Фра Маўра
Фра Маўра | |
---|---|
Род дзейнасці | картограф |
Дата нараджэння | 1385 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1459[1] |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | Каталіцкая Царква |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Фра Маўра (Fra Mauro; памёр у 1459 або 1460) — манах ордэну камальдулаў з кляштара Сан-Мікеле на венецыянскім востраве Мурана, картограф.
У 1457—1459 гадах на замову партугальскага караля Афонсу V стварыў круглую карту свету (Mappamondo). Згубленая пазней, яна вядомая па аўтарскай копіі, зробленай для сената Венецыі (захоўваецца ў венецыянскай Нацыянальнай бібліятэцы Св. Марка).
Mappamondo — сапраўдны шэдэўр сярэднявечнай картаграфіі, адна з прызнаных сімвалічных вехаў, якія падзяляюць сярэднія вякі ад эпохі Адраджэння. Яе дакладнасць і эстэтычная вартасць значна пераўзыходзіць усе папярэднія аналагі, невыпадкова ў гонар заканчэння працы Фра Маўра венецыянскі сенат загадаў выбіць медаль з надпісам «непараўнальны касмограф». Гэта і першая з вядомых карт, на якіх адзначана Белая Русь. Але з прычыны асабістага незнаёмства з усходнеславянскімі землямі, Фра Маўра дапусціў у гэтым рэгіёне шэраг грубых памылак. Напрыклад, Волга ў сваім сярэднім цячэнні разгаліноўваецца на два рукавы, утвараючы велізарны… «востраў Амазонія». Белая Русь (Rossia biancha) знаходзіцца побач з Ноўгарадам Вялікім, паміж Волгай і Белым возерам, і ўсе гэтыя аб'екты аднесеныя не на захад, а на ўсход ад ракі Камы. Карта Фра Маўра — адна з першых гістарычных крыніц, у якой згадваецца Чорная Русь, і выдзяляюцца тры «каляровыя» часткі Русі. Паводле надпісу на карце, «Белая Русь ляжыць па той бок Белага мора, Чорная Русь — па той бок Чорнай ракі, а Чырвоная — па той бок Чырвонай ракі».
Усходнеславянскія землі ВКЛ вядомы Фра Маўра пад назвай не Белай, а Чырвонай Русі (Rossia Rossa), у якую ўваходзяць і Кіеў, і Разань. У сваю чаргу, Чорная Русь (Rossia Negra) паказаная на правабярэжжы Акі. Белая Русь у Фра Маўра, як і ў большасці заходнееўрапейскіх аўтараў XIII—XVI стагоддзяў — гэта сінонім ці Вялікага Ноўгарада ці яго часткі, заселенай калісьці народнасцю вепсаў.
У гонар Фра Маўра названыя кратар і фармацыя на Месяцы, якія былі наведаны астранаўтамі з Apollo 14.
Выявы карты Фра Маўра
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Fra Mauro // MAK
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Алесь Белы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн. : БелЭн
- Рыбаков Б. А. Русские карты Московии XV — начала XVI в. М., 1974.
- Il Mappamondo di Fra Mauro. A cura di Tullio Gasparini Leporace. Presentazione di Roberto Almagia. Venezia, 1956.
- Harvey P. D. A. Medieval maps. London, 1991.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Фра Маўра
- Арыгінальны артыкул(недаступная спасылка)
- Манаграфія прысвечаная карце Фра Маўра Архівавана 26 верасня 2011. (англ.)