Філасофска-эканамічны факультэт БДУ
| Філасофска-эканамічны факультэт БДУ | |
|---|---|
| БДУ | |
| | |
| Заснаваны | 1989[1][2] |
| Дэкан | Альберт Мікалаевіч Елсукоў і Анатоль Ізотавіч Зелянкоў |
| Закрыты | 1999[3] |
Філасофска-эканамічны факультэт БДУ — колішні факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які існаваў у 1989—1999 гадах. Падзелены на факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ і эканамічны факультэт БДУ.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Кафедры і аддзяленні ў складзе гістарычнага, філалагічнага, юрыдычнага факультэтаў
[правіць | правіць зыходнік]Па стане на 1 сакавіка 1941 на гістарычным факультэце БДУ існавалі чатыры гістарычныя кафедры — гісторыі старажытнага свету (утворана ў 1938 г.), гісторыі сярэдніх вякоў (1938 г.), гісторыі новага часу (1937 г.), гісторыі СССР (1937 г.) і тры сацыяльна-эканамічныя кафедры — асноў марксізму-ленінізму (1938 г.), палітычнай эканоміі (1940 г.), філасофіі (створана ў пачатку 1941 г.).[4]
З 1933 па 1966 гады ў БДУ выкладчыкі-эканамісты забяспечвалі чытанне курса «Палітычная эканомія» для студэнтаў усіх факультэтаў. Курс складаўся з 2 частак: палітычная эканомія сацыялізму і палітычная эканомія капіталізму. У верасні 1940 г. была створана кафедра палітычнай эканоміі, першым яе загадчыкам стаў прафесар Абрам Іосіфавіч Лур’е. У 1947 годзе ён заснаваў у БДУ падрыхтоўку да аспірантаў па палітычнай эканоміі. З 1948 па 1965 кафедрай загадваў Уладзімір Антонавіч Тамашэвіч. За перыяд з 1947 па 1966 на кафедры было абаронена каля 20 кандыдацкіх дысертацый.[5]
У 1946 г. ва ўніверсітэце была адкрыта кафедра педагогікі і псіхалогіі, якую ўзначаліў дацэнт Л. У. Шашкоў, а з 1947 г. на аддзяленні логікі, псіхалогіі і рускай мовы філалагічнага факультэта пачынаецца падрыхтоўка псіхолагаў (першы выпуск прайшоў у 1950 г. і складаўся з 25 чалавек). Таксама супрацоўнікі кафедры забяспечвалі выкладанне псіхалогіі на розных факультэтах БДУ. На аддзяленні логікі, псіхалогіі і рускай мовы працаваў студэнцкі гурток, вялася актыўная навуковая праца студэнтаў, а ў 1949 г. упершыню была адкрыта аспірантура па псіхалогіі. Аддзяленне і аспірантура зачынены ў 1955 годзе, кафедра працягвала існаваць.[6]
У 1947 на гістарычным факультэце было адкрыта аддзяленне філасофіі [4] і кафедра гісторыі філасофіі (скасавана ў 1949, загадчык член-карэспандэнт АН СССР М. Т. Іаўчук).[7]
Па стане на 1950 у біялагічным корпусе размяшчаліся гістарычны, філалагічны, біялагічны факультэты, рэктарат, бібліятэка і заалагічны музей. У 1952—1954 гг. гістарычны факультэт месціўся ў хімічным корпусе ўніверсітэцкага гарадка БДУ (сённяшні НДІ ядзерных праблем БДУ); ў 1954—1958 гг. — у будынку юрыдычнага факультэта па вул. Хмяльніцкага; ў 1958—1961 гг. — у доме № 1 БДУ на сённяшняй Чырвонаармейскай, 6; з 1960-ыя гг. па 1992 г. — у галоўным корпусе БДУ.[8]
У 1950 годзе створана кафедра гісторыі філасофіі і логікі (загадчык — дацэнт І. С. Чымбург).[9]
У 1964 арганізавана кафедра навуковага камунізму (загадчык — дац. М. Р. Круцько).[10]
У 1956/57 навучальным годзе акадэмік АН СССР Г. Ф. Аляксандраў прачытаў для студэнтаў чацвёртага і пятага курсаў гістарычнага і юрыдычнага факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта курс лекцый «Гісторыя сацыялагічных вучэнняў». У 1958 г. у БДУ выйшла яго кніга «Гісторыя сацыялогіі як навука». Пасля прыняцця ў лістападзе 1965 г. Пастановы ЦК КПБ «Аб арганізацыі канкрэтна-сацыялагічных даследаванняў у рэспубліцы» сталі стварацца навуковыя структуры ў АН БССР і ВНУ. У адпаведнасці з гэтай пастановай у 1967 г. у БДУ ствараецца Праблемная навукова-даследчая лабараторыя сацыялагічных даследаванняў (ПНДЛСІ), якую ў розныя гады ўзначальвалі член-карэспандэнт АН БССР, прафесар І. М. Лушчыцкі; дацэнты С. І. Дзерышаў, І. І. Зубаў; прафесары М. Р. Юркевіч, Г. П. Давідзюк, С. Д. Лапцёнак.[11]
У 1966 па ініцыятыве новага загадчыка кафедры палітэканоміі Сцяпана Яфімавіча Янчанкі пры юрыдычным факультэце было адкрыта аддзяленне палітэканоміі. За 1971—1999 аддзяленне палітычнай эканоміі, а затым — эканамічнай тэорыі падрыхтавала больш за 1000 спецыялістаў.[5]
У 1969 свет пабачыў першы нумар навуковага часопіса «Веснік Беларускага ўніверсітэта імя У. І. Леніна». Выданне пачынае серыя «Гісторыя, філасофія, эканоміка, права». Усяго запланавана 4 серыі.[10]
У 1972 г. кафедра палітычнай эканоміі была падзелена на дзве: кафедру палітычнай эканоміі прыродазнаўчых факультэтаў і кафедру палітычнай эканоміі гуманітарных факультэтаў. Першай стаў кіраваць прафесар С. М. Малінін, другой — дацэнт В. К. Драчоў. Кафедра палітычнай эканоміі гуманітарных факультэтаў курыравала навучальны працесс на аддзяленні палітычнай экономіі, якое было пераведзена з юрыдычнага на гістарычны факультэт.[12]
У 1973 годзе, у сувязі з развіццём філасофскай адукацыі і навуковых даследаванняў на базе кафедры філасофіі арганізуюцца дзве самастойныя кафедры: марксісцка-ленінскай філасофіі прыродазнаўчых факультэтаў, якую ўзначаліў доктар філасофскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР В. І. Сцяпанаў; марксісцка-ленінскай філасофіі гуманітарных факультэтаў, загадчыкам якой стаў доктар філасофскіх навук, прафесар Г. П. Давідзюк.[13]
З пачатку 1974/75 навучальнага года на філасофскім аддзяленні гістарычнага факультэта БДУ па ініцыятыве прафесара Г. П. Давідзюка была адкрыта спецыялізацыя па прыкладной сацыялогіі.[11] У 1975 г. пры кафедры марксісцка-ленінскай філасофіі гуманітарных факультэтаў адкрыта аспірантура па прыкладной сацыялогіі.[14] У 1977 г. адбыўся першы выпуск спецыялістаў у галіне прыкладной сацыялогіі, якія былі размеркаваны на прадпрыемствы ў якасці сацыёлагаў, трое прыняты ў аспірантуру БДУ па спецыяльнасці «Прыкладная сацыялогія». Да пачатку 1980-х гг. у аспірантуры на кафедры філасофіі навучалася каля дваццаці чалавек па дадзенай спецыяльнасці.[11]
За кошт маладых вучоных, якія скончылі аспірантуру, ішло папаўненне ПНДЛСІ і сектара прыкладной сацыялогіі пры кафедры марксісцка-ленінскай філасофіі гуманітарных факультэтаў БДУ, які пачаў навукова-даследчую дзейнасць 5 мая 1974 г. Фінансаванне работы новай сацыялагічнай службы ажыццяўлялася за кошт гаспадарчых дагавораў інфармацыі прамысловымі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Сектар прыкладной сацыялогіі адыграў важную ролю ў развіцці ўніверсітэцкай сацыялогіі, падрыхтоўцы прафесійных сацыёлагаў у рэспубліцы. Асноўная функцыя новай структуры заключалася ў выкананні шматлікіх заказаў ад прадпрыемстваў і арганізацый па даследаванні сацыяльных праблем у канкрэтным працоўным калектыве для апярэджання магчымых канфліктаў, выяўлення рэзерваў павышэння працоўнай актыўнасці, вызначэння эфектыўнасці прымаемых адміністрацыяй рашэнняў, удасканалення стылю працы кіраўнікоў усіх узроўняў, аптымізацыі ў падборы і расстаноўцы кіраўніцкіх кадраў. Сектар прыкладной сацыялогіі працаваў пад навуковым кіраўніцтвам прафесара Г. П. Давідзюка. Першым загадчыкам сектара прыкладной сацыялогіі быў прызначаны І. Я. Пісарэнка. У наступным часе гэтую пасаду займалі І. Г. Мацюшэнка, а потым С. А. Шавель і Д. Г. Ротман. У розны час у сектары працавалі вядомыя беларускія сацыёлагі, псіхолагі і эканамісты: Г. М. Сакалова, А. М. Елсукоў, Л. А. Гуцаленка, С. В. Лапіна, Л. Р. Цітарэнка, А. Ц. Манаеў, А. І. Ляўко, Л. А. Саглаева, Ж. М. Грышчанка, З. М. Пінхасік, У. А. Палікарпаў, К. Г. Лапіч, Я. С. Яскевіч і інш.[11]
У 1975 па прапанове праф. С. Д. Лапцёнка ствараецца кафедра этыкі, эстэтыкі і навуковага атэізму.[15]
У 1976 у выніку падзелу кафедры педагогікі і псіхалогіі ствараецца кафедра псіхалогіі (загадчык дацэнт Р. І. Вадэйка.[14] У 1978 пры кафедры зноў адкрываецца аспірантура.[6]
У лістападзе 1979 года кафедру філасофіі прыродазнаўчых факультэтаў узначаліла доктар філасофскіх навук, прафесар І. І. Жбанкова, у далейшым, з 1987 па 1989 год, ёю кіраваў доктар філасофскіх навук, прафесар А. М. Елсукоў, і з 1989 па 1991 — доктар філасофскіх навук, прафесар П. С. Карака. У гэты час кафедра паспяхова забяспечвала навучальны працэс на прыродазнаўчых факультэтах БДУ, вяла падрыхтоўку аспірантаў і ажыццяўляла распрацоўку навуковых праблем у галіне тэорыі пазнання, сацыяльнай філасофіі і філасофіі навукі.[13]
У 1981 годзе кафедру філасофіі гуманітарных факультэтаў узначальвае доктар філасофскіх навук, прафесар В. С. Сцёпін. Пад ягоным кіраўніцтвам калектыў кафедры дабіваецца значных поспехаў як у педагагічнай дзейнасці, так і ў развіцці навуковых даследаванняў. У гэты перыяд на сістэмнай прафесійнай аснове была разгорнута падрыхтоўка студэнтаў і аспірантаў у галіне філасофіі, створаны і паспяхова заявілі аб сабе даследчыя калектывы і навуковыя школы. Адмысловае месца сярод іх заняла «Мінская школа» у вобласці філасофіі і метадалогіі навукі, творчыя дасягненні якой сталі шырока вядомыя не толькі ў Беларусі, але і ў шматлікіх краінах свету.[13]
У 1987 годзе кафедру філасофіі гуманітарных факультэтаў БДУ узначаліў доктар філасофскіх навук, прафесар Анатоль Ізотавіч Зелянкоў. Пад яго кіраўніцтвам кафедра працягнула традыцыю навуковых даследаванняў у галіне філасофіі і метадалогіі навукі і дабілася значных вынікаў, былі апублікаваны сур’ёзныя манаграфічныя даследаванні, арганізаваны і праведзены на базе кафедры буйныя ўсесаюзныя і міжнародныя навуковыя канферэнцыі.[13]
Стварэнне і развіццё філасофска-эканамічнага факультэта
[правіць | правіць зыходнік]У 1989 годзе адкрываецца аддзяленне сацыялогіі і кафедра сацыялогіі. На базе аддзялення філасофіі, аддзялення палітэканоміі і аддзялення сацыялогіі ствараецца філасофска-эканамічны факультэт.[11]
У 1991 г. кафедра палітычнай эканоміі гуманітарных факультэтаў была перайменавана ў кафедру эканамічных навук БДУ і ўвайшла ў склад філасофска-эканамічнага факультэта. Яе ўзначаліў прадстаўнік першага выпуску аддзялення палітэканоміі, праф. Л. М. Давыдзенка. Аддзяленне палітычнай эканоміі перайменаванна ў аддзяленне эканамічнай тэорыі.[16][17] У тым жа годзе кафедра філасофіі прыродазнаўчых факультэтаў і кафедра філасофіі гуманітарных факультэтаў аб’ядноўваюцца ў кафедру філасофіі і метадалогіі навукі.[13]
У 1992 на факультэце было адкрыта аддзяленне паліталогіі.[16] У тым жа годзе факультэт пераехаў у былы будынак Мінскай вышэйшай партыйнай школы на вул. К. Маркса, 31.
У 1993 кафедра псіхалогіі ўваходзіць у склад філасофска-эканаммічнага факультэта, ствараецца аддзяленне псіхалогіі.[6]
У 1994 адбылося адкрыццё аддзялення культуралогіі і адбыўся першы набор студэнтаў на аддзяленне «міжнародныя эканамічныя адносіны» філасофска-эканамічнага факультэта БДУ.[16]
У 1995 створана аддзяленне менеджменту.[17]
У 1997 кафедра гісторыі філасофіі і логікі пераўтворана ў кафедру гісторыі філасофіі і культуры.[18] У тым жа годзе створана аддзяленне інфармацыі і камунікацыі.[19]
У структуры філасофска-эканамічнага факультэта вялася падрыхтоўка студэнтаў па сямі спецыяльнасцях як эканамічнага, так і сацыяльна-філасофскага профілю, што не магло не выклікаць сур’ёзных цяжкасцяў у планаванні і аптымальнай арганізацыі навучальнага працэсу. У выніку паўсталі падставы для сур’ёзнай рэарганізацыі — падзелу філасофска-эканамічнага факультэта на два самастойных — эканамічны і філасофіі і сацыяльных навук, што і адбылося 1 сакавіка 1999 г.
Дэканы
[правіць | правіць зыходнік]- Альберт Мікалаевіч Елсукоў — 1989—1996[11]
- Анатоль Ізотавіч Зелянкоў — 1997—1999
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларускі дзяржаўны універсітэт // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 443. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Экономический факультет: от достижений к фундаментальности: к 20-летию со дня образования / под общ. ред. А. А. Королевой. — Минск : Изд. центр БГУ, 2019. — 123 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- ФАКУЛЬТЭТ ФIЛАСОФII I САЦЫЯЛЬНЫХ НАВУК — факультэт, які фарміруе сэнсы
- ИСТОРИЯ ЭКОНОМИЧЕСКОГО ФАКУЛЬТЕТА БГУ
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Кароткая гісторыя БДУ
- ↑ Гісторыя БДУ 1985-1994
- ↑ Гісторыя БДУ 1995-2004
- ↑ а б Гісторыя БДУ 1940—1950
- ↑ а б ИСТОРИЯ ЭКОНОМИЧЕСКОГО ФАКУЛЬТЕТА БГУ
- ↑ а б в История и современное состояние кафедры социальной и организационной психологии
- ↑ ФАКУЛЬТЭТ ФIЛАСОФII I САЦЫЯЛЬНЫХ НАВУК — факультэт, які фарміруе сэнсы
- ↑ Гістарычны факультэт БДУ
- ↑ Гісторыя БДУ 1950—1954
- ↑ а б Гісторыя БДУ 1960—1970
- ↑ а б в г д е Об истории кафедры социологии
- ↑ Гісторыя БДУ 1970—1975
- ↑ а б в г д Кафедра философии и методологии науки — История и современное состояние кафедры
- ↑ а б Гісторыя БДУ 1975—1977
- ↑ Данилов А. Н. Ему было дано зажигать звезды… // Социология. — 2015. — № 3. — С. 140—144.
- ↑ а б в Гісторыя БДУ 1985—1994
- ↑ а б Экономический факультет: от достижений к фундаментальности: к 20-летию со дня образования / под общ. ред. А. А. Королевой. — Минск : Изд. центр БГУ, 2019. — 123 с.
- ↑ Кафедра философии культуры — История и современное состояние кафедры
- ↑ Кафедра социальной коммуникации — История и современное состояние кафедры