Харэаграфія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Харэагра́фія (ад стар.-грэч.: χορεία — танец, карагод + γράφω — запісваць, пісаць) можа азначаць:

  • запіс танца з дапамогай пэўнай сістэмы ўмоўных знакаў. Запіс танца як сістэмы пачаты ў канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзяў. Тэрмін «харэаграфія» ўпершыню выкарыстаў P. А. Фёе  (англ.) ў кнізе «Харэаграфія, ці Мастацтва запісу танца …» (1700). У Расіі створаны сістэмы А. Цорна  (руск.) (1889) і У. Сцяпанава  (руск.) (1891), у савецкі час — сістэма С. Лісіцыян. У наш час найбольш пашыраны дзве сістэмы — нямецкая Р. фон Лабана  (руск.) і англійская Р. і Дж. Бенешаў. У балеце СССР быў прыняты апісальны, слоўна-графічны запіс танца;
  • мастацтва стварэння танцаў і балетаў (з сярэдзіны XIX стагоддзя); сінонім балетмайстарскага мастацтва;
  • мастацтва танца (з канца XIX — пачатку XX стагоддзяў).

Аснову харэаграфіі складаюць арганізаваныя ў часе і прасторы вобразныя, умоўныя рухі чалавечага цела. Выразныя сродкі харэаграфіі фарміраваліся на працягу стагоддзяў шляхам адбору і абагульнення экспрэсіўнай пластыкі чалавека. Асноўныя з іх — лексіка (рухі, жэсты, позы), малюнак (размяшчэнне ў прасторы), кампазіцыя (драматургія, архітэктоніка). Харэаграфія цесна звязана з музыкай, якая вызначае яе рытміку і эмацыянальны настрой. Вялікую ролю ў харэаграфіі адыгрываюць касцюм і дэкаратыўнае афармленне.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Харэаграфія ўзнікла ў першабытнаабшчынным грамадстве, дзе танец выконваў шмат функцый у жыцці людзей, выяўляў эмацыянальныя пачуцці; быў цесна звязаны з абрадамі, меў магічнае, рытуальнае значэнне, служыў сродкам зносін і перадачы вопыту. Працэсы працы, рухі жывёл і птушак, падзеі рэчаіснасці, паводзіны чалавека перадаваліся з вялікім падабенствам. Паступова пластыка набывала ўмоўны характар, станавілася спецыфічным выяўленнем эстэтычных ідэалаў людзей. У харэаграфіі знаходзілі адлюстраванне пачуцці і думкі народа, асаблівасці нацыянальнага характару, гістарычныя, геаграфічныя, эканамічныя ўмовы яго існавання. З цягам часу адбылася дыферэнцыяцыя харэаграфіі на народную, бытавую і сцэнічную, у якіх, у сваю чаргу, сфарміраваліся розныя танцавальныя формы і жанры. Найвышэйшая форма харэаграфіі — балет, які зарадзіўся ў XVI стагоддзі ў нетрах сінтэтычных музычна-тэатральных паказаў і ў XVIII стагоддзі стаў самастойным відам мастацтва.

Вытокі беларускай харэаграфіі — у старадаўніх абрадах, ігрышчах, карагодах, дзе танец быў цесна звязаны з песняй і драматычным дзеяннем. Яна займала вялікае месца ў творчасці скамарохаў, вядомых на Беларусі з XII стагоддзя. Пазней яе элементы ўваходзілі ў розныя формы тэатральнага мастацтва. Вялікую ролю адыгрывала харэаграфія ў дзейнасці прыватнаўласніцкіх тэатраў буйных магнатаў, дзе ставіліся цэлыя балетныя спектаклі.

У наш час харэаграфія — адзін з найбольш папулярных відаў мастацтва, аснова для творчай дзейнасці шматлікіх аматарскіх і прафесійных танцавальных калектываў і балетнага тэатра.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]