Перайсці да зместу

Ханс Леанхард Шойфелейн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ханс Леанхард Шойфелейн
Фатаграфія
Дата нараджэння каля 1480[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці каля 1540[1][2][…]
Месца смерці
Род дзейнасці мастак, мастак-гравёр, рысавальнік
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ханс Леанхард Шойфелейн (Hans (Leonhard) Schäufelin, таксама Schäufelein, Schäuffelein, Scheifelen, Scheuflin) (каля 1480/1485, верагодна, Нюрнберг — каля 1538 ці 1540, Нёрдлінген) — нямецкі жывапісец, гравёр, ілюстратар кніг. Вядомы найперш сваімі ксілаграфіямі, у тым ліку, выкананымі для імператара Максіміліяна I: («Таерданк», «Вайскуніг»).

Пра першыя два дзесяцігоддзі жыцця Ханса Шойфелейна звестак захавалася няшмат. У 1503—1507 гадах ён працаваў у Нюрнбергу ў майстэрні Альбрэхта Дзюрэра. Шойфелейн разам з Гансам Бальдунгам і Гансам фон Кульмбахам лічыцца адным з самых вядомых вучняў і паслядоўнікаў Дзюрэра. Яго першая самастойная праца, «Уцёкі ў Егіпет», датуецца 1504 годам і дэманструе моцны ўплыў на маладога мастака творчасці яго настаўніка. У 1505 годзе Шойфелейну, падчас адсутнасці гаспадара майстэрні (Дзюрэр з’ехаў у Венецыю), была даручана праца над алтаром Страсцей Хрыстовых для курфюрста Фрыдрыха III. У гэтым жа годзе мастак удзельнічаў у стварэнні ксілаграфій для кнігі Ульрыха Піндара «Der beschlossen gart des rosenkrantz mariae». Выданне мела поспех у тым ліку і дзякуючы гравюрам Шойфелейна. Яшчэ для аднаго твора Піндара «Люстэрка Мукі Пана нашага Езуса Хрыста» (лац.: Speculum passionis domini nostri Ihesu Christi) (1519) Шайфелін выканаў 29 ксілаграфій.

Мастак да 1515 года падарожнічаў па Ціролі, на некаторы час асеў у Аўгсбургу, дзе ў 1507—1508 гадах працаваў у Ганса Гальбейна (старэйшага). У 1515 годзе Шойфелейн згадваецца як грамадзянін Нёрдлінгена. У гэтым жа годзе ён стварыў вялікую фрэску для гарадской ратушы. У 1510—1516 гадах ён выканаў некалькі гравюр на дрэве для імператара Максіміліяна I, у тым ліку ілюстрацыі да «Таерданка», «Вайскунігу» (70 гравюр).

Значныя жывапісныя творы сталага перыяду творчасці мастака — «Таемная вячэра» (1515) для Мюнстэрскага манастыра, «Алтар Марыі і Страсцей» з царквы манастыра Аўхаўзен (1537), «Алтар Цыглера» і «Алтар Хрыстгартнера» (1522).

Каля 1535 года Шойфелейн выканаў гравюры для картачнай калоды, якая сёння лічыцца адным з выдатных узораў ігральных карт XVI стагоддзя.

Зноскі

  1. а б Hans Leonhard Schaufelein // Athenaeum Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Hans Leonhard Schäufelein // Web umenia Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Deutsche Nationalbibliothek Record #11874836X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 15 снежня 2014.
  4. Deutsche Nationalbibliothek Record #11874836X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.