Фюрст

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Фюрст (ням.: Fürst, пар. з англ.: first = першы) — вышэйшы арыстакратычны тытул Свяшчэннай Рымскай імперыі, звычайна перакладаны на беларускую як «князь».

У часы Франкскай дзяржавы і Свяшчэннай Рымскай імперыі фюрсты стаялі ў іерархіі кіравання адразу пасля караля. Да саслоўя фюрстаў адносіліся герцагі, ландграфы, маркграфы, пфальцграфы, а таксама архібіскупы і біскупы як духоўныя фюрсты.

У Сярэднявеччы фюрсты ўдзельнічалі ў выбарах караля, пазней гэты прывілей перайшоў да курфюрстаў, а за фюрстамі захавалася месца ў Рэйхстагу і права індывідуальнага голасу пры прыняцці рашэнняў (гл. імперскі князь).

Уладанні фюрста завуцца княствам (ням.: Fürstentum). У кожным германскім княстве быў толькі адзін фюрст, яго дзеці насілі тытулы прынцаў (у незалежных княствах) ці графаў (у залежных княствах).

З увядзеннем Веймарскай канстытуцыі ў 1919 годзе тытулы ў Германіі страцілі сваё значэнне ў пытаннях улады і захаваліся толькі як частка прозвішча, якая перадаецца без змен па спадчыне.