Харальная сінагога (Брэст)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Харальная сінагога
Сінагога на пачатку XX ст.
Сінагога на пачатку XX ст.
52°05′49″ пн. ш. 23°41′32″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Брэст
Канфесія іўдаізм
Тып будынка сінагога
Дата заснавання 1851
Будаўніцтва 18511862 гады
Стан перабудавана
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Харальная сінагога, ці Вялікая сінагога — колішняя галоўная сінагога Брэста, якая размяшчалася ў цэнтры горада на рагу вуліц Даброўскага і Лістоўскага (цяпер вул. Савецкая, 62). У 1976 годзе была перабудавана ў кінатэатр «Беларусь».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Будаўніцтва сінагогі пачалося ў 1851 годзе за сабраныя яўрэйскай грамадой горада сродкі, а таксама выдзеленыя ўрадам у якасці кампенсацыі за разбурэнне сінагогі падчас будаўніцтва крэпасці на месцы cтарога горада. Аднак сабранай сумы не хапала, таму будаўніцтва было скончана толькі праз 11 год[1].

Сінагога адзначалась арыгінальнай архітэктурай — яна была пабудавана шасцікутнай у плане, а ўваходны бок быў вузейшы за астатнія. Будынак меў два паверхі, уваход у храм быў уведзены ў двухпавярховую лоджыю, з іншых бакоў лоджыя з паўкруглымі вокнамі былі толькі на першым паверсе. Увесь будынак пакрыты пакатым вострым дахам.

Будынак пацярпеў ад пажару 1895 года, але быў адноўлены. Пасля акупацыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны сінагога апынулася ля ўвахода ў створанае яўрэйскае гета. У будынку немцы размясцілі склад, у які звозілі канфіскаваныя пасля пагромаў рэчы[2]. Сінагога была пашкоджана восенню 1942 года пры ліквідацыі гета.

У 1959 годзе будынак сінагогі быў забраны ў яўрэйскай абшчыны. У ім адчынілі кінатэатр «Кастрычнік», які пазней перайменавалі ў «Беларусь». У 1976 годзе адбылася рэканструкцыя кінатэатра, ў выніку якой сцены сінагогі выкарысталі ў якасці ўнутраных нясучых канструкцый. Тым не менш будынак захаваў шасцібаковы план, а фундамент сінагогі і некаторыя надпісы на іўрыце і сёння можна пабачыць ў падвале кінатэатра[3].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У 2018 годзе на будынку кінатэатра была ўсталяваная мемарыяльная таблічка на беларускай, рускай, англійскай мовах і іўрыце ў памяць аб ролі яўрэяў у гісторыі горада[4][5]:

" Тут да 1939 года размяшчалася Вялікая Харальная сінагога. Пабудавана ў 1861 годзе на сродкі іўдзейская абшчыны горада. Будынак рэканструяваны ў 1976 годзе. "

Макет Харальнай сінагогі размешчаны ў гарадскім Яўрэйскім музеі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Зоненбер X. История города Брест-Литовска, 1016—1907: По достоверным источникам и правдоподобным умозаключенням. Варшава, 1908;
  2. Еврейская община Бреста (руск.). АЛЕФ. Праверана 2 красавіка 2019.
  3. Брестская синагога | Сайт Брэста - BUG.BY. bug.by. Праверана 22 ліпеня 2019.
  4. На кинотеатре «Беларусь» появилась табличка с изображением синагоги (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (19 снежня 2018). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2019. Праверана 2 красавіка 2019.
  5. В Бресте на кинотеатре повесили табличку о том, что здесь раньше была синагога (руск.). KP.BY - сайт «Камсамольскай праўды» (19 снежня 2018). Праверана 2 красавіка 2019.(недаступная спасылка)