Філіпіны насялялі плямёны аўстралоіднай расы, у II-м тысячагоддзі да н.э. іх адцяснілі ў горныя раёны паўднёвамангалоідныя народы. У 1521 г. Філіпіны наведала іспанская экспедыцыя Ф.Магелана, які загінуў у сутычцы з жыхарамі вострава Мактан. У 1565 г. з прыбыцця флоту М.Л.Легаспі пачалося іспанскае заваяванне Філіпін. Да канца XVI ст. іспанцы падпарадкавалі большую частку краіны, акрамя ісламізаванага ў XIV — XV стст. насельніцтва, якое захавала напоўдні незалежнасць да XIX ст. У хуткім часе большасць філіпінцаў хрысціянізавана. На Філіпінах усталявалася сістэма кіравання на ўзор іспанскіх калоній у Амерыцы. З XVII ст. іспанцы ізалявалі краіну ад знешняга свету. Выхад з ізаляцыі ў пачатку XIX ст. спрыяў уздыму гаспадаркі Філіпін і мясцоваму культурна-асветніцкаму руху (галоўны яго прадстаўнік Х.Рысаль). У 1892 г. заснавана тайная патрыятычная арганізацыя Каціпунан (кіраўнік А.Баніфасіо), якая ўзначаліла нацыянальнае паўстанне 1896—1897 гг. У час іспана-амерыканскай вайны 1898 г. на Філіпіны высадзіліся войскіЗША, 12 чэрвеня1898 г. абвешчана незалежная Філіпінская Рэспубліка на чале з Э.Агінальда. У выніку амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 гг. Філіпіны сталі калоніяй ЗША. У 1916 г. утвораны Заканадаўчы сход Філіпін, а паводле закона і Канстытуцыі 1934 г. у 1935 г. утвраны аўтаномны ўрад на чале з прэзідэнтам М.Л.Кесанам. У 1941—1942 гг. Філіпіны акупіравалі японскія войскі. У 1942—1944 гг. на востраве Лусон узброеную барацьбу супраць акупацыйных войскаў вяла партызанская армія Хукбалахап. У канцы 1944 — пачатку 1945 гг. тут адбыліся жорсткія баі паміж амерыканскімі і японскімі войскамі. 4 ліпеня1946 г. абвешчана незалежнасць Філіпін. У 1965 г. прэзідэнтам краіны абраны Ф.Маркас, які ў 1972 г. увёў надзвычайнае становішча (да 1981 г.) і замацаваў свае вялікія паўнамоцтвы. Дыктатура прэзідэнта і карупцыя сярод яго паплечнікаў прывялі да народных выступленняў у лютым 1986 г., рэжым Маркаса быў скінуты. Урад прэзідэнта К.Акіна правёў дэмакратызацыю палітычнага жыцця. Але ён і ўрад прэзідэнта М.Рамаса (1992—1998) не здолелі рэфармаваць эканоміку Філіпін. Нягледзячы на мірнае пагадненне 1996 г. з мусульманскімі арганізацыямі, радыкальныя ісламісцкія групоўкі на поўдні Філіпін працягваюць узброеную барацьбу супраць урада.