Фемарн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Фёмарн)
Фемарн
ням. Fehmarn
Выгляд з паветра
Выгляд з паветра
Характарыстыкі
Плошча185,48 км²
Насельніцтва12 536 чал.
Шчыльнасць насельніцтва67,59 чал./км²
Размяшчэнне
54°26′13″ пн. ш. 11°11′41″ у. д.HGЯO
АкваторыяБалтыйскае мора
Краіна
Фемарн (Германія)
Фемарн
Фемарн
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Фемарн[1] (ням.: Fehmarn) — востраў у Балтыйскім моры. Уваходзіць у склад Германіі. Плошча — 185,48 км². Насельніцтва (2017 г.) — 12 536 чалавек. З 1 студзеня 2003 г. тэрыторыя Фемарна складае адзіную аднайменную гарадскую абшчыну.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Фемарн — нізкі (да 27,2 м) востраў на паўднёвым захадзе Балтыйскага мора. Уваходзіць у склад зямлі Шлезвіг-Гольштэйн, дзе лічыцца другім па населенасці горадам. Трэці па плошчы востраў Германіі. На поўдні адлучаны ад мацерыка вузкім пралівам, праз які пракладзены мост (963 м). Фемарн славіцца пясчанымі пляжамі і берагавымі выдмамі.

Клімат мяккі вільготны. Сярэдняя гадавая тэмпература складае +8,3 °C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў — 571 мм. Агульная колькасць сонечных гадзін — 2200.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

На Фемарне вылучаюцца 3 асноўныя экалагічныя зоны: прыморская з раслінамі, звыклымі да засоленых глебаў, пашы і водна-балотныя ўгоддзі. Фаўна сысуноў бедная, прадстаўлена зайцамі, трусамі, аленямі, куніцамі. На востраве няма змей. Аднак Фемарн — важны цэнтр спынення і гнездавання пералётных птушак[2]. Для іх аховы створаны 4 наземныя і 1 марскі запаведнікі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фемарн быў населены ў каменным веку. У пачатку сярэднявечча на ім жылі вагры. Лічыцца, што назва вострава паходзіць ад славянскага слова «памор'е». У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгаданы каля 1075 г. Адамам з Брэмена.

У XIV ст. палітычная і судовая ўлады Фемарна належалі герцагам Шлезвіга, а царкоўная — біскупам Одэнсэ. У 14201424 гг. знаходзіўся пад кантролем датскага караля. Быў вызвалены з дапамогай Любека. У 1713 - 1864 гг. зноў знаходзіўся пад уладай Даніі. У 1848 г. мясцовае насельніцтва арганізавала няўдалае паўстанне за далучанне разам са Шлезвіг-Гольштэйнам да Германскага саюза. У выніку вайны 1864 г. паміж Даніяй з аднаго боку і Прусіяй і Аўстрыяй з другога боку трапіў пад сумеснае кіраванне Прусіі і Аўстрыі. У 1867 г. аўстрыйскае сукіраванне было адменена, пачало дзейнічаць прускае права.

Пасля II Сусветнай вайны быў акупаваны Вялікабрытаніяй. У 1946 г. перададзены зноў у склад Шлезвіг-Гольштэйна.

Кіраванне і эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

З 1 студзеня 2003 г. тэрыторыя Фемарна складае адзіную аднайменную гарадскую абшчыну. У гарадской радзе прысутнічаюць 23 прадстаўнікі.

Аснову эканомікі складаюць турызм і вытворчасць электраэнергіі. Востраў штогод наведваюць каля 300 000 турыстаў. Дзейнічаюць станцыі аднаўляльнай энергіі на аснове энергіі ветру і энергіі, атрыманай з біямасы.

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5). — карта Германіі
  2. Fehmarn - Urlaub in der Natur

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]