Фёдар Адольфавіч Фогт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ф. А. Фогт)
Фёдар Адольфавіч Фогт
Фатаграфія
Дата нараджэння 1889
Месца нараджэння
Дата смерці 5 лістапада 1939(1939-11-05)
Месца смерці
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Вучоба
Уплыў на Абрам Кроль, Натан Воранаў, Уладзімір Сакалоў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Фёдар Адольфавіч Фогт (1889, Пецярбург — 5 лістапада 1939, Віцебск) — беларускі графік, жывапісец, тэатральны мастак, ілюстратар, майстар плаката, слынны педагог.

«Карнавал». Палатно, алей, 1935. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў 1889 годзе ў вялікай сям’і кіраўніка Страхавога таварыства «Расія» Адольфа Отавіча Фогта (1844—1911). Маці Фёдара — Эдварда Рыкард Артур (1853—1919) дачка англійскага генеральнага консула, нарадзілася на востраве Цёркс у Карыбскім моры (Вестіндыя). Акрамя малодшага Фёдара, у сям’і былі яшчэ чатыры дачкі: Марыя (1881—1966), Лізавета (1883—1977), Аліса (1885—1914?) і Грэтхен (Маргарыта) (1886—1916).

Прафесійную падрыхтоўку атрымаў ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў (Санкт-Пецярбург, 1911—1915) і ўдасканаліваў яе ў майстэрнях Лондана.[1]

З 1928 года выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Да 1934 быў намеснікам дырэктара і завучам. Выступіў ініцыятарам ўтварэння графічнага аддзялення (1932).

Добра адукаваны педагог веў руплівую працу па падрыхтоўке будучых графікаў, жывапісцаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Праз гады мастак Яўген Ціхановіч ўспамінаў:

«Кожны ўрок Фёдара Адольфавіча не быў падобны на папярэдні. Іншы раз, напрыклад, на працягу дзвюх гадзін мы малявалі мадэль у руху. Праз кожныя пяць мінут натуруршчык мяняў становішча торса, рук, ног, а мы павінны былі перадаць складаную схему руху. Развівалі мы таксама зрокавую памяць. Мадэль знаходзілася за спіной. Час ад часу нам дазвалялася азірнуцца… падобныя трэніроўкі прыносілі цудоўныя вынікі».[2]

Ф. А. Фогт удзельнічаў ва Усебеларускіх мастацкіх выстаўках ў 1934, 1936, 1937 гг. ў Мінску, выстаўке выяўленчага мастацтва ў 1935 годзе ў Маскве.

Сярод жывапісных работ Ф. А. Фогта: «Карнавал» (1930), «Галодны паход», «Інквізіцыя», «Смерць Каламана Валіша» (1937).

Мастак шмат працававаў над ілюстрацыямі да часопісаў і кніг. Ім былі зроблены серыі літаграфій да «Рэвізора» М. Гогаля (1935), «Стракатаго флэйтыста» Г. Браунінга (1935).

Спадчына мастака за віцебскі перыяд творчасці амаль не захавалася. У 2017 і 2019 гг. унук мастака А. Паноў (Санкт–Пецярбург) перадаў Віцебскаму мастацкаму музею больш за 200 прац Ф. Фогта ранняга перыяду, у тым ліку карціну «У гавані» і эцюд «Ракавіна». Цяпер у Вицебску самая вялікая музейная калекцыя работ Ф. Фогта[3].

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

У 2019 годзе ў Віцебску на доме па вул. Суворава, 3, у якім з 1923 па 1941 знаходзілася Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе выкладаў Ф. Фогт устаноўлена мемарыяльная дошка (скульптар Аляксандр Гвоздзікаў)[4].

Вучні Фёдара Фогта[правіць | правіць зыходнік]

Ілюстрацыі Фёдара Фогта да аповесці Сяргея Фарфораўскага «Ледніковы чалавек», 1927[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 4: 1917—1941 гг. / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў і інш.; Рэд. тома Л. М. Дробаў, В. Ф. Шматаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 204
  2. Ціхановіч Я. Настаўнікі і вучні // «Літаратура і мастацтва». — 1967. — 8 жніўня. Гл.: Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 4: 1917—1941 гг. / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў і інш.; Рэд. тома Л. М. Дробаў, В. Ф. Шматаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 250.
  3. В Витебске установили мемориальную доску художнику и педагогу Федору Фогту
  4. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі Ф. Фогту ў Віцебску (фота)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]