Фёдар Святаславіч (князь ржэўскі)
Фёдар Святаславіч (канец XIII ст. — каля 1356) — князь ржэўскі (да 1314—1356), вяземскі (1339—1341) з дынастыі Расціславічаў Смаленскіх.
Вядомы з 1314 года як падручны князь вял.кн.маскоўскага Юрыя Данілавіча падчас яго барацьбы з вял.кн.уладзімірскім і цверскім Міхаілам Яраславічам за Ноўгарад[1]. У 1320-1330-я гады залежаў ад вял.кн.літоўскіх, у 1326 годзе кн. Фёдар Святаславіч быў адным з паслоў вял.кн. Гедыміна пры заключэнні мірнага дагавору з Ноўгарадам[2].
Пазней зноў пад уплывам Масквы, у 1335 годзе вял.кн. маскоўскі Іван Каліта ваяваў Асечань і Расну — гарадкі Ржэўскага княства, захопленыя Вялікім княствам Літоўскім, на думку А. А. Горскага, як саюзнік ржэўскага кн. Фёдара. Пасля пераходу старэйшага брата кн. Глеба каля 1339 года на княжанне ў Бранск, кн. Фёдар Святаславіч стаў князем вяземскім. Неўзабаве, на думку А. А. Горскага, пасля антымаскоўскага паходу вял.кн. літоўскага Альгерда ў 1341 годзе, кн. Фёдар страціў Вяземскае княства і пайшоў на службу да вял.кн. маскоўскага Сямёна Іванавіча. Быў маскоўскім намеснікам у Волаку. Летам 1345 года выдаў дачку Еўпраксію замуж за вял.кн. маскоўскага Сямёна Іванавіча.[1] Зімой 1346 года, аднак, вял.кн. Сямён Іванавіч адаслаў Еўпраксію да бацькі ў Волак, неўзабаве яна ўзяла другі шлюб з фамінскім кн. Фёдарам Красным.
На думку А. А. Горскага, Ржэўскае княства засталося за кн. Фёдарам і падчас службы вял.кн. Сямёну Іванавічу, бо ў 1356 годзе, падчас літоўска-смаленскага канфлікту, «Сижского сынъ Иванъ сѣде съ Литвою во Ржевѣ» — Сіжка, гарадок у Ржэўскім княстве — такім чынам, вялося пра ўкняжанне з вялікалітоўскай дапамогай у Ржэве аднага са сваякоў кн. Фёдара, што было звязана з яго смерцю і пытаннямі спадчыны.[1]