчу

[правіць | правіць зыходнік]

У 1924 годзе ён ужо з'яўляўся студэнтам медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску. Аднак пасля аднаго з выступленняў на студэнцкім сходзе Пяткевіч быў арыштаваны і высланы ў Салавецкі лагер[7]. У 1927 годзе на Салаўках яго сустрэў рэпрэсаваны драматург Францішак Аляхновіч, які пазней згадаў гэту сустрэчу ў сваёй кнізе «У кіпцюрах ДПУ»[8].

Пазней Пяткевіча перавялі ў ссылку ў Сібір. Паводле ўспамінаў яго дачкі Барбары, Францішак здзейсніў адтуль уцёкі разам са сваім братам Вацлавам. Яны прайшлі каля 3000 кіламетраў, пераважна пешшу або хаваючыся ў таварных цягніках, і доўгі час харчаваліся карой дрэў. Падчас гэтага цяжкага падарожжа Вацлаў страціў розум і кінуўся пад колы цягніка. Францішак здолеў дабрацца да польска-савецкай мяжы і паспяхова яе перайсці[7].

Пасля вяртання ў Польшчу ў 1933 годзе ён аднавіўся ў Віленскім універсітэце, які скончыў у лістападзе 1936 года, атрымаўшы дыплом урача. У 1938 годзе працаваў лекарам у вёсцы Зарудззе Крамянецкага павета[9]. У гэты час ажаніўся з настаўніцай са Слоніма Юліяй Жаромскай (раней ён меў кароткі шлюб з польскай шляхцянкай, якая варожа ставілася да беларускага руху)[7].

Другая сусветная вайна і паваенныя гады

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР летам 1940 года быў зноў арыштаваны органамі НКУС. Быў вызвалены з турмы толькі пасля нападу Германіі на СССР у 1941 годзе. Разам з сям'ёй пераехаў у Моўчадзь пад Баранавічамі, дзе працаваў урачом[10]. У 1943 годзе там нарадзіўся яго сын Станіслаў, а ў 1945 годзе сям'я пераехала ў Польшчу.

У Польшчы Пяткевіч спачатку працаваў кіраўніком павятовага шпіталя ў горадзе Піш (Прусія). Жадаючы працаваць сярод беларускага насельніцтва, ён пакінуў выгадныя ўмовы і пераехаў спачатку ў Дуброву-Беластоцкую, затым ездзіў на працу ў Заблудаў[10]. З 1951 года канчаткова атабарыўся ў горадзе Крынкі, дзе пабудаваў дом і ўзначаліў мясцовы шпіталь. Ён здабыў вялікую павагу і славу выдатнага дыягноста: нават калі пацыентам не маглі дапамагчы ў Беластоку, яны ехалі ў Крынкі да «Глухога» (так у народзе называлі Пяткевіча)[10].

У 1956 годзе ўступіў у новаўтворанае Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ) і ўвайшоў у яго Галоўнае ўпраўленне. Аднак неўзабаве польскія ўлады даведаліся пра яго антысавецкае мінулае; яго выключылі з кіраўніцтва і пасадзілі ў турму на год. Выйсці на волю яму дапамагла жонка, якая здолела з'ездзіць у Моўчадзь і знайсці сведак таго, што падчас вайны Пяткевіч дапамагаў савецкім партызанам.

Да канца жыцця ён заставаўся пад наглядам спецслужбаў ПНР. У паліцэйскіх данясеннях адзначалася, што Пяткевіч у размовах з Сакратам Яновічам выказваў упэўненасць у хуткім распадзе СССР і адраджэнні Беларусі, крытыкаваў калгаснае жыццё ў БССР і камуністычную газету «Ніва», а таксама выпісваў з Мюнхена эмігранцкую газету «Бацькаўшчына»[10][11].

Пасля смерці першай жонкі ў 1961 годзе ажаніўся з яе сястрой Фабіянай. Памёр 8 ліпеня 1980 года, пахаваны на каталіцкіх могілках у Крынках[10].

  • Markotny Lublu swajo… nie żadaju czużoha // Biełarus. — 1913. — № 2. — С. 2.
  • Франук Маркотны Родная мова — скарб народу // Наш шлях. — 1922. — № 1. — С. 4—6.
  • Франук Маркотны Сучаснасьць і будычыня // Наш шлях. — 1922. — № 2—3. — С. 13—15.
  • Ф. М. Вольная Трыбуна. «Што мы пачулі»!.. // Наш шлях. — 1922. — № 2—3. — С. 22—23.
  • Франук Маркотны Аб Камісіі Кваліфікацыйнай // Наш шлях. — 1922. — № 2—3. — С. 26—27.
  • Franciszek Pietkiewicz Sołowki — wyspa tortur i śmierci. (Wspomnienia z katorgi sowieckiej)(польск.) // Kurjer Wileński. — 1931. — № 297 (2239), 298 (2240), 299 (2241). — С. 2, 4.
  • Franciszek Pietkiewicz Sołowki — wyspa tortur i śmierci. (Wspomnienia z katorgi sowieckiej)(польск.) // Kurjer Wileński. — 1932. — № 3—9, 11, 12, 17, 20, 22—24, 27, 29, 31, 33, 35, 37—52, 56, 57, 61, 62, 64, 67, 68, 70 (2312). — С. 4.
  1. 1 2 3 Быў у нас такі дохтар...(недаступная спасылка) Лена Казлоўская // Czasopis Nr 03/2009
  2. Gierowska-Kałłaur 2016, с. 36.
  3. Стэнаграма З'езду Заходняй Беларусі. : газета. — 1922. — № 5 (14). — С. 2.
  4. М. К. Па сьлізкай дарозе. (Нататкі і ўражаньні аб т. зв. «Зьезьдзе прадстаўнікоў Заходняй Беларусі») : часопіс. — 1921. — № 23. — С. 1—3.
  5. Янка Саламевіч. Слоўнік беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.). — Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. — 207 с.
  6. „Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі” (Вільня 1998, т. І, кн. 2, с. 1511—1512)
  7. 1 2 3 Быў у нас такі дохтар... Лена Казлоўская // Czasopis Nr 04/2009
  8. Францішак Аляхновіч «У кіпцюрах ГПУ» с. 303
  9. „Polski Almanach Medyczny na 1956 r.” Варшава
  10. 1 2 3 4 5 Быў у нас такі дохтар...(недаступная спасылка) Лена Казлоўская // Czasopis Nr 05/2009
  11. Krzysztof Sychowicz «Parę złotych na wódkę i zagrychę» : часопіс. — 2009. — № 1(16). — С. 8—12.
  • Gierowska-Kałłaur J. The biographies of leading Belarusian activists in the light of information gathered by the Polish Governmental Commissioner for the City of Vilnius in 1924(англ.) // Studia z Dziejów Rosji i Europy Środkowo-Wschodniej. — 2016. — Т. LI-SI (2). — С. 31—71. — ISSN 2353-6403. — DOI:10.12775/SDR.2016.EN2.02
  • Pogorzelski K., Sychowicz K. TW „Kastuś” i Służba Bezpieczeństwa a środowisko białoruskie na Białostocczyźnie(польск.) // Aparat represji w Polsce ludowej 1944-1989. — Rzeszów: Instytut Pamięci Narodowej, 2008. — С. 227—244.
  • Bujko A. Stan sanitarny w powiecie piskim w świetle sprawozdania z wyjazdu inspekcyjnego na teren powiatu piskiego w dn. 8–21 lutego 1946 r.(польск.) // Meritum. — 2011. — № 3. — С. 191—198.
  • Chmielewski J. Białoruski doktor Judym(польск.) // Czasopis. — 2020. — № 4 (334). — С. 3—5.
  • Chmielewski J. Białoruski doktor Judym(польск.) // Czasopis. — 2020. — № 5 (335). — С. 3—5.