Хатынь (вёска)
Вёска
Хатынь
| ||||||||||||||||
Хаты́нь — колішняя вёска ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці Беларусі. Спалена карнікамі ў 1943 годзе, на яе месцы створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь».
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню згадана пад 1551 годам, калі вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст надаў менскаму старосту Васілю Цішкевічу прывілей набываць «землі і дварцы» ў Піліповічах, Слагавішчы і Хатыні, якія належалі беларуска-літоўскім татарам[1]. Тым часам абшар татарскіх уладанняў на Лагойшчыне ахопліваў вялікую пушчу абапал дарогі з Лагожска на Плешчаніцы, з падданымі ў сёлах Ніўкі, Хатынь, Губа, Слагавішча[2]. Васіль Цішкевіч купіў у мясцовых татар сярод іншых і сяло Хатынь, прычым татары пазней скардзіліся, што пры пакупцы Цішкевіч іх пакрыўдзіў. Былыя татарскія ўладанні затым аб’яднаны ў адзіны маёнтак Губа[3].
У сярэдзіне XVI стагоддзя Хатынь была даволі вялікім сялом, налічвала 13 службаў, тым часам «служба» складалася звычайна з 2—3 і болей «дымоў» — сялянскіх гаспадарак. Адпаведна, колькасць «дымоў» у Хатыні была прыблізна 30—40, а жыло ў вёсцы не менш за 200 чалавек. Хатынцы мелі права на «ловы» (паляванне) у пушчы, займаліся бортніцтвам, то-бок здабывалі мёд, воск і іншыя прадукты пчалярства. Агулам даніна хатынцаў уладальнікам зямлі Тышкевічам складала 20 пудоў мёду, а серабшчызна — па 12 грошай ад «сахі» (зямельнага надзелу), штогод[4].
Знішчэнне вёскі
[правіць | правіць зыходнік]У час Другой сусветнай вайны, раніцай 22 сакавіка 1943 года на скрыжаванні дарог Плешчаніцы—Лагойск і Казыры—Хатынь савецкія партызаны атрада «Мсцівец» абстралялі легкавую машыну, у якой ехаў гаўптман (капітан) Ганс Вёльке, камандзір адной з рот 118-га паліцэйскага батальёна, які быў сфарміраваны ў асноўным з палонных чырвонаармейцаў. Вёльке быў першым немцам, які заваяваў залаты алімпійскі медаль у лёгкай атлетыцы. Разам з былым лёгкаатлетам былі забітыя яшчэ некалькі паліцаяў-украінцаў[5]. Паліцаі 118-ы батальёна выклікалі на дапамогу спецыяльны батальён штурмбанфюрара Оскара Дырлевангера. Па дарозе з Лагойска, паліцаі арыштавалі і неўзабаве расстралялі групу мясцовых жыхароў — лесасекаў. Да вечара 22 сакавіка, карнікі па слядах партызан выйшлі да вёскі Хатынь, якую спалілі разам з усімі яе жыхарамі. Камандаваў расправай начальнік штаба 118-га паліцэйскага батальёна Рыгор Васюра, былы старшы лейтэнант Чырвонай Арміі.
Мемарыяльны комплекс
[правіць | правіць зыходнік]Мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў вёскі Хатынь і іншых беларускіх вёсак, знішчаных акупантамі разам з насельніцтвам у Вялікую Айчынную вайну, быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года.
Царква Раства Божай Маці
[правіць | правіць зыходнік]

Грэка-каталіцкая (ўніяцкая) царква ў гонар Раства Божай Маці асвечана 6 лістапада 1794 года. Пасля скасавання царкоўнай уніі стала праваслаўнай. Паводле інвентарных апісанняў ХІХ стагоддзя царква была маленькай — даўжыня толькі каля 10 м. Пабудавана з бруса, гонтавы дах, дашчатая падлога, чатыры акны, вежка з купалам, вялікі алтар разной работы[6]. Паводле іншых апісанняў царква была вырашана прамавугольным зрубам на падмурку (15 х 8,5 х 5,5 аршын). Сцены чляніліся 2 вялікімі і 2 малымі вокнамі. На франтальнай частцы дашчатага даху ўзвышалася 4-слуповая званіца[7]. Помнік народнага драўлянага дойлідства. Была прыпісана да Спаса-Праабражэнскай царквы ў Лагойску. У 1895 годзе царкву адрамантавалі. Па адной версіі царква на пачатку XX стагоддзя разбурана савецкімі ўладамі. Па іншай, як успамінаў выжыўшы жыхар вёскі Віктар Жалабковіч, царква прастаяла да Другой сусветнай вайны і спалена вясной 1943 года[8].
Адноўлена ў 2022—2023 гадах. Ідэя аднаўлення належыць дырэктару мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артуру Зельскаму. Адноўленая царква ўяўляе «зборнае аблічча» традыцыйнай драўлянай вясковай царквы XVIII ст. гэтага рэгіёну з выкарыстаннем вядомых з інвентарных апісанняў гістарычных параметраў хатынскага храма (навуковы кіраўнік архітэктар Раман Забела)[6]. Царква размешчана на бліжэйшым да гістарычных вясковых могілак пагорку, дзе некалі размяшчаўся першы храм. Размяшчэнне царквы дапасавана да візуальных прасторавых сувязяў мемарыяльнага комплексу і навакольнага ландшафту. Захавана арыентацыя царквы на паўночны ўсход.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ «Хатынь»: символ вечной памяти и скорби белорусского народа. К 75-летию трагедии | Гомельский государственный технический университет имени П.О.Сухого . www.gstu.by. Праверана 9 сакавіка 2025.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 1-я. — Мн., 2003.
- ↑ У складзе Вялікага княства Літоўскага. | Персональный сайт белорусского историка Вячеслава Носевича . www.vln.by. Праверана 9 сакавіка 2025.
- ↑ Прэзентавана кніга «Хатынь. Трагедыя беларускага народа» (руск.). zviazda.by (26 сакавіка 2018). Праверана 9 сакавіка 2025.
- ↑ Хатынь: хто спаліў беларускую вёску(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2018. Праверана 24 лютага 2018.
- ↑ а б СВІРЫН Ілья. Сціплае хараство народнай архітэктуры . kultura-info.by. Культура і мастацтва - Мiнск, Беларусь (02 мая 2023). Праверана 2 сакавіка 2025.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 2-я / Рэд. кал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 488 с.
- ↑ Журбин, Яков. Строили всей страной. Рассказываем, как появился знаменитый мемориал Хатынь - Люди Onlíner (руск.). Onlíner (22 сакавіка 2024). Праверана 2 сакавіка 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рудлінг, Пэр Андэрс. Хатынская расправа: новы погляд на гістарычную спрэчку // № 1 (118) — 2013. С. 149—201: іл., табл. Бібліягр. у падрадк. заўвагах. Пераклаў з англійскай мовы Вольф Рубінчык паводле аўтарскага арыгінала.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Хатынь (вёска)
- Старыя фатаздымкі Хатыні на віртуальным музеі горада Лагойска