Хандрыты

Хандрыты — тып каменных метэарытаў з невялікімі сферычнымі ўкрапінамі (хондрамі). Складаюць больш за 85 % ад усіх падзенняў метэарытаў на Зямлю. Падзяляюцца на тры групы: звычайныя, вугляродзістыя і энстатытавыя. Падзенне хандрытаў на Зямлю абумоўлена сутыкненнямі і гравітацыйнымі пературбацыямі ў поясе астэроідаў[1].
Хондры могуць складацца з сілікатаў, металаў або сульфідаў і мець памер ад некалькіх соцень мікраметраў да некалькіх міліметраў. Большасць хандрытаў маюць у складзе бязводныя сілікаты алівін, піраксены і плагіяклазы, а таксама нікель-жалезныя мінералы камацыт і тэніт і сульфід жалеза траіліт[1].
Хандрыты ўтварыліся ў ранняй Сонечнай сістэме каля 4,56 мільярдаў гадоў таму як часткі сваіх бацькоўскіх астэроідаў і з тых пор адносна добра захавалі свой склад. Іх вывучэнне можа дапамагчы зразумець працэсы, што адбываліся ў сонечнай туманнасці перад і ў часе фазы планетаўтварэння. Хандрыты таксама маюць часцінкі матэрыі, у тым ліку арганічнай, што ўтварыліся вакол паміраючых зор яшчэ да ўзнікнення Сонечнай сістэмы. Хімічны склад хандрытаў, за выключэннем лятучых элементаў як напрыклад вадарод ці гелій, нагадвае хімічны склад Сонца[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]
![]() |
Хандрыты на Вікісховішчы |
---|