Хактывізм

Хактывізм (англ.: hacktivism; словазлучэнне ад хакер і актывізм) — форма палітычнай ці сацыяльнай актыўнасці, пры якой выкарыстоўваюцца метады камп’ютарнага ўзлому і іншыя лічбавыя інструменты для прасоўвання ідэалагічных мэтаў. У адрозненне ад кіберзлачыннасці ці кібертэрарызму, хактывізм звычайна матываваны палітычнымі, сацыяльнымі альбо ідэалагічнымі прычынамі, а не асабістай выгадай хакераў ці замовай ад дзяржавы[1][2].
Метады
[правіць | правіць зыходнік]Распаўсюджаныя метады хактывізму ўключаюць:
- DDoS-атакі — перагрузка сеткавых рэсурсаў паўтаральнымі запытамі з мэтай іх часовага выхаду са строю. Метад выкарыстоўваецца як хуткі спосаб парушыць працу мэтавай інфраструктуры без значнай падрыхтоўкі з боку хакераў[2].
- Дэфэйсмэнт — змена візуальнага або тэкставага змесціва вэб-старонкі для размяшчэння палітычных паведамленняў[3].
- Доксінг — публікацыя асабістых даных (імёны, даты нараджэння, нумары тэлефонаў, фатаграфіі, дакументы) для дыскрэдытацыі чалавека або арганізацыі[3].
- Праграма-вымагальнік (з англ. — «ransomware») — укараненне шыфравальшчыкаў для ціску на ахвяру з мэтай выканання палітычных патрабаванняў. Прыкладам з’яўляецца выпадак з праграмай «Sarbloh» падчас пратэстаў фермераў у Індыі ў 2021 годзе, калі ключ расшыфроўкі абяцаўся толькі пры выкананні ўмоў хакераў[2].
- Выкарыстанне персістэнтнага доступу — захаванне інструментаў на скампраметаваных рэсурсах (напрыклад, webshell), якія дазваляюць узломшчыку паўторна выкарыстоўваць доступ да сістэмы ў будучыні[2].
Уплыў
[правіць | правіць зыходнік]Хактывізм можа мець як станоўчае, так і адмоўнае ўздзеянне. Са станоўчага боку, хактывісты могуць спрыяць выяўленню ўразлівасцяў інфармацыйных сістэм, а таксама спрыяць абароне даных. З адмоўнай — іх дзеянні могуць уяўляць пагрозу нацыянальнай і карпаратыўнай бяспекі. Праваахоўныя органы часта разглядаюць хактывізм як злачынную дзейнасць, а не як рэалізацыю правоў на ўдзел і свабоду выказвання меркаванняў[3].
Прыклады хактывісцкіх груповак
[правіць | правіць зыходнік]Anonymous
[правіць | правіць зыходнік]
Дэцэнтралізаваны міжнародны калектыў, заснаваны на прынцыпах прасоўвання асабістай свабоды. Удзельнікі дзейнічаюць аўтаномна, каардынуючыся ў межах кампаній, якія абазначаюцца па схеме #Op[Назва]. Дзейнасць часта актывізуецца ў перыяды палітычных крызісаў ці міжнародных канфліктаў. Anonymous праводзілі кампаніі супраць дзяржаўных структур, прыватных кампаній і арганізацый, якія, на іх думку, дзейнічаюць на шкоду грамадству. Прыкладамі кампаній можна назваць «#OpIsrael», «#OpNicaragua» і «#OpRussia», а таксама атакі на вэб-хостынг правайдэра Epik у рамах «#OperationEpikFail» . Калектыў не мае фармальнай іерархіі, што забяспечвае гнуткасць, але ўскладняе ўзгодненасць дзеянняў паміж удзельнікамі і можа прыводзіць да з’яўлення непадкантрольных груп або асоб, якія дзейнічаюць уразрэз з агульнай ідэалогіяй арганізацыі[2].
Кіберпартызаны
[правіць | правіць зыходнік]Група, якая сфармавалася ў 2020 годзе на фоне масавых пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Удзельнікі — спецыялісты ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Групоўка пачала з дэфэйсмэнту ўрадавых сайтаў, а затым перайшла да аперацый тыпу hack-and-leak, публікуючы даныя дзяржаўных органаў, праваахоўных структур і асоб, звязаных з кіраўніцтвам краіны. Сярод мэт арганізацыі былі КДБ, Нацыянальны банк Беларусі і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце. Група таксама праводзіла DDoS-атакі і шыфраванне даных з палітычнымі патрабаваннямі, напрыклад вызвалення пэўных палітвязняў. З 2022 года Кіберпартызаны ўдзельнічалі ў зрыве ваеннай лагістыкі Расіі на тэрыторыі Беларусі, уключаючы атаку на інфраструктуру Беларускай чыгункі. Унутры групы існуе падзел на баявое ядро і дапаможныя ролі (распрацоўшчыкі, тэсціроўшчыкі, аналітыкі даных). Арганізацыя супрацоўнічае з іншымі апазіцыйнымі аб’яднаннямі, уключаючы альянс «Супраціў», і займалася распрацоўкай уласных інструментаў для забеспячэння бяспечнай камунікацыі паміж пратэстуючымі[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Hanna Gawel Hacktivism(англ.) // Internet Policy Review : часопіс. — 2024. — Т. 13. — № 2. — DOI:10.14763/2024.2.175
- Blake Djavaherian THE THREAT IS STRONGER THAN THE EXECUTION: REALITIES OF HACKTIVISM IN THE 2020S(англ.) // Virus Bulletin : канферэнцыя. — 2022.
- Aydelia Gareeva, Kira Krylova, Olga Khovrina Hacktivism: a new form of political activism(англ.) // Journal of society and the state : часопіс. — 2020.